Вы тут

Калі звядуцца злыя языкі?


Пішу гэты тэкст у дзень пахавання Жанны Фрыске. Я абыякавая да яе творчасці, але мне неверагодна шкада маладую маці, якая нарэшце знайшла сваё шчасце і толькі пачала атрымліваць ад яго асалоду. Не зглынуць камяк у горле. Апаноўвае адчай і страшнае адчуванне несправядлівасці. Але сёння не пра гэта. Сёння мая калонка пра рэакцыю людзей. Розную і не заўсёды адэкватную.

Без имени-10

Як толькі стала вядома пра цяжкую хваробу вядомай спявачкі, у яе адрас разам са словамі падтрымкі, пасыпаліся абурэнні і зняважлівыя каментары. Як толькі ні называлі, чым толькі ні папракалі. Асноўны дакор, безумоўна, — збор грошай. Маўляў, багатая, абыдзешся.

Ці варта расказваць, што на лячэнне анкалогіі, тым больш такога складанага выпадку, любой сумы будзе мала? Гэта першае. Другое — ёсць шмат ахвотных дапамагчы моўчкі. Ім патрэбны толькі інструмент, рахунак, нумар для sms — што-небудзь, каб пералічыць грошы. Не хочаш — не дапамагай. Але прамаўчы. І трэцяе: папулярнасць — гэта нагода і магчымасць сабраць больш. Мала хто пераводзіць грошы незнаёмым дзецям. Часцей за ўсё дапамогу перадаюць знаёмыя, сваякі, знаёмыя знаёмых, землякі. Перадаюць, бо ведаюць, нейкім чынам сутыкаліся з сям'ёй. Медыйная персона — асоба, з якой так ці інакш сутыкалася большасць насельніцтва краіны. Яе ведаюць, таму міжволі адчуваюць сябе датычнымі. І прымаюць пасільны ўдзел. Гэта магчымасць сабраць сродкі не толькі канкрэтнай асобе, але і многім іншым, да каго простым смяротным няма справы. Так і стала ў выпадку Жанны Фрыске. Палову ад сабранай — даволі істотнай — сумы перадалі на лячэнне анкахворых дзяцей.

Але заўсёды знойдуцца нядобразычліўцы, інтэрнэтныя «тролі» і проста злыя языкі. Такія людзі нікуды не знікнуць, і спрачацца з імі — адно марнаванне сіл. Свет мае два полюсы, а ў любой сітуацыі — два бакі, два палярныя бачанні. Крытыкі будуць заўсёды, на іх проста не варта звяртаць увагі. Мне лёгка казаць. А як не звяртаць увагі самой хворай, яе блізкім? Іх сэрцы джаляць словы незнаёмых людзей, а тыя плюнулі ў душу і забыліся.

Збоку прасцей. На сабе правіла палярнасці не працуе. Я атрымліваю шмат лістоў і паведамленняў ад незнаёмых людзей. Адны — з падзякай, кампліментамі і добрымі пажаданнямі. Іншыя — з асуджэннем і абразамі. Я заўсёды памятаю, што гэта натуральны працэс, што мусяць быць негатыўныя водгукі на ўсё ў свеце (Ісуса Хрыста — і таго ганьбілі!), што ў кожнага свой вугал бачання. І ніхто да канца не мае рацыі, але і ніхто не памыляецца. Ён бачыць толькі тое, што бачыць.

Мы і самі часам кагосьці асуджаем. Але гэта не значыць, што мы добрыя, а яны дрэнныя, ці што мы маем рацыю, а яны — не. Гэта азначае ўсяго толькі, што мы глядзім у розных кірунках. Два полюсы, два супрацьлеглыя погляды — гэта нават добры паказчык, ён выключае абыякавасць і даказвае інтарэс да пэўнай справы. Але ў момант атрымання негатыўных пасланняў мае эмоцыі заўсёды перамагаюць розум. Я страшэнна засмучаюся і перажываю.

Калі чарговы раз публікую гісторыю дзяўчынкі ці хлопчыка, хворых на рак, то заўсёды асцерагаюся пакідаць кантактны нумар бацькоў. Лішні раз перапытваю і ўдакладняю згоду. Не пакідаючы кантакт, мы даём нагоду сумнявацца ў праўдзівасці гісторыі, бо яе немагчыма праверыць. «Клуб 5000» выступае за празрыстасць і дае магчымасць дапамагаць без пасярэдніка — наўпрост звязвацца з сям'ёй хворага дзіцяці.

Мне страшна публікаваць нумар маці, калі яна дае дабро і нават настойвае на гэтым. Страшна ўявіць, як яна, стомленая і вымучаная, будзе адказваць на званкі, паўтараць адно і тое ж, апраўдвацца ці прасіць. Страшна падумаць, што яна будзе вісець на тэлефоне замест лішняй хвіліны адпачынку ці лішняй размовы са сваім чадам, якое згасае на вачах.

Яшчэ страшней, калі падапечнага не атрымліваецца ўратаваць, а тэлефон яго маці па-ранейшаму разрываюць пытанні, удакладненні, прапановы ці дакоры.

Я двойчы трапляла ў падобную сітуацыю. Калі набірала нумар тэлефона бацькі, што знайшла ў інтэрнэце, і хацела прапанаваць дапамогу ад «Клуба 5000» яго дачцэ. Ён адказаў на званок па дарозе ў морг... І яшчэ — калі дазванілася маці маладой дзяўчыны, якая да гэтага сама вяла перамовы з дабрачынцамі. Насця перастала выходзіць на сувязь, не адказвала на электронныя лісты і не здымала трубку. Я знайшла кантакт яе маці ў інтэрнэце. Матуля ехала з могілак і папрасіла перадаць у сеціва агульную падзяку ўсім, хто дапамагаў Насці, бо тэлефон жанчыны не змаўкаў. Хоць патрэбы ў дапамозе больш не было.

Калі нехта з нашых падапечных сыходзіць, я кідаю ўсе справы і бягу выдаляць яго інфармацыю ў інтэрнэце. Каб ніякі сеткавы пошукавік не выдаў нумар тэлефона няшчаснай маці.

Але ўсяго не прадугледзіш. Нядаўна беларускія СМІ растыражавалі гісторыю маладога хлопца, хворага на анкалогію, які пры гэтым строіць планы і не збіраецца здавацца. Напрыканцы артыкула журналісты заўважылі, што нялішняй будзе матэрыяльная падтрымка. Далей — рэквізіты дабрачынных рахункаў і матулін нумар тэлефона.

Пакуль публікацыя ішла ў масы, хлопцу станавілася горш. І гэта якраз той выпадак, калі шквал званкоў абрынуўся на маці ў самы непадыходзячы момант. У яе на руках яшчэ дыхала, але з кожнай хвілінай раставала жыццё. Яна цярпліва і спакойна адказвала на тэлефанаванні, дзякавала і прымала любую дапамогу. Дзякавала і адказвала нават недаверлівым грубіянам, якія (куды ж падзецца ад палярнасці свету) даставалі цэлы дзень.

Але маці здалася хутчэй, чым адзін асабліва дапытлівы чытач. Ён званіў кожныя дзесяць хвілін і нахабна патрабаваў даказаць, што яна не махлярка. Прычым яму не былі патрэбны аргументы. Яму было важна аблаяць і «вывесці на чыстую ваду».

Ну, скажыце, што рабіць з такімі? Як з імі змагацца? Як ім даказваць? Як мірыцца і як знаходзіць агульную мову? Ніяк. Іх можна проста ігнараваць. Фізічна (не здымаць трубку, не размаўляць, не слухаць, не чытаць, не адказваць) і псіхалагічна (гэта ўжо складаней, але я вучуся і вам раю не затрымліваць такія размовы і водгукі ў сваёй галаве). Калі маці нашага падапечнага, ашалелая ад такіх званкоў, звярнулася па дапамогу, мы параілі ёй тое самае — ігнараваць.

Такую ж тактыку, відаць, выбралі і блізкія спачылай Жанны Фрыске. І муж Дзмітрый, і бацькі, сястра, сяброўкі мусяць ведаць, што свет двухпалярны. І тыя, хто папракаюць іх у «раздаванні інтэрв'ю», «беганні па ток-шоу», самі ж глядзяць, чытаюць, слухаюць тыя інтэрв'ю, шукаюць інфармацыю і корпаюцца ў фотаздымках. А тыя, хто асуджаюць зняважлівыя адносіны да памяці памерлай, самі ж распаўсюджваюць ганебныя артыкулы, выкладаюць у сеціва спасылкі на карыкатуры і дэматыватары.

Гэта плата за папулярнасць. Усім мілы не будзеш. Што б ты ні рабіў, абавязкова знойдуцца тыя, каму не падабаецца. Рэакцыя натоўпу непрадказальная і парадаксальная: перадала грошы дзецям — блюзнерка, памерла — правільна зрабіла...

Але і два гады, адпушчаныя хворай Жанне разам з блізкімі і любячымі — гэта заслуга той жа папулярнасці: і сабраныя грошы, і калектыўная малітва, і энергетыка дабрыні ў яе адрас...

Я вытру слёзы і змяню сваю рэакцыю. Я парадуюся за тое, што Жанна паспела знайсці сваё шчасце і атрымаць ад яго асалоду.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА,

заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».