Вы тут

Азбука народнай культуры: бяроза


Гэтае дрэва асабліва ўшаноўваецца ў культуры ўсходніх славян, сімвалізуе дзявоцкасць і жаноцкасць, а значыць, пладаноснасць і дабрабыт.

 Нашы продкі садзілі бярозы на вуліцы каля сваёй хаты, каб прыцягваць добрых духаў і пазбаўляцца ад злых: «Пасадзі маладзенькую бярозку ў гонар нараджэння твайго дзіцяці — яго абмінуць усе беды, а тваю хату нястачы абыдуць бокам».

 Бяроза паўсюдна прысутнічала ў абрадах сямейна-родавага і каляндарнага цыклаў як іх неад'емная частка. Падчас сватаўства нявесту параўноўвалі з бярозкай, а жаніха — з дубам. Гэтая ж сімволіка жаночага і мужчынскага — бярозы і дуба (радзей — таполі) — гучыць у жаданні нявесты на будучых дзетак, якая выходзіла з царквы і загадвала: «Усё часцей дубы і адна бярозка».

 На Палессі падчас пахавання памерлую жанчыну накрывалі галінкамі бярозы, а мужчыну — галінкамі дуба ці таполі.

 Бярозавыя галінкі ці маладзенькае дрэўца ставілі ў чырвоным куце пры будаўніцтве хаты, што сімвалізавала здароўе і дабрабыт сям'і, для якой будуецца хата.

 Бярозавыя галінкі ўтыкалі па межах поля, з надзеяй на багаты ўраджай збожжавых і льну.

 Пад парогам канюшні закопвалі бярозавае палена: каб коні вадзіліся. Каб «ягняты былі белымі і здаровымі», пасля выпечкі хлеба ў печ кідалі некалькі бярозавых паленцаў.

 Бярозавыя галінкі ўтыкалі пад дахамі хат, хлява і іншых пабудоў як абярэг ад граду і маланкі.

 Напярэдадні Купалля на кароў надзявалі вянкі з галінак бярозы, каб засцерагчы сваіх карміцелек ад ведзьмакоў і нячыстай сілы.

 Паўсюдна бяроза выступала як ахоўніца і выратавальніца ад шматлікіх хвароб. Лічылася, калі ваду пасля купання дзіцяці, асабліва дзяўчынкі, выліць пад бярозу, то хваробы хутка знікнуць. З той жа мэтай да бярозы прыносілі адзенне хворага і прасілі дрэва ўзяць на сябе ўсе яго захворванні і немачы.

 Паспрабуйце ў хвіліны стомленасці прыхіліцца да бярозы, абхапіць яе рукамі, прытуліцца шчакою і максімальна расслабіцца — і праз нейкі час вы адчуеце, як усё цела быццам поўніцца спрыяльнай сілай, а стомленасць «сцякае» ў зямлю. Толькі потым абавязкова падзякуйце святому дрэву за дапамогу.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.