Вы тут

Ілья Коласаў: «У Мінску мне лёгка дыхаецца»


Нядаўна ў праграме «Контуры» на АНТ з'явіўся новы вядучы. Ім стаў Ілья Коласаў, якога ў Беларусі, магчыма, ведаюць тыя, хто цікавіцца расійскім тэлебачаннем, у прыватнасці маскоўскім тэлеканалам «ТВ Центр». Там наш герой працаваў доўгі час у інфармацыйных праграмах. Таксама ён вядомы як аўтар дакументальных фільмаў. Перыяд з 1987-га па 2000-ны адзначаны ў яго біяграфіі працай на радыё. А цяпер у яго жыцці пачаўся новы перыяд. Мы вырашылі пазнаёміцца з новым вядучым адной з самых папулярных праграм асабіста і даведацца больш пра тое, што прывяло яго на тэлебачанне і як ён пачувае сябе ў новай якасці...

10-29

Свабода, якая прыемна здзіўляе

— Ці даўно вы ў Беларусі і што стала таму прычынай?

— Я тут ужо каля двух месяцаў. Кропку ў былым жыцці я паставіў не толькі ў Расіі, але і ў Германіі, дзе прапрацаваў год. Усё ішло да таго, што апынуўся ў беларускай сталіцы, бо мы абмяркоўвалі пытанне майго працаўладкавання на АНТ. Але паколькі своечасова не паступіла адказу ад кіраўніцтва тэлеканала (згадзіцеся, запрасіць чалавека збоку на адну з найважнейшых праграм — даволі сур'ёзны крок), то я з'ехаў на працу ў Берлін. Там я ўзначальваў Еўрапейскае бюро тэлекампаніі RTVі (яна працуе на замежнае вяшчанне на рускай мове). А потым мы зноў вярнуліся да гэтай размовы, і вось пытанне вырашана.

— Вам падабаецца ў Мінску?

— Раней бываў тут неаднойчы і канстатаваў як сабе, так і іншым, што ў вашым горадзе мне лёгка дыхаецца. І я часам думаў, як было б добра пераехаць сюды на пастаяннае месца жыхарства. Вось і прыехаў.

— Як вас прынялі ў новым калектыве? Наколькі мне вядома, на месца вядучага праграмы «Контуры» вы былі не адзіным прэтэндэнтам...

— Праўда? Я нават не ведаў. Мне далі магчымасць запісаць пілот, я яго зрабіў — і ўсё на тым. Упэўнены, канкурэнты ў мяне былі годныя, але я рады, што ўсё вырашылася на маю карысць... Людзі ў калектыве проста цудоўныя. Мне аказалі цёплы прыём, і ўсе гатовы дапамагаць. Я ўбачыў людзей, гатовых да супрацоўніцтва.

— Калі вы яшчэ працавалі на праграме «25 гадзіна», то вас неаднойчы ў інтэрв'ю пыталі пра свабоду слова, свабоду творчасці. Якія цяпер адчуванні ў гэтым сэнсе?

— Праграма «Контуры» — адна з самых важных на тэлеканале. Тэмы выпуску мы абмяркоўваем на лятучках. Але ў любой сур'ёзнай кампаніі існуе рэдакцыйная палітыка, таму я не магу выйсці і гаварыць усё, што мне ўздумаецца, у эфіры Другога нацыянальнага тэлеканала. Вырашаючы, якія тэмы і сюжэты з'явяцца ў новым выпуску, слухаем прапановы кожнага і потым рухаемся ў вызначаным кірунку. Што датычыцца свабоды слова і свабоды творчасці, то я быў прыемна здзіўлены, бо на тэлеканале ёсць тое, чаго нельга ўявіць у Расіі нават на рэгіянальным тэлебачанні. Тут сапраўды можна крытыкаваць, выказваць свае пункты гледжання... Ёсць магчымасць абгаворваць з кіраўніцтвам тэзісы, якія першапачаткова не планаваліся да эфіру, і цябе не проста выслухаюць — да цябе прыслухаюцца. Узяць тую ж тэму палітыкі, калі да выбараў засталося тры месяцы...

— Я чытала, што вы сімпатызуеце кіраўніку нашай дзяржавы...

— Так, прычым даўно. Па-першае, ён спікер нумар адзін на прасторы былога Савецкага Саюза. А па-другое, якія ў яго арганізатарскія якасці! Беларусь — гэта тая рэспубліка, якая здолела захаваць усе плюсы таго, што было да распаду СССР, і зрабіць сваю краіну лепшай. Не дазволіўшы жуллю і зладзеям пашкамутаць яе. Гэта заслуга Аляксандра Лукашэнкі... Мне падабаецца, што, працуючы ў Беларусі, не трэба заключаць пагадненні з уласным сумленнем. Гэта дае пачуццё душэўнага спакою. Яно, магу вас запэўніць, дарагога каштуе.

Жыццё — кампраміс і ідэал недасяжны

— Наогул, ці часта з вамі здараліся сітуацыі, калі даводзілася ісці на пагадненні з уласным сумленнем?

— Калі вы чыталі Даўлатава, то памятаеце яго зборнік апавяданняў «Кампраміс». Жыццё і ёсць той самы кампраміс. Не бывае ідэалу, мы толькі імкнёмся да яго, як да небасхілу, і, набліжаючыся, губляем. Што датычыцца, напрыклад, перыяду працы на тэлеканале «ТВ Центр» (я туды прыйшоў у 2000 годзе), то першыя некалькі гадоў было нармальна, а потым прэсінг стаў павялічвацца. І, безумоўна, пратрымаўшыся там да 2013 года, мне даводзілася ісці на дамоўленасці з уласным сумленнем. Хоць я пераконваў сябе, быццам між радкоў выказваю тое, пра што іншыя не кажуць увогуле. Аднак гэта было толькі самасупакаенне. Таму цяпер рады, што своечасова паставіў ва ўсім кропку.

— Восенню вы будзеце адзначаць 45-годдзе. Якія галоўныя ўрокі засвоілі за гэты час?

— Толькі адно — да ўсяго, што з вамі адбываецца, трэба ставіцца спакойна. Жыццё доўгае і які б этап вы ні перажывалі, аднойчы ён пройдзе. Вы потым будзеце калі не смяяцца ад душы, то ўсміхацца, калі ўсё застанецца ззаду. Я рэаліст. Так, часам цёмная паласа доўжыцца год, а то і некалькі, але аднойчы вы прачынаецеся і працягваеце жыць.

— На колькі гадоў вы сябе адчуваеце?

— Умоўна кажучы, у 36 я адчуваў сябе 50-гадовым, а цяпер — нібы мне толькі 30. Усё мяняецца ў сілу жыццёвых абставін. У залежнасці ад таго, хочацца табе жыць ці не. Калі ўсялякае жаданне адсутнічае, то і адчуваеш сябе так, быццам твой цыкл завершаны. Што тут яшчэ рабіць? Потым у адно імгненне ўсё становіцца па-іншаму і ты думаеш: якое прыгожае мінскае неба, як тут цудоўна! І табе зноў 30!

— Скажыце, акрамя працы на тэлебачанні, ці плануеце яшчэ нешта рабіць?

— Калі ёсць патэнцыял, то яго варта рэалізоўваць. Мы з кіраўніцтвам АНТ размаўлялі пра тое, што можна яшчэ нешта зрабіць. Напрыклад, пры неабходнасці мяне можна выкарыстоўваць у якасці аператыўнага каментатара. Паўтаруся, толькі пры неабходнасці, таму што на тэлеканале працуе шмат таленавітых людзей, якія добра ведаюць сваю справу. І была, на мой погляд, правільная прапанова зрабіць штосьці на радыё. Як мне здаецца, у Мінску не хапае інфармацыйнага радыёвяшчання, за выключэннем хіба што Першага канала нацыянальнага радыё. Мне з раніцы, калі саджуся ў машыну, цікава было б паслухаць нейкае ток-шоу, падключыцца да абмеркавання актуальных навін... І раз ёсць такая ніша, то трэба і гуляць на гэтым полі. Аднак я толькі агучваю тое, што існуе пакуль на ўзроўні ідэі, а як усё вырашыцца — пытанне не да мяне.

— Па прафесіі вы гукарэжысёр. Як жа апынуліся ля мікрафона?

— Перыяд працы за гукарэжысёрскім пультам быў нядоўгім. Цяпер нашмат утульней адчуваю сябе ў кадры. Да мікрафона я сеў аднойчы пасля таго, як вельмі захацелася выказацца, аналізуючы ўсё тое, што адбывалася ў краіне. Напісаў разгорнуты каментар і зачытаў яго ў студыі. Пасля таго выпадку мне сказалі, быццам я нарадзіўся з мікрафонам. Тады пачаў сумяшчаць працу гукарэжысёра і радыёвядучага, а з часам стаў галоўным зменным рэдактарам і ад пульта адышоў.

— А чаму выбралі такую прафесію?

— У 10 класе я не разумеў наогул, кім хачу быць, чым займацца па жыцці. Думаю, большасць у тым узросце не ведае, куды пайсці вучыцца. Я вырашыў падысці да пытання матэматычна, запытаўшы самога сябе, у чым я адчуваю сябе ўпэўнена. Нармальна ішла матэматыка, і ў мяне быў добры слых, таму, супаставіўшы два гэтыя факты, вырашыў пайсці вучыцца на гукарэжысёра. Тады іх рыхтавалі толькі ў Ленінградскім інстытуце кінаінжынераў, а ў Маскве быў філіял, куды я і паступіў.

— Аналізуючы свой прыход на ТБ, ці вылучаеце кагосьці з тых, хто паспрыяў вашаму станаўленню як прафесіянала?

— Сваім настаўнікам у журналістыцы я лічу Валерыя Горкіна-Магіцкага. Ён працаваў у нас у інавяшчанні на «Голасе Расіі». Бывала, ішлі мы з ім па калідоры, і тут Валерый Аляксандравіч спыняўся і пачынаў з некім размаўляць па-іспанску... Ён быў чалавекам энцыклапедычных ведаў, валодаў пяццю замежнымі мовамі. Меў фантастычную энергію і пачуццё гумару. Усе, з кім мы тады працавалі разам, і сёння ўспамінаюць яго. Мабыць, менавіта дзякуючы яму я зразумеў радасць, якую даюць свабодныя стасункі. А далей прыйшло пачуццё задаволенасці ад здольнасці разважаць.

Мая галоўная вяршыня — самарэалізацыя

— У вашым творчым багажы ёсць некалькі дакументальных фільмаў, кніга «26 гадзіна». Працягваць не плануеце?

— Не, бо адсутнічае тэма, якой бы я зацікавіўся. Па тэме фінансаў, якую я закранаў у сваіх фільмах, я сказаў усё, і пакуль што нічога не змянілася. Калі будуць перамены, то пачну рэагаваць... Фінансавую тэматыку я планую падымаць і ў праграме «Контуры», бо ў Беларусі маюцца недахопы ў гэтай сферы. І на іх варта звяртаць увагу.

— Якую ж вяршыню будзеце заваёўваць цяпер?

— Яна называецца «Самарэалізацыя». І я бачу, што ў Мінску я магу яе дасягнуць. Я маю патэнцыял, каб зрабіць найлепшую праграму. Здольны рэалізаваць сябе як радыёвядучы. Тут магу забяспечыць нармальнае жыццё свайму малодшаму сыну. Усё спрыяе таму, каб рухацца наперад. І, паверце, магчымасці, якія ёсць у Беларусі ў гэтым сэнсе, знойдзеш не ўсюды.

— Дарэчы, у выхаванні двух сыноў вы строгі бацька ці строіце адносіны з імі з пазіцыі сябра?

— У мяне ўжо тры сыны. У другім шлюбе нарадзіўся яшчэ адзін хлопчык, таму я шматдзетны тата. І калі гаварыць пра выхаванне дзяцей, то цяпер я імкнуся быць ім сябрам, хоць раней думаў, быццам з імі варта праяўляць строгасць. З часам прыйшоў да разумення таго, што куды важней мець цярпенне. І хлопцы ў мяне разумныя. Галоўнае, што мне ўдалося ім патлумачыць, — гэта тое, што ў жыцці можна прыняць любое рашэнне, але ў яго заўсёды ёсць свая цана. Мне здаецца, яны ўсё правільна зразумелі...

— А вы цяпер адчуваеце сябе шчаслівым?

— Абсалютна шчаслівым я сябе не адчуваю, бо жыццё ў прынцыпе запамінаецца ў выглядзе фотаздымкаў. Ні вы, ні хто-небудзь іншы не гатовы ўспомніць усю гісторыю цалкам. Успыхваюць толькі моманты. Мяне наведвае шчасце. І асалода ад яго — таксама толькі імгненне. Таму будзьце асцярожныя са шчасцем, і калі маеце, з кім ім дзяліцца, рабіце гэта абавязкова.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.