Вы тут

Ідэальны час для кватарантаў


Менавіта ў найбліжэйшыя 4-5 тыдняў на рынку сталічнай арэнды будзе назірацца максімум прапановы.

Лета ў поўным разгары. Усе адпачываюць, або амаль усе. Аднак гаспадары свабодных і «лішніх» кватэр сутыкнуліся з праблемай празмернасці прапановы і рэзкім недахопам кліентаў. У такой сітуацыі галоўнымі фігурантамі, якія рэальна паўплываюць на фарміраванне цэннікаў на рынку, з'яўляюцца патэнцыяльныя кватаранты. Да традыцыйнага восеньскага ажыўлення яшчэ далёка, таму кошты на здымнае жыллё працягваюць зніжацца. Пра сённяшнюю сітуацыю на сталічным рынку доўгатэрміновай арэнды і прагнозы на найбліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» паведаміла спецыяліст аддзела жыллёвай арэнды цэнтра гандлю нерухомасцю «ПАКАДАН» Алена Агрызка.

10-31

Паляванне на кліентаў

Тэндэнцыя на патанненне прыватнай арэнды (у доларавым эквіваленце) у нашай краіне пачала акрэслівацца яшчэ ў пачатку года, калі звычайна валютныя цэннікі на здымнае жыллё істотна падаражэлі ў рублях. Аднак за гэты час нават рублёвыя даходы ў сярэдняга класа жыхароў Мінска істотна не павялічыліся. Зімой памер арэнды ў валюце зніжаўся не так моцна, як таго патрабаваў рынак.

Таму да вясны даволі істотная частка кліентаў без уласнага жылля з'язджала, бо не магла знайсці агульную мову з уласнікамі. Потым такія свабодныя памяшканні ўвогуле стаялі «на прыколе» і не прыносілі гаспадарам прыбытку. Ужо ў пачатку лета і цэннікі ў падобнага жылля пачалі зніжацца. А гэта прывяло да таго, што ў сталіцы сёння назіраецца другая масавая хваля пераездаў арандатараў. Не, яны не вярталіся назад у кватэры бацькоў ці ад'язджалі ў свае невялікія гарадкі і вёскі. «Прасунутыя» кватаранты актыўна мянялі не вельмі ліквіднае і дарагое жыллё на больш якаснае і таннае.

Сітуацыя для ўладальнікаў свабодных квадратных метраў ускладняецца цяпер яшчэ і тым, што на прыватным рынку назіраецца актыўнае развіццё кампаньёнства зусім незнаёмых людзей і сем'яў. Калі раней кожная маладая сям'я ці пара жыла абавязкова ў асобнай кватэры, то зараз сучасная моладзь усё часцей ставіцца да гэтага некрытычна. Сёння ў прасторнай трохпакаёвай кватэры могуць беспраблемна жыць адразу дзве ці нават тры бяздзетныя сям'і. А ў гэтым выпадку колькасць свабодных кватэр павялічваецца. Гаспадары без дадатковага прыбытку нервуюцца і згаджаюцца на істотныя зніжкі.

З'явіліся аднапакаёўкі і за 200 долараў

Заўважу, што кватэры з такім мінімальным коштам з'яўляюцца на сталічным рынку арэнды толькі ў адзінкавых выпадках менавіта ў старых дамах Заводскага раёна і ў Шабанах. Па такім кошце магчыма адшукаць пустыя аднапакаёўкі і ў зусім новых мікрараёнах у новабудоўлях. Прапанова жылля па такім кошце мінімальная, але і ў гэтым выпадку кліенты ставяцца да кватэр крытычна — зусім слабенькія па якасці кватэры попытам амаль не карыстаюцца.

Кватэры з поўным наборам стандартнай мэблі ў звычайных пяціпавярховых дамах і ў не вельмі маладых панэльках прапануюцца ўжо за 250-300 долараў. Калі аднапакаёвая кватэра мае прапіску недалёка ад лініі метро і па якасці яна апавядае сапраўды ўтульнаму жыллю, тады мінімальны цэннік такога жылога памяшкання складае ўжо 300 долараў і нават больш. Аднак звычайныя аднапакаёўкі па кошце звыш 350 долараў аўтаматычна трапляюць у ранг «вісякоў», на якія цяпер ніхто не звяртае ўвагі.

Сустракаюцца двухпакаёўкі за 300 «зялёных»

Па такім кошце сёння кліенту прапануюць толькі сціплую кватэру з маленькай агульнай плошчай і мэбляй савецкіх часоў. Сярэдні цэннік бюджэтных двухпакаёвак для людзей без вялікіх патрабаванняў складае ад 340 да 360 долараў. Сёння на прыватным рынку сталічнай арэнды існуе дастатковая колькасць якасных двухпакаёвых кватэр з цэннікам і за 400-450 долараў. Тут кліент павінен разумець, што гэта менавіта стартавы кошт прапановы, а пасля рэальных перамоў гаспадары пачынаюць выкарыстоўваць сапраўды гнуткую цэнавую палітыку. Канчатковыя зніжкі могуць дасягаць нават 50 і 100 долараў.

Спецыялісты агенцтваў нерухомасці адзначаюць, што цяпер назіраецца самы ідэальны для патэнцыяльных кватарантаў час, калі менавіта яны з'яўляюцца «генераламі» становішча.

Шматпакаёўкі — па кошце маленькіх кватэр

Спадарыня Агрызка паведамляе, што мінімальны попыт на ўсе віды кватэр наймацней за ўсё падкарэктаваў цану арэнды трохпакаёвых кватэр. Цяпер у каталогу прапановы існуюць нават такія варыянты, калі новыя шматпакаёвыя кватэры з будаўнічай апрацоўкай у новабудоўлях выстаўляюцца за 300 долараў. Падобныя мінімальныя цэннікі на такое жыллё пачалі з'яўляцца і ў старых дамах Курасоўшчыны. Сярэдні кошт арэнды трохпакаёвых кватэр у спальных мікрараёнах складае 350-400 долараў. Добра «ўпакаваныя» трохпакаёўкі з сучаснай мэбляй, поўным наборам амаль новай бытавой тэхнікі будуць каштаваць сёння ад 450 да 600 долараў. Прыкладна па такім кошце цяпер прапануюцца стандартныя трохпакаёвыя кватэры ў цэнтры сталіцы.

Даволі сур'ёзна тэндэнцыя на патанненне закранула і элітнае жыллё. Паводле інфармацыі нашага эксперта, за апошнія чатыры месяцы арэнднае жыллё гэтай катэгорыі патаннела ў сярэднім на 20-30%. Сустракаюцца сёння і больш моцныя патанненні. Напрыклад, у каталогу ёсць шыкоўныя кватэры, якія яшчэ ў лютым здаваліся за 1,5 тысячы долараў. А цяпер іх не арандуюць нават за тысячу. Калі арэнднае жыллё каштавала каля 1 тысячы долараў, то цяпер яно выстаўляецца за 700-750 долараў.

Патанненне — да сярэдзіны жніўня

Наконт таго, што на працягу ўсяго ліпеня кошты на прыватную арэнду будуць зніжацца, Алена Агрызка ўпэўнена на ўсе 100%. Прапанова зашкальвае, а кліентаў амаль няма. І на працягу месяца колькасць свабодных кватэр будзе павялічвацца. Часткова гэта тлумачыцца зніжэннем заробкаў у буйным сеткавым гандлі. А апошняе масавае часовае закрыццё буйных аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання (толькі ў сетцы «Дабраном» у сталіцы закрылі дзясяткі магазінаў) пакіне іншагародніх работнікаў без заробкаў, на якія магчыма здымаць жыллё. Змянілася сітуацыя і на рынку працы, дзе апошнія ўрадавыя рашэнні аб дармаедах прымусілі «свабодных мастакоў» Мінска актыўна шукаць працу. А мясцоваму работніку здымнае жыллё не патрэбна. Гэта пра ліпень.

Потым прыйдзе пачатак жніўня, калі ў сталіцы будзе шмат абітурыентаў. Частка з іх (у каго дастаткова балаў для паступлення) разам з бацькамі пачне шукаць здымнае жыллё. Месцаў цяпер у сталічных інтэрнатах быццам бы хапае, але асобным катэгорыям маладых індывідуумаў падобнае калектыўнае пражыванне не зусім даспадобы. Кампаньёнства, як інструмент эканоміі грошай, кліенты з перыферыі ў першы год студэнцтва амаль не выкарыстоўваюць. Менавіта ў першую дэкаду жніўня на другасным рынку арэнды сталічнага жылля максімум прапановы яшчэ захаваецца, аднак цэны на здымнае жыллё памяншацца ўжо не будуць, бо попыт пачне павялічвацца.

Ажыятажу не будзе

З другой паловы жніўня і ажно да сярэдзіны верасня ў сталіцы чакаецца традыцыйнае павелічэнне актыўнасці патэнцыяльных кватарантаў. Здымныя кватэры пачнуць шукаць не толькі студэнты, але і новыя маладыя спецыялісты, якія вырашаць застацца ў Мінску. Верагодна, што ў гэты перыяд цэннікі на стандартнае і бюджэтнае арэнднае жыллё могуць крыху павялічыцца ў параўнанні з мінімальнымі коштамі ў ліпені. Пра тое, як моцна яны могуць павялічыцца, казаць пакуль рана. Згодна з папярэднім прагнозам экспертаў гэтай сферы, сярэдні тарыф арэнды на стандартную аднапакаёўку можа скласці ад 280 да 320 долараў, а звычайныя двухпакаёўкі трапяць у цэнавы дыяпазон ад 350 да 400 долараў.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.