Вы тут

«Я не хацеў быць проста галавой, якая ўмее гаварыць»


Незвычайная гісторыя першага кахання... з працягам.

Дзесяць гадоў таму Саша атрымаў вельмі цяжкую траўму і страціў усё: здароўе, сям'ю, працу... Але жаданне жыць паўнавартасна не дазволіла яму адчайвацца. Мужчына старанна працаваў над сабой, ды і пачуццё гумару не дазволіла здацца цяжкім абставінам... А на пазамінулым тыдні ён ажаніўся... са сваёй былой аднакласніцай. За шмат гадоў іх пачуцці перажылі нямала выпрабаванняў. Але, нягледзячы ні на што, маладыя людзі ўсё ж здолелі зберагчы сваё пяшчотнае каханне.

16-321

Школьныя спатканні

Вія: — Саша прыйшоў да нас у дзявятым класе. Такі вясёлы, лёгкі, вельмі прыгожы і моцны. Зразумела, я адразу закахалася. Будучы муж часта праважаў мяне пасля ўрокаў да дому і нават некалькі разоў запрашаў на спатканні... Мы сустракаліся год. А потым ён паступіў у вучылішча. Я так пакутавала. Ведаеце, падлеткавае каханне заўсёды вельмі моцнае. Неўзабаве я з бацькамі пераехала жыць у іншы раён — і кантакты з Сашам увогуле згубіліся. Але часта ўспамінала яго з пяшчотай... Скончыла ўніверсітэт, выйшла замуж. У мяне нарадзіўся сын Уладзіслаў. Але жыць з першым мужам я не змагла. У 2004 годзе мы развяліся. Часта ўспамінала сваё першае каханне. Праз аднакласнікаў даведалася, што Саша ажаніўся і стаў татам. Больш яго не шукала...

Жыццё без Віі

Саша: — Я ажаніўся, і ў мяне таксама нарадзіўся сын — Станіслаў. З жонкай у мяне адносіны не складваліся. Аднойчы пасварыліся так, што я сышоў... На самай справе паехаў адпачываць з сябрамі і, вядома, купацца. Я быў у сабе ўпэўнены, бо прафесійна займаўся і хакеем, і плаваннем. Вырашыў скокнуць з вышкі... У той момант я нічога не адчуў, але выплыць не мог, бо маё цела было нерухомым. Так і ляжаў пад вадой некалькі хвілін. Спачатку проста стрымліваў дыханне, потым пачаў па трошку піць. А далей цемра. Калі апрытомнеў, лекар у мяне спытаўся, каму патэлефанаваць. Так я даведаўся, што, магчыма, не дажыву да раніцы... Але дажыў! У той момант я сур'ёзна не ўспрымаў таго, што са мной здарылася. Думаў: «Паваляюся» ў бальніцах з паўгода, і ўсё — на працу». Неяк папрасіў брата прывезці мне гантэлі, каб займацца. Той мне не адмовіў, але прывёз... губкі для мыцця посуду. Я нават пакрыўдзіўся: я — здаровы мужык, спартсмен, а ён мне нейкія мачалкі! Брат тады мне сказаў: «Можа, я табе навіну скажу, але паглядзі, ты ж увогуле не рухаешся!» А мне здавалася, што магу рухацца... Але я вырашыў для сябе: пачну хадзіць, чаго б мне гэта ні каштавала. Дабіўся таго, каб мяне накіравалі ў рэабілітацыйны цэнтр у Аксакаўшчыне. Там адразу не хацелі прымаць. Маўляў, гаварыць і есці ўжо магу, а чаго яшчэ чакаць з пераломам шыйнага пазванка і моцным пашкоджаннем спіннога мозгу? Але я не хацеў быць проста галавой, якая ўмее гаварыць. Узялі. Займаліся са мной вельмі добрасумленна: з раніцы да самага вечара.

Шмат розных людзей пабачыў. Уразіў мужчына з траўмай, не такой цяжкой, як у мяне. За ім глядзела жонка, ва ўсім дапамагала, было відаць, што кахае... А ён убіў сабе ў галаву, што не будзе клопатам для сям'і. Два разы дацягваўся да акна, каб выкінуцца. І яму ўдавалася. Але шанцавала: падаў, але заўсёды амаль без пашкоджанняў. У выніку займаўся, як ашалелы, каб дайсці да турніка і... павесіцца.

Але такі канец не для мяне. Люблю жыццё. Пасля рэабілітацыі я ўмеў рухаць плячыма і трошкі рукамі. А галоўнае ведаў, як патрэбна займацца, каб мой арганізм працаваў. З жонкай мірыцца не сталі. Так зоркі склаліся, што вярнуўся дадому да маці. Дэпрэсіі ў мяне ніколі не было. А чаго ёй быць? Сябры мяне не кінулі, маці і брат — побач, сын расце... Былі і хвіліны адчаю, але яны зрабілі мяне толькі мацнейшым.

Пошук

Саша: — Я шукаў Вію, але доўга не знаходзіў. Калі з'явіліся сацыяльныя сеткі, зарэгістраваўся ў «Аднакласніках». Але там яе таксама не было. Праўда, праз некаторы час яна зарэгістравалася. Мне так хацелася ёй напісаць, але ніяк не мог адважыцца. Самі разумееце, ужо не прынц на белым кані. Потым усё ж не вытрымаў і напісаў. Адчуў, што Вія абрадавалася. Яна даслала мне свой нумар тэлефона.

Вія: — Я так спадзявалася, што ён мне патэлефануе, так чакала...

Саша: — А я вельмі саромеўся. Не мог адважыцца дні са тры. А потым не вытрымаў, пазваніў і адразу запрасіў на гарбату. Каб Вія не адчувала сябе няёмка, прапанаваў прыйсці з яшчэ адной аднакласніцай.

Вія: — Мне так хацелася яго ўбачыць. Наша сяброўка ў той дзень не змагла, і я паехала адна. Мы ніяк не маглі нагаварыцца. Усё ўспомнілася: першае каханне, пацалунак, разлука і мае пакуты... І вось ён побач такі ж вясёлы і такі ж прыгожы! Больш мы ніколі не расставаліся. Я да яго прыязджала з сынам, і мы часта бавілі разам час. Калі-нікалі я заставалася ў яго і даглядала. Усім сэрцам адчувала, што павінна быць побач з Сашам. У нас ужо нарадзіўся сын Павел, а я ўсё разрывалася паміж домам, працай і сваім каханнем. Калі Павел трошкі падрос, на сямейным савеце мы прынялі рашэнне пераехаць да таты.

Я разумела, што ў гэтым выпадку згублю працу, бо не змагу адначасова даглядаць і малых дзяцей, і свайго мужа. Там, дома, мяне заўсёды падтрымлівала маці, а тут такой дапамогі не будзе. Я звольнілася з працы і ў адзін дзень пераехала да каханага. Нават сёння памятаю, як прыехала, яшчэ не разабрала рэчы і прысела, а на мяне ўжо глядзяць чатыры пары галодных вачэй: мужа і траіх сыноў — Станіслава, які кожнае лета праводзіць у таты, Уладзіслава і маленькага Паўла. Стала так страшна, але я ўзяла сябе ў рукі і пайшла гатаваць ежу. Усе выпрабаванні былі толькі наперадзе.

Выпрабаванні і Дзіма-анёл

Вія: — Я турбавалася, як мы будзем жыць без маёй працы. Калі шчыра, страшна было за будучыню. Але... У нашым жыцці з'явіўся цудоўны чалавек. Зразумела, ён быў не адзіны, хто працягнуў Сашу руку дапамогі, але сёння хочацца расказаць менавіта пра яго.

Саша: — У пагоні за самастойнасцю, я размясціў на адным з сайтаў просьбу аб дапамозе. Адгукнуўся тады толькі адзін чалавек — Дзіма з Масквы. Самы незвычайны «звычайны бізнесмен». Ён мне патэлефанаваў і спытаў, што мне патрэбна. Я папрасіў каляску. Для людзей з траўмай шыі звычайныя не падыходзяць. І ён знайшоў мне патрэбную. А потым спецыяльны ложак для людзей з траўмай пазваночніка, супрацьпролежневую падушку, машыну, спецыяльны кран у аўто, каб мяне было зручней туды садзіць...

Вія: — Калі Дзіма даведаўся пра мяне, ён шчыра ўзрадаваўся за Сашу. Кожны месяц стаў высылаць грошы... Так што лекамі і памперсамі мы былі забяспечаны. Для мяне набыў прафесійную швейную апаратуру, маўляў, калі сам ужо не здолее нам дапамагаць, каб мы больш-менш маглі забяспечыць сваё існаванне, не выходзячы з дому.

Саша: — Пару гадоў таму, ён настаяў, каб мы паехалі адпачыць на поўдзень. Набыў нам пуцёўкі ў спецыяльны санаторый, дзе я мог праходзіць рэабілітацыю.

Вія: — На фоне спёкі ў Сашы распухла нага (пачалася флегмона). Дзякуючы гэтай паездцы выявілася, што ў мужа ўжо даўно ўнутры моцнае запаленне. Яму тэрмінова патрэбна аперацыя, інакш ён загіне...

Саша: — Нас накіравалі назад у Мінск. Памятаю, ляцім у самалёце. У мяне тэмпература пад 40, адчуваю, што зараз страчу прытомнасць, і загадзя пачынаю супакойваць Вію. Ведаеце, яна такая эмацыйная, што, калі б са мной што-небудзь здарылася, самалёт прыйшлося б садзіць (смяецца)...Аперацыя прайшла паспяхова. Ізноў спатрэбілася доўгая рэабілітацыя. На гэты раз мне было значна лягчэй. Са мной побач былі Вія і мае дзеці. Пасля ўсіх выпрабаванняў я зразумеў, што прыйшоў час аформіць нашы адносіны законна.

Вія: — Я і раней лічыла нас сям'ёй, а штамп — гэта так, для галачкі. Аднак усё роўна хвалявалася. Ды і дзецям гэтая ідэя падалася цудоўнай...

Саша: — Шкада, Дзіма не дажыў да гэтага часу... Ён памёр ціха — спынілася сэрца. Вельмі хацеў, каб наша сям'я адпачыла пасля рэабілітацыі і ўсіх хваляванняў у Італіі. Але мы адмовіліся ад яго прапановы. Таксама ён перажываў, што я з Віяй амаль нікуды не хаджу: ні ў кавярні, ні ў тэатры... Так, у нашых умовах актыўнае жыццё складана весці, але мы ўсё ж патроху выходзім з «ценю». Ездзім на дачу, сустракаемся з сябрамі, гуляем па вуліцы... Дзякуючы дапамозе маіх сяброў і родных, праз дзесяць гадоў траўмы я магу гаварыць, трымаць галаву і кубак. А зараз амаль навучыўся сядзець без апоры і не губляю пры гэтым прытомнасць. І, зразумела, самае галоўнае: мне пашанцавала ў маім жыцці ў тым, што я адчуў, як гэта — кахаць і быць каханым.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

talivinskaya@zviazda.by

Фота з сямейнага архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?