Вы тут

Там, дзе спынілі «тайфун»


Карэспандэнт «Звязды» прайшла па месцах баявой славы ўсёй краіны і даведалася, якім няпростым быў шлях абаронцаў Масквы.

Бітва за Маскву ў гістарыяграфіі Вялікай Айчыннай вайны авеяна славай. Толькі за гераічным подзвігам савецкіх людзей, якія стаялі насмерць, абараняючы сталіцу Савецкага Саюза ад ворага, нямала і пройгрышных аперацый, за імі — сотні тысяч абарваных жыццяў.

Маскоўская бітва, як яе яшчэ называюць, па колькасці войск і панесеных стратах з'яўляецца адной з найбольш маштабных бітваў за гады вайны. Узяцце Масквы Гітлер разглядваў як адну з галоўных ваенных і палітычных задач аперацыі «Барбароса». «Аперацыя «Тайфун» — так называлі Маскоўскую бітву гітлераўцы. Але, нягледзячы на тое, што колькасна войскі вермахта пераўзыходзілі сваіх сапернікаў, яны яе прайгралі. Толькі за гэта савецкі народ заплаціў вельмі высокую цану...

[caption id="attachment_91514" align="alignnone" width="600"]14-7 Ня­мец­кія танкі «Тыгр» былі магутнай зброяй, але пад Масквой іх здолелі спыніць савецкія салдаты.[/caption]

У памяць пра бессмяротны подзвіг салдат Чырвонай Арміі ў бітве за Маскву на яе ключавых участках узведзены манументы баявой славы. Акунуцца ў тыя падзеі, якія адбываліся на гэтай зямлі больш чым 70 гадоў таму, давялося ў рамках прэс-тура беларускіх і расійскіх журналістаў «Бітва за Маскву — подзвіг усёй краіны».

Колькі было герояў-пан­фі­лаў­цаў? 

«Вялікая Расія, а адступаць няма куды — ззаду Масква!» — гэтыя знакамітыя словы былі сказаны ў лістападзе 1941 года менавіта тут, непадалёк ад вёскі Дубасекава. Перад самым боем іх вымавіў палітрук 4-й роты 2-га батальёна 1075-га стралковага палка 316-й стралковай дывізіі 16-й арміі Заходняга фронту Васіль Клачкоў. Адзін з 28 герояў-панфілаўцаў.

Подзвіг дывізіі, якой камандаваў генерал-маёр Іван Панфілаў, стаў адным з найярчэйшых сімвалаў бітвы за Маскву, адным з самых вядомых подзвігаў, здзейсненых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Аднак і сёння ён бярэцца пад сумненне.

Лістападаўскі нумар 1941 года франтавой газеты «Красная звезда» пачынаўся з артыкула «Завяшчанне 28 загінулых герояў». Карэспандэнт Крывіцкі расказваў, як 28 чалавек на чале з палітруком Клачковым 16 лістапада 1941 года ў раёне раз'езда Дубасекава, што на Валакаламскай шашы, аказаліся адзін на адзін супраць паўсотні варожых танкаў. Панфілаўцы стаялі насмерць. Загінулі ўсе.

Тады яшчэ краіна не ведала, што пяцёра (а па іншых звестках, чацвёра ці нават шасцёра) з іх засталіся жывымі. Адразу пасля вайны Ваенная пракуратура СССР узбудзіла сакрэтную крымінальную справу па расследаванні бою пад Дубасекавам. Высветлілася, што некалькі панфілаўцаў, якім пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, не толькі жывыя, а і, па іх паказаннях, ні ў якім баі ўрукапашную супраць танкаў не ўдзельнічалі. Па іншай версіі, яны змагаліся нароўні са сваімі таварышамі, толькі пашчасціла гэтым панфілаўцам крыху больш: былі моцна паранены, некаторыя яшчэ трапілі ў палон. Аднак зорку Героя атрымалі ўсе.

Высокага звання былі ўдастоены 28 найлепшых байцоў. Толькі мала хто ведае, што герояў-панфілаўцаў было значна больш. 4-я рота панфілаўскай дывізіі складалася са 130 чалавек! Прычым першым аб подзвігу каля ста воінаў напісаў той жа карэспандэнт Крывіцкі ў «Комсомольской правде». А вядомая публікацыя аб 28 героях выйшла ў «Красной звезде» пасля таго, як артыкул вычытаў Сталін, «паменшыўшы» роту да 28 чалавек. Так і нарадзілася легенда, у якую ўсе паверылі. Сам літработнік потым на допыце прызнаваўся, што подзвіг 28 панфілаўцаў — плод яго фантазіі. Ды і наўрад ці тры дзясяткі чалавек выстаялі б супраць 50 танкаў і жывой сілы ворага!

Вярнуць добрае імя незаслужана забытым вайскоўцам, якія не менш гераічна змагаліся з гітлераўцамі, спрабуюць у Музеі герояў-панфілаўцаў, які размяшчаецца за паўтара кіламетра ад раз'езда Дубасекава.

— Музей прысвечаны баявому шляху 316-й стралковай дывізіі на валакаламскай зямлі, — расказвае экскурсавод Ларыса Музыкант. — Дывізія была створана 12 ліпеня 1941 года з жыхароў Кіргізіі і Казахстана. Гэта былі простыя мірныя людзі: калгаснікі, будаўнікі, інтэлігенцыя. Кадравых вайскоўцаў — адзінкі. Узначаліў дывізію генерал-маёр Іван Васільевіч Панфілаў.

Вернемся ў той страшны дзень, калі здзейснілі свой подзвіг панфілаўцы. 16 лістапада 1941 года ў раёне Дубасекава стаіць 4-я рота 1075-га стралковага палка. Побач, ля вёскі Пяцеліна, — 6-я рота гэтага палка. Было вельмі холадна — звыш 25 градусаў марозу. Вечарам разгуляецца мяцеліца. Знаходзячыся ў акопах, байцы пачулі страшны гул — ляцела нямецкая авіяцыя бамбіць нашы занятыя пазіцыі. Уся гэтая мешаніна з агню, металу і зямлі працягвалася больш чым 40 хвілін. Калі авіяцыя знікла, яшчэ паўгадзіны нашы пазіцыі абстрэльвала артылерыя фашыстаў.

На ўзбраенні 4-й роты былі чатыры процітанкавыя ружжы, бутэлькі з запальнай сумессю, два кулямёты «Максім», вінтоўкі-трохлінейкі і процітанкавыя гранаты, якіх катастрафічна не хапала. Пасля таго, як нашы пазіцыі перасталі абстрэльвацца, усё сціхла. Праз некалькі хвілін з боку вёскі Нялідава набліжаліся нямецкія аўтаматчыкі. Яны шлі плячом да пляча, нават не прыгінаючыся: думалі, што ўсе абаронцы Дубасекава загінулі. Калі да нашых пазіцый заставалася менш чым 100 метраў, савецкія салдаты пачалі касіць роўныя рады фашыстаў. Як толькі на полі бою палягло больш чым 80 гітлераўцаў, немцы вырашылі абысці нашы пазіцыі з фланга. І пайшлі з боку вёскі Пяцеліна, дзе стаяла 6-я рота пад камандаваннем малодшага палітрука Пятра Віхрава. Падраздзяленне, якое складалася са 120 чалавек, за гэты дзень знішчыла больш чым 200 фашыстаў і падбіла 5 танкаў. Загінулі ўсе. Апошнім заставаўся палітрук. І калі гітлераўцы яго акружылі, ён застрэліўся, каб не трапіць у палон да ворага. У ліку 28 герояў-панфілаўцаў ён таксама быў узнагароджаны зоркай Героя.

— Пасля таго, як вораг пачаў іх абыходзіць з фланга, палітрук Клачкоў агледзеў праз бінокль гарызонт і ўбачыў, што з боку пералеску на іх ідуць танкі ворага, — вяртае да 4-й роты экскурсавод. — Бой быў вельмі цяжкім. Савецкія салдаты знішчылі 14 фашысцкіх танкаў. Астатнія павярнулі назад. Не паспелі нашы байцы падлічыць свае страты, перавязаць раны, як убачылі, што з таго ж пералеску на іх ідуць яшчэ 30 фашысцкіх танкаў. Бой цягнуўся да самага змяркання. Было знішчана яшчэ 5 танкаў. Жывымі засталіся менш чым 20 чалавек. Так цаной свайго жыцця 4-я рота дала магчымасць нашым войскам падцягнуць рэзервы, заняць зручныя пазіцыі, годна сустрэць ворага. 28 байцоў, якія найбольш вызначыліся ў гэтым страшным баі, былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

[caption id="attachment_91515" align="alignnone" width="600"]Ме­ма­ры­яль­ны ан­самбль з гра­ні­ту «Подз­ві­гу 28», уз­ве­дзе­ны на мес­цы бою ге­ро­яў-пан­фі­лаў­цаў. Ме­ма­ры­яль­ны ан­самбль з гра­ні­ту «Подз­ві­гу 28», уз­ве­дзе­ны на мес­цы бою ге­ро­яў-пан­фі­лаў­цаў.[/caption]

18 лістапада 1941 года за масавую мужнасць і гераізм 316-й стралковай дывізіі прысвойваюць найменне 8-й гвардзейскай. Загад аб перайменаванні ў штаб дывізіі, які знаходзіўся ў вёсцы Гусенева, прывозіць карэспандэнт газеты «Правда» Калашнікаў і фатаграфуе кіраўнікоў дывізіі. Літаральна праз дзве гадзіны ў вёску прарываюцца фашысцкія танкі. Адзін з разарваных снарадаў смяротна раніць генерал-маёра Панфілава.

Пахаваны адважны воін на Новадзявочых могілках у Маскве. У красавіку 1942 года ён быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Яму аднаму з першых военачальнікаў падчас вайны ў горадзе Фрунзэ 7 лістапада 1942 года пастаўлены помнік. 23 лістапада 1941 года дывізіі прысвоілі імя Панфілава. Дарэчы, толькі дзве дывізіі за гісторыю існавання Чырвонай Арміі насілі імёны сваіх палкаводцаў: 25-я чапаеўская і 8-я гвардзейская панфілаўская дывізіі. У музеі прадстаўлены асабістыя рэчы генерал-маёра. Тут можна ўбачыць і копію ліста Панфілава да сваёй жонкі, дзе ён піша: «Маскву ворагу не здадзім. Знішчым гада з тысячамі і сотнямі яго танкаў». Старэйшая дачка генерала Валя ваявала ў 316-й стралковай дывізіі. Медсястрой прайшла ўсю вайну.

У 1975 годзе на месцы бою панфілаўцаў узвялі мемарыяльны ансамбль з граніту «Подзвігу 28». Шэсць манументальных мужчынскіх постацей вышынёй па 10 метраў з аўтаматамі і гранатамі ў руках, што стаяць пасярод поля, увасабляюць воінаў шасці нацыянальнасцей, якія змагаліся тут насмерць. Брацкая магіла герояў-панфілаўцаў знаходзіцца за кіламетр ад раз'езда Дубасекава.

Героі валакаламскай зямлі

Пад акупацыяй Валакаламск знаходзіўся нядоўга: усяго 50 дзён. Толькі як тут лютавалі фашысты! Імкнуліся выканаць загад Гітлера: паснедаць у Валакаламску — павячэраць у Маскве. Кожны другі дом горада быў разбураны. У адзін з уцалелых гітлераўцы сагналі 145 палонных чырвонаармейцаў і спалілі іх жывымі на вачах у мясцовых жыхароў.

У гэты час ваенны савет 16-й арміі на чале з Канстанцінам Ракасоўскім стварае вайсковую часць № 6669, якая рыхтуе дыверсантаў. Адну з такіх дыверсійных груп у складзе 8 камсамольцаў адпраўляюць з разведвальнай місіяй у Валакаламск. Трапіўшы ў засаду, юнакі змагаліся да самай раніцы. Іх доўга катавалі, але, нічога не дабіўшыся, расстралялі і павесілі на цэнтральнай плошчы горада. Калі 20 снежня 1941 года Валакаламск вызвалялі танкавыя экіпажы Катукова, з імі быў дакументаліст, які зрабіў страшны фотаздымак, што захоўваецца і дагэтуль. Катукоўцы пакляліся адпомсціць за герояў. Сёння на месцы вісельні стаіць мемарыяльны комплекс. Героі былі пасмяротна ўзнагароджаны.

У снежні 1941 года ў Падмаскоўі гіне камандзір узвода танкавага палка 1-й гвардзейскай танкавай брыгады Дзмітрый Лаўрыненка. Яго танкавы экіпаж падбіў 52 фашысцкія танкі. Гэты рэкорд больш ніхто не паўтарыў за ўсю вайну! Малодшы лейтэнант пасмяротна быў прадстаўлены да найвышэйшай узнагароды, але замест зоркі Героя далі ордэн Леніна.

На 114-м кіламетры Валакаламскай шашы можна ўбачыць незвычайны мемарыяльны комплекс. 11 стрэлаў, кінутыя ў неба, і падбітая нямецкая самаходка сімвалізуюць нашы войскі, на пяты якім наступае танкавая калона ворага. Каб затрымаць гітлераўцаў, ля вёскі Строкава засталіся 11 сапёраў-добраахвотнікаў і ўтрымлівалі фашысцкую калону на працягу пяці гадзін. Калі вораг даведаўся, што толькі некалькі чалавек іх настолькі затрымалі, склалі штабялямі целы герояў, праехалі па іх танкамі і кінулі ў затопленую штольню. Толькі ў красавіку 1942 года мясцовыя жыхары паднялі астанкі. Усіх вайскоўцаў пасмяротна ўзнагародзілі ордэнам Леніна.

Побач з панфілаўцамі і даватарцамі на валакаламскай зямлі змагаўся курсанцкі полк, створаны на базе вучылішча Вярхоўнага Савета РСФСР. Гэта полк крамлёўскіх курсантаў, якія ў ноч з 5 на 6 кастрычніка 1941 года былі падняты па трывозе. Выступаючы перад імі на пляцы, начальнік вучылішча палкоўнік Младзенцаў сказаў: «Зараз няма часу прымаць экзамен. Экзамен будзем трымаць на полі бою з жорсткім ворагам». Іспыт курсанты здалі з годнасцю: 787 салдат і камандзіраў з палка загінулі. А хлапчукам было ўсяго па 20 гадоў...

«Я убит подо ржевом...»

Паўстагоддзя маўчання — так называюць адносіны афіцыйнай гістарыяграфіі да падзей, якія ў гады вайны адбыліся ў раёне Ржэва. На працягу пяці дзесядзігоддзяў ваенныя гісторыкі расказвалі пра баі мясцовага значэння каля сцен Ржэва. І толькі літаратары змаглі ацаніць маштабы падзей, якія разгарнуліся на Ржэўска-Вяземскім выступе.

У 1942—1943 гадах тут адбыліся чатыры наступальныя аперацыі Чырвонай Арміі па знішчэнні групы армій «Цэнтр»: Ржэўска-Вяземская 1942 года, Ржэўска-Сычоўская летняя 1942 года, Ржэўска-Сычоўская зімняя 1942 года (яе яшчэ называюць аперацыя «Марс») і Ржэўска-Вяземская 1943 года. Сукупнасць усіх гэтых аперацый мясцовыя гісторыкі і краязнаўцы называюць Ржэўскай бітвай.

— Афіцыйная гісторыя з намі не згодна, — расказвае аўтар экспазіцыі Ржэўскага краязнаўчага музея, галоўны навуковы супрацоўнік Цвярскога дзяржаўнага аб'яднанага музея Святлана Герасімава. — Па меркаванні афіцыйных гісторыкаў, на маскоўскім кірунку была толькі адна бітва — Маскоўская. А такога паняцця, як Ржэўская бітва, у расійскай гістарыяграфіі не існуе. Асаблівасць экспазіцыі музея ў тым, што ў яе аснове ляжыць не агульнапрыняты пункт гледжання. Мы расказваем аб Ржэўскай бітве, бо сукупнасць паслядоўных, адначасовых аперацый, разгорнутых на важным участку фронту, з удзелам буйных груповак войск, называецца бітвай. Мы лічым, што ўсе гэтыя чатыры аперацыі склалі Ржэўскую бітву. І ў нашай версіі шмат прыхільнікаў.

Усе чатыры наступальныя аперацыі лічацца незавершанымі. А калі незавершаныя — значыць непаспяховыя. Справа ў тым, што гэты выступ немцы пакінулі самі: пасля пройгрышу ў Сталінградзе ім не хапала рэзерву на іншых участках фронту, у прыватнасці на курскім кірунку.

Ржэўская бітва — бітва не за горад, як многія лічаць, а за вялікую тэрыторыю. Страты на гэтым плацдарме супастаўныя са стратамі ў Сталінградскай бітве. Колькасць забітых, параненых, узятых у палон і зніклых без звестак складае каля 2 мільёнаў чалавек. Агульныя страты ў Сталінградскай бітве — 1 мільён 129 тысяч 619 чалавек. Невыпадкова Ржэў называюць цвярскім Сталінградам.

Вайна практычна спустошыла Ржэўскі раён. Больш чым 100 вёсак падзялілі лёс Хатыні, немцы знішчылі ўсе прадпрыемствы. Аб трагічнай старонцы гісторыі гэтай мясцовасці расказваюць больш чым 40 мемарыялаў і брацкіх пахаванняў. З нямецкімі захопнікамі змагаліся амаль 24 тысячы жыхароў горада і раёна. Больш чым 8 тысяч з іх не вярнуліся з фронту. 14 — удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

У Ржэўскім краязнаўчым музеі працягваюць збіраць матэрыялы па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, звязаныя з іх рэгіёнам. Для выстаўкі пра акружэнне 29-й арміі ў студзені-лютым 1942 года супрацоўнікі збіраюць фотаздымкі камандзіраў тых дывізій, якія былі ў акружэнні. Фатаграфіі камандзіра 369-й стралковай дывізіі Гаўрыіла Іванавіча Фісенкі, які пры выхадзе з акружэння знік без звестак, адшукаць так і не атрымалася. Вядома, што ў 1954 годзе палкоўнік жыў у Полацку. Калі хтосьці ведае хоць што-небудзь пра гэтага чалавека, калі ласка, звярніцеся ў рэдакцыю. Такім чынам мы дапаможам ржэўскім краязнаўцам зрабіць паўнавартасную экспазіцыю.

Вераніка КАНЮТА,

Мінск — Масква — Валакаламск — Ржэў — Масква — Мінск.

Фота аўтара.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?