Вы тут

Мікалай Таранда: «Калі аўтар працуе шчыра, ён аддае сваю энергетыку»


Можа, вясковая зямля дае столькі талентаў, таму што выхоўвае працавітасць з дзяцінства? Дакранаецца свежым паветрам і пакідае інструкцыю жыцця: слухай сябе і працуй-працуй-працуй. Вёска Вялікае Падлессе на Брэстчыне некалі налічвала 1200 двароў. Тут у  сям’і Тарандаў трынаццатым дзіцем нарадзіўся хлопчык Мікалай, які ў трынаццаць сышоў у незнаёмы свет — вучыцца ў Баранавічы на сталяра-цесляра і тут жа ў вячэрняй школе. А сёння гэта выдатны аўтар, сябра Саюза мастакоў, які мае за плячыма больш за трыццаць персанальных выстаў у Беларусі і за мяжой. У той жа час ад зямлі Мікалай не адышоў далёка і пабудаваў на ёй  дом з майстэрнямі і галерэяй.

[caption id="attachment_93316" align="alignnone" width="630"]25-1 Лагойскiя краявiды.[/caption]

— Неяк да мяне прыехаў немец, патэнцыйны пакупнік. Я запрасіў яго ў сваю майстэрню, што знаходзіцца ў горадзе. Яна вялікая, прасторная, але ж месціцца ў падвале і крыху не даведзена да ладу. Ён паглядзеў работы, нечым зацікавіўся і вырашыў прыцаніцца:«Колькі гэта каштуе?». Я назваў цану. Ён вылупіў вочы:«Так многа?». Ну добра, думаю, запрашу яго ў майстэрню свайго дома. Немец прыйшоў, агледзеўся, ацаніў умовы майго жыцця і больш не казаў, што я многа прашу, купіў.

— За што жылі, пакуль, трынаццацігадовы, вучыліся ў вучылішчы?

— Навучэнцы там былі на дзяржзабеспячэнні, нам давалі жыллё, харчаванне, форму. А пасля атрымання спецыяльнасці і заканчэння вячэрняй школы мяне накіравалі ў Віцебск, шаснаццаць гадоў тады было. Але працай на будоўлі я не абмежаваўся, адначасова займаўся ў студыі пры Палацы культуры нашага будтрэста і ў выніку паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. А конкурс тады быў вялізны — дванаццаць чалавек на месца.

— Вы неяк імкнуліся да спадчыны мастакоў славутай віцебскай школы?

— Не стаў бы я ўвогуле мастаком, калі б пастаянна не вывучаў спадчыну іншых аўтараў, калі б не камунікаваў з калегамі. Можна сказаць, для мяне ўсё пачалося са скапіраванага пейзажа Шышкіна ў дзесяцігадовым узросце, але неяк я ўбачыў, як працуе адзін мастак у Баранавічах, і толькі пасля гэтага пачаў спрабаваць сам. Урэшце я, вядома, упэўніўся, што не быць мне педагогам. Праўда, я дваццаць чатыры гады вучыў маладых мастакоў малюнку, жывапісу, кампазіцыі ў Оршы. Многія з іх потым скончылі вну ў Мінску, Віцебску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кішынёве, Львове.

— Як вы трапілі ў Оршу?

— Я ажаніўся яшчэ ў дзевятнаццаць гадоў, мы займелі дваіх дзяцей, і я быў вымушаны шукаць сродкі для жыцця. Тады мяне якраз запрасілі на аршанскі завод абароннай прамысловасці«Чырвоны кастрычнік», што быў падначалены Маскве (на ім працавала больш за дзесяць тысяч чалавек), і сказалі:«Калі зробіш нам музей, дадзім кватэру і добры заробак». І я зрабіў. Так атрымаў усе ўмовы для жыцця і працы: жыў з сям’ёй у вялікай кватэры, кіраваў мастацкай студыяй завода, дзе была цудоўная майстэрня, там можна было пісаць. З васьмі раніцы да пяці я працаваў на вытворчасці, тры разы на тыдзень з пяці да сямі выкладаў у студыі, а з сямі да гадзіны ночы пісаў у майстэрні. Спаў я тады па 5 гадзін, затое за сваё жыццё зрабіў больш за 1200 работ. Сям’я цярпела, мае дзеці (якімі я ганаруся) раслі. А я іх забяспечваў, бо нядрэнна зарабляў.

— Як у вас атрымалася зарабіць на цэлы дом?

— Яшчэ пры Гарбачове быў перыяд, калі мастацкія творы не абкладваліся пошлінай пры вывазе за мяжу і мне ў гэты час проста пашчасціла. Я купіў матэрыялы і пачаў будаваць дом з майстэрнямі, галерэяй па ўласных чарцяжах. Зацягнулася гэта на дзесяць гадоў, дом жа вялікі. Жыццё ў правінцыі нязручнае толькі ў тым сэнсе, што некаторая інфармацыя прыходзіць запознена, а ўвогуле тут можна спакойна займацца творчасцю і ўласным бізнесам, а не бегаць па тусоўках.

— Якім бізнесам вы займаецеся?

— Выданнем дзіцячай літаратуры. Каб вы ведалі, колькі ў правінцыі таленавітых аўтараў! Восем гадоў таму я арганізаваў сваё выдавецтва, адкрыў уласную краму, кніжную прадукцыю мы пастаўляем па ўсёй Беларусі. Але нічога гэтага не было б, калі б аднойчы я не пачаў займацца мастацтвам і не скапіраваў бы Шышкіна. Дарэчы, ён і падштурхнуў мяне да жанру пейзажа.

— Колькі сёння працуеце ля мальберта?

— Штодзённа тры гадзіны, па выхадных пяць-шэсць, выключэнняў амаль не бывае. Сплю, праўда, ужо па сем гадзін. Вось скончыў партрэт Рыгора Барадуліна, мой сябар сказаў, што нядрэнны. Да мяне ў госці часта прыязджаюць сябры, мастакі. Я раюся з тымі, каму давяраю, потым параўноўваю іх думкі са сваёй і прымаю рашэнне. Ацэнка вартасці работы патрабуе часу. Трэба напісаць карціну, адвярнуць яе да сцяны і пачакаць паўгода, а лепш год — і ты глядзіш на яе новымі вачыма і разумееш, яна«развальваецца» ці жыве, яна бяздарная ці мае сэнс.

— Каб ствараць сапраўднае мастацтва, трэба быць выдатным філосафам, назіральнікам, духоўна развітым чалавекам, згодны?

— Безумоўна. І кожны дзень вывучаць мастацтва. Я раблю гэта ў сваёй бібліятэцы, тут недзе тысяча асобнікаў толькі па мастацтве. Для жыцця на перыферыі вельмі зручна: узяў кнігу і як бы схадзіў у музей, і яшчэ натхніўся. Каб быць мастаком, каб дасягнуць высокага прафесіяналізму, неабходна ведаць выпрацаваную іншымі аснову, вывучаць формы з мінулага і сучаснасці. У адваротным выпадку ты рызыкуеш быць недавучкам. А ўжо здольнасць бачыць і разумець мастацтва залежыць ад агульнага развіцця і крыху ад прыродных якасцяў.

— Ці можа дрэнны чалавек быць добрым мастаком?

— Унутранае адчуванне гледача дазволіць па любой працы зразумець душу мастака. Калі аўтар працуе шчыра, ён так ці інакш аддае сваю энергетыку, часам на выставах яна адчувальная — гэта ўсплёск, выбух. Можна напісаць прыгожа і быццам правільна, але холадна. А без энергетыкі праца мёртвая.

— Вы сочыце за сучасным, канцэптуальным мастацтвам?

— Так, і ведаю дакладна: каб стаць фармальным, канцэптуальным аўтарам, ствараць абстракцыі, таксама трэба быць прафесіяналам і ведаць класіку. Да таго ж тут вяршэнствуе ідэя, думка, пасыл, а да гэтага ўзроўню трэба расці, і час, калі аўтар здолее рэальнае адлюстраваць у фармальных рэчах, прыйдзе. Пікаса і Матыс таксама не адразу сталі Пікаса і Матысам, яны прайшлі грунтоўную школу. Я сам пераходжу да абстракцыі, да своеасаблівай выяўленчай філасофіі з-за нейкай унутранай патрэбы. Але без натуры абстракцыі не бывае, фармальныя рэчы ствараюцца на аснове рэальнага, толькі прапушчанага праз сябе і пераўвасобленага ва ўласны вобраз.

[caption id="attachment_93348" align="alignnone" width="600"]Мікалай Таранда ў сваёй майстэрні. Лагойскiя краявiды. Мікалай Таранда ў сваёй майстэрні.[/caption]

 

— Вы шмат дзе пабывалі і папрацавалі на пленэрах у шматлікіх краінах, скажыце, чым адрозніваецца наша мастацтва ад замежнага?

— Яно больш духоўнае і шчырае. За мяжой амаль усё пабудавана на камерцыйных асновах, а нашы аўтары ствараюць быццам для сябе. Гэта розныя ўзроўні: творы, зробленыя з мэтай дагадзіць пакупніку, як правіла, ніжэй — гэта аксіёма. Калі я пабываў у Італіі, зразумеў, што ўзровень беларускага і рускага мастацтва не горшы, а наадварот — неверагодна высокі. У Беларусі вельмі шмат бліскучых майстроў, толькі іх мала прасоўваюць на міжнародны рынак. Але я заўважыў, што за мяжой нашмат больш увагі і часу выдзяляецца культуры. Гэта відаць у  праграме адукацыі, гэта відаць па тым, як людзі ломяцца на выставы, як фінансуюцца маладзёжныя мастацкія аб’яднанні, арганізоўваюцца пленэры, нават у правінцыі.

— Ці ўплывае гэтае непазбежнае сутыкненне духоўнага і матэрыяльнага на ўзровень мастацтва?

— Наша трагедыя ў тым, што творчыя людзі не могуць проста працаваць. Але таксама ў тым, што грамадства не падрыхтаванае да ўспрыняцця мастацтва. У савецкія часы было лепш, бо школьная праграма была больш насычанай у гэтым сэнсе. А мы нашых дзяцей абдзяляем. Здаецца, навошта выкладаць гэтае мастацтва? Не ўсе ж будуць мастакамі. Але культура — гэта стыль у вопратцы, лад у гаспадарцы, інтэр’ер дома, камунікацыя з людзьмі, адносіны да жыцця.

— Вы плануеце чарговую юбілейную выставу…

— У мае гады (а мне хутка 70) многія мастакі кідаюць пэндзлі і ўжо не пішуць… А я рыхтую выставу. Толькі гэта ўжо не так цікава. У сваім узросце я пачынаю думаць, што ж пасля мяне застанецца? А застануцца творы, таму чым больш я зараз буду выкладвацца, тым лепш.

— Вы арганізуеце міжнародныя выставы ў Оршы, навошта вы гэта робіце, напэўна ж, не зарабляеце?

— Толькі ўкладваюся. Мы запрашаем аўтараў і праводзім выставы ў галерэі імя Грамыкі. Гэта праца для горада: нехта павінен рухаць камень. Я адчуваю, што гэта сапраўды патрэбна, хаця б для таго, каб выявіць таленты, а ў нас шмат адораных дзяцей. У невялікіх гарадах культура таксама павінна развівацца. Спадзяюся, што нехта працягне маю працу.

— Адкуль жа бярэцца талент?

— Калі ў мяне пытаюцца, каму я павінен, я адказваю, што маці і Богу. Дадаць да гэтага працаздольнасць, таму што ў мастацтве варта аддаваць амаль усяго сябе, — і талент выявіцца.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.