Вы тут

Іх аб'яднала вайна


Наша паштовая скрыня працягвае папаўняцца. У лістах, якія прыходзяць у рэдакцыю з усіх куточкаў Беларусі, успамінамі дзеляцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, распавядаюць пра гісторыю сваёй сям'і іх дзеці, унукі і праўнукі, пра адважных землякоў пішуць аднавяскоўцы. У кожнай мясцовасці былі і ёсць свае героі, якіх шануюць і памятаюць.

[caption id="attachment_94943" align="alignnone" width="600"]Ін­ва­лід Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­ны Іван Аста­пук. Ін­ва­лід Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­ны Іван Аста­пук.[/caption]

Зямляк

Нядаўна свой 90-гадовы юбілей адзначыў інвалід Вялікай Айчыннай вайны Іван Астапук, які жыве ў вёсцы Высокае, што ў Маларыцкім раёне. Маладым 19-гадовым хлопцам у студзені 1944 года ў складзе партызанскага атрада імя Літвінава брыгады імя Флегантава Брэсцкага партызанскага злучэння пачаў ваяваць з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Прымаў удзел у розных баявых аперацыях партызан, асабіста падрываў рэйкі на чыгунцы Брэст — Маларыта.

Вось што піша пра свайго калегу настаўнік Лукаўскай сярэдняй школы Мікалай Баліцэвіч: «З набліжэннем фронту партызаны злучыліся з вайсковымі часцямі Чырвонай Арміі на ўкраінскай тэрыторыі. Іван Аляксандравіч быў мабілізаваны ў армію. Спачатку праходзіў службу ў 222-м запасным палку, а затым быў накіраваны ў дзеючую армію (93-і стралковы полк 160-й дывізіі 70-й арміі 1-га Беларускага фронту). Першае баявое хрышчэнне Іван Астапук прыняў на Прыпяці ў раёне ўкраінскага горада Ратна, з баямі прыйшоў на тэрыторыю Маларыцкага раёна, дзе вайсковая часць, у якой ён служыў, дыслацыравалася ў лесе каля вёскі Замшаны. Пасля вызвалення Маларытчыны дывізія абышла Брэст з поўдня, фарсіравала раку Заходні Буг і ўжо з польскай тэрыторыі атакавала нямецкі гарнізон у Брэсце, вызваліўшы горад 28 ліпеня 1944 года.

Пасля з цяжкімі баямі ішлі наперад, на Варшаву, але горад тады вызваліць не змаглі. Як успамінае Іван Аляксандравіч, 17 дзён і начэй яны ляжалі і сядзелі на зямлі пад пастаяннымі абстрэламі ворага. Часам падымалі над галавой сапёрную рыдлёўку, якую ў той жа момант прабівала куля нямецкага снайпера. 13 жніўня Іван Аляксандравіч быў паранены ў нагу каля польскай вёскі Кура. Пасля ранення лячыўся ў шпіталі ў Рэчыцы, а затым зноў фронт — стралком-аўтаматчыкам у складзе 20-й гвардзейскай механізаванай брыгады 1-й танкавай арміі. 14 студзеня 1945 года прымаў удзел у наступленні на Сандамірскім плацдарме. Ваяваў ва Усходняй Прусіі, Памераніі, за выхад да Балтыйскага мора, удзельнічаў у баях на Зеелаўскіх вышынях, фарсіраваў раку Шпрэе, штурмаваў Берлін. Узнагароджаны баявымі медалямі «За вызваленне Варшавы», «За адвагу», «За ўзяцце Берліна».

Пасля вайны Іван Астапук служыў у цэнтральнай камендатуры Берліна, быў дэмабілізаваны толькі ў 1949 годзе. Вярнуўшыся ў родную вёску Высокае, працаваў рахункаводам у калгасе, паштальёнам. З 1954-га ён — настаўнік фізічнай культуры і працоўнага навучання Высокаўскай сямігадовай, потым васьмігадовай, базавай школы. З жонкай Хрысцінай Данілаўнай выхавалі чацвярых дзяцей. «Трэба жыць і рухацца»— такі дэвіз ветэрана. Невыпадкова ён і сёння ездзіць на ровары, коле дровы і з задавальненнем чытае газеты.

Прадзед

Пра свайго прадзеда — Героя Савецкага Саюза — напісала Дзіяна Свірыдзюк з Кобрына. Дарэчы, гарадская сярэдняя школа №2 носіць імя Уладзіміра Кірмановіча. Імя Героя прысвоена і адной з вуліц Кобрына.

«У 21 год Уладзімір Мікалаевіч быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, — піша праўнучка. — У адным з баёў быў паранены, але гэта не спыніла маладога адважнага байца. Пасля шпіталя Уладзімір Мікалаевіч зноў адправіўся на фронт. Быў камандзірам знішчальна-супрацьтанкавай батарэі 202-й танкавай брыгады 19-га танкавага корпуса 51-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. У адным з баёў яго батарэя знішчыла 6 варожых танкаў, вялікую колькасць нямецкіх салдат і афіцэраў. Ваяваў на Бранскім, Цэнтральным, Паўднёвым, 4-м Украінскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах, удзельнічаў у бітве на Курскай дузе, у баях за Прыбалтыку, вызваляў Украіну і Крым. За праяўленую мужнасць і гераізм у 1945 годзе Уладзімір Кірмановіч быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Пасля вайны прадзядуля скончыў авіяцыйнае аддзяленне Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ. Нёс службу ў радах Савецкай Арміі, выкладаў у розных навучальных установах. У 1974 годзе ў званні палкоўніка быў звольнены ў запас. Апошнія гады свайго жыцця Герой Савецкага Саюза са сваёй жонкай Еўдакіяй жылі ў Харкаве, што ва Украіне, і рэдка прыязджалі на радзіму».

Свайго прадзядулю-героя Дзіяна ніколі не бачыла: у 2001 годзе, калі яна нарадзілася, Уладзіміра Кірмановіча не стала.

Аднавясковец

«Наш герой» — так называюць ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрыя Войтава не толькі аднавяскоўцы-старажылы, але і навучэнцы Курманаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа, які знаходзіцца ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Школьнікі сабралі шмат матэрыялаў пра аднавяскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, пра вязняў, аднавілі імёны салдат, якія загінулі на палях баёў, імёны тых, хто пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Каменка. Пра ваенны лёс Дзмітрыя Войтава даведаліся і мы.

«Дзмітрый Фёдаравіч нарадзіўся ў сялянскай сям'і. У 19 гадоў быў прызваны ў Чырвоную Армію. У складзе сфарміраванай маршавай роты камсамолец накіраваўся ў бок Смаленска. Курс маладога байца прайшоў у стралковым палку ў Саратаве. Ваяваў пад Стараю Русаю на Пскоўшчыне, дзе быў упершыню паранены. Прымаў удзел у вызваленні Смаленска. Адзначыўся ў Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён».

Як разведчык, Дзмітрый Войтаў умеў хутка арыентавацца ў незвычайных абставінах, выкарыстоўваць набыты за час вайны вопыт, прыродную знаходлівасць, вылічваў агнявыя кропкі ворага, знянацку браў фашыстаў у палон. У адным з узнагародных лістоў запісана, што Дзмітрый Войтаў, разведчык 213-га гвардзейскага палка 71-й стралковай дывізіі, 22 сакавіка 1944 года ў раёне вёскі Глухаўка, выконваючы заданне камандавання па выяўленні агнявых сродкаў і сіл ворага, з групай разведчыкаў незаўважна падпоўз да траншэі ворага і першым уварваўся ў яе, знішчыўшы чатырох немцаў. У рукапашнай барацьбе быў паранены камандзір яго ўзвода. Пад моцным агнём Дзмітрый Фёдаравіч вынес цяжка параненага камандзіра, чым выратаваў таго ад смерці.

У чэрвені гэтага ж года старшына Войтаў з групай разведчыкаў прабраўся ў тыл ворага і разам з імі знішчыў пяцярых фашыстаў і аўтамашыну. Сярод забітых быў нямецкі палкоўнік, дакументы якога аказаліся вельмі важнымі. У лютым 1945 года Дзмітрый Войтаў зноў паказаў сябе сапраўдным героем: на ратным полі знішчыў дзве агнявыя кропкі, узяў у палон трох гітлераўцаў».

Аўтары ўпэўнены: усе подзвігі гэтага чалавека не пералічыць. Аб тым, якім быў салдат Перамогі, гавораць яго ўзнагароды. А пра тое, якім чалавекам быў Дзмітрый Фёдаравіч, узгадваюць яго аднавяскоўцы. Узгадваюць толькі добрым словам. І ганарацца ім, сваім героем.

Тата

У Галіны Шаўчэнкі з Мінска — свой герой. «Вайна жыве ўва мне, бо я дачка салдата, які адправіўся на яе добраахвотнікам і прайшоў цяжкімі дарогамі ад Каўказа да Берліна», — піша жанчына пра свайго бацьку Івана Шаўчэнку 1923 года нараджэння.

Іван Цітавіч, па яе словах, не вельмі любіў распавядаць пра вайну, затое з вялікім гонарам расказваў пра сваіх франтавых сяброў, згадваў пра акопную паўсядзённасць. Быў неаднойчы паранены і кантужаны. Лейтэнант Шаўчэнка ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, чытырма баявымі медалямі, адзначаны шматлікімі падзякамі.

«Калі мы, дзеці, хацелі даведацца за што, тата, пасміхаючыся, пераходзіў на аповед пра свайго брата Мікалая, радавога, які меў два медалі «За адвагу», ордэн Славы ІІІ ступені, ордэн Чырвонай Зоркі і шэраг медалёў. «У нас — казацкая костачка», — казаў тата, згадваючы свайго дзеда Емяльяна, узнагароджанага за балгарскую кампанію чатырма Георгіеўскімі крыжамі. Далей ішоў расповед пра казацтва і расказачванне, голад 1933 года на Кубані, адкуль ён быў родам. А таксама пра вернасць, адданасць, абавязак і веру... Пра арышт майго дзеда Ціта Емяльянавіча, які загінуў на будаўніцтве Беламорканала. Пра сіроцтва, пра паняцце «сын ворага народа»...»

...Здаецца, зусім непадобныя адна на адну гісторыі. Абсалютна розныя людзі. Аднак усе яны — героі. Героі вялікай дзяржавы, пэўнай мясцовасці, канкрэтнай сям'і. Многіх ужо няма на гэтым свеце, аднак памяць пра іх засталася. Усе яны — без выключэння — гэтага заслугоўваюць.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».