Вы тут

Зала № 5. "Карэнны пералом у ходзе вайны. Савецкі тыл"


Працягваем віртуальнае падарожжа па Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Поспехі савецкіх войскаў пад Сталінградам, Курскам і на Дняпры прадвызначылі далейшы ход не толькі Вялікай Айчыннай, а і Другой сусветнай войнаў. Гэта былі нябачаныя паражэнні гітлераўцаў. Страціўшы велізарную армію і магутную баявую тэхніку, яны былі асуджаны на правал. Чырвоная Армія перайшла ў контрнаступленне.

_MG_2231

Франтавы друк

Франтавы друк, якому прысвечаны адзін з раздзелаў экспазіцыі, адлюстроўваў баявы вопыт чырвонаармейцаў, дапамагаў ім авалодаць ваеннай тэхнікай, мабілізоўваў народ на знішчэнне ворага. У падпольных рэдакцыях працавалі многія вядомыя пісьменнікі: Міхась Лынькоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Пятрусь Броўка, Анатоль Куляшоў і іншыя. У музеі захоўваецца вышытая сурвэтка з надпісам "Папочке от Люды", якую ў падарунак ад дачкі атрымаў супрацоўнік франтавой газеты "За Совецкую Беларусь" Кандрат Крапіва. На фотаздымках — знакамітыя франтавыя карэспандэнты, наборшчыцы, салдаты, якія з цікавасцю чытаюць свежы нумар газеты. Напэўна, адну з яе публікацый набіраў на сваёй друкавальнай машынцы, якая прадстаўлена ў экспазіцыі, і літаратурны супрацоўнік рэдакцыі газеты "Красное Знамя" малодшы лейтэнант Пётр Пятровіч.

MG_2274

У ваенным друку адлюстроўваліся і дыпламатычныя адносіны з саюзнікамі. У музеі можна ўбачыць некаторыя рэчы, якія Савецкі Саюз атрымліваў са Злучаных Штатаў Амерыкі па ленд-лізу: пісталеты-кулямёты Томпсана і Рэйзінга, лекі, біноклі, сумкі, вопратку... Закон аб ленд-лізе быў прыняты 11 сакавіка 1941 года Кангрэсам ЗША. Ён прадугледжваў перадачу ў пазыку, арэнду або іншым спосабам ваенных матэрыялаў і тавараў, неабходных для абароны дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі. У Савецкі Саюз дапамога пастаўлялася па трох шляхах. Найбольш бяспечнымі і доўгімі былі пастаўкі праз Уладзівасток і Іран. Самымі хуткімі, але не вельмі надзейнымі — праз Мурманск.

MG_2293

Чалавекам, які меў непасрэднае дачыненне да гэтых паставак, быў ураджэнец Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Канстанцін Лукашоў. З 1942 года ён з'яўляўся намеснікам старшыні Савецкай урадавай закупачнай камісіі па ленд-лізу ў Вашынгтоне. У вітрыне — фрак Лукашова, медыкаменты амерыканскай вытворчасці, прывезеныя яго сям'ёй з ЗША. Тут жа і яго пасведчанне акадэміка Акадэміі навук БССР. Многія гады прафесар Лукашоў працаваў на навуковай ніве: быў рэктарам Белдзяржуніверсітэта імя Леніна, дырэктарам інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР.

[caption id="attachment_90331" align="alignnone" width="600"]У Сталінградзе баі вяліся за кожную вуліцу, кожны дом. У Сталінградзе баі вяліся за кожную вуліцу, кожны дом.[/caption]

Подзвігі ў тыле

У ліпені-жніўні 1941 года з усходніх абласцей Беларусі было эвакуявана каля 1 мільёна 500 тысяч чалавек, 129 прадпрыемстваў. Размясціўшыся ва ўсходняй частцы Савецкага Саюза, яны наладжвалі выпуск ваеннай прадукцыі. Напрыклад, у Свярдлоўску Гомельскі станкабудаўнічы завод імя Кірава выпускаў славутыя "Кацюшы" і боепрыпасы да іх. Інструменты і партсігар з надпісам "Лепшаму слесару г. Свярдлоўска", падораныя ў 1944 годзе Герою Сацыялістычнай Працы Мікалаю Каменскіх, можна ўбачыць у адной з вітрын. Побач знаходзяцца ўзоры той зброі, якая выпускалася на эвакуяваных прадпрыемствах: пісталеты-кулямёты, вінтоўкі, супрацьтанкавыя ружжы, карабіны, пісталеты, танкавы і авіяцыйны кулямёты.

[caption id="attachment_90338" align="alignnone" width="600"]Інсталяцыя "Падлетак ля станка" - увасабленне подзвігу ўсіх працаўнікоў тылу. Інсталяцыя "Падлетак ля станка" - увасабленне подзвігу ўсіх працаўнікоў тылу.[/caption]

Аб важнай місіі працаўнікоў тылу ў гады Вялікай Айчыннай вайны сведчыць і інсталяцыя "Падлетак ля станка", дзе ўвасоблены зборны вобраз усіх тых, хто чым мог дапамагаў фронту. Як мінскі школьнік Леў Кнюкшто, які з 13 гадоў працаваў токарам на будоўлях Башкірскай ССР. Яго камсамольскі білет, пасведчанне токара 3-га разраду і медаль "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг." экспануюцца ў музеі. Такіх узнагарод былі ўдастоены больш як 16 мільёнаў працаўнікоў тылу, у тым ліку тысячы юнакоў і дзяўчат, якія замянілі ля станкоў сваіх бацькоў і старэйшых братоў, што пайшлі на фронт.

[caption id="attachment_90340" align="alignnone" width="600"]MG_2246 Узоры зброі, якая выпускалася на эвакуяваных беларускіх прадпрыемствах.[/caption]

Каб зберагчы народнае дабро ад вайны, з Веткі, што на Гомельшчыне, у Саратаўскую вобласць была ажыццёўлена эвакуацыя кароў, авечак і коней. На працягу пяці месяцаў па тысячакіламетровым шляху, які пралягаў праз пяць абласцей, статак з 700 галоў гналі ўсяго некалькі падлеткаў і жанчын. Пра подзвіг гэтых людзей і падрабязнасці эвакуацыі, якую ўзначаліла Пелагея Барадзіна, мы расказвалі раней (нумар за 20 чэрвеня 2015 года).

_MG_2269

"Школа вулічных баёў" і дыван Ракасоўскага

Летам 1942 года ў данскіх і прыволжскіх стэпах разгарнулася Сталінградская бітва. Адна з найбуйнейшых і вырашаючых падзей Вялікай Айчыннай вайны доўжылася 200 дзён і начэй. Нямала беларусаў загінула пад Сталінградам. Апошнім прытулкам горад на Волзе стаў і для дырэктара Ульскай школы Бешанковіцкага раёна Уладзіміра Яцкевіча. Яго кашулю — з вышытым арнаментам — у музей перадаў сын Уладзімір. Ён неаднойчы ездзіў на месца, дзе загінуў бацька. Адтуль, дарэчы, прывёз экспанаты, змешчаныя ў інсталяцыі музея "Баі ў горадзе".

_MG_2286

У баях на подступах да Сталінграда дапамагаў параненым вайскоўцам санінструктар Іван Нікіценка. 24 ліпеня 1942 года гамяльчанін быў паранены. Варожая куля прабіла камсамольскі білет, які захоўваўся ў нагруднай кішэні. Нягледзячы на цяжкае раненне, старшы лейтэнант удзельнічаў у вызваленні Беларусі і дайшоў да Берліна. У экспазіцыі можна ўбачыць і шлемафон Героя Савецкага Саюза гвардыі капітана Антона Аляхновіча, які ў баях за Сталінград здзейсніў 186 баявых вылетаў. Ён стаў адзіным лётчыкам авіяцыі далёкага дзеяння, які за ўсю вайну пралятаў на адным і тым жа бамбардзіроўшчыку "Іл-4", ды яшчэ з тым жа экіпажам.

Сталінград называюць "школай вулічных баёў". І невыпадкова. У верасні 1942 года, калі вораг пачаў штурм горада, баі вяліся за кожную вуліцу, за кожны дом. Менавіта ў Сталінградзе былі сфарміраваны штурмавыя групы, якія вялі вулічныя баі. Уявіць абмундзіраванне байца падраздзялення дапамагаюць такія экспанаты, як пісталет-кулямёт Шпагіна, ранцавы агнямёт "РОКС-3", стальны нагруднік "СН-42", гранаты "РГД-33" і "Ф-1", нож, сапёрныя лапатка і нажніцы, плашч-накідка.

MG_2230

На фотаздымку — будынак універмага на плошчы Палеглых змагароў, у склепе якога размяшчаўся і быў узяты ў палон штаб 6-й арміі на чале з генерал-фельдмаршалам Паўлюсам. 31 студзеня 1943 года дэлегацыю па прыёме капітуляцыі ўзначаліў начальнік штаба 64-й арміі Сталінградскага фронту генерал-маёр Іван Ласкін. У музеі прадстаўлены ўзнагародны комплекс Івана Андрэевіча, у тым ліку і ордэн Чырвонага Сцяга, якім ён быў узнагароджаны за абарону Сталінграда. Немалая заслуга ва ўзяцці ў палон буйнога нямецкага военачальніка і вядомага палкаводца Канстанціна Ракасоўскага. Як напамін — падарунак, які за разгром групоўкі праціўніка пад Сталінградам Канстанціну Канстанцінавічу паднеслі туркменскія ткачыхі. Дыван з партрэтам камандуючага Данскім фронтам генерал-лейтэнанта Ракасоўскага ў 1974 годзе перадала ў музей сям'я славутага военачальніка.

MG_2275

Героі Курска

Арыгінальна прадстаўлена тэма бітвы пад Курскам. Ты быццам знаходзішся ў акопе, з якога назіраеш за тым, што адбываецца навокал — такім чынам становішся ўдзельнікам падзей на Курскай дузе. Эфект прысутнасці дапамагаюць стварыць кадры з кінаэпапеі Юрыя Озерава "Вызваленне".

[caption id="attachment_90352" align="alignnone" width="600"]З гэтай вінтоўкі Герой Савецкага Саюза Леанід Буткевіч знішчыў 63 гітлераўцы. З гэтай вінтоўкі Герой Савецкага Саюза Леанід Буткевіч знішчыў 63 гітлераўцы.[/caption]

З фотаздымкаў, змешчаных побач, на нас глядзяць удзельнікі бітвы. Напрыклад, батарэя пад камандаваннем Данііла Чмараткова ў баі 5 ліпеня 1943 года адбіла 6 атак праціўніка, знішчыла "тыгр" і тры "фердынанды". У крытычны момант бою камбат выклікаў агонь на сябе. Быў цяжка паранены, пазбавіўся нагі. Пагоны, планшэт і блакнот нагадваюць пра подзвіг Чматракова. Побач — артылерыйскія прыборы і бранзалет ад наручнага гадзінніка, пашкоджанага куляй. Рэчы належалі камандзіру батарэі, Герою Савецкага Саюза Аляксандру Барданаву. У баях пад Белгарадам 7 жніўня 1943 года ён знішчыў 15 танкаў і 10 бронемашын праціўніка. Праз некалькі дзён воіны яго батарэі каля горада Ахтырка Сумскай вобласці падбілі пяць танкаў. Аляксандр Барданаў быў цяжка паранены, але застаўся ў страі да канца бою.

MG_2249

Прыцягвае ўвагу наведвальнікаў рэдкі фотаздымак. На ім — сляды смерці. Асколак, які прабіў фота, 16 ліпеня 1943 года ў баях у вёсцы Сетуха Арлоўскай вобласці смяротна параніў палітрука палка 124-й стралковай дывізіі, ураджэнца Віцебскай вобласці. Перад адыходам на фронт Фёдар Падсаднік сфатаграфаваўся разам з сястрой Марыяй.

MG_2247

6 ліпеня, на другі дзень бітвы пад Курскам, у бой з 20 варожымі самалётамі ўступіў беларускі лётчык Аляксандр Гаравец. Падбіўшы дзевяць з іх, ён загінуў. Пасмяротна Аляксандру Канстанцінавічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Месца яго гібелі ўстанавілі праз 14 гадоў пасля вайны. У 1957 годзе астанкі героя пахаваны ў вёсцы Зорынскія Двары Іўнянскага раёна Белгарадскай вобласці.

[caption id="attachment_90344" align="alignnone" width="600"]Кашуля ўдзельніка Сталінградскай бітвы Уладзіміра Яцкевіча. Кашуля ўдзельніка Сталінградскай бітвы Уладзіміра Яцкевіча.[/caption]

Абарона Ленінграда

Амаль 900 доўгіх дзён і начэй доўжылася блакада Ленінграда. Гэта самая працяглая і страшная аблога горада за ўсю гісторыі чалавецтва. Ва ўсёй сусветнай гісторыі няма ёй роўных і па колькасці ахвяр: каля мільёна чалавек не вынеслі голаду і холаду, абстрэлаў і бамбёжак. Аднак горад выстаяў. Калі б Ленінград здаўся, то быў бы сцёрты з твару зямлі.

MG_2259

Сярод абаронцаў Ленінграда былі і беларусы. Эскадрай караблёў Балтыйскага флоту камандаваў ураджэнец Гомельскай вобласці віцэ-адмірал Валянцін Дрозд. Караблі абаранялі горад і ўдзельнічалі ў яго прарыве. Эсмінец "Стойкі" быў перайменаваны ў эсмінец "Віцэ-адмірал Дрозд" пасля гібелі Валянціна Пятровіча 29 студзеня 1943 года. У памяць аб ім засталіся фуражка, блакнот віцэ-адмірала і стужкі да бесказырак.

MG_2250

Дзённік блакадніка Уладзіміра Самойлава — адзін з унікальных экспанатаў музея. Пенсіянер вёў падрабязныя запісы таго, што адбывалася ў абложаным горадзе. Запісваў убачанае ледзь не да апошніх дзён свайго жыцця. Блакаду Уладзімір Канстанцінавіч не перанёс. Дзённік, а таксама іншыя рэчы блакадніка, у музей перадаў яго ўнук Марк, які разам з маці эвакуяваўся з горада па "дарозе жыцця".

_MG_2270

Уладзімір Канстанцінавіч Самойлаў нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. Да 1914 года працаваў у Магілёве начальнікам участка Лібава-Роменскай чыгункі. Затым быў запрошаны ў Санкт-Пецярбург на Пуцілаўскі (з 1934 года — Кіраўскі) завод. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў ужо на пенсіі. Першыя дзённікавыя запісы, датаваныя снежнем 1940 года — студзенем 1941-га, звязаны з хваробай і смерцю жонкі. Запісы аднаўляюцца з 22 чэрвеня 1941-га, а з 1 верасня становяцца больш падрабязнымі і грунтоўнымі. З пачаткам блакады Уладзімір Канстанцінавіч старанна апісвае ўсе бакі жыцця Ленінграда. Вядома, значная частка нататак прысвечана галоўнай праблеме — здабычы харчавання, але адначасова з гэтым Уладзімір Канстанцінавіч цікавіўся навінамі з фронту, хваліў ленінградцаў за цярпенне і стойкасць, верыў, што пераможам. Праўда, з кожным тыднем, слабеючы ад голаду, ужо не надта спадзяваўся дажыць да перамогі.

_MG_2272

Яго старэйшая дачка Алена Байрашэўская была салісткай Дзяржаўнага ансамбля песні і танца РСФСР. У адпаведнасці з урадавай тэлеграмай з Масквы ансамбль быў пакінуты ў блакадным горадзе "для ўмацавання маральнага духу яго абаронцаў і жыхароў". Артысты ансамбля выступалі ў франтавых зямлянках, шпіталях, на караблях Балтыйскага флоту, у цэхах заводаў. Часам для таго, каб даць канцэрт, даводзілася ісці па гурбах прамерзлага снегу блакаднага Ленінграда з аднаго яго канца ў другі. Бывалі выпадкі, калі хтосьці з асабліва аслабелых ад голаду артыстаў не даходзіў да месца канцэрта. Увесну 1942 года, калі ў ансамблі засталося менш за палову яго складу, ён быў эвакуяваны па "дарозе жыцця" ў горад Сокал Валагодскай вобласці, а затым у Горкі. Пасля вызвалення Беларусі Алену Байрашэўскую запрасілі ў Мінск у якасці салісткі Белдзяржфілармоніі.

Бітва за Дняпро

Бітва за Дняпро, якая пачалася ў верасні 1943 года, стала рэдкім у гісторыі войнаў прыкладам хуткага фарміравання на шырокім фронце буйной воднай перашкоды. І ўсё гэта — пры моцным супраціўленні праціўніка.

MG_2279

На працягу доўгага часу ў музеі экспануецца кіцель Героя Савецкага Саюза генерал-маёра танкавых войск магілёўца Мітрафана Зіньковіча. Войскі 6-га гвардзейскага танкавага корпуса пад яго камандаваннем у ліку першых фарсіравалі Дняпро на поўдзень ад Кіева і авалодалі плацдармам. Пры пераправе генерал быў смяротна паранены. Прабіты асколкам кіцель баявыя таварышы перадалі жонцы Мітрафана Іванавіча. Яго зямляк, Іван Якубоўскі, за фарсіраванне Дняпра, а таксама вызваленне Кіева і Фастава атрымаў першую зорку Героя.

MG_2292

Адзін з эпізодаў фарсіравання Дняпра адлюстраваны ў інсталяцыі. Артылерыйскі разлік пад камандаваннем гвардыі старшага сяржанта Івана Самбука на самаробным плоце з 122-міліметровай гаўбіцай перапраўляецца на супрацьлеглы бераг. Не чакаючы інжынерных часцей, артылерысты змайстравалі з бярвення плот, пагрузілі на яго зброю — і ў выніку замацаваліся на правым беразе ракі, чым забяспечылі баявую падтрымку пяхоце. За баі на Курскай дузе, а таксама за фарсіраванне Дзясны, Дняпра і Прыпяці Івану Самбуку прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. На чале разліку 122-міліметровай гаўбіцы, прадстаўленай у інсталяцыі, ён з баямі дайшоў да Эльбы і Прагі. Агнём гаўбіцы былі знішчаны 7 танкаў (хоць яна не прызначана для гэтага), 18 бронетранспарцёраў, 89 кулямётаў, 39 дзотаў і 29 дотаў гітлераўцаў. У музей зброю перадалі з воінскай часці, у якой яна захоўвалася пасля вайны.

MG_2288

Стаялі на смерць

На працягу 73 дзён вайскоўцы, маракі і жыхары Адэсы абаранялі свой горад. Медалём "За абарону Адэсы" ўзнагароджаны і камісар 8-й брыгады марской пяхоты, ураджэнец Магілёўшчыны Генадзь Вішнеўскі. Абарона Севастопаля доўжылася 250 дзён. З 80 тысяч чалавек эвакуяваць удалося толькі тры. Усе, хто застаўся ў акружаным горадзе, ужо былі героямі. Крокамер, гадзіннік і пасведчанне контр-адмірала Льва Уладзімірскага, які камандаваў эскадрылляй караблёў Чарнаморскага флоту, а з мая 1943 года — усім Чарнаморскім флотам, можна ўбачыць у экспазіцыі. Тут жа — і ўзнагароды, а таксама падзякі беларусам, якія адзначыліся пры абароне Кіева.

MG_2281

Двойчы быў захоплены гітлераўцамі і двойчы вызваляўся горад-герой Керч. У лістападзе 1943 года высадку дэсанта на Керчанскі паўвостраў на чале самалётаў "Іл-2" падтрымліваў Герой Савецкага Саюза Мікалай Юхотнікаў. У адным з баёў маёр падпаліў два танкі праціўніка. За абарону і вызваленне Каўказа і Кубані лётчык быў узнагароджаны імянным гадзіннікам ALPHA. У абароне Каўказа ўдзельнічаў і Герой Савецкага Саюза Леанід Буткевіч. У баях за Крым, Каўказ і Кубань беларускі снайпер знішчыў 327 фашыстаў. З вінтоўкі, уручанай яму ў 1943 годзе камандаваннем Чарнаморскай групы войскаў Закаўказскага фронту, Буткевіч знішчыў 63 гітлераўцы.

[caption id="attachment_90353" align="alignnone" width="600"]Франтавы дзённік штурмана 46-га гвардзейскага Таманскага авіяпалка лёгкіх начных бамбардзіроўшчыкаў Галіны Дакутовіч. Франтавы дзённік штурмана 46-га гвардзейскага Таманскага авіяпалка лёгкіх начных бамбардзіроўшчыкаў Галіны Дакутовіч.[/caption]

Захоўваецца ў музеі і франтавы дзённік Галіны Дакутовіч, штурмана 46-га гвардзейскага Таманскага авіяпалка лёгкіх начных бамбардзіроўшчыкаў. Адна з "начных ведзьмаў", як называлі лётчыц немцы, здзейсніла 136 баявых вылетаў. Як стала вядома з дзённікавых запісаў, падчас адной з загрузак самалёта на Галіну Дакутовіч наехала машына. Яна атрымала вельмі сур'ёзную траўму пазваночніка. Нягледзячы на невыносны боль, працягвала лятаць. Першага жніўня 1943 года пры выкананні баявога задання згарэла ў самалёце. Пахавана ў брацкай магіле ў сяле Рускае, што ў Краснадарскім краі.

Медыкі на фронце

Фарсіравала Дняпро і санінструктар Зінаіда Самсонава, якая пад варожым агнём вынесла з полю бою і пераправіла на левы бераг ракі 30 параненых салдат. Жанчына загінула ў студзені 1944 года падчас вызвалення Беларусі. Удастоена звання Героя Савецкага Саюза. Гэта ёй прысвяціла свой верш "Зінка" вядомая пісьменніца Юлія Друніна, аднапалчанка Самсонавай.

Роля медработнікаў на вайне паказана ў інсталяцыі "Франтавы медсанбат". Падлічана, што прыкладна 73 % параненых вярталіся ў шэрагі Чырвонай Арміі дзякуючы франтавым медыкам. Ураджэнкі Беларусі Герой Савецкага Саюза Зінаіда Тусналобава-Марчанка, Марыя Гарачук і Соф'я Кунцэвіч былі ўзнагароджаны медалём Міжнароднага Чырвонага Крыжа "Фларэнс Найтынгейл". Адна Соф'я Адамаўна за чатыры дні вынесла з поля бою 147 параненых салдат.

[caption id="attachment_90356" align="alignnone" width="600"]Інсталяцыя "Франтавы медсанбат". Інсталяцыя "Франтавы медсанбат".[/caption]

На групавым фотаздымку — медработнікі асобнай роты медыцынскага ўзмацнення, якая дзейнічала на самых складаных участках, дзе дапамога ўрачоў была патрэбна больш за ўсё: Алена Юшына, Ганна Казак, Лідзія Кацельнікава, Клаўдзія Швындзянкова. Фотаздымак, як і іншыя рэчы, перадала ў музей Лідзія Кандратаўна, для якой вайна пачалася ў 16 гадоў. Удзельнічала ў абарончых баях ва Украіне, у Сталінградскай бітве і бітве на Курскай дузе, вызваляла Беларусь, Польшчу, дайшла да Берліна. Жанчына была кансультантам па стварэнні інсталяцыі "Франтавы медсанбат".

***

Напрыканцы наведвальнікі маюць магчымасць паглядзець некалькі поўнафарматных фільмаў па тэмах, прадстаўленых у гэтай зале музея. Работу савецкага тылу ілюструе кінастужка Дзігі Вертава "Табе, фронт!", адна з серый фільма "Чаму мы змагаемся" прысвечана бітве за Вялікабрытанію, стужка "Жыла была дзяўчынка", у якой распавядаецца аб жыцці ў блакадным Ленінградзе, была знята адразу пасля вызвалення горада.

Беларусь вызвалілі крыху пазней. Толькі спачатку былі доўгія тры гады акупацыі, пра якія мы раскажам наступны раз.

Вераніка КАНЮТА, Сяргей КЛЮЦКІ, старшы навуковы супрацоўнік аддзела ваенна-франтавой гісторыі Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

 

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

MG_2289 MG_2266

MG_2237

Зала № 4. «Пачатак Вялікай Айчыннай вайны»

Зала № 3. «Дарога вайны»

Зала № 2. «Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны»

Зала № 1.  «Мір і вайна»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.