Вы тут

Далучыцца да лёсу творцы


Рыгор Барадулін. Дзённікі і запісы. Выпуск 1. 1951 — 1969. / укл., прадм. Н. Давыдзенка. — Мінск: Кнігазбор, 2015. — 328 с.

9-14

Можна доўга разважаць і нават спрачацца пра тое, ці варта чытаць чужыя дзённікі. Нехта скажа, што гэта надта інтымная і індывідуальная рэч, нават зазірнуць у дзённік — злачынства. А хтосьці наадварот будзе з цікавасцю зачытвацца прызнаннямі на паперы, вышукваючы сакрэты і таямніцы. Але дзённікі, напісаныя вядомымі аўтарамі і апублікаваныя ў кнігах ці часопісах, — зусім іншая справа. З аднаго боку, яны ствараліся не дзеля захавання таямніц, а дзеля памяці пра важныя (і не зусім) падзеі жыцця, з іншага — менавіта такія нататкі дазваляюць прасачыць развіццё творчай індывідуальнасці аўтара, пабачыць яго у новым ракурсе. Ды і чытач, які знаёміцца з дзённікам любімага пісьменніка, можа адчуць далучанасць да лёсу творцы, перажыць разам з ім радасныя і сумныя моманты жыцця. Зрэшты, чытаць нататкі вядомых людзей — проста прыемна і цікава.

Кніга дзённікавых запісаў і нататак народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна — менавіта з такой кагорты. Яна цікавая і смешная, поўная клопатаў і перажыванняў, радасці ад публікацый і суму з прычыны кепскіх адзнак у школе і ва ўніверсітэце. У выданне ўвайшлі дзённікі, кароткія рабочыя заметкі, паэтычныя накіды і ўражанні ад шматлікіх паездак. Усе дакументы, што склалі аснову кнігі, датуюцца 1951—1969 гадамі. Перад вачыма чытача мільгае жыццё Барадуліна-васьмікласніка (яго школьны дзённічак, напісаны па-руску і датаваны 1951 годам, быў цудам адшуканы), студэнта першага і другога курсаў філфака БДУ, працаўніка на цаліне (1955—1956). Са старонак гэтага выдання чытачы змогуць даведацца пра ўражанні ад першай замежнай паездкі Барадуліна ў Польшчу (1958), а таксама многіх і многіх падарожжаў па гарадах Беларусі, у Эстонію, Краснаярскі край, Туву, Хакасію, Латвію, Далёкі Усход, Крым, Азербайджан, Узбекістан і, натуральна, родную Ушаччыну, куды паэт заўсёды вяртаўся з асаблівай радасцю.

Якім быў Барадулін у маладосці? Калі ён вучыўся ў восьмым класе, не вылучаўся прыкладнымі паводзінамі, часта атрымліваў заўвагі ад настаўнікаў. Не надта любіў анатомію, затое нямецкая мова, геаграфія, беларуская, руская мовы і літаратуры былі ў яго ў ліку любімых прадметаў. Васьмікласнік Рыгор зачытваўся кнігамі, бавіў шмат часу з сябрамі і ўжо пачынаў звяртаць увагу на прыгожых дзяўчат. Ён не надта старанна рыхтаваўся да ўрокаў, сачыненні пісаў хутка, меў выдатнае пачуццё гумару, час ад часу пісаў вершы.

Барадулін-студэнт таксама любіў чытаць, бавіць час з сябрамі, хадзіць у кіно. Мы разам з аўтарам дзённіка адчуваем радасць ад першай публікацыі верша ў «Чырвонай змене», наведваем пісьменніцкія сходы, ходзім на лекцыі, перажываем за маці, якая засталася зусім адна ў вёсцы і, хоць сама не так многа мае, дасылае пасылкі сыну. Мы губляем грошы, хвалюемся за памер стыпендыі, рыхтуемся да экзаменаў і п'ём віно з сябрамі. Разам з Барадуліным чытач перажывае і яго першае каханне да аднакурсніцы Ані. Тут паэт паказвае сябе не толькі як уражлівы закаханы юнак, які жыве адно сваім пачуццём, але і як мудры чалавек.

Са старонак дзённіка паэта можна даведацца пра яго ўражанні ад працы на цаліне, пабачыць побыт студэнтаў-цаліннікаў, прачытаць пра паездку праз усю Расію на цягніку і нават дазнацца пра тое, што Барадулін аднойчы ледзь не загінуў пад коламі грузавіка. Героямі дзённіка становяцца сябры і аднакурснікі паэта, імёны многіх з іх чытач пазнае, бо сёння і яны з'яўляюцца вядомымі пісьменнікамі, перакладчыкамі, акцёрамі.

Адметна, што ў кнізе прадстаўлены не толькі цэльныя дзённікавыя запісы (аўтар то піша іх штодзень, занатоўваючы нават неістотныя падзеі, то «закідвае» гэтую справу на некалькі месяцаў, а потым прыводзіць справаздачу пра самае важнае, што адбылося за час маўчання), але і шматлікія раскіданыя заметкі і нататкі, зробленыя паэтам «на хаду». На старонках кнігі чытач пазнаёміцца і з невядомымі вершамі Рыгора Барадуліна, іх паэт не ўключаў у свае зборнікі. Таксама тут прадстаўлена і самая першая паэма творцы «Зацвітаюць купавы» (1958—1959), прысвечаная лёсу маці і бацькі паэта. Пра гэты твор сам Рыгор Іванавіч ніколі не згадваў.

Гэта толькі першы выпуск дзённікаў паэта. Спадзяюся, хутка пабачаць свет і запісы Рыгора Барадуліна, зробленыя пасля 1969 года, дзе можна будзе далей прасачыць развіццё таленту і сталенне творчай думкі Майстра, прачытаць пра цікавыя падзеі, што адбываліся ў яго жыцці.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.