Вы тут

Тэатр выходзіць на прастору


«А тое, што ў вас на стале кнігі Леніна і Сталіна ляжаць, — гэта свядомае рашэнне ці выпадковасць?» — пытаецца ў рэжысёра Алены Сілуцінай крытык Таццяна Арцімовіч. Некаму пытанне падаецца дробязным, аднак насамрэч значэнне мае ўсё: і пасведчанне ўзнагароджанага пасмяротна капітана па правую руку, і прыстасаванне для штампоўкі фальшывых акцызаў па левую, і некалькі кніг са збораў твораў непасрэдна перад вачыма. Тэатр выходзіць за межы сцэны, пераўтвараючы рэальнасць у дэкарацыю. У Мінску зладзілі чытанні п'ес у музеі, школьным двары і камп'ютарным клубе.

24-3

Выйшлі з залы

Вы выпраўляецеся ў тэатр, а трапляеце на закінуты завод. Ідзяце паглядзець спектакль, аднак надзяваеце навушнікі і разглядаеце помнікі на могілках. Жанр sіte-specіfіc, калі тэатральнае дзеянне пакідае звыклую прастору і выходзіць куды заўгодна, набірае ўсё большую папулярнасць у свеце. Беларуская тэатральная прастора такімі эксперыментамі гледачоў пакуль што не надта песціць — падобныя спектаклі можна пералічыць па пальцах. Паўплываць на становішча і вывесці тэатр у людзі паспрабавалі Цэнтр беларускай драматургіі і Цэнтр сучасных мастацтваў, арганізаваўшы праект «Драма Lіve». У межах гэтага праекта з красавіка па чэрвень тры п'есы сучасных беларускіх драматургаў былі прачытаны па-за межамі тэатральнай залы.

Ці чытаюць міліцыянеры Маркеса?

На гэтае ды іншыя светапоглядныя, а часам і правакацыйныя пытанні паспрабаваў знайсці адказ драматург Віталь Каралёў у сваім тэксце «Участковыя, ці Пераадольваючы супрацьдзеянне». Рэжысёр Алена Сілуціна сумесна з Цэнтрам беларускай драматургіі яшчэ да правядзення «Драма Lіve» зладзілі некалькі чытанняў «Участковых...» у прасторы звычайнай жылой кватэры аднаго з дамоў слыннай Асмалоўкі. Аднак для чытання ў межах праекта была выбрана іншая лакацыя — Цэнтральны музей унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь. Сярод экспазіцыі зброі, забранай у зламыснікаў; фотаздымкаў з месца злачынства; пратаколаў ды іншых цікавых у сваёй жахлівасці прадметаў перад гледачамі разгарнулася драма двух участковых інспектараў.

Ніводная школа, у якую звярталіся арганізатары праекта, не пагадзілася прадаставіць памяшканне для чытання п'есы Аляксея Макейчыка «Сорам» (рэжысёр Аляксандр Марчанка). Магчыма, прычынай таму стала вострая сацыяльнасць тэксту, дзе вобраз настаўніка не выключна станоўчы, а праблемы вучняў часам вырашаюцца з дапамогай Крымінальнага кодэксу. Зазначу, што чытаць п'есу збіраліся не вучням, а аўдыторыі 18+. Чытанне ўрэшце арганізавалі ў імправізаваным класе на адкрытым паветры — гледачоў рассадзілі за парты ва ўнутраным дворыку Цэнтра сучасных мастацтваў.

Дзеянне п'есы Андрэя Іванова «Гэта ўсё яна» (рэжысёр Андрэй Іваноў) разгортваецца ў двух паралельных сусветах. Рэальным, дзе маці і сын-падлетак не могуць знайсці агульнай мовы пасля таго, як трагічна пайшоў з жыцця бацька. І віртуальным, дзе маці прымярае на сябе маску дзяўчыны-школьніцы і наладжвае камунікацыю праз сацыяльныя сеткі. Прачыталі гэтую п'есу ў інтэрнэт-клубе Devіlmіce.

Няма чаго паведамляць — адчувайце

Пра што думаецца пасля квэсту па трох чытаннях? За асваеннем новай прасторы прыхавана вельмі важная тэндэнцыя сучаснага тэатральнага працэсу: тэатр выходзіць з зоны пасылу, бо не можа паведаміць нам нешта новае, такое, чаго б мы не ведалі. Тэатр не імкнецца расказаць гісторыю пра тое, як належыць пражыць жыццё, але імкнецца прымусіць нас нешта адчуць і перажыць. Дэзарыентуе нас у межах мастацтва і рэальнага жыцця, калі мы, напрыклад, намагаемся зразумець: стос кніг з творамі Леніна — мастацкае рашэнне ці выпадковасць? Гэта насамрэч вельмі важна, і не столькі з-за выніку, колькі з-за працэсу пошуку мяжы рэальнасці. Працэс перажывання гэтай дэзарыентацыі гледачамі сёння і ёсць адна з мэтаў стваральнікаў спектакля.

Сучасны тэатр шмат працуе з нашым падсвядомым. Пэўная арганізацыя прасторы і дзеяння мусіць выцягнуць камплект унікальных асацыяцый са свядомасці і падсвядомасці кожнага гледача. Дарослы чалавек садзіцца за парту, каб паслухаць п'есу, але гэтае дзеянне выклікае ў ім значна больш асабістых успамінаў і асацыяцый, чым першапачаткова закладалі стваральнікі спектакля. Так большасць з нас сніць кашмары пра здачу экзаменаў, аднак у кожнага гэта свой сон. Узнікнення падчас прагляду спектакля гэтага «эфекту свайго сну» і дабіваецца ад гледача сучасны тэатр.

24-4

Першы «Драма Lіve» (арганізатары абяцаюць працягваць чытанні ў межах праекта і ў наступным тэатральным сезоне) асвойваў досыць ізаляваныя прасторы: музей, унутраны дворык, пакой інтэрнэт-клуба. Ідэя з чыткай п'есы Паўла Пражко «Карына і Дрон» у адным з гандлёвых цэнтраў, на жаль, засталася нерэалізаванай (гэты прыклад і вышэй згаданы са школьным памяшканнем, дарэчы, дэманструюць, як цяжка бывае сёння тэатру дамагчыся сутыкнення з рэальнасцю ў любой ступені). Аднак ступень сутыкнення тэатра і рэальнасці — адно з самых важных пытанняў сучаснага тэатральнага працэсу. На мой погляд, вектар развіцця «Драма Lіve» заўважны: гэта паэтапныя крокі да ўзроўню суіснавання з рэальнасцю, які, напрыклад, узорна дэманструе ў сваім праекце «Remote X» (дзе Х — гэта назва горада, у якім ствараюць спектакль) нямецка-швейцарская тэатральная група Rіmіnі Protokoll. «Remote X» створаны ўжо больш як у дзясятку гарадоў розных краін (у тым ліку ў Маскве і Санкт-Пецярбургу). Група людзей у навушніках выходзіць на сапраўдныя гарадскія вуліцы, дзе адбываецца штодзённае гарадское жыццё. Гледачы і адначасова ўдзельнікі спектакля, якіх вядзе штучны голас з навушнікаў, пачынаюць асвойваць гарадскую прастору і выконваць пэўныя дзеянні, падобныя да флэшмобаў (танцы на вуліцах, акцыя пратэсту супраць немаведама чаго з выпадковымі прадметамі ў руках), тым самым правакуючы рэакцыю гарадской прасторы і гараджан на свае дзеянні.

Праект «Драма Lіve», нягледзячы на пэўныя недахопы ўзаемадзеяння тэксту, тэатральнага дзеяння і прасторы (што дапушчальна для эксперыментальнай працы, якая найперш арыентаваная на спасціжэнне працэсу, тэхналогіі, спосабу), здаецца мне адной з самых знакавых падзей тэатральнага сезона 2014/2015 (аднак пакуль што без прэтэнзіі на праграмнае выказванне ці маніфест), бо зусім па-новаму асэнсоўвае катэгорыю прасторы ў тэатры. І дае магчымасць кожнаму гледачу асэнсаваць сваю новую ролю ў тэатры.

Алена Мальчэўская

malcheuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?