Вы тут

Далёкія блізкія


Рызыкую чарговы раз выклікаць варожасць чытачоў, але я настойліва паўтараю сваю крамольную думку: дабрачыннасць — гэта эгаістычны працэс. Дапамагаючы іншым, мы аддаём пэўную частку сябе. А ўзамен атрымліваем значна больш. Кожны — сваё, але абавязкова самае каштоўнае; маленькі кавалачак, без якога набор пазлаў ніколі не стане карцінай.

Без имени-10

Гора збліжае, аб'ядноўвае. Мы шукаем аднадумцаў, блізкія душы, тых, хто разумее па позірку і можа працягнуць пачатую табой фразу. Не ўсім сустракаюцца па жыцці такія «браты і сёстры». Але мы працягваем шукаць. І суперажыванне чужому гору, дапамога, няхай сабе незнаёмаму чалавеку, прыводзіць нас у кола тых, чые думкі супадаюць, чые сцежкі бягуць у адным напрамку.

«Клуб 5000» шмат гадоў дапамагае маленькаму Даніку Страшынскаму, які мужна змагаецца з анкалагічным захворваннем. Хлопчык прайшоў кругі айчыннай медыцыны, перанёс трансплантацыю касцявога мозгу, спазнаў і замежнае лячэнне. Ён рос, сталеў удалечыні ад дому, на вачах тысяч незнаёмых людзей — Данікава матуля шчодра і эмацыйна дзеліцца навінамі ў інтэрнэце. Яго старонка аб'ядноўвае аднадумцаў з мноства краін. Мы з заміраннем сэрца чакаем навін з Ізраіля.

Вось чарговы Дзень нараджэння Даніка ў далёкай краіне. Вось наступны блок хіміятэрапіі. Бальнічныя фотаздымкі чаргуюцца з добрымі казкамі і святамі. Вось старэйшая сястра хлопчыка выйшла замуж тут, у Брэсце. А вось ужо ў Дані з'явіўся першы пляменнік. Потым і ў другой яго сястры нарадзілася немаўля. Ён сочыць за навінамі з дому гэтак жа, як мы сочым за навінамі пра яго — праз інтэрнэт. Мы аб'ядноўваемся, збліжаемся, гуртуемся вакол гэтага хлопчыка і віртуальна бярэмся за рукі.

Нарэшце доўгачаканае паведамленне — рэмісія! Мы перадаём навіну адзін аднаму перапостамі ў сацсетках, званкамі і пры асабістай сустрэчы. Мы радуемся так моцна і шчыра, як хваляваліся за Даніка некалькі апошніх гадоў. Ён паправіўся, ён вяртаецца дадому, ён нарэшце пазнаёміцца з пляменнікамі і абдыме тату! Галоўная навіна дня не сыходзіць з вуснаў валанцёраў. Мы, незнаёмыя людзі, аб'яднаныя чужым горам, цяпер святкуем яго перамогу, як самыя лепшыя сябры.

І тут я лаўлю сябе на думцы, што ніводнага разу за тры гады (менавіта столькі часу «Клуб 5000» дапамагае Даніку) не сустракалася ні з самім хлопчыкам, ні нават з яго сям'ёй. Дабрачыннасць дае нам блізкіх людзей, родных па духу, тых, каго не хапае ў рэальным жыцці. І зусім не абавязкова сустракацца з імі, каб абняць. Мы можам рабіць гэта на адлегласці. Мы далёкія блізкія.

...Нядаўна ў інтэрнэце разгарэлася палкая спрэчка: ці варта «Клубу 5000» паведамляць пра смерць падапечных. Маўляў, гэта жорстка, дзеці, якія лячыліся побач з імі, пакутуюць ад такіх навін, а бацькі губляюць надзею. Усё так. Але ёсць катэгорыя, якой такія навіны неабходны. Гэта тыя далёкія блізкія, якіх аб'ядноўвае чужое гора.

Мы нясмела знаёмімся з імі, калі сярод падапечных з'яўляецца прыгожая Наташа. Мы нервова пераглядаемся (усё гэтак жа, у інтэрнэце), калі яна праходзіць складаную аперацыю. Мы радасна ляпаем адно аднаго па віртуальным плячы, калі Наташа ачуньвае і дэманструе свае творчыя праекты. Калі даведваемся, што ў нашай прыгажуні запланавана вяселле, мы ўжо гатовыя выскачыць з камп'ютарных старонак і абняць усіх, хто датычны да яе лёсу. А калі прыходзіць звестка, што Наташы не стала, мы не ў сілах стрымаць агульны паток слёз. Цяпер мы сапраўдная віртуальная сям'я. Разам перажылі і радасць, і няшчасце. Мы не маглі не паведаміць пра страту, нашу агульную страту, якая яшчэ больш аб'ядноўвае далёкіх блізкіх.

Я не стану расказваць, як важна чалавеку ведаць пра лёс таго, каго ён вырашыў падтрымліваць матэрыяльна; пра тое, як падобная датычнасць дапамагае нават пасля страты працягваць дапамогу іншым; як спачуванні далёкіх блізкіх аблягчаюць гора самых блізкіх блізкіх. Я проста нагадаю, што дабрачыннасць — гэта эгаістычная дзейнасць. І нам проста неабходна перажыць гора, каб аб'яднацца, і аб'яднацца, каб перажыць гора.

...Вокамгненна па інтэрнэце, тэлефоне і пры асабістых сустрэчах разляцелася навіна пра Даніка Страшынскага, які зусім нядаўна вярнуўся з перамогай у родны Брэст: рэцыдыў. Хвароба вярнулася. Ён зноў у Ізраілі. Пачынае спачатку. Мы моўчкі перадаём адно аднаму разгублены віртуальны позірк. Цяжкае маўчанне перарывае сам васьмігадовы Данік. Ён спакойна і ўпэўнена кажа, што хоча пайсці ў школу і згодны лячыцца, як бы цяжка ні было. Пакутуючы ад моцнага болю, ён адмаўляецца ад наркотыкаў, пераконвае, што можа цярпець і яму дастаткова звычайных болесуцішальных прэпаратаў.

Васьмігадовы хлопчык з вачыма сталага мужчыны ўзяў сябе ў рукі і здолеў падтрымаць знясіленую маці і тысячы далёкіх блізкіх людзей, з якімі ніколі не сустракаўся. Ён падарыў нам сілы і веру. І гэта ён збліжае і аб'ядноўвае нас, далёкіх блізкіх.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА,

заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».