Вы тут

Аксана ЧЫЧКО: «Прыхільнікі друкаванай прэсы былі і заўсёды будуць!»


«Белпошта» кожнае паўгоддзе праводзіць падпіску на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі. 

Што чытаюць беларусы, як выбіраюць выданні, даведаемся ад начальніка ўпраўлення распаўсюджання друкаваных СМІ прадпрыемства «Белпошта» Аксаны ЧЫЧКО.

01-11

— Аксана Мікалаеўна, з чаго пачынаецца падрыхтоўка да падпісной кампаніі?

— Калі коратка, з фарміравання падпісных каталогаў. Інфармацыя больш чым па 1200 назвах выданняў. Рэдакцыі па нашай просьбе афармляюць адпаведныя пакеты дакументаў, мы разлічваем падпісныя кошты, фарміруем і выпускаем каталогі. У кожную падпісную кампанію іх пяць відаў, агульны наклад — больш за 33 тысячы асобнікаў, якія рассылаюцца ва ўсе аддзяленні паштовай сувязі, у тым ліку і перасоўныя. Каталогамі забяспечваюцца ўсе паштальёны, грамадскія распаўсюджвальнікі, а таксама буйныя карпаратыўныя кліенты.

Ва ўсіх аб'ектах паштовай сувязі афармляюцца «куткі падпісчыка», дзе размяшчаецца падрабязная інфармацыя па падпісцы: тэрміны правядзення, каталогі, рэклама, падшыўкі выдання... Паралельна праводзіцца актыўная праца з падпісчыкамі.

У кожнай падпісной кампаніі бярэ ўдзел увесь шматтысячны калектыў нашага прадпрыемства, які можна параўнаць з вуллем. У якасці прыкладу хочацца прывесці Гродзенскі філіял, у якім на прыёме падпіскі шчыруе не толькі ўвесь калектыў, але і сам дырэктар паказвае прыклад.

Але ж найбольшая праца тут за паштальёнамі, яны нібы злучальныя нітачкі паміж рэдакцыямі СМІ і іх чытачамі.

— Якім чынам беларусы часцей за ўсё афармляюць падпіску?

— Больш за палову ўсіх падпісных тыражоў афармляецца паштальёнамі на даму. Апроч таго, на працягу многіх гадоў мы паспяхова практыкуем правядзенне падпіскі з дапамогай грамадскіх распаўсюджвальнікаў, якія на платнай аснове працуюць у працоўных калектывах.

Што тычыцца спосабаў афармлення падпіскі, то тут ёсць выбар. Людзі занятыя могуць азнаёміцца з падпіснымі каталогамі і аформіць падпіску на нашым сайце, а таксама па прынцыпе самаабслугоўвання з дапамогай плацежна-даведачных тэрміналаў.

— Ці назіраецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці падпісных экзэмпляраў на фоне з'яўлення электронных версій выданняў?

— Зніжэнне рынку друкаванай прэсы — тэндэнцыя агульнасусветная, наша краіна не выключэнне. Прычыны змяншэння падпісных тыражоў друкаваных сродкаў СМІ звязаны з многімі фактарамі. Асноўная, на мой погляд, сапраўды заключаецца ў інтэнсіўным развіцці тэхналогій, якія дазваляюць у любы зручны час дома, у офісе, у дарозе атрымаць бясплатны доступ да неабмежаванага інфармацыйнага рэсурсу праз інтэрнэт. Аднак я не падзяляю песімізму некаторых замежных калег аб знікненні газет і часопісаў: прыхільнікі друкаванай прэсы былі і будуць заўсёды.

— Цікава, якім СМІ аддаюць перавагу жыхары Мінска і рэгіёнаў?

— Адразу скажу, што на Мінск прыпадае каля 10% усіх падпісных тыражоў. Калі браць па ўдзельнай вазе, то ў цэлым па краіне больш за 40% у агульным падпісным тыражы займаюць рэспубліканскія газеты, крыху больш за 30% — рэспубліканскія часопісы. На месцах карыстаюцца папулярнасцю раённыя газеты, іх удзельная вага займае 18—20% у агульным падпісным тыражы. У той жа час у сталіцы ўдзельная вага рэспубліканскіх газет і часопісаў вышэй, чым у рэгіёнах: 56% займаюць газеты і 40% часопісы.

Тэматыка выданняў, якія выпісваюць беларусы, вельмі разнастайная. Так званыя юрыдычныя асобы (арганізацыі, прадпрыемствы) у асноўным выпісваюць грамадска-палітычныя і дзелавыя выданні, цікавасць фізічных асоб значна шырэйшая. Гэта выданні грамадска-палітычнага характару, для вольнага часу, кулінарныя, па прысядзібнай гаспадарцы, выданні для жанчын і многія іншыя.

Дзіяна СЕРАДЗЮК. seradzyuk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».