Вы тут

Пакінуць нельга дараваць


Анатоль Казлоў. Той, хто абганяе сны. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2014. — 286 с.

Празаік Анатоль Казлоў любіць зазіраць у самыя глыбокія і цёмныя закуткі душы чалавека. Туды, дзе хаваюцца таемныя жаданні, страхі, памкненні, нерэалізаваныя амбіцыі. Вось і ў аповесцях, што ўвайшлі ў яго новую кнігу, пісьменнік «ускрывае нарывы» на душах сваіх герояў, прымушае іх рабіць непапраўныя ўчынкі, раскайвацца, сыходзіць ад каханых, кідаць сем'і, здраджваць ці, наадварот, дараваць дзеля шчаслівага жыцця ў будучыні.

Безимени-1 копия

 

Героі новых аповесцей Анатоля Казлова — звычайныя жыхары сучаснага горада. Яны, як і ўсе, ходзяць на працу, маюць каханых, клапоцяцца пра дабрабыт. Аднак таемныя жаданні раней ці пазней прачынаюцца і пачынаюць валадарыць лёсамі, разбураюць адносіны, патрабуюць помсты. Так, Юджын, герой аповесці «Абганяючы сны», здраджвае сваёй каханай, якая едзе ў Крым даглядаць хворую сястру. Здаецца, на гэты ўчынак у хлопца зусім няма ніякіх прычын, аднак менавіта ён служыць індыкатарам нізкасці, бруднасці самой унутранай сутнасці героя. Памяць пра каханую Руслану і надзея на тое, што яна ўсё ж даруе здраду, яшчэ жывуць у душы Юджына, аднак папрасіць прабачэння і пакаяцца не дазваляе яго ўласнае разуменне сябе, сваёй бруднасці і нізкасці.

У герояў аповесці «Паразумецца з ветрам» усё наадварот: Адзіная здраджвае свайму каханаму Максіму. Жадаючы адпомсціць ёй, Максім рэгіструецца на сайце знаёмстваў і праводзіць шмат начэй у ложках выпадковых жанчын. Аднак у выніку ён прыходзіць да разумення, што ніхто іншы, акрамя Адзінай, яму не патрэбны, таму гатовы дараваць нават здраду дзеля шчасця ў будучыні.

Таямніцай, што жыве ў душы чалавека фурункулам, можа быць памяць пра сваякоў, родныя карані, якія засталіся ў вёсцы, жаданне з'ехаць з горада, імкненне паразумецца з сабой, знайсці свой шлях у гэтым жыцці. Як ні ўцякай, гэтыя «чарвякі» раней ці пазней дойдуць да самага сэрца, і тады можа адбыцца непапраўнае. Усе героі аповесцей, што ўвайшлі ў новую кнігу Анатоля Казлова, — людзі надзвычай адзінокія. Ім няма з кім падзяліцца сваімі думкамі, выказацца пра пачуцці, распавесці пра самае таемнае. Таму на дапамогу прыходзяць істоты з іншасвету. Гэта, дарэчы, таксама адметная рыса прозы Анатоля Казлова. Зразумець сябе Юджыну дапамагае загадкавая бабулька ў чырвоных галёшах. Да Петрака, героя аповесці «Так і жывём», у сне прыходзіць бабуля Акуліна.

Але надзвычай рэдка людзі наважваюцца прызнацца нават самі сабе ў сваіх жаданнях і памкненнях. Яшчэ радзей — гутараць пра іх са сваімі блізкімі. Намнога прасцей усё пакінуць так, як ёсць, жыць па старой завядзёнцы, нічога не змяняючы ў жыцці, рухацца па наезджанай каляіне. Здаецца, нічога і не адчуваюць ужо да людзей, з якімі жывуць побач, іх нібыта і няма ў эмацыйным аспекце, ды фізічная прысутнасць надзвычай істотная для чалавека, таму больш адчувальная. Вось і ў аповесці «Так і жывём» героі робяць выбар на карысць звычкі. На разавую здраду адказваюць тым жа і жывуць далей, утойваючы думкі, страхі, жаданні.

Яшчэ больш разбуральным для чалавека аказваецца імкненне абагнаць сябе, дагнаць уласны лёс у бясконцым бегу за прывідным шчасцем. Не заводзіць доўгіх стасункаў, сыходзіць ад каханых, не мець сталага месца жыхарства, не назапапашваць рэчаў, каб не асесці. Такія людзі таксама няшчасныя ў сваім бясконцым бегу за самім сабой — як Вірун (імя героя гаворыць пра адметнасці яго характару) з аповесці «Далонь на плячы». Толькі ў сненнях-дрымотах каля закінутага барака, сустрэчах з загадкавай маладой жанчынай у чоўне і ў не менш таямнічых запісах на сценах бачыць ён адказы на свае пытанні. Гэта як зірнуць на сябе збоку, — але ў той жа час атрымаць дапамогу ад самога сябе, выціснуць думку з самых глыбінь уласнай падсвядомасці.

А ўсё, аказваецца, надзвычай проста. Трэба толькі не таптаць уласных жаданняў і памкненняў, не баяцца размаўляць з блізкімі, не імкнуцца адпомсціць, а тым больш — здраджваць у адказ на здраду каханага, не бегчы ад сябе. Сноў не абагнаць, будучыню не прачытаць на сценах, аднак жыць у згодзе з сабою і каханымі, без фурункулаў у душы можна.

Марына Весялуха

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».