Вы тут

Гульня рашучых і... сумленных


Сумняваюся, што знойдзецца шмат людзей, якія не чакаюць выхадных. Некалькі дзён, свабодных ад працы, заўсёды хочацца правесці выдатна адпачыўшы. Адным з такіх спосабаў баўлення часу з'яўляецца страйкбол — ваенна-тактычная камандная гульня, якая ўсё больш набывае папулярнасць. Яна перанясе вас у свет «баявых дзеянняў», дасць шанц займальна правесці выхадны дзень і падтрымаць у норме фігуру. Так лічыць і адзін з аматараў страйкбола Уладзіслаў Валахановіч.

9-9

— Раней я часта чуў пра гульню, але не меў дакладнага ўяўлення, што гэта такое. Мне стала цікава, і аднойчы я звярнуўся па дапамогу да інтэрнэту. Так даведаўся пра страйкбольныя клубы, пра цэны і, вядома ж, правілы гульні. І вось, прыкупіўшы рыштунак і амуніцыю, адправіўся ў першы «бой».

— І якія ўражанні ён пакінуў?

— Вядома, такое немагчыма забыць. Калі ты ўпершыню выходзіш на гульнявую пляцоўку, у цябе ў галаве круцяцца пытанні: «Дзе я? Што мне рабіць?» Ужо потым, калі асвоішся, з'яўляецца адрэналін, пачуцці, якія цяжка перадаць словамі!

— А што з сябе ўяўляе гульнявая пляцоўка?

— Найчасцей гэта закінутыя будынкі, лагеры або ўзгорыстая лясная мясцовасць. Галоўнае, каб яна не выкарыстоўвалася і амаль не наведвалася людзьмі. Удзельнікі загадзя агаворваюць сцэнарый, ставяць мэту і задачы: захоп будынкаў, знішчэнне «дыверсантаў» або «тэрарыстаў». Усё залежыць ад колькасці гульцоў і ад іх інтарэсаў. Ёсць, напрыклад, гульні, калі «баец» аказваецца адзін супраць усіх. У такія моманты абуджаюцца інстынкты, арганізм працуе на ўсю моц.

— Што, па-твойму, самае цікавае ў гульні?

— Тое, што на пляцоўцы ты бачыш свайго саперніка ў прыцэле «зброі», а праз паўгадзіны з ім жа каля вогнішча абмяркоўваеш гульнявыя моманты і смяешся з іх. Усё ж страйкбол — гульня сяброў. А нязручнасцю можа стаць надвор'е. Можна выпацкацца, замерзнуць ці прамокнуць... Але яно таго варта.

— Якія патрабаванні прад'яўляюцца да ўдзельнікаў?

— Гулец павінен быць старэйшы за 18 гадоў (але некаторыя арганізатары дазваляюць гуляць пры наяўнасці пісьмовага дазволу бацькоў і пры меншым узросце), мець абмундзіраванне, быць псіхічна здаровым... І сумленным.

— Няўжо сумленне адыгрывае такую важную ролю?

— Безумоўна. Бо страйкбол — гэта гульня, у якой няма ніякіх сігналаў аб тым, што вас «паранілі». Пры пападанні «кулі» — пластыкавага шарыка — вы часова выходзіце з гульні, надзеўшы чырвоную павязку. Але шарыкі зусім лёгкія (вагой ад 0,12 да 0,43 грама), здараецца, што ты не адчуваеш іх пападання. Для такіх выпадкаў на полі «бою» працуе суддзя, які сочыць за захаваннем правілаў і вырашае падобныя сітуацыі.

— Які мінімум амуніцыі трэба купіць навічкам?

— Найперш за ўсё камуфляж, ахоўныя акуляры і «зброю». Дарэчы, у страйкбольных клубах усё гэта можна ўзяць напракат. Асвоіцеся — тады купіце сваё.

...Што ж, засталося перасіліць сябе, забыцца ў выхадны пра любімую канапу і камп'ютар — і ў «бой». Спадзяюся, да хуткай сустрэчы на страйкбольнай пляцоўцы!

Анастасія КУЛІНЧЫК, выпускніца 11 класа СШ №162 г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».