Вы тут

Шчасце ў няшчасных умовах


Мы шмат патрабуем ад жыцця. Мы заўсёды чымсьці незадаволены, нам увесь час чагосьці не хапае. І толькі заўважаючы гора суседа, гледзячы на пакуты іншых, пераацэньваем сваё становішча: а ў мяне і не так блага, як падавалася.

Без имени-10

У Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі шмат гадоў я штодня назіраю чужое гора. І гэтае назіранне ніколі не давала мне думкі, што ў параўнанні з іх праблемамі мае праблемы — нішто. Наадварот, у іх я вучуся простым жыццёвым радасцям. Тут да месца думка: маё шчасце істотна меншае ў параўнанні з іх шчасцем. Нелагічна — разумею. Я патлумачу.

Ты ў чарговы раз прыходзіш у палату праведаць сябра. Ужо прызвычайваешся да вашых размоў, жартаў, гульняў, нават забываешся, што гэта за месца і што ён хварэе на рак. Ты не рыхтуешся да нечага асаблівага. І раптам знаходзіш яго ў горшым стане. Ён не гатовы размаўляць, не рэагуе на жарты і не можа падтрымаць улюбёныя гульні. Яму дрэнна. І ты губляешся.

Проста ўзяць і сысці — няёмка, заставацца — яшчэ горш. І чулая маці, якая, у адрозненне ад цябе, прышлай сяброўкі, ні на хвіліну не забывалася, дзе яна знаходзіцца і які дыягназ у яе чада, прыходзіць табе на дапамогу. Яна ветліва ўсміхаецца, падтрымлівае размову, частуе цябе гарбатай, цікавіцца навінамі і распавядае пра будзённыя справы. Быццам бы гэта не яе дзіця зараз пакутліва зморшчылася на ложку. Яна заўважае тваю разгубленасць і адчувае твой страх. Ціха і спакойна выводзіць з няпрошаных думак. Яе ўсмешка супакойвае.

І толькі з часам ты зразумееш і ацэніш яе ўменне жыць звычайным жыццём у незвычайных умовах.

Я памятаю, якія вясёлыя пікнікі мы ладзілі ў кампаніі цяжка хворых дзяцей, адыходзячы за паўсотню метраў ад бальніцы. Я нідзе не ела больш смачных шашлыкоў, ні з кім не спявала больш душэўных песень і нідзе так не гарэзіла, як на тых пікніках.

Мы ладзілі касцюміраваныя шоу, прыдумлялі новыя танцавальныя рухі, сачынялі жартаўлівыя паэмы. Гэта было так натуральна весела, што ў той момант кожны разумеў: я шчаслівы, нягледзячы ні на што.

Я любіла ездзіць у дзіцячы анкацэнтр у часы сваіх душэўных пакут. Бо там яны знікалі і забываліся. Дзеці радавалі забавамі ў гульнявым пакоі. Мы не заўважалі кропельніц на штатывах, медыцынскіх масак ад лішніх інфекцый, перапынкаў на прыёмы лекаў. У працэсе гульні ў пакой заходзіла медсястра, падключала камусьці апарат ці дабаўляла новы шпрыц да кропельніцы. Мы не зважалі на гэтыя моманты, і яны не бянтэжылі наша моцнае пачуццё агульнай радасці.

Калі дзеці адпраўляліся на адпачынак, я далучалася да душэўных размоў матуль на агульнай кухні.

— Ну, як твае справы, Тань? Памірылася са сваім хлопцам? — з непадробным інтарэсам пыталася цёця Ліля.

— А як начальнік на рабоце, усё такі ж патрабавальны? — па-мацярынску спачувальна цікавілася Лена.

— Мы ведалі, што ты сёння прыедзеш, дык пірагоў напяклі, — далучалася да кампаніі Наташына маці.

І на гэтай кухні сапраўды знікалі ўсе мае праблемы. Не таму што я іх параўноўвала з горам матуль і іх хворых дзяцей. Не. А таму што яны ўмелі радавацца таму, што мелі. І вучылі гэтаму мяне.

Часам я забываюся на тыя ўрокі і страчваю навыкі быць шчаслівай. Зноў шукаю тое, чаго не хапае, патрабую нешта, чаго не маю, хачу чагосьці, сама не ведаю чаго... І тады жыццё нагадвае, дае падказку.

Больш за дзесяць гадоў таму я з'ехала з роднага мястэчка і перабралася ў сталіцу. Цяпер не часта бываю на радзіме. А як прыязджаю наведаць маці, маю шмат прэтэнзій да правінцыйнага быту. Мяне абурае асартымент у крамах, злуе дрэнная мабільная сувязь, засмучае адсутнасць культурнай праграмы і недахоп цывілізацыі.

І вось я трапляю на раённае мерапрыемства, вельмі годна падрыхтаванае. Канцэрт праходзіць на адкрытай пляцоўцы ў цэнтральным парку. Усе тры гадзіны лье дождж. Публіка рознаўзроставая, шматлюдна. Адзін за адным на сцэну выходзяць мясцовыя самадзейныя спевакі, рок-гурт з суседняга раёна і нават артысты з абласной філармоніі. На дварэ змяркаецца, дождж толькі ўзмацняецца. Гледачы не разыходзяцца.

Раптам з натоўпу вылучаецца хударлявы мужчына — у ім я пазнала аднакласніка — і накіроўваецца да сцэны. Ён выхоплівае мікрафон у сексапільнай спявачкі і бойка выкрыквае: «Землякі, выходзьце танчыць на пляцоўку!» І яны ідуць. З парасонамі і без, старыя і малыя, у спартыўных касцюмах і святочных уборах, з адточанамі рухамі і нязграбнымі, падзабытымі танцамі, «пад мухай» і абсалютна цвярозыя. Я зайздрошчу іх адкрытасці, лёгкасці, свабодзе і незакамплексаванасці.

Гляджу на сталую жанчыну, якая адна вырасціла траіх дзяцей, усё жыццё працуючы прыбіральшчыцай. Яна кружыць у вальсе са сваім парасонам. І так шчыра аддаецца танцу! Яна проста робіць тое, ад чаго можа атрымаць задавальненне роўна ў гэтую хвіліну. Яна шчаслівая тым, што мае. А мае яна самае галоўнае — унутранае шчасце, якое не залежыць ад абставін і заўсёды разам з ёй.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.