Вы тут

Хор па-ранейшаму спявае


У мяне са слыхам глуха: наступіў мядзведзь на вуха.

Спачатку — на адно, потым — на другое. Таму за мелодыю я паручыцца не магу, хіба за словы.

А вось спяваць любіў і люблю. Праз гэта некалі ў харавы калектыў запісаўся. Праўда, паслухаўшы мяне, яго кіраўнік прамовіў: так і так, маўляў, нам людзі патрэбны, і чым больш іх, тым лепш — хор тады лепей глядзіцца... Таму ты, калі ласка, прыходзь і стой, але не спявай. Ну, хіба шэптам.

Я згадзіўся і спачатку строга выконваў гэтае «ўказанне»: проста стаяў, пад музыку варушыў губамі і так удзельнічаў у рэпетыцыях, нават у канцэртах. Потым пасмялеў — стаў ціхенька падпяваць. І гэта мне з рук сыходзіла... Але аднойчы, падчас выступлення, калі хор прыцішыў гучанне, мяне «прарвала», як той казаў, і я заспяваў так шчыра, так пранікнёна і так гучна, што пасля канцэрта мяне адразу ж «папрасілі» — больш сюды не прыходзіць. Думаеце, пасля гэтага я здаўся і кінуў спяваць? Не. У Маскве жыў дзядзька маёй жонкі. Чалавек ён дужа гасцінны, а таму, бываючы ў сталіцы, я часцяком заходзіў да яго. І, помню, згледзеў, што на шафе ў дзядзькавай спальні стаіць баян, побач з ім — ляжыць бубен. Я кажу:

— Дзядзька Валодзя, навучыце мяне іграць... Ну хоць на бубне.

Той, бачу, з ахвотаю падае мне бубен, знімае зверху баян і пачынае іграць кракавяк. Я з усёй сілы стараюся — адбіваю рытм. І як па мне, дык гучыць наш дуэт проста класна! Але баяніст чамусьці крывіцца, згортвае мяхі і ківае галавой: маўляў, дрэнь нашы справы.

— Можа, я б'ю не туды? — пытаюся ў дзядзькі. — Дык павучыце, скажыце, куды трэба, як?

Замест гэтага дзядзька цяжка ўздыхае:

— Ведаеш, Коля, музыку мала любіць, яе  разумець яшчэ трэба...

Так адышла ў нябыт мая «блакітная» мара: ні спеваком, ні бубначом я не стаў, але не засмучаюся. У мяне — багатая фанатэка. Я з асалодай слухаю свае любімыя мелодыі, а часам і падпяваю. Праўда, так, каб ніхто не чуў.

Мікалай С.

г. Гомель.

Лешч, што гуляе
сам па сабе

Раніца ў Сцяпана пачыналася рана:

— Уставай, чуеш? На рыбалку паедзеш ці не? Сам жа ўчора прасіў, каб паднялі...

Сцяпан чуў і не чуў. Вострымі абцугамі сціскала галаву, у роце перасохла, язык не варочаўся...

— Ну, як сабе хочаш, — махнуў рукою бацька. — Я «Запарожца» завёў, зараз карове вады занясу і паеду. А ты...

— І я паеду... Пачакай, — не сваім голасам прасіпеў сын і споўз з канапы.

Учора і сапраўды яны дамаўляліся з бацькам паехаць на рыбалку на Макшанскае возера (Антось Канцавы там, казалі, вялізных лінёў надоечы вывудзіў). Але ж пасля гэтай дамовы, як на грэх, спаткаў знаёмца: у таго ў сталіцы ўнук нарадзіўся. Трэба ж было замачыць. Ну, яны і замачылі...

Як дадому дайшоў, Сцяпан не памятаў. Адзін свой чаравік знайшоў у сенцах. Шапка валялася ля студні — падняў...

У кухні, прыклаўшыся да трохлітровіка з расолам, кінуў у кішэню старой вятроўкі жменю кіславатых яблыкаў, узяў вуду, якая заўжды вісела пад страхой, прыкорм, з цяжкасцю ўлез ў пярэднюю дзверцу «Запарожца». Той, бедны, ад цяжару закрактаў, потым чмыхнуў, але ж з месца неяк скрануўся, паехаў.

Факт, што недзе праз гадзіну яны спыніліся, бацька няспешна выклаў на бераг усё неабходнае, распарадзіўся:

— Я на Антосева месца, да дубоў падскочу, а ты, сын, у гэтую вымоіну паспрабуй закінуць.

Пярэчыць сілы не было. Сцяпан падышоў да берага, як не сваімі рукамі, начапіў на кручок самага тлустага чарвяка, кінуў у ваду — заблізка атрымалася, але перакідваць зусім не хацелася. Ён сеў на калодку, утаропіўся ў паплавок, хоць той ні з месца — і хвіліну, і другую, і трэцюю...

У іншы раз Сцяпан, вядома ж, «не тупіў» бы: праверыў бы нажыўку, закінуў у другое месца. Аднак сёння... Сёння ён не зважаў ні на што, нават на дождж...

А ён — гусценькі, дробны — тым часам пайшоў. Нібы скрозь сон Сцёпа чуў яго шум, чуў, як побач... плюхнула вада. Расплюшчыў вока: паплавок і не думаў варушыцца. Праўда, у возеры, насупраць «Запарожца», як быццам нешта бліснула?

Ён насцярожыўся — прадраў абодва вокі. Так і ёсць: па паверхні вады гуляе... лешч, кіль на 10, уласнай персонай!

Сцёпа зажмурыўся, працёр кулакамі вочы, ушчыпнуў сябе за шыю — нічога падобнага: рыба не знікае! Нават больш за тое (сон у Сцёпкі як рукою зняло!): без ніякіх там сетак, паслухмяна «ідзе» да берага, самахоць выскоквае з вады і, віхляючы хвастом, скача ў бок «Запарожца».

— Усё, гэта глюкі, — уголас прызнаў Сцяпан. — З п'янкай трэба завязваць.

На ватных нагах, ледзь устаўшы з калодкі, Сцяпан падаўся следам за рыбінай, але да расчыненых дзвярэй «Запарожца» не дайшоў. Метры за тры на ўсялякі выпадак стаў, падумаў: «А раптам лешч, што туды заскочыў, зараз выскачыць нейкім страшыдлам...»

Замест яго з машыны паказаўся... бацька.

— Што зрабілася, сын? — з рогатам спытаў ён.

Сцёпка, нічога не цямячы, моўчкі лыпаў вачыма.

А бацька тым часам, смеючыся, расказваў яму, што ля тых дубоў, на Антосевым месцы, ён не затрымаўся, бо злавіў хіба трохі падлешчыкаў, што адтуль вярнуўся да машыны, што ўбачыў, як Сцёпка, седзячы, спіць, а на дварэ пачынаецца дождж, таму вуду ён закінуў проста з «Запарожца» (балазе, той стаяў ля самай вады)...

Казаў яшчэ, што клюе цяпер добра. І ловіцца — таксама (лёску ў траве сын не згледзеў)...

— А што з выпіўкай надумаў завязаць, гэта, сынок, правільна, — пахваліў Сцёпку бацька. — Бо інакш не толькі «хадзячых» ляшчоў, але і белых коней пабачыш, павесялішся, як рыбка на кручку.

Віктар Сабалеўскі,

г. Узда.

Два... А трэці не лішні!

Кажуць, у чалавека ёсць тры ўзросты: ён садзіць бульбу, ён не садзіць бульбу, і ён... садзіць бульбу.

Але ж гэта не пра нас, бо мы другі хлеб садзілі і, мусіць, будзем садзіць заўсёды. Бацькі ў нас жывуць у вёсцы. І ў іх там, нібы ў пана Быкоўскага, з «паўвалочкі» зямлі пад садам, з паўвалочкі пад збожжам, бульбай... Усё, дзякуй Богу, пакуль расце, бо нас, дзяцей, у бацькоў трое — сын і дзве дачкі. Мы амаль разам хадзілі ў школу, паступалі вучыцца, па чарзе прыводзілі ў сям'ю зяцёў і нявестку, нараджалі першынцаў. І потым — так атрымалася — «падкідвалі» іх сваім бацькам. Бо іншага выйсця проста не было: не хапала месцаў у дзіцячых садках, да таго ж брат з сям'ёй займаў дзесяціметровы пакойчык у інтэрнаце, а мы з сястрой, з мужамі і дзецьмі перабіваліся на здымных кватэрах. А таму нашы дзеці, як і мы, гадаваліся ў вёсцы.

...У тое лета малых там было трое. Найстарэйшы, Колька, збіраўся ў школу, яму ў жніўні спаўнялася сем, сярэдняму, Мішу, было пяць з паловай, самаму маленькаму, Косціку, — толькі тры. Яны як быццам браты між сабою (хоць і стрыечныя), але ж па характарах зусім непадобныя. На Кольку, напрыклад, гарэла ўсё — і скура, і адзенне: вельмі непаседлівы быў (ды і застаўся). Міша — ужо спакайнейшы крыху. А вось пра Косціка дзед з бабай маглі наогул забыцца, бо яму цацак даў альбо ля акна пасадзіў, і ўсё: ён будзе гуляць альбо разглядацца, уголас расказваць, якое сёння надвор'е, хто па вуліцы ідзе, чый кот на плот ускочыў, якая курыца кудахча...

Гэтыя яго «казанні» бабуля найбольш любіла, бо ведала ўсё, што на вуліцы робіцца, хоць сама ў той час нешта мыла альбо варыла: пакуль здароўе не пахіснулася, яна ў нас вялікай працаўніцай была. І малых да работы прывучала.

Дык вось Косціка ў той дзень яна пакінула ў хаце, а двум старэйшым дала па бутэльцы — загадала жукоў каларадскіх збіраць.

Тыя без вялікай ахвоты, вядома ж, але пайшлі. І нават трохі назбіралі. А далей што? Падушыць гэтую брыдоту ў градках ці ў двары — яны ўжо ведалі — нельга.

— Найлепей было б спаліць, — прызнаў Коля.

З гэтай думкай яны пайшлі ў гараж, узялі там «гаручкі» (рэшткі адпрацаванага машыннага масла, якое (згледзелі!) дзед трымаў у бляшанцы з-пад фарбы), ссыпалі ў яе жукоў. Там жа, у гаражы, паднялі нейкай паперы, адшукалі дзядулевы запалкі (ён, курэц, хаваў іх... на ўсялякі выпадак), вынеслі гэтую «бомбу» ў двор і падпалілі.

Што здзівіла абодвух (як потым расказвалі), яркага, чырвонага агню ў бляшанцы чамусьці не было, а вось дыму... Бабуля — скемілі хлопцы — можа ўбачыць. Ці знюхаць. А таму распаленую бляшанку хлопцы папросту зафутболілі ў... хлеў.

Страшна падумаць, што магло б быць далей, калі б на звычнае месца ля акна бабуля ў той дзень не пасадзіла Косціка, калі б сама, узяўшыся мыць адзежу, не пыталася ў яго, што ж там робіцца на вуліцы.

Малы паслухмяна расказваў ёй і пра сароку, што ў сад прыляцела, і пра сабаку, што з будкі вылез, і пра хлеў, з якога... дым паваліў.

Бабуля дзіцяці не паверыла, але ж галаву падняла.

...На шчасце, людзей у вёсцы тады было шмат, вады ў калодзежах таксама. Да таго ж дзядуля наш трымаў у гаражы не толькі запалкі — там электрарухавік яшчэ быў, для паліву градак.

Так што агню разгарэцца не далі — хлеў, можна сказаць, не пацярпеў. А вось двое ўнукаў на баранкі зарабілі.

Маглі б і болей атрымаць, калі б не трэці.

К. Громава,

г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар. dounar@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.