Што будзе першым у чамадане адпускніка, які збіраецца за межы радзімы? Правільна, аптэчка першай дапамогі. Гэта, пагадзіцеся, сэканоміць час на пошук лекаў у чужой краіне, дый пазбавіць праблемных кантактаў на замежнай мове. Паверце, што работнікі аптэк у Мантэнегра не разумеюць слова «пластыр». Выручае, вядома, прамое паказванне пальцам на тое, што вам трэба, але далей ужо — што дадуць (пажаданні адносна памеру, колеру і г.д. адпадаюць). Так што сёе-тое трэба прыхапіць, хоць гэта і не вызваляе нас ад вытрымлівання пэўных правілаў пражывання, харчавання і культурнага адпачынку.
Людзі з краін умеранага клімату маюць патрэбу ў адаптацыі ў краінах трапічных і субтрапічных. Каб не дапусціць сонечнага і цеплавога ўдару, неабходна насіць адзенне з лёгкіх і натуральных тканін, летні галаўны ўбор, змазваць адкрытыя ўчасткі скуры крэмам ад загару, больш піць вады і менш — алкаголю.
Заўсёды будзьце асцярожнымі з мясцовымі кошкамі, сабакамі і іншымі жывёламі. Гэта небяспечна практычна ва ўсіх краінах. Калі атрымалі ўкус, драпіны, або проста на скуру трапіла сліна жывёлы, дасканала прамыйце гэту частку цела вадой з мылам, а пасля тут жа звярніцеся да ўрача для вырашэння пытання аб правядзенні прышчэпак супраць шаленства і слупняку. Асцерагайцеся таксама ядавітых змей, скарпіёнаў, каракуртаў, тарантулаў, ядавітых медуз, п'явак, рыб, а таксама блох, кляшчоў, камароў, сляпнёў, мошак і мух, якія могуць быць пераносчыкамі трапічных інфекцыйных і паразітарных захворванняў. Заўважылі ўкусы, высыпкі — пакажыцеся ўрачу.
У незнаёмых і малазнаёмых краінах бяспечным пражыванне лічыцца толькі ў гасцініцах, дзе ёсць цэнтралізаванае водазабеспячэнне і каналізацыя. Пры наяўнасці ў нумары насякомых ці грызуноў, вядома, трэба апавясціць аб гэтым адміністрацыю. Пры вялікай колькасці лятаючых насякомых патрабуйце закрыць сеткамі вокны і дзверы, выдаць электрафумігатар. Набывайце пры неабходнасці рэпеленты і інсектыцыды для адпужвання насякомых.
З харчаваннем усё даволі проста, хоць практыка паказвае, што далёка не ўсе прыслухоўваюцца да голасу розуму. Першае правіла — ужываць тую і толькі тую ежу, у якасці якой вы ўпэўнены. Набывайце ежу там, дзе, на вашу думку, мінімальная рызыка набыцця прадуктаў дрэннай якасці. Не эксперыментуйце з вадой — піце бутыляваную і гатаваную, а напоі і сокі — толькі прамысловай вытворчасці. Нельга ўжываць лёд з сырой вады, а паколькі вы наўрад ці зможаце дакладна ўстанавіць, што там у лёдзе за вада, то проста адмаўляйцеся ад яго ўжывання. Гародніну і садавіну таксама неабходна мыць бяспечнай вадой (гатаванай або бутыляванай), абдаваць кіпенем. Ужывайце толькі вельмі добра прасмажаныя, правараныя мяса, рыбу, морапрадукты, а без тэрмічнай апрацоўкі не ешце такія прадукты ўвогуле.
Перш чым наведаць нейкую кавярню, бар, рэстаран, парайцеся з прадстаўніком турфірмы адносна іх рэпутацыі. Не рэкамендуецца, вядома, набываць ежу на рынках, з латкоў, каштаваць тое, што гатуе мясцовае насельніцтва. Гарантаваць якасць і бяспеку можа толькі фабрычная ўпакоўка, а такі тавар прадаецца ў прадуктовых магазінах. Але і тут звяртайце ўвагу на тэрмін прыдатнасці, захаванне тэмпературнага рэжыму.
Кішэчныя інфекцыі (брушны тыф, дызентэрыя, сальманелёз, ротавірусныя інфекцыі, гепатыт А, энтэравірусныя інфекцыі і інш.) шырока распаўсюджаны ва ўсіх краінах свету. Механізм заражэння — фекальна-аральны (таму гігіена і яшчэ раз гігіена!). Часты вадкі стул, ваніты, павышэнне тэмпературы цела, боль у жываце, моцны галаўны боль, боль у горле, мышцах, сып на целе павінны насцярожыць і тэрмінова накіраваць да ўрача. Хворага лепей ізаляваць і выдзеліць яму асобны посуд.
Большасць краін Азіяцкага, Афрыканскага і Паўднёва-Амерыканскага кантынентаў неспрыяльныя па захваральнасці на гепатыт А. Але для прафілактыкі гэтага захворвання прадугледжана вакцынацыя. Абарончы эфект вакцыны праяўляецца ўжо з канца першага тыдня пасля прышчэпкі, адна доза абараняе на 1-1,5 года.
Святлана БАРЫСЕНКА
protas@zviazda.by
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.