Вы тут

Па парадку нумароў...


Учора ЦВК зарэгістравала тры першыя ініцыятыўныя групы магчымых кандыдатаў.

Пад нумарам першым зарэгістравана ініцыятыўная група дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Камісія адзначыла, што ўсе прадстаўленыя дакументы дадзенай ініцыятыўнай групы адпавядаюць заканадаўству, колькасць яе ўдзельнікаў 10 тысяч 577 чалавек. Кіраўнік групы — Міхаіл Орда.

Лідзія Ярмошына патлумачыла, як адбываецца праверка дакументаў на гэтым этапе: апытанне членаў групы не праводзіцца, праглядаюцца толькі серыі і нумары пашпартоў, каб вызначыць, ці ўсе члены ініцыятыўнай групы з'яўляюцца беларускімі грамадзянамі, а таксама даты іх нараджэння, каб упэўніцца, што ўзрост таксама адпавядае выбарчаму праву. На дату пачатку збору подпісаў (23 ліпеня) усе члены ініцыятыўнай групы павінны быць старэйшая за 18 гадоў.

Пад нумарам два ЦВК зарэгістравала ініцыятыўную групу Сяргея Калякіна (кіраўнік — Валерый Ухналёў), пад нумарам тры — Сяргея Гайдукевіча (кіраўнік — Анатоль Хішчэнка).

У дакументах гэтых дзвюх груп (першая колькасцю 1511 чалавек, другая — 2481) былі знойдзены парушэнні: два чалавекі не мелі беларускага грамадзянства, двое аказаліся маладзейшыя за 18 гадоў. Камісія выключыла гэтых асоб са спісаў.

На пятнічным пасяджэнні, акрамя 12 членаў Цэнтрвыбаркама, прысутнічалі акрэдытаваныя ў ЦВК назіральнікі ад рэспубліканскіх грамадскіх арганізацый (Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь», Беларуская партыя працы і справядлівасці, Беларускі Хельсінскі Камітэт), а таксама прадстаўнікі трох ініцыятыўных груп, якія падалі заявы аб рэгістрацыі ў ліку першых, і журналісты.

Лідзія Ярмошына паведаміла прадстаўнікам СМІ, што ёсць праблемы з падачай дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. «Па-першае, не ўсе групы створаны ў колькасці, неабходнай для рэгістрацыі (100 чалавек. — Аўт.). Некаторыя абяцалі данесці дакументы сёння, і гэта магчыма», — сказала яна. Акрамя таго, некаторыя заявы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы пададзены з парушэннямі: дасланы па пошце, няма натарыяльна засведчанай даверанасці ў выпадку, калі прэтэндэнт у кандыдаты не сам прынёс дакументы, адсутнічаюць копіі старонак пашпарта, якія даказваюць пражыванне патэнцыйнага кандыдата ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 10 гадоў перад выбарамі, і іншыя.

— Пакуль я бачу перспектыву, рэальную і ясную, для пяці прэтэндэнтаў, усяго толькі, — падзялілася з журналістамі старшыня Цэнтрвыбаркама наконт мяркуемай колькасці зарэгістраваных ініцыятыўных груп.

Пра ўдзел жанчын у прэзідэнцкай гонцы яна адказала: «Гэта добра, але ўсё ж такі жанчына тут не мае ніякага паслаблення нават з прычыны полу. Яна павінна дзейнічаць гэтак жа правільна і дакладна, як і мужчына. Дакументы, якія падала спадарыня Караткевіч, значна адрозніваюцца ад тых, што падалі іншыя дамы. Найперш за ўсё, яе група непараўнальна большая».

16 ліпеня па пошце ў ЦВК былі прадстаўлены дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні Заблоцкага Сяргея Віктаравіча кандыдатам у Прэзідэнты Беларусі. Таксама ўчора, у апошні дазволены для гэтага дзень, у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэферэндумаў паступілі дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп Біруковай Тамары Венядзіктаўны, Цярэшчанкі Віктара Іванавіча (кіраўнік ініцыятыўнай групы — Алег Несцяркоў), Улаховіча Мікалая Дзмітрыевіча (кіраўнік групы — Міхаіл Образаў) і Юдаева Аляксандра Анатольевіча (кіраўнік групы — Таццяна Бурая).

Цэнтральная выбарчая камісія плануе разгледзець усе заявы, якія паступілі ў два апошнія дні, у панядзелак. Згодна з заканадаўствам, пытанне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы павінна быць вырашана не пазней за 5-дзённы тэрмін з дня паступлення дакументаў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.