Вы тут

Для чаго патрэбен паштамат?


«Белпошта» рыхтуецца запусціць новыя сэрвісы.

Шлях пасылак хутка можна будзе не толькі адсочваць, але і атрымліваць SMS-паведамленні пры іх дастаўцы. Тавары, якія перасылаюцца поштай, стане магчыма папярэдне дэклараваць, не выходзячы з дому, а некаторыя адпраўленні можна будзе атрымліваць у любы час сутак. Пра гэтыя і іншыя навацыі ў галіне сувязі «Звяздзе» расказала генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Ірына САКСОНАВА.

Безимени-1

— Месяц таму ў Мінску прайшла рэгіянальная канферэнцыя па Стамбульскай сусветнай паштовай стратэгіі. Якія вынікі яна прынесла для «Белпошты» і ці можна ўжо казаць пра рэалізацыю некаторых яе праектаў у Беларусі?

— На Мінскай рэгіянальнай канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні стратэгічнага развіцця пошты на перыяд 2017 — 2020 гадоў, таму гаварыць пра рэалізацыю праектаў пакуль рана. Аднак былі выпрацаваны агульныя напрамкі і прыярытэты развіцця, што дало магчымасць краінам перайсці непасрэдна да не менш важнага пытання — пачатку падрыхтоўкі да 26-га Сусветнага паштовага кангрэса, які адбудзецца ў Стамбуле (Турцыя) у наступным годзе. Трэба падрыхтаваць прапановы па змяненні або дапаўненні ў дзейныя акты СПС , вывучыць і выпрацаваць пазіцыю па прапановах іншых краін для таго, каб у час Кангрэсу прагаласаваць «за» ці «супраць» . А пытанні тычацца і агульных правіл па міжнароднай пошце, і разлікаў за яе апрацоўку, перавозку, дастаўку, і інш.

— Генеральны дырэктар Міжнароднага бюро СПС Бішар Хусейн быў уражаны развіццём паштовай сувязі ў Беларусі. Ці падштурхнула такая ацэнка да ўзмацнення міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне пошты?

— Высокая ацэнка нашай працы генеральным дырэктарам МБ СПС — гэта своеасаблівая матывацыя да новых крокаў і вышынь для ўсяго калектыву беларускай пошты. Што датычыцца міжнароднага супрацоўніцтва, хачу зазначыць, што яно адбываецца ў межах членства ў СПС, такім чынам 192 краіны (сярод якіх і Рэспубліка Беларусь) супрацоўнічаюць і ствараюць адзіную сусветную паштовую сетку. У рэгіянальным супрацоўніцтве «Белпошта» ўдзельнічае ў Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі (РСС), членамі якой з'яўляюцца краіны СНД, а таксама ў Асацыяцыі еўрапейскіх паштовых аператараў PostEurop. У межах гэтага супрацоўніцтва рэалізуем шэраг сумесных праектаў па паштовай бяспецы, якасці, планах напрамку пошты і іншых.

Ці былі выпрацаваны адзіныя міжнародныя паштовыя прыярытэты і стандарты, пра якія вы казалі падчас канферэнцыі?

— Прыярытэты выпрацаваны, але канчаткова яны будуць абмеркаваны і прыняты на 26-м Сусветным паштовым кангрэсе. Пакуль на стратэгічнай канферэнцыі прынята Мінская дэкларацыя, у якой вызначаны наступныя рэгіянальныя прыярытэты і напрамкі супрацоўніцтва: павышэнне эфектыўнасці дзейнасці і развіццё электроннай камерцыі, развіццё фінансавых паслуг, развіццё паштовага сектара, электронныя паслугі і дыверсіфікацыя (пашырэнне асартыменту. — Аўт.), устойлівае развіццё і інклюзіўны падыход.

— Ірына Ігнатаўна, якія навацыі прыйдуць у сістэму «Белпошты» ў найбліжэйшы час?

— Гэта для нас цяпер прыярытэт нумар 1. На павышэнне якасці паслуг і пашырэнне іх асартыменту будзе накіраваны цэлы шэраг мерапрыемстваў, якія закрануць работу паштовага персаналу, якасць і культуру абслугоўвання, аптымізацыю сістэмы лагістыкі для скарачэння часу дастаўкі, пашырэнне часовых межаў дастаўкі. Дзейныя паслугі будуць дапаўняцца новымі сэрвісамі. Напрыклад, сістэма адсочвання адпраўленняў дапоўніцца магчымасцю атрымліваць SMS-паведамленне, сумесна з Дзяржаўным мытным камітэтам і СПС вядзецца распрацоўка праекта па папярэднім электронным дэклараванні тавараў, якія перасылаюцца ў паштовых адпраўленнях. Да канца года ў аддзяленнях паштовай сувязі краіны будуць дзейнічаць больш за 1050 плацежна-деведачных тэрміналаў — гэта дасць магчымасць атрымаць цэлы шэраг паслуг, не звяртаючыся да аператара.

Для аматараў атрымліваць паслугі самастойна сёлета ў аддзяленнях сувязі ўстановім 40 адзінак абсталявання, на якіх кліент самастойна зможа аформіць, аплаціць і адправіць заказную карэспандэнцыю вагой да 2-х кілаграмаў. Для тых жа, хто позна працуе і хоча атрымаць пасылку або дробны пакет, з'явіцца 20 паштаматаў. Іх плануем размясціць на вуліцах, каб забяспечыць доступ на працягу ўсіх сутак. Паштаматы будуць таксама забяспечаны абсталяваннем для прыёму плацяжоў, афармлення падпіскі на газеты і часопісы, атрымання шэрагу іншых паслуг. Пералічанае абсталяванне будзе працаваць пакуль толькі ў Мінску, але ўжо ў наступным годзе плануем закупіць яго і для рэгіёнаў.

— «Белпошта» цяпер актыўна развівае сваю інтэрнэт-краму. Наколькі яна папулярная ў спажыўцоў і ці могуць замаўляць у ёй рэчы замежнікі?

— У нашай паштовай інтэрнэт-краме прадстаўлены тавары толькі айчынных вытворцаў (цяпер іх больш як 150). Пра папулярнасць у кліентаў сведчыць тое, што за апошнія месяцы мы адправілі больш за
5 тысяч пасылак з заказаным таварам. Попыт самы разнастайны: ад бытавой тэхнікі, камплектаў пасцельнай бялізны, фіранак, набораў ручнікоў — да пастак і касметыкі. Як той казаў, на любы густ. Грамадзяне з замежных краін таксама могуць заказваць нашы тавары, каб атрымаць іх пасля па пошце. Але каб гэта развівалася, трэба яшчэ папрацаваць. Дарэчы, у гэтым кірунку мы будзем працаваць у пілотным праекце СПС, які называецца «Спрошчаны экспарт».

— Многія турысты любяць адпраўляць дамоў паштоўкі з месцаў, дзе яны пабывалі. Такое ёсць у многіх краінах, ведаю, што і ў Беларусі... А наогул, ці ўсе значныя турыстычныя аб'екты ў Беларусі абсталяваны кіёскамі і паштовымі скрынямі, і як у гэтым кірунку плануе развівацца «Белпошта»?

— Мы стараемся выпускаць маркі і паштоўкі, паказаць на іх усё хараство і багацце нашай беларускай прыроды, культуры, архітэктуры, гісторыі. Апошнім часам вельмі папулярным стаў посткросінг — міжнародны onlіne-праект, мэтай якога з'яўляецца абмен паштовымі карткамі і маркамі паміж людзьмі з розных куткоў планеты. Посткросінг быў прыдуманы для тых, хто аддае перавагу адпраўцы і атрыманню сапраўднага ліста ці паштоўкі, а не перапісцы па інтэрнэце. З 2005 года масавы рух аб'яднаў жыхароў з 230 краін свету. Беларусь далучылася да посткросінгу ў 2008 годзе. Наша краіна ўваходзіць у дзясятку лідараў па колькасці зарэгістраваных карыстальнікаў і колькасці адпраўленняў і займае 6-е месца ў сусветным рэйтынгу! «Белпошта» актыўна падтрымлівае гэты рух: з 2009 года выраблена больш за 500 сюжэтаў паштовых картак розных тэматык: «Беларусь», «Фаўна і флора Беларусі», «Беларускае народнае адзенне», «Беларускія рамёствы», «Святы і абрады беларусаў», «Мастацтва», «Дзіцячыя малюнкі» і г. д.

А адносна паштовых скрынак, то іх дастаткова — больш за 13,5 тысячы па ўсёй краіне і, вядома ж, у знакавых месцах.

Дзіяна СЕРАДЗЮК. seradzyuk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».