Вы тут

Сабачая доля і каціны «імідж»


Як у Карэі ставяцца да хатніх гадаванцаў?

Ці не кожны з нас чуў, што ў Карэі ядуць сабак. Напэўна, гэта ўвогуле адзін з галоўных стэрэатыпаў, звязаных з карэйцамі. Але мала хто ведае, што яны баяцца катоў. Між тым у рэальнасці ўсё складаней: далёка не кожнаму карэйскаму сабаку наканавана скончыць жыццё «супавым наборам», а каты паступова з герояў жахлівых легендаў і фільмаў жахаў ператвараюцца ў атрыбут паспяховага чалавека.

01-3

Ад чаго лечыць «суп даўгалецця»?

У карэйскай нацыянальнай кухні сапраўды сустракаюцца стравы з сабачыны. Самае вядомае з іх — посінтхан. Назву гэтую можна ўмоўна перакласці як «суп даўгалецця». Ужываюць яго галоўным чынам у летнюю спякоту, і лічыцца, што такая страва вельмі ўжо карысная — лечыць і ад артрыту, і ад патлівасці, і нават ад імпатэнцыі, паведамляе Lеntа.ru. Аднак насамрэч сабачына шмат у чым сезонная ежа, што часта выкарыстоўваецца менавіта для прыцягнення аматараў экзотыкі.

У Карэі ёсць некалькі мясцовых парод сабак, і не ўсе яны «харчовыя». Самая вядомая з «неядомых»— чындокэ — знешне нагадвае караткашэрсную лайку ці японскіх іну і вылучаецца асаблівай кемлівасцю. Харчовыя ж сабакі яшчэ ў 1990-я актыўна прадаваліся ў Карэі на сезонных рынках. У Кітаі спрэчкі паміж аматарамі паласавацца сабачынай і абаронцамі жывёл ледзь не прывялі да масавых хваляванняў.

Гэтая традыцыя выклікае ў еўрапейцаў культурны шок, хоць у іншых народаў з неменшай агідай адносяцца, напрыклад, да страў з жаб ці да ўжывання ў ежу малочных прадуктаў. Як той казаў, кожнаму сваё, таму традыцыі варта паважаць. Зрэшты, калі ў 2002-м падчас чэмпіянату свету па футболе зноў пачалася кампанія супраць посінтхана, карэйскі ўрад адказаў: «Гэта наша нацыянальная традыцыя, мы яе нікому не навязваем і не рэкламуем, але гэта — наша права. Таму ніякіх дзеянняў па абмежаванні посінтхана мы распачынаць не будзем».

Сёння на адносіны да сабак (а насамрэч — да хатніх гадаванцаў увогуле) уплывае не толькі глабалізацыя, але і ўрбанізацыя. У вялікім горадзе жывёла губляе сваю традыцыйную сельскагаспадарчую ролю, ператвараючыся ў хатняга ўлюбёнца. У нечым чатырохногія гадаванцы служаць сурагатам дзяцей, у нечым — знакам статусу.

З аднаго боку, догляд гадаванца не павінен адымаць шмат часу, з другога — стасункі з ім павінны быць актыўнымі. Гэтымі меркаваннямі вызначаецца і выбар жывёл, якіх заводзяць карэйцы. Вялікія сабакі патрабуюць зашмат часу і месца, а птушкі і рыбы не забяспечваюць належны ўзровень камунікацыі. Застаюцца дэкаратыўныя сабачкі альбо каты.

Побач з пярэваратнямі

Дарэчы, пра катоў. Гэтыя жывёлы з'явіліся ў Карэі ў ХІ-ХІІ стагоддзях, і, пачынаючы з ХVІІ ст., іх можна пабачыць на традыцыйных карцінах, дзе яны лашчацца сярод кветак ці назіраюць за птушкамі. Аднак прыкладна з канца ХІХ стагоддзя і аж да пачатку цяперашняга кот выклікаў у карэйцаў сумесь агіды і забабоннага жаху. Ёсць кур'ёзная гісторыя пра тое, як карэйскі прынц наведаў амерыканскую місію, дзе для абароны ад мышэй трымалі котак. Калі яму, як лічылася, рэфарматару і чалавеку даволі прагрэсіўнаму, скокнула на калені кацяня, прынц так моцна спалохаўся, што страціў прытомнасць.

Ката ў Карэі ўспрымалі як жывёлу-паразіта, насельніка не хаты, а задняга двара ці сметніка. Валачашчую кошку па-карэйску клічуць «тодук коян'і» — «кошка-злодзей». Праўда, пры гэтым ніякіх лаянак, што ўспамінаюць кошку, у карэйскай няма, тым часам як «хэ сэкі» — «сукін сын» — ёсць і вельмі распаўсюджана.

У традыцыйнай карэйскай культуры боязь кошак — адна з самых распаўсюджаных прымхаў. Спаборнічаць з ім можа толькі страх перад лічбай 4 (у кітайскай мове слова «чатыры» сугучна слову «паміраць», з Кітая страх перад «чацвёркай» пашырыўся на Карэю і Японію) і вера ў тое, што не выключаны на ноч вентылятар паволі высмоктвае з чалавека жыццё.

З кошкамі дагэтуль звязана мноства прымхаў. Напрыклад, карэйцы вераць, што ў апошнюю ноч старога года жудасны дэманічны кот шукае каля хат пакінутыя за парогам чаравікі. А калі знаходзіць іх, тое робіць з абуткам зусім не тое, што вы падумалі, — інфернальная жывёла прымярае чаравікі, змяняючы тым самым да горшага ўвесь далейшы лёс іх уладальніка.

За хвост ката, які ўваходзіць у хату, можа трымацца дух памерлага, але бывае і так, што ў саму кошку можа ўсяліцца дух забітай кабеты. Апошнія забабоны, праўда, з'явіліся пад уплывам японскіх фільмаў пра катоў-пярэваратняў, якія ў Карэі аж да 1990-х не паказвалі ў рамках змагання з японскай культурнай экспансіяй, затое спраўна перараблялі іх сюжэты на карэйскі лад.

Пакутуюць ад такіх адносін галоўным чынам бадзяжныя кошкі, якіх у Сеуле налічваецца ад 30 да 200 тысяч (у залежнасці ад таго, хто лічыў). Выгляд у іх звычайна зашуганы і абадраны. Да таго ж некаторыя лекары традыцыйнай медыцыны лічаць кацінае мяса надзейным сродкам ад боляў у суставах, так што на асобных сезонных рынках гандлююць і кошкамі, якім наканавана стаць ежай. Часцяком ад гэтай долі іх ратуюць чулыя еўрапейцы. Зрэшты, у параўнанні з посінтханом «каціная настойка» сустракаецца значна радзей, а абаронцы жывёл актыўна выкрываюць міф пра яе карыснасць.

Змены да лепшага

Жыццё катоў у Карэі стала змяняцца да лепшага толькі ў апошнія 10-15 гадоў. Адбіваецца і замілаванне «коцікамі», што захапіла інтэрнэт, і папулярнасць анімэшных «кавайных нэка», і пэўнае павышэнне ўзроўню жыцця, пры якім змяншаецца патрэба вымяшчаць агрэсію на бадзяжных жывёл. Праўда, любімай свойскай жывёлай усё адно лічыцца сабака, кошку трымае толькі прыкладна адзін з 5000 карэйцаў. Прычым звычайна гэта дарагая пародзістая кошка — знак статусу з адпаведным «цэннікам».

Змяняецца стаўленне і да бадзяжных кошак. Цяпер жывёлы «ашываюцца» не толькі паблізу будыйскіх храмаў, як раней, але і каля некаторых харчэўняў, дзе іх падкормліваюць замежнікі. Узяць бадзяжнага ката дахаты лічыцца маветонам: маўляў, гэта яго карма — жыць на вуліцы. Але ёсць і тыя, хто рэгулярна падкормлівае такіх катоў. Праўда, рэпутацыя такіх людзей у грамадстве не вельмі добрая: лічыцца, што займаюцца гэтым толькі тыя, у каго няма сяброў і не склалася кар'ера. Таму падкормліваюць вулічных кошак чуллівыя карэйцы звычайна ў цёмны час сутак.

Моладзь жа ўсё часцей бярэ кошак з прытулкаў ці ходзіць у котакавярні, якія з'явіліся ў Карэі практычна адначасова з Японіяй. Для тых, хто не ў курсе: котакавярня — гэта месца, дзе ты плаціш за час і магчымасць пагуляць з вялікай колькасцю кошак любой масці. Пра гэтых жывёлін клапоціцца ўстанова. Ежа і напоі ў такіх кавярнях маюць другарадную ролю. Раней іх наведвала галоўным чынам багема, але цяпер многія карэйцы самых розных узростаў паступова перастаюць асцерагацца кошак.

Коцікі з'яўляюцца ў рэкламных роліках, на адзенні і аксесуарах, становяцца сімваламі тэлефонаў, гандлю праз інтэрнэт, фотаапаратаў, касметыкі і маладзёжных брэндаў. У тэлефонах ёсць як малюнкі кошак, так і каціныя сляды, што «бегаюць» па экране. Ёсць папулярныя дзіцячыя песні пра кошак і танцы, якім вучаць у дзіцячым садку. Дарэчы, «сабачы вальс» у Карэі вядомы як «каціны танец».

Кошкі пачынаюць фігураваць у мастацкім і дакументальным кіно ўжо не толькі ў якасці пачвар. Напрыклад, ёсць пацешная кароткаметражка пра бадзяжную кошку, аўтар якой атрымаў за яе некалькі прэстыжных прэмій. А адна з карэйскіх дызайнерак мэблі нават прыдумала «котааптымізаваную» канапу з пустымі валікамі, усярэдзіне якіх каты могуць хавацца, гуляць і не дзерці пры гэтым іншую мэблю кіпцюрамі.

Вядома, пра ўсеагульнае захапленне кошкамі ў Карэі казаць пакуль яшчэ заўчасна, але колькасць людзей, якія, убачыўшы гэтых жывёл, не кідаюцца ўбок, а наадварот — праяўляюць да іх прыязнасць, безумоўна, расце.

І апошняе. Мяркуем, усім будзе цікава даведацца, як гучаць па-карэйску звыклыя нам «гаў» і «мяў». Карэйскі сабака кажа «мен-мен», а котка — «яан» ці «яун». Пры гэтым «н» у абодвух выпадках вымаўляецца ў нос.

Падрыхтаваў Захар БУРАК.
litvinov@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».