Вы тут

Хвастатыя акцёры, або 5 самых вядомых сабак савецкага кінематографа


Вялікі Чарлі Чаплін аднойчы сказаў: «Немаўляты і сабакі — найлепшыя акцёры ў кіно». І мы не будзем спрачацца — лепш узгадаем 5 яркіх вобразаў сабак, якія адзначыліся ў кінастужках савецкага часу.

10-13

«Чатыры танкісты і сабака»

Тыя, каму сёння за 45, добра памятаюць польскі серыял пра экіпаж танка «Руды» і іх найлепшага сябра, аўчарку Шарыка. Ролю апошняга выконвалі два сабакі-акцёры. Адзін з «Шарыкаў», па мянушцы Трымер, добра ладзіў з людзьмі і здымаўся ў буйных планах. Менавіта ён, што называецца, прачнуўся славутым. Вакол здымачнай пляцоўкі пастаянна бегалі групкі падлеткаў, спрабуючы здабыць хоць валасок з поўсці Шарыка — на шчасце. Пазней высока каціраваліся фотаздымкі з адбіткам лапы хвастатага кінагероя — давялося змайстраваць спецыяльную падушку, на якую наносілі туш і прыціскалі лапу, каб пакінуць «аўтограф».

Другі дублёр, задзірлівы і баявіты Атак, здымаўся ў батальных сцэнах, пагонях і бойках. На ўсякі выпадак кінолаг дрэсіраваў яшчэ і трэцяга сабаку, але да яго чарга так і не дайшла.

10-11

«Сюды, Мухтар!»

Хвастатага партнёра для малодшага лейтэнанта Глазычава — Юрыя Нікуліна — шукалі доўга. Кінастудыя падабрала трох дублёраў, але ўжо на пачатку здымак міліцэйскі сабака Браун спалохаўся прапелера-ветрагона і працягваць працу адмовіўся. Тая ж гісторыя паўтарылася і з другім сабакам. Тады нехта ўзгадаў пра сабакавода-аматара — кіеўскага інжынера-сантэхніка Міхаіла Длігача.

Длігача і яго выхаванца Дэйка спецрэйсам даставілі на здымкі — і не памыліліся: Дэйк праявіў найвышэйшы ўзровень дысцыпліны і сапраўдны акцёрскі талент. Напрыклад, у адным з эпізодаў здымалі, як Мухтару пасля ранення робяць аперацыю. Дэйк, пакладзены на аперацыйны стол, раптам пачаў цяжка дыхаць — так, што складвалася поўнае ўражанне хворай жывёлы...

10-14

«Белы Бім — Чорнае вуха»

Ролю Біма выконвалі два сабакі-сетэры: Сціў (ён жа Сцёпа) і Дэндзі. Дэндзі, напрыклад, здымаўся ў яскравай сцэне, дзе Бім заграз лапай у чыгуначнай стрэлцы і з адчаем глядзеў на агні цягніка, што набліжаўся да яго... Праз два гады, калі стужка прэтэндавала на «Оскар» у намінацыі «Лепшы замежны фільм», амерыканцы апладзіравалі гэтаму эпізоду стоячы.

З астатнімі сцэнамі бліскуча справіўся Сціў-Сцёпа, якога гаспадар здаў у арэнду кінастудыі і... знік на паўтара года, з-за чаго сабака невыносна сумаваў. Каб крыху падбадзёрыць яго і не сарваць здымкі, акцёры песцілі сабаку, як маглі.

10-12

«Прыгоды Электроніка»

Хто з савецкіх дзяцей у свой час не марыў мець такога сабаку, як Рэсі?.. У пазакадравым жыцці гэтага сімпатычнага эрдэля звалі Чынгіз, і ён не раз здзіўляў здымачную групу сваім жыццярадасным характарам. Так, аднойчы рэжысёр Канстанцін Бромберг сварыўся з аператарам, якім аб'ектывам лепш здымаць сцэну. Спрэчку перапыніў Чынгіз — ён прынёс у зубах аб'ектыў, які задаволіў абодвух.

Другі раз па сцэнарыі Рэсі адкусвае дула ў бандыцкага пісталета. У дзіцячай краме загадзя набылі два пісталеты, адзін крыху падпілавалі, каб падмяніць зброю пасля скачка сабакі. Але ў працэсе рэпетыцый Чынгіз, якога дражнілі курыцай, так «настроіўся», што сапраўды адкусіў дула! Мікалай Карачанцаў, які іграў Уры, быў у такім шоку, што свой тэкст: «Ты навошта зжэр зброю?!» — прамовіў чыста машынальна, але затое дубль атрымаўся выдатным.

10-10

«Трое ў лодцы, калі не лічыць сабаку»

«Манмарансі, выведзі нас адсюль!» — на гэту пранікнёную просьбу герояў знакамітай савецкай камедыі насамрэч адгукаўся не адзін, а два чатырохлапыя акцёры. Фокстэр'ер Герцаг паслухмяна і цярпліва выконваў розныя трукі, а яго напарнік па мянушцы Грэх здымаўся толькі разам з людзьмі і, апраўдваючы сваё імя, перыядычна смяшыў акцёраў, ледзь не зрываючы здымкі.

Ліна Малініна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».