Вы тут

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь


Аб праве грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на юрыдычную дапамогу.

2 ліпеня 2015 г.

г. Мінск

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб праве грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на юрыдычную дапамогу».

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе — Міцкевіч В.В., Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

паўнамоцны прадстаўнік Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе — Мароз Л.Ф., старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве;

паўнамоцны прадстаўнік Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе — Міхалькова Л.С., старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве;

паўнамоцны прадстаўнік Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе — Бодак А.М., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

прадстаўнікі:

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь — Аніскевіч Р.Г., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь — Лашын А.М., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь — Волкаў А.А., першы намеснік Старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;

Рэспубліканскай калегіі адвакатаў — Чайчыц В.І., старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 20 мая 2015 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей — Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі першай і трэцяй артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» на падставе звароту, які паступіў у Канстытуцыйны Суд, Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» аб неабходнасці ліквідацыі прававога прабелу і замацавання ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь права грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на юрыдычную дапамогу.

У звароце ўказваецца, што ў працэсуальным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць спецыяльныя нормы аб аказанні юрыдычнай дапамогі сведкам. На практыцы такі прабел нярэдка вядзе да адмовы ў прадастаўленні сведкам юрыдычнай дапамогі і тым самым да парушэння гарантаваных ім Канстытуцыяй правоў.

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Данілюка С.Я., выступленні паўнамоцных прадстаўнікоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе, прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — КПК) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў.

1. У Канстытуцыі прадугледжана, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2), а забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь — найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21).

Згодна з часткай першай артыкула 62 Канстытуцыі кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб'яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь» любая фізічная і юрыдычная асоба на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь мае права звярнуцца за юрыдычнай дапамогай да адваката па сваім выбары для абароны сваіх правоў і інтарэсаў у судах, дзяржаўных органах, іншых арганізацыях, у кампетэнцыю якіх уваходзіць рашэнне адпаведных юрыдычных пытанняў, і перад фізічнымі асобамі (пункт 2 артыкула 6); суд, дзяржаўны орган, іншая арганізацыя або службовая асоба не могуць адмовіць у прызнанні права адваката прадстаўляць правы і інтарэсы фізічнай або юрыдычнай асобы, якая звярнулася за юрыдычнай дапамогай, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі (пункт 3 артыкула 17).

У КПК вызначана, што ўсе асобы, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону іх правоў і законных інтарэсаў; кожны мае права ў ходзе вядзення па матэрыялах і крымінальнай справе на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў выпадках і парадку, прадугледжаных дадзеным Кодэксам, юрыдычнай дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў (часткі 1 і 4 артыкула 20); абмежаванне правоў і свабод асоб, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, дапускаецца толькі на падставах і ў парадку, устаноўленых дадзеным Кодэксам (частка 2 артыкула 10).

Аднак у КПК адсутнічаюць нормы, што непасрэдна замацоўваюць права грамадзян, якія з'яўляюцца сведкамі, на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу, хаця паказанні сведкі служаць важнай крыніцай доказаў, а невыкананне ім прадугледжаных КПК абавязкаў можа пацягнуць крымінальную адказнасць.

Такім чынам, крымінальна-працэсуальны закон, да задач якога адносяцца замацаванне належнай прававой працэдуры ажыццяўлення крымінальнага працэсу, садзейнічанне фарміраванню ў грамадстве павагі да правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, зацвярджэнню справядлівасці, не прадугледжвае механізма рэалізацыі права сведкі на юрыдычную дапамогу.

2. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» ў Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Следчы камітэт, Міністэрства юстыцыі, Рэспубліканскую калегію адвакатаў, а таксама на кафедру крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта былі накіраваны запыты.

У адказе Вярхоўнага Суда паведамляецца, што правы сведкі, пералічаныя ў частцы 3 артыкула 60 КПК і іншых працэсуальных нормах, у тым ліку асноўнае яго права — не сведчыць супраць сябе самога, членаў сям'і і блізкіх сваякоў, дастаткова поўна рэгламентаваны ў КПК. Беручы пад увагу працэсуальны статус сведкі, да якога ў выпадку яго законапаслухмяных паводзін не могуць быць прыменены меры адказнасці або працэсуальнага прымусу, неабходнасці ў прадастаўленні яму выключных гарантый па аналогіі з правамі падазронага, абвінавачваемага не існуе. Вярхоўны Суд лічыць, што пытанне аб удзеле адваката ў допыце сведкі можа быць вырашана органам, які вядзе крымінальны працэс, без дадатковага рэгулявання нормамі КПК.

Генеральная пракуратура адзначае, што нормы КПК, якія рэгламентуюць ажыццяўленне працэсуальных дзеянняў з удзелам сведкі, не ўстанаўліваюць забароны на аказанне юрыдычнай дапамогі ўказанаму ўдзельніку працэсу, але і прама не прадугледжваюць магчымасці аказання такой дапамогі. Дадзеная акалічнасць дазваляе канстатаваць наяўнасць у крымінальна-працэсуальным законе прабелу прававога рэгулявання рэалізацыі права грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на юрыдычную дапамогу адвакатаў. Замацаванае артыкулам 62 Канстытуцыі права кожнай асобы карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў з'яўляецца ўніверсальным. У сувязі з гэтым Генеральная пракуратура мяркуе, што для забеспячэння прамога дзеяння нормы Канстытуцыі, выключэння фактаў парушэння канстытуцыйных правоў грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, шляхам неабгрунтаванага адхілення іх хадайніцтваў аб аказанні ім юрыдычнай дапамогі неабходна ўнесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь.

Следчы камітэт указвае, што крымінальна-працэсуальным і іншым заканадаўствам абавязак органа папярэдняга расследавання дапусціць адваката да ўдзелу ў крымінальным працэсе ў якасці прадстаўніка сведкі, у тым ліку для аказання юрыдычнай дапамогі пры правядзенні следчых і іншых працэсуальных дзеянняў з удзелам сведкі, не ўстаноўлена. Пры нарматыўным замацаванні права сведкі з'яўляцца на допыт з адвакатам, надзеленым паўнамоцтвамі абаронцы, на практыцы не будуць выключаны выпадкі выдавання пэўнай інфармацыі, што дасць магчымасць абвінавачваным выпрацаваць тактыку процідзеяння органам папярэдняга следства. Следчы камітэт лічыць, што атрымаць юрыдычную дапамогу ад запрошанага адваката сведка можа да і пасля допыту, і не выключае магчымасці пасіўнай прысутнасці запрошанага сведкам адваката ў ходзе допыту.

У адказе Міністэрства юстыцыі звернута ўвага, што ў артыкуле 60 КПК адсутнічаюць нормы, замацоўваючыя права грамадзяніна, які з'яўляецца сведкам, карыстацца дапамогай прадстаўніка пры вядзенні па матэрыялах і крымінальнай справе. Такое права прадастаўлена толькі пацярпеламу, грамадзянскаму істцу і грамадзянскаму адказчыку. Літаральнае прытрымліванне органамі, якія вядуць крымінальны працэс, вышэйназванага падыходу можа прывесці да абмежавання гарантаванага Канстытуцыяй права грамадзян на юрыдычную дапамогу. Міністэрства юстыцыі мяркуе, што ў цяперашні час у КПК існуе пэўны прабел прававога рэгулявання ў той частцы, у якой сведку не прадастаўлена права карыстацца дапамогай прадстаўніка, у тым ліку адваката, пры вядзенні па крымінальнай справе. Дадзены прабел можа быць устаранёны шляхам адпаведнай карэкціроўкі норм КПК.

Па меркаванні Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, канстытуцыйнае права грамадзяніна на атрыманне кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі і права на самастойны выбар адваката падлягаюць забеспячэнню на ўсіх стадыях крымінальнага судаводства і не могуць быць абмежаваны ні пры якіх абставінах. Юрыдычная дапамога адваката (абаронцы) у крымінальным судаводстве не абмяжоўваецца працэсуальнымі і часовымі рамкамі яго ўдзелу ў справе пры вядзенні расследавання і судовага разбору, яна ўключае і магчымыя папярэднія юрыдычныя кансультацыі, што вынікае, у прыватнасці, з артыкула 26 Закона «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь».

Кафедрай крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта зроблены вывад аб тым, што паколькі КПК не ўстанаўлівае прамой забароны на ўдзел у следчым дзеянні (у тым ліку допыце) адваката як прадстаўніка сведкі, то павінна прымяняцца норма прамога дзеяння — артыкул 62 Канстытуцыі, і асоба, якая праводзіць дазнанне, следчы, пракурор не маюць права адмовіць сведку ў дачы паказанняў у прысутнасці свайго прадстаўніка — адваката. Дапамога прадстаўніка патрабуецца сведцы для атрымання ведаў аб сваіх працэсуальных правах, паўнацэннай рэалізацыі такіх правоў у ходзе вядзення следчых дзеянняў і недапушчэння злоўжыванняў з боку службовых асоб органаў крымінальнага праследавання. Пры гэтым выказваецца меркаванне аб магчымасці ўнясення ў КПК змяненняў і дапаўненняў, накіраваных на рэгламентацыю права сведкі карыстацца пры дачы паказанняў і ўдзеле ў ажыццяўленні іншых працэсуальных дзеянняў прававой дапамогай свайго прадстаўніка з адначасовым устанаўленнем правоў і абавязкаў такога прадстаўніка.

Такім чынам, у адказах на запыты Канстытуцыйнага Суда выказана агульная пазіцыя аб тым, што ў нормах КПК не прадугледжаны дзейсны механізм, гарантуючы забеспячэнне права сведкі, які прымае ўдзел у крымінальным працэсе, на юрыдычную дапамогу адваката, а таксама не рэгламентаваны парадак допуску адваката для аказання такой дапамогі сведку і яго працэсуальныя правы.

3. У Канстытуцыі вызначана, што Рэспубліка Беларусь забяспечвае законнасць і правапарадак (частка трэцяя артыкула 1); у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з'яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21); абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23).

Замацаванае ў частцы першай артыкула 62 Канстытуцыі права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў, з'яўляецца адным з важнейшых прынцыпаў дэмакратычнай прававой дзяржавы.

Дадзенае канстытуцыйнае палажэнне пацвярджае прыхільнасць Рэспублікі Беларусь агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права ў галіне адпраўлення правасуддзя, што датычацца асоб, якія абвінавачваюцца ў крымінальным злачынстве (пункт 2 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 года), а таксама карэспандуе міжнародным рэкамендацыйным актам, у якіх сфера дзеяння права на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу распаўсюджваецца і на іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу, у тым ліку сведак.

Так, згодна з пунктам 1 Асноўных прынцыпаў, якія датычацца ролі юрыстаў, прынятых восьмым Кангрэсам ААН па папярэджанню злачыннасці і абыходжанню з правапарушальнікамі (г. Гавана, 27 жніўня — 7 верасня 1990 г.), кожны чалавек мае права звярнуцца да любога юрыста за дапамогай для абароны і адстойвання яго правоў і абароны яго на ўсіх стадыях крымінальнага разбору.

На неабходнасць аказання юрыдычнай дапамогі сведку ўказваецца ў Прынцыпах і кіруючых палажэннях Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якія датычацца доступу да юрыдычнай дапамогі ў сістэмах крымінальнага правасуддзя, прынятых Рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН 67/187 ад 20 снежня 2012 года. У пункце 8 Дадатку да названых Прынцыпаў адзначана, што тэрмін «юрыдычная дапамога» азначае кансультаванне па юрыдычных пытаннях, дапамогу і прадстаўніцтва для асоб, якія затрыманы, арыштаваны або знаходзяцца ў заключэнні, падазраюцца, абвінавачваюцца або прыцягваюцца да адказнасці ў сувязі са здзяйсненнем крымінальнага злачынства, а таксама для пацярпелых і сведкаў у працэсе крымінальнага правасуддзя. Згодна з Прынцыпам 5 («Прадастаўленне юрыдычнай дапамогі сведкам») без урону для правоў абвінавачваных і без іх парушэння дзяржавам належыць аказваць, калі гэта неабходна, юрыдычную дапамогу сведкам злачынстваў (пункт 25).

Разам з тым адсутнасць у КПК нормы, што замацоўвае абавязак органа, які вядзе крымінальны працэс, дапусціць адваката да ўдзелу ў крымінальным працэсе ў якасці прадстаўніка сведкі, на практыцы не дазваляе ў належнай меры рэалізаваць гарантаванае Канстытуцыяй права на юрыдычную дапамогу, у тым ліку пры ажыццяўленні следчых і іншых працэсуальных дзеянняў з удзелам сведкі.

Неабходнасць прадастаўлення сведку такога права абумоўлена і тым, што веданне сваіх асноўных працэсуальных правоў і абавязкаў мае істотнае значэнне не толькі для належнай прававой працэдуры ажыццяўлення крымінальнага працэсу, але і выступае дадатковай гарантыяй прытрымлівання як службовай асобай органа, што вядзе крымінальны працэс, так і сведкам заканадаўчых патрабаванняў, парушэнне якіх можа пацягнуць крымінальную адказнасць гэтых удзельнікаў крымінальнага працэсу.

Акрамя таго, паказанні сведкі, дадзеныя ў прысутнасці адваката, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, будуць валодаць большай ступенню верагоднасці і юрыдычнай значнасці для прыняцця законнага і абгрунтаванага рашэння па крымінальнай справе.

Так, канстытуцыйныя палажэнні аб тым, што ніхто не павінен прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і, блізкіх родных, а таксама што доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы (артыкул 27 Канстытуцыі), атрымалі нарматыўнае замацаванне і далейшае развіццё ў частцы 3 артыкула 8, частцы 4 артыкула 10, частцы 3 артыкула 60, частцы 5 артыкула 105 КПК.

Канстытуцыйны прынцып законнасці, які канкрэтызаваны ў нормах КПК, азначае, што суд, орган крымінальнага праследавання пры вядзенні па матэрыялах і крымінальнай справе абавязаны дакладна выконваць патрабаванні дадзенага Кодэкса; парушэнне закона пры вядзенні па матэрыялах і крымінальнай справе недапушчальна і цягне ўстаноўленую законам адказнасць і прызнанне рашэнняў не маючымі юрыдычнай сілы (часткі 1 і 2 артыкула 8 КПК), а на сведку, у сваю чаргу, ускладаюцца абавязкі: з'яўляцца па вызавах органа, які вядзе крымінальны працэс; праўдзіва паведаміць усё вядомае па справе і адказаць на пастаўленыя пытанні; не выдаваць звесткі аб абставінах, што сталі яму вядомымі па справе, калі ён быў папярэджаны аб гэтым органам крымінальнага праследавання або судом; падпарадкоўвацца законным распараджэнням органа, які вядзе крымінальны працэс (частка 4 артыкула 60 КПК).

Незаконныя дзеянні службовай асобы органа, які вядзе крымінальны працэс, а роўна невыкананне сведкам устаноўленых законам працэсуальных абавязкаў утвараюць саставы злачынстваў супраць правасуддзя (артыкулы 394, 401, 402, 407 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

4. Згодна з Канстытуцыяй забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з'яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы; на дзяржаву ўскладзены абавязак прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (часткі першая і трэцяя артыкула 21, частка першая артыкула 59).

У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства; дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (часткі першая і другая артыкула 7, частка другая артыкула 59 Канстытуцыі).

Зыходзячы з выкладзенага, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што ў КПК існуе прабел прававога рэгулявання ў частцы рэалізацыі права грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў. Указанае права, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, не павінна залежаць ад дыскрэцыйных паўнамоцтваў органаў папярэдняга следства, падлягае забеспячэнню на ўсіх стадыях крымінальнага працэсу і не можа быць абмежавана ні пры якіх абставінах.

Такі падыход адпавядае палажэнням артыкула 1 КПК, у адпаведнасці з якімі дадзены Кодэкс, грунтуючыся на Канстытуцыі, устанаўлівае парадак дзейнасці органаў, што вядуць крымінальны працэс, а таксама правы і абавязкі ўдзельнікаў крымінальнага працэсу (частка 1); прадугледжвае, што ў выпадку супярэчнасці паміж нормамі КПК і Канстытуцыяй дзейнічаюць палажэнні Канстытуцыі (частка 3).

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, юрыдычная дапамога адваката ў крымінальным судаводстве не павінна таксама абмяжоўвацца працэсуальнымі і часовымі рамкамі яго ўдзелу ў справе пры вядзенні расследавання і судовага разбору, што адпавядае міжнародна-прававым стандартам у сферы адпраўлення правасуддзя і вынікае з артыкула 26 Закона «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь», згодна з якім адвакаты даюць кансультацыі і растлумачэнні па юрыдычных пытаннях; складаюць заявы, скаргі і іншыя дакументы прававога характару; ажыццяўляюць прадстаўніцтва; аказваюць іншыя віды юрыдычнай дапамогі.

Такім чынам, у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, які прадугледжвае неабходнасць своечасовага ўстаранення ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэння ў іх калізій і прававой нявызначанасці, стварэнне такой прававой сістэмы, у якой нарматыўныя прававыя акты знаходзяцца ва ўзаемасувязі, адпавядаюць адзін аднаму, а таксама забяспечваюцца яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічная ўзгодненасць прававых норм, Канстытуцыйны Суд лічыць мэтазгодным устараніць указаны прабел прававога рэгулявання шляхам унясення заканадаўцам адпаведных змяненняў і дапаўненняў у нормы КПК.

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

ВЫРАШЫЎ:

1. У мэтах забеспячэння прынцыпу вяршэнства права, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў, прызнаць неабходным устараненне заканадаўцам у Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь прабелу ў прававым рэгуляванні рэалізацыі права грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу.

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, накіраваных на рэгламентацыю права сведкі карыстацца юрыдычнай дапамогай адваката пры ажыццяўленні следчых і іншых працэсуальных дзеянняў, і ўнесці праект закона ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

3. Рашэнне ўступае ў сілу з дня яго прыняцця.

4. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Старшынствуючы —Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

П.П. Міклашэвіч

№ Р-989/2015

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.