Вы тут

Я люблю цябе, Паўлін


Станіслава Умец

Ён вось-вось павінен быў выйсці ў фае, я ўжо чула ягоныя крокі. Падскочыла да дзвярэй, каб нібы выпадкова сутыкнуцца з ім нос у нос. І сутыкнулася. Але не з ім. Больш за тое, у «не яго» была шклянка з гарбатай у руках, якую ён ад нечаканасці выпусціў. А калі я вылаялася, бо гарачыя кроплі апяклі мне ногі, з'явіўся той, каго я чакала. Ён няўцямна паглядзеў спачатку на мяне, потым на збянтэжанага хлопца і паплыў далей. Так, менавіта паплыў, служка Мельпамены фігавы.

— Выбачай, а? — хлопец нарэшце апамятаўся.

Я няпэўна махнула рукой. Вечар быў сапсаваны.

— Сурвэтку дай, — ці то папрасіла, ці то загадала я.

— Зараз! — выгукнуў ён. — Я мігам.

Але мігам у яго не атрымалася. Мне надакучыла чакаць, я надзьмулася і выйшла з фае студэнцкага тэатра. Там, за разнымі дзвярыма, спектакль яшчэ не пачаўся, а мой ужо быў скончаны. Я ішла дамоў.

Патэлефанавала сяброўкам, з якімі прыйшла ў тэатр, каб паведаміць пра свой адыход. І замест чаканага здзіўлення ці расчаравання пачула ўзрушаны адказ:

— Ой, што тут адбываецца! Адзін акцёр усё бегаў сурвэткі шукаў, а цяпер нейкую дзяўчыну знайсці не можа. Твайго Паўліна ледзь з ног не збіў. Дык той яго вылаяў і цяпер ходзіць злосны, бы чорт. Можа, вернешся?

— Нізашто! — адрэзала я.

Вось гэта кашу я заварыла! Нават на душы добра зрабілася, смяяцца захацелася.

Я ўжо даўно заўважыла, што, калі ў мяне добры настрой, усё атрымліваецца так, як я хачу. Святлафор пераключаецца на зялёны, варта мне толькі падысці да «зебры», у касе метрапалітэна няма чаргі па жэтоны, цягнік не прымушае чакаць сябе, і мне нават шанцуе сесці, хоць пасажыраў даволі шмат. Праўда, побач уладкавалася дзіўнае дзеўчанё з вялікімі зубамі і ўвесь час прагна пазірала на маю руку — здавалася, зараз угрызецца ў яе. Але высветлілася, што суседцы ўсяго толькі спадабаўся мой пярсцёнак. Я ўздыхнула з палёгкай і нават падумала, ці не падарыць яго дзяўчынцы (плюс у карму), ды цвярозы розум перамог: ну сапраўды, навошта дзіцяці такая дарагая цацка?! Хаця, шчыра кажучы, я ўжо даўно хацела пазбавіцца гэтага пярсцёнка. Ды ўсё не хапае духу...

А на другі дзень — розуму не дабяру, як і навошта, — мяне знайшоў «УКантакце» і дабавіў у сябры «сурвэтачны» хлопец. Зноў папрасіў прабачэння (вось ужо прычапіўся!), я напісала: «Ды нічога, забудзься. :)» — і ён больш нічога не адказаў, пэўна, сапраўды забыўся. Ды дзе там! Гадзіны праз дзве — доўга аднак жа набіраўся смеласці — даслаў паведамленне з прапановай сустрэцца. Хацела аджартавацца (маўляў, няўжо знайшоў сурвэткі), ды сумленне не дазволіла здзеквацца з беднага хлопца. Паспрабавала прыдумаць, як бы далікатненька яму адмовіць, каб не пакрыўдзіць, але ветлы адказ не прыдумляўся, а час ішоў — трэба было штосьці пісаць, каб не выглядаць тугадумкай... І я не знайшла нічога лепшага, як даць згоду.

Гэта не любоўная гісторыя. Каханне было даўно, тры гады таму, і ад яго засталіся толькі пярсцёнак і водгалас успаміну, які прымусіў вылучыць з натоўпу кучаравага невысокага хлопца з жывымі сінімі вачыма на бледным твары, якога мае сяброўкі празвалі Паўлінам за манеру несці сябе велічна і няспешна, — і кінуцца за ім, спадзеючыся вярнуць незваротнае. Трэба ўсё ж такі выкінуць пярсцёнак: сяброўкі сцвярджаюць, што гэта атрыбут мінулага і, пакуль нашу яго, я не змагу быць шчаслівая, бо так і буду азірацца ды шукаць рысы страчанага кахання ў навакольных. Ці варта верыць у гэтыя забабоны?.. Дзяўчатам проста не падабаецца Паўлін, я ведаю. Ім і жаніх мой быў не да густу. А вось «сурвэтачны» хлопец — іншая размова: прыгожы такі, сціплы, галантны, ружу мне падарыў на першым спатканні. А я ружы жах як не люблю. І яго не люблю. Ён штосьці распавядае — цікава так, натхнёна — і шчыра ўсміхаецца, а я лаўлю сябе на думцы, што гуляю з ім, бо нашае знаёмства можа быць карысным: яны з Паўлінам іграюць у адным тэатры — а раптам ён нас пазнаёміць...

І сапраўды пазнаёміў. Ды не толькі з ім, а ўвогуле з усёй трупай. Гэта адбылося на рэпетыцыі чарговага спектакля, на якую мой новы сябар запрасіў мяне ў якасці незалежнага тэатральнага крытыка. А які з мяне крытык? Дылетант. Я ацаніла пастаноўку некалькімі эпітэтамі кшталту «цудоўна», «чароўна», «надзвычайна» і выказала пару заўваг, якія ў асноўным датычыліся Паўліна. Яму гэта, зразумела ж, не спадабалася, ён саскочыў са сцэны і знік за дзвярыма тэатра, нават не развітаўшыся (ух, які фанабэрысты!). Было крыху прыкра, але я сказала роўна тое, што думала, і ні аб чым не шкадавала. Апроч таго, праз колькі дзён сябар паведаміў, што Паўлін прыняў мае заўвагі да ўвагі і выправіў хібы. Я і сама ў гэтым пераканалася, калі прыйшла на прэм'еру спектакля. Захоплена назірала за кожным ягоным рухам, зачаравана слухала кожнае ягонае слова. І я, пэўна, была самая шчаслівая ў свеце, калі пасля выступлення ён падышоў да мяне і, замест чаканай кпіны, проста сказаў:

— Дзякуй!

А ў хуткім часе мы з ім сустрэліся на аўтобусным прыпынку — гэтым разам насамрэч выпадкова — і, паколькі ні ён, ні я нікуды не спяшаліся, вырашылі прагуляцца ўздоўж берага ракі. Ён расказваў пра тэатр, пра музыку, пра літаратуру, напаўголаса напяваў любімыя песні, дэкламаваў вершы. Ён усміхаўся — на левай шчацэ з'яўлялася ямачка. Ягоныя пальцы стукалі па нябачных клавішах — і мы некалькі хвілін маўчалі, слухаючы ўяўную мелодыю і біццё нашых сэрдцаў. Я больш не шукала ў ім рысы мінулага кахання, я любіла менавіта яго, майго Паўліна.

...Лёгка прыняла рака аметыставы пярсцёнак, ціхенька ўскалыхнулася і супакоілася.

Імя Станіславы Умец у беларускай літаратуры дастаткова новае, таму не лішне будзе сказаць пра яе некалькі слоў. Нарадзілася 17  ліпеня 1991 года ў Брэсце. У 2015 годзе скончыла магістратуру Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 2012 года працуе рэдактарам у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Як і большасць аўтараў, пачынала з вершаў, прычым яе творчы дэбют адбыўся адразу на старонках часопіса «Нёман». Апошнім часам Станіслава аддае перавагу прозе, імкнучыся перадаць у ёй тое (можа быць, на першы погляд, амаль няўлоўнае), што характэрна менавіта для яе пакалення, якое па-свойму бачыць і асэнсовае навакольны свет з яго клопатамі і праблемамі, радасцю і сумам. Імкнучыся перадаць не столькі праз сюжэтную лінію (што зразумела і апраўдана, і справа не ў адным невялікім жыццёвым вопыце аўтаркі), колькі праз вобразную і стылістычную структуру апавядання.

Алесь Бадак

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адкрыць бізнес у 14 гадоў?

Як адкрыць бізнес у 14 гадоў?

Цімафей растлумачыў, што калі бацькі дазволілі падлетку стаць індывідуальным прадпрымальнікам у 16 гадоў без эмансіпацыі, то для кожнага важнага кроку патрабуецца іх дазвол.

Культура

Беларуская царква ў Лондане намінавана на званне найлепшага будынка Еўропы

Беларуская царква ў Лондане намінавана на званне найлепшага будынка Еўропы

Беларуская царква, пабудаваная ў Лондане па замове беларускай дыяспары архітэктарам Цзыўаем Со, ужо атрымала шматлікія ўзнагароды ў архітэктурных конкурсах. 

Культура

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Ужо ў гэту нядзелю вырашыцца інтрыга