Вы тут

Дзве вайны аднаго разведчыка


У маі 1945-га фашысцкая Германія капітулявала. Толькі не ўсе салдаты Перамогі адразу вярнуліся ў родныя мясціны. Разам з кітайскай Народна-вызваленчай арміяй савецкія войскі змагаліся на тэрыторыі Кітая — працягвалася Другая сусветная вайна.

Там, на Далёкім Усходзе, у разгроме Квантунскай арміі прымаў удзел і Аляксей Іванавіч Дэцык.
Яму і яшчэ 14 беларусам, якія ў 1945-м ваявалі з японцамі, Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін падчас свайго візіту ў нашу краіну асабіста ўручыў медаль Міру.

Безимени-1

— У Кітаі гэта вельмі высокая ўзнагарода, якую даюць толькі за выключныя дасягненні перад Радзімай, — кажа Аляксей Іванавіч. — Да чаго ж прыемна і нечакана было атрымаць яе тут, у Беларусі. Ды яшчэ з рук кіраўніка КНР!

Перш чым перайсці да ўспамінаў пра вайну, Аляксей Дэцык дазволіў патрымаць у руках медаль Міру, а таксама паказаў свой міні-музей, як ён яго сам называе. Гэта невялікі куточак у пакоі, які сведчыць аб актыўнай дзейнасці ветэрана: дыпломы, узнагароды, фотаздымкі... У свае 90 гадоў Аляксей Іванавіч не толькі наведвае шматлікія мерапрыемствы, але і з'яўляецца намеснікам старшыні Савета ветэранаў Кастрычніцкага раёна. Дагэтуль на працягу 22 гадоў узначальваў ветэранскую арганізацыю на «Інтэграле».

29-10

На асаблівым уліку

Нарадзіўся Аляксей Дэцык у вёсцы Андрэйкавічы, што ў Арлоўскай вобласці. Аднак сапраўднай малой радзімай, дзе прайшло ўсё яго дзяцінства, стала казахскае сяло Баладатнае. Маці памерла, калі яму было ўсяго два тыдні. Яе замяніла старэйшая сястра. «Нажуе хлеба з цукрам, пакладзе ў марлю — так мяне і корміць», — расказвае Аляксей Іванавіч.

У Казахстане скончыў школу. Адразу пасля 8 класа Аляксея Дэцыка забралі ў войска, ва Узбекістан. Ішоў 1942 год. Сем месяцаў вучобы ў разведшколе — і на фронт. Трапіў у 277-ю стралковую дывізію 850-га палка. Яму не было і васямнаццаці...

— Разведчыкі, як і сапёры, памыляюцца толькі раз, — перакананы Аляксей Іванавіч. — Часам ад іх залежаць сотні і нават тысячы выратаваных жыццяў. Разведка — вочы і вушы арміі. Мы знаходзіліся на асаблівым уліку. Ад своечасова атрыманай інфармацыі залежаў поспех любой аперацыі. У разведку па адным не хадзілі: пяць чалавек, дзесяць — гледзячы якое заданне. Бывае, дзень-два-тры сядзім у засадзе і нешта здабудзем. А часам тыдзень — і нічога.

Шпіталь — у цягніку

— Самым складаным было захапіць «языка», — працягвае ветэран. — Добра, калі гэта будзе штабіст. Ён мог валодаць каштоўнымі звесткамі. Аднак злавіць штабіста — рэдкая ўдача. Заўсёды і ўсюды ён з аховай.

Гэта было ва Усходняй Прусіі. Разведчыкам пашчасціла захапіць нямецкага афіцэра, падпалкоўніка. Падчас допыту ён выдаў каштоўныя звесткі. «Языка» нават пераправілі ў Маскву. А разведчыкаў узнагародзілі. Так у Аляксея Дэцыка з'явіўся першы медаль — «За адвагу». Пра іншыя подзвігі ветэрана нагадваюць медалі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй», ордэн Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў.

Толькі не ўсе аперацыі разведчыкаў былі паспяховымі. На падыходзе да Кёнінгсберга трапілі ў засаду. Аляксея Дэцыка моцна параніла ў нагу. Таварышы ў палявы шпіталь неслі 15 кіламетраў. Апрацавалі рану — і ва Уфу, на лячэнне. Шпіталі былі перапоўнены. Параненых салдат у свае кватэры забіралі мясцовыя жыхары. «Дзеці нас увесь час падкормлівалі: то яечка прынясуць, то лаваш», — узгадвае франтавік.

У шпіталі Аляксей Дэцык затрымаўся ненадоўга. Падрыхтавалі вагон, укамплектавалі яго медыцынскімі работнікамі — і больш-менш здаровых павезлі на фронт. Далечваліся па дарозе на Далёкі Усход.

Баяліся камікадзэ

Аляксей Дэцык вызваляў такія кітайскія гарады, як Мулін, Харбін, Гірын і іншыя. Шмат там загінула нашых салдат. І не столькі падчас баёў, колькі ад спякоты: не ўсе прыходзілі ў сябе пасля сонечнага ўдару. Днём было горача, а ноччу холадна. Ускладняў сітуацыю і рэльеф мясцовасці: то горы, то ямы. Бяда, калі ўпадзе конь: пазваночнік ламаецца напалам. Не ўсе жывёлы маглі пераадолець і водную перашкоду.

— Аднойчы наладзілі пераправу праз раку Мудадзян, — успамінае ветэран. — Нацягнулі вяроўку і перапраўляліся па ёй на другі бераг. Думаў толькі аб адным: каб не параніла. Бо адразу б паляцеў уніз.

— А які вораг быў страшнейшы: немец ці японец? — пытаюся.

— Страшна было забіваць чалавека. Асабліва калі гэта рукапашная. Кожны хоча выжыць. У чалавека тады з'яўляецца неймаверная сіла. У японцаў была вельмі моцная разведка. А колькі сярод іх было смяротнікаў! Нават прыкаваныя да кулямётаў людзі сустракаліся. Такія ніколі не адступалі. Іх баяліся больш за ўсё.

Самалёт солі

Як расказвае ветэран, кітайцы ніколі не казалі пра дрэннае. У іх заўсёды было ўсё добра — «шанго» па-кітайску.

— Кітайцы — дружны народ, — працягвае Аляксей Іванавіч. — Вельмі дапамагалі нам з харчаваннем. А самі жылі небагата. У асноўным займаліся сельскай гаспадаркай. Найбольш папулярнымі сельгаскультурамі былі чумізэ і гальян. Чумізэ падобнае да проса, а гальян — як наша грэчка. І сёння памятаю: амерыканцы пастаўлялі тушонку. Вёдрамі. Якая ж смачная была! А японцы харчаваліся галетамі — булачкамі, тэрмін прыдатнасці якіх быў 10 гадоў. Кітайцы, напрыклад, не ўжывалі ў ежу соль. А мы без яе не маглі. Аднойчы спецыяльна для савецкіх салдат яе даставілі на самалёце «Лі-2».

На сёмым небе ад шчасця

Пасля вайны Аляксей Дэцык застаўся ў войску. Служыў на розных пасадах у шматлікіх гарнізонах Савецкага Саюза. Затрымаўся ў Беларускай ваеннай акрузе. Можа, таму, што з беларускіх Крупак была жонка Вольга Елістратаўна. Пабраліся шлюбам на шосты дзень пасля знаёмства. Пражылі душа ў душу 60 гадоў. Выхавалі дзвюх дачок, дачакаліся ўнука.

— Шмат дзе быў, — гаворыць ветэран. — Толькі такога горада, як Мінск, не бачыў ніколі. Памятаю, калі ўжо пасля вайны адбудавалі нашу сталіцу, вельмі любіў прагуляцца пехам ад вуліцы Захарава да Галоўпаштамта. Паўсюль кветкі. Іду — і на сёмым небе ад шчасця.

Пасля дэмабілізацыі Аляксей Іванавіч уладкаваўся на «Інтэграл». Працоўны стаж ветэрана — 65 гадоў! І сёння франтавік не сядзіць без справы. Па чацвяргах — прыём насельніцтва ў савеце ветэранаў, у іншыя дні — мерапрыемствы, сустрэчы. Ды яшчэ трэба павіншаваць імяніннікаў з Днём нараджэння: юбіляраў сёлета ў ветэранскай арганізацыі нямала. І кожнаму варта сказаць добрыя словы.

• • •

На развітанні мы зноў падыходзім да хатняга міні-музея. Аляксей Іванавіч паказвае фотаздымкі, расказвае пра апошнія сустрэчы з аднапалчанамі, дзеліцца планамі. Лаўлю сябе на думцы, што франтавая загартоўка — на ўсё жыццё. Інакш адкуль столькі сіл і аптымізму, якім нам, маладым, можна толькі пазайздросціць?!

Вераніка КАНЮТА. kanyuta@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.