Вы тут

Дачакацца з вайны


З розніцай у некалькі дзён у Чавусах і Клічаве перапахавалі савецкіх воінаў, палеглых падчас Вялікай Айчыннай.

Амаль тры тыдні пошукавікі з Арзамаса, 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна Узброеных Сіл Беларусі, чавускай пошукавай групы «Братэрства» і абласнога ваенна-патрыятычнага клуба «ВІККРУ» працавалі на месцы былых баёў у вёсках Халмы, Загоранка і Дужаўка Чавускага раёна. Там, дзе, па сведчаннях відавочцаў, былі пахаваны чырвонаармейцы. Расіяне ўжо чацвёрты год прыязджаюць у гэтыя мясціны, дзе калісьці зямля гарэла ад жорсткіх кровапралітных баёў. Менавіта тут у першыя дні вайны амаль цалкам палегла першае фарміраванне 160-й Горкаўскай стралковай дывізіі. У снежні 2012 года па ініцыятыве прадстаўніцтва Ніжагародскай вобласці на чыгуначным вакзале ў Чавусах быў усталяваны памятны знак — менавіта тут больш за 70 гадоў таму высадзіліся байцы гэтай дывізіі.

На гэты раз падняты астанкі 11 салдат (на жаль, іх імёны невядомыя). З усімі воінскімі ўшанаваннямі яны перапахаваны на месцы брацкай магілы ў Чавусах.

— За ўвесь час супрацоўніцтва з арзамаскімі пошукавікамі атрымалася знайсці і перапахаваць астанкі 104 байцоў, — кажа галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чавускага райвыканкама Ганна Шчарбіна. — Усе яны, акрамя двух, невядомыя. Знаходзілі або пашкоджаныя медальёны, або незапоўненыя. Сярод салдатаў было дрэннай прыкметай упісваць туды свае імёны, баяліся наклікаць смерць.

Да слёз кранальным атрымалася перапахаванне экіпажа бамбардзіроўшчыка «ІЛ-4», збітага немцамі ў кастрычніку
1943-га ў Клічаўскім раёне. У той восеньскі дзень з бою не вярнуліся борт-радыст, гвардыі старшыня Вячаслаў Хайлоў, і паветраны стралок, гвардыі малодшы сяржант Хакім Музафараў. На перапахаванне прыехалі іх родныя з Масквы і Ташкента. І было відаць, як ім дагэтуль баліць.

— Вячаславу Хайлову было 23 гады, калі ён у якасці паветранага стралка двухматорнага бамбардзіроўшчыка пайшоў ваяваць, — падзялілася пляменніца героя Святлана Фурцава. — У сакавіку 1942-га за баявыя вылеты на Берлін, Варшаву і Кёнігсберг ён атрымаў сваю першую ўзнагароду — ордэн Чырвонага Сцяга. А ў пачатку 1943-га быў прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам Чырвонай Зоркі. Дома яго з нецярпеннем чакалі бацькі, сястра і тры малодшыя браты. Але ў канцы 43-га трохкутнікі ад яго перасталі прыходзіць...

Неаднаразовыя спробы знайсці роднага чалавека заканчваліся безвынікова. І толькі цяпер, дзякуючы пошукавікам, нарэшце ўдалося даведацца, як і дзе дакладна ён загінуў. На жаль, яго сястра і браты ўслед за бацькамі ўжо пайшлі з жыцця. Але імя героя носяць усе яго пляменнікі-першынцы. У Клічаў прыехаў адзін з іх, поўны цёзка старшыны — Вячаслаў Хайлоў, якому цяпер 65 гадоў.

А вось стрыечны брат Хакіма Музафарава — 72-гадовы Ізатула Музафараў — прысутнічаў на перапахаванні з унукам. Пасля праваслаўнага абраду ён прачытаў над труной мусульманскую малітву. Клічаўская зямля стала агульнай для ўраджэнца сонечнага Узбекістана і сінявокай Расіі. Два прыгожыя маладыя твары глядзяць з гранітнай пліты, быццам нагадваючы: беражыце мір, ён такі крохкі.

«Дзякуй тым, хто прыклаў свае рукі і сэрца да таго, каб вярнуць імя нашага суродзіча з небыцця», — гэтыя словы родныя загінулага Хакіма Музафарава адрасавалі ўсім — і пошукавікам, і прадстаўнікам мясцовай улады, і аўтарам помніка. Аб трагедыі ў пылаючым небе кастрычніка 43-га таксама нагадвае памятны знак, усталяваны каля вёскі Межнае — на месцы падзення бамбардзіроўшчыка.

«Звязда» неаднойчы пісала пра тое, якім цяжкім і няпростым быў шлях вяртання гераічнаму экіпажу імёнаў. Нагадаем толькі, што зрабілі гэта актывісты пошукавай групы «Ольса» і клуба «ВІККРУ», для якіх справа гонару — выправіць гістарычную несправядлівасць.

— За апошнія 3 гады мы паднялі 4 самалёты, устанавілі імёны членаў экіпажаў двух з іх, але выйсці на сувязь з роднымі атрымалася толькі па адным, — уздыхае кіраўнік клуба «ВІККРУ» Мікалай Барысенка. — Магчыма, гэта той выпадак, калі ў загінулых проста ўжо не засталося ніякай радні. Ёсць спадзяванні, што даведаемся, як звалі лётчыкаў двух астатніх экіпажаў. І вельмі хочацца знайсці яшчэ і тых, хто, нягледзячы на дзесяцігоддзі невядомасці, усё яшчэ чакае сваіх родных з вайны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.

Спорт

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Гэта адзін з нямногіх гульнявых відаў спорту, што былі ўключаны ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. 

Грамадства

«Захад-2017». Постфактум

«Захад-2017». Постфактум

Задачы сумеснага стратэгічнага вучэння выкананы на высокім узроўні.

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.