Вы тут

Волаты бізнесу


Чаму іх так мала і як стаць чалавекам справы?

Успамінаецца чамусьці евангельская прытча пра таланты. Калі гаспадар тром сваім рабам даў па рознай колькасці манет, якія называліся талантамі. А вярнуўшыся, запатрабаваў гэтыя манеты назад. Двое далі тое, што ўзялі, і яшчэ столькі ж заробленага. А трэці аддаў толькі манету, якую яму даручыў гаспадар і якая праляжала ў зямлі. У выніку гаспадар забраў у апошняга талант і аддаў яго першым двум, назваўшы таго раба лянівым. Шкада, але гэтае знакамітае закопванне таленту ў зямлю вельмі распаўсюджана сярод людзей. Адзінкі могуць зрабіць прыбытак на ім. У нас такіх называюць «людзьмі справы». Сёлета ў 20-ы раз найлепшых з падобных прадпрымальнікаў і кіраўнікоў выбраў рэдакцыйны савет часопіса «Дело (Восток + Запад)».

Арыгінал

Сітуацыя, што склалася ў эканоміцы, — сур'ёзны экзамен для бізнесменаў, і справіцца з ім можа не кожны. Аднак і ў такія няпростыя часы знаходзяцца кіраўнікі, якія могуць адшукаць выйсце з самага складанага становішча. Дванаццаць волатаў айчыннага бізнесу, на думку часопіса «Дело», усе разам атрымалі званне антыкрызіснага кіраўніка, хаця раней гэтая намінацыя была асобнай. Галоўны рэдактар выдання Віктар Жук адзначыў, што «ўсе 12 намінацый сёлета — антыкрызісныя ў той ці іншай ступені». Здавалася б, што, як заўсёды, гандаль павінен квітнець, але як сказаў адзін з лаўрэатаў Павел Тапузідзіс (старшыня савета дырэктараў ААТ «Табак-Інвест»): «Калі спатрэбіцца, я выйду на вуліцу, стану каля дзвярэй сваёй крамы і буду заклікаць пакупнікоў». «Сёлета мы сталі сведкамі сур'ёзнага становішча ў эканоміцы нашай краіны. Хтосьці гэта называе крызісам, хтосьці — цяжкай паласой», — дадаў Віктар Жук.

Карацей, прыйшоў час уводзіць медаль за антыкрызісныя заслугі, паколькі людзей, здольных паспяхова весці бізнес у цяжкіх умовах, як аказалася, не так шмат. Затое тыя, хто ёсць, умеюць трымаць удар. Аднак чамусьці таму ж спадару Тапузідзісу ўзнагароду далі «За самую арыгінальную бізнес-ідэю, якую ажыццявіў айчынны прадпрымальнік». «Мяне таксама здзівіла гэтая намінацыя, — заявіў Тапузідзіс. — Арыгінальнасць можа заключацца ў тым, што я стараюся ўсё рабіць добра. Стараюся будаваць вялікія крамы, а вакол іх — маленькія. Калі, умоўна кажучы, трэба пабудаваць краму плошчай у тысячу квадратных метраў, то гандлёвая зала можа атрымацца ўсяго толькі 300 «квадратаў», бо там трэба рабіць падсобныя памяшканні, склады, халадзільнікі і г.д. У мяне атрымліваецца з тысячы квадратных метраў зрабіць гандлёвую залу на 650 квадратных метраў — толькі дзякуючы таму, што ў нас вялікія крамы з'яўляюцца як бы цэнтрам забеспячэння маленькіх. Разумееце?»

«Салодкія» намінацыі

Былы намеснік старшыні Нацбанка, а цяпер кіраўнік Банка БелВЭБ Мікалай Лузгін падзяліўся прагнозам адносна ставак па крэдытах. На яго думку, за паўгода рэальна можна знізіць іх на 5 працэнтных пунктаў, але пры наяўнасці шэрагу ўмоў. Напрыклад: супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, рэалізацыя запасаў гатовай прадукцыі на складах, што, адпаведна, павялічыць прыток валюты і паўплывае на кошт валютных дэпазітаў і крэдытаў. Адказваючы на пытанне адносна магчымага выхаду на адназначныя лічбы інфляцыі да канца года, Мікалай Лузгін сказаў, што «не браўся б загадваць». «Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў, макраэканамічнай сітуацыі ўвогуле ў краіне, у Расіі і г.д.», — адзначыў банкір.

Сярод пераможцаў конкурсу таксама апынуліся кіраўнікі дзвюх кандытарскіх фабрык — «Чырвоны харчавік» і «Камунарка». Таму сёлетняя цырымонія атрымалася даволі «салодкай».

Было каму дабавіць і горычы — у адной з намінацый перамог гендырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Мінск Крышталь». «Чалавекам справы» быў названы і грамадзянін КНР Лі Хайсінь, які ўзначальвае кампанію па развіцці кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Былі пераможцы і ў сферы мікраэлектронікі, і ў аграрным сектары. Тое, што кожны з іх — «чалавек справы», бясспрэчна. Але ж чаму іх так мала?

Штучны тавар?

Я разумею, што было 130 кандыдатаў (гэта, пагадзіцеся, ужо больш важкая лічба), аднак было б нядрэнна мець такіх кіраўнікоў на кожным прадпрыемстве, якіх у нас тысячы. Вось старшыня грамадскага рэдсавета часопіса «Дело», акадэмік, дарадца Прэзідыума НАН Беларусі Пётр Нікіценка гаворыць, што лаўрэаты — «гэта прагрэсіўныя, творчыя, валявыя, разумныя асобы. Яны жывуць сваім розумам, не чакаюць дапамогі ў выглядзе льгот і прэферэнцый, указанняў чыноўнікаў, абапіраюцца найперш на асабістыя сілы і цвярозы аналіз рынкавых умоў...» А ці не павінен кожны дырэктар падыходзіць пад гэтыя параметры? Ці яшчэ пра лаўрэатаў кажуць, што яны «імкнуцца працаваць без даўгоў». Атрымліваецца, што астатнія не імкнуцца? Альбо падбор кадраў кульгае, альбо такіх кадраў не хапае. У апошняе я не веру. Разумных людзей вельмі шмат. Проста, магчыма, яны недзе закопваюць талант не на сваім месцы...

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

kuletskі@zvіazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.