Вы тут

Ахова прыроды — гэта не выдаткі, а інвестыцыі


Забруджванне навакольнага асяроддзя — прычына каля 500 тысяч заўчасных смерцяў у Еўропе. Толькі сумесныя намаганні краін дапамогуць зменшыць гэты спіс ахвяр. Пра гэта ішла размова падчас 5 раўнда нефармальнага дыялогу на ўзроўні міністраў краін Усходняга партнёрства, які праходзіў у Мінску. На ім кіраўнікі прыродаахоўных ведамстваў Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы, Украіны і прадстаўнікі Еўракамісіі расказалі пра свае дасягненні ў сферы аховы навакольнага асяроддзя і абмеркавалі сумесныя накірункі дзейнасці для вырашэння экалагічных праблем у кожнай краіне.

— Падчас сустрэчы мы ўпэўніліся, што нашы дзяржавы маюць амаль ідэнтычныя праблемы ў сферы аховы навакольнага асяроддзя, — адзначыла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Ія Малкіна. — Мы намецілі тыя шляхі, па якіх можам сумесна дасягнуць найбольш адчувальных вынікаў. І ў першую чаргу гэта тычыцца пытанняў, звязаных з развіццём прынцыпаў «зялёнай» эканомікі ў нашых дзяржавах, абмеркавання з грамадскасцю найбольш значных экалагічных рашэнняў і фінансавання цікавых інвестыцыйных праектаў, якія адпавядаюць задачам аховы навакольнага асяроддзя.

Укладваць сродкі ў экалогію выгадна — такі своеасаблівы дэвіз выпрацавалі ўдзельнікі сустрэчы. «І гэта сапраўды тыя рэальныя пасылы да развіцця, якія кожная дзяржава павінна для сябе пазначаць», — падкрэсліла Ія Малкіна.

— Сустрэча такога кшталту з міністрамі навакольнага асяроддзя Усходняга партнёрства прайшла ўпершыню, — расказаў еўрапейскі камісар па навакольным асяроддзі, марской палітыцы і рыбалоўстве Кармену Вела. — І ўсе яе ўдзельнікі згодны з тым, што гэта вельмі важная платформа для будучага супрацоўніцтва ў галіне экалогіі і яна павінна працягваць функцыянаваць. У далейшым сустрэчы будуць мець пашыраны фармат, уключаць не толькі 6 міністраў навакольнага асяроддзя Усходняга партнёрства, але і 28 міністраў Еўропы. Мы з нецярпеннем чакаем будучага супрацоўніцтва.

У рамках мерапрыемства таксама прайшоў шэраг двухбаковых перамоў кіраўніцтва Мінпрыроды з прадстаўнікамі Еўракамісіі і краін — удзельніц кансультацый. Важнай для Беларусі стала сустрэча з міністрам навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў Грузіі Гіглай Агулашвілі. Падчас яе былі абмеркаваны перспектывы двухбаковага беларуска-грузінскага супрацоўніцтва ў прыродаахоўнай сферы, а таксама прынцыповыя пазіцыі, якія будуць адлюстраваны ў міжведамасным пагадненні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя паміж Беларуссю і Грузіяй.

Вераніка Коласава.

kolasava@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.