Вы тут

Мая беларуская кніга. З чаго пачаць?


Не так даўно выдавецтва «Попурри» прадставіла серыю «Мая беларуская кніга».
Яе склалі 25 тамоў, напісаных класікамі беларускай літаратуры,
і зборнік казак і паданняў. На прэзентацыі прагучала пытанне: «А з чаго пачаць? Што найлепшае?»

Без имени-3

Пытанне, на мой погляд, вельмі цікавае, бо добра адлюстроўвае сённяшнюю сітуацыю — у нашай краіне не так многа людзей, якія добра ведаюць нацыянальную класіку. З аднаго боку, кожны беларус чуў імёны Купалы, Коласа, Багдановіча. З другога — мала хто можа адказаць на пытанне: «А якія з іх твораў вам падабаюцца?» Узнікае ўражанне, што сваё беларускае не чытаецца, бо нечытэльнае — няякаснае, нецікавае, незразумелае. І пісьменнікі нашы не творцы, а выключна песняры «касы ды сахі».

Між тым, мы, як правіла, вельмі мала ведаем пра сваю літаратуру і сваіх літаратараў. Нават пра тых, чые творы, здавалася б, вывучалі ў школе. Ці многія ведаюць, што пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, аўтар «Пінскай шляхты», неаднойчы быў пад судом і нават сядзеў у турме на Валадарцы ў 1835 годзе? Гэты драматург быў вельмі папулярнай асобай Мінска сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Аднак не толькі яго тэатральная дзейнасць — а ён быў яшчэ і выдатным акцёрам! — прынесла яму вядомасць, але і авантурны характар. Так, ён неаднойчы абвінавачваўся ў падробцы дакументаў аб дваранскім паходжанні, для вытворчасці якіх быццам бы выкарыстоўваў паперу, штучна састараную з дапамогай тытуню і кавы, а таксама свой талент каліграфа. Не менш цікавая і гісторыя пра тое, як нейкі багаты вораг з помсты заказаў у мінскіх цэрквах пахавальны звон па жывым пісьменніку. Нават жаніўся Дунін-Марцінкевіч з прыгодамі! Нядаўна архівіст Зміцер Дрозд знайшоў дакументы, якія сведчаць пра тое, што сваю зусім юную нявесту пісьменнік выкраў, насуперак волі яе бацькоў, таемна павянчаўся з ёю, а пасля таго, як яе змясцілі ў манастыр па заяве бацькоў, выйграў справу аб выкраданні і ажаніўся з ёю наноў. Прыгоды, вартыя мастацкага фільма!

Не менш цікавым чалавекам быў і Янка Маўр, якога называлі беларускім Жулем Вернам. Мала хто сёння ведае, што, акрамя добра вядомых старэйшаму пакаленню «Палескіх рабінзонаў» і «ТВТ», гэты аўтар напісаў шмат прыгодніцкіх і навукова-фантастычных твораў, якія, між іншым, актыўна перакладаліся за мяжой. Адны іх назвы чаго вартыя! «Вандраванне па Зорку», «Аповесць будучых дзён», аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага»... Не толькі ў творчасці, але і ў жыцці гэты пісьменнік быў вялікім арыгіналам. Вядома, што для таго, каб лепш уяўляць сабе далёкія заморскія краіны, пісьменнік паставіў пісьмовы стол на мастках над Свіслаччу і пісаў, звесіўшы ногі ў ваду. А для напісання кнігі «Амок» Янка Маўр збіраў інфармацыю, выкарыстоўваючы сваё веданне штучнай мовы эсперанта. Але самым неверагодным з таго, што давялося пра яго прачытаць, выглядае наступны факт: дзіцячы пісьменнік і адначасова школьны настаўнік захапляўся спірытызмам пры дапамозе сподачка і стала з алфавітам! Як пішуць, у яго было нават два сшыткі, куды ён запісваў вынікі спірытычных сеансаў, але ў 1938 годзе ён іх спаліў. Эх, многае аддала б за тое, каб у іх зазірнуць! Наогул, жыццё Янкі Маўра (Івана Фёдарава) настолькі цікавае і змястоўнае, дзіўна, што ніхто яшчэ не напісаў яго біяграфію ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», бо відавочна, гэты пісьменнік быў з кагорты тых, якія апярэджваюць свой час.

Поўнай супрацьлегласцю адказнаму родапачынальніку фантастычнага жанру быў лірычны Міхась Стральцоў. Паэт, празаік, літаратуразнаўца... Ён нарадзіўся ў вёсцы, аднак для тых, хто яго ведаў, быў увасабленнем арыстакратызму і багемнасці. Багемны лад жыцця ўрэшце яго і згубіў, хоць у памяці сваіх равеснікаў ён застаўся прыгажуном, эталонам элегантнасці, любімцам жанчын. Цікава, што пісаў гэты аўтар пра тыповага беларуса, «сена на асфальце», які быў ужо не вяскоўцам, але і не да канца гараджанінам. Аднак сама яго творчая манера была вельмі сучаснай, па-еўрапейску рэфлексіўнай. Дастаткова адкрыць яго сапраўды геніяльнае апавяданне «Смаленне вепрука», каб зразумець, што перад намі пісьменнік, чые творы доўга не страцяць актуальнасці — столькі ў іх высакароднай тонкасці, мастакоўскай назіральнасці, пранізлівай глыбіні. Зноў жа менавіта ён па-сапраўднаму адкрыў беларускаму чытачу другога выбітнога лірыка — Максіма Багдановіча, пра якога Стральцоў напісаў неверагоднае эсэ «Загадка Багдановіча», дзе разважае не толькі пра творчасць свайго папярэдніка, пра яго лёс, узаемаадносіны з бацькам, але і пра прыроду самога літаратурнага мастацтва.

Такім жа гарадскім фацэтам, выкшталцоным кавалерам, на якога не магчыма было не звярнуць увагу, быў і Уладзімір Караткевіч. Гісторык, пісьменнік, паэт, але да ўсяго і аматар сяброўскіх пасядзелак, выдатны апавядальнік, любіцель вясёлых розыгрышаў, ад якіх часта цярпелі пазбаўленыя гумару паплечнікі. Мала хто ведае, што аўтар культавых твораў «Чорны замак Альшанскі» і «Дзікае паляванне караля Стаха» да ўсяго быў і выдатным малявальшчыкам, чый талент праяўляўся нават у такім складаным жанры, як комікс. Пра жарты Караткевіча многа пісалі яго сябры. А вось якім быў Караткевіч у стасунках з жанчынамі, выдатна напісаў Дзяніс Марціновіч у сваёй кнізе «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча», з якой можна даведацца, каму быў прысвечаны першы зборнік паэта «Матчына душа», ці існаваў працяг рамана «Каласы пад сярпом тваім», хто і чаму называў чачэнскую паэтэсу Раісу Ахматаву жонкай пісьменніка і што звязвала Караткевіча з арганізатарам знакамітай выставы авангарднага мастацтва ў Манежы ў 1962 годзе.

Як бачым, што ні лёс, то прыгода! І гэта толькі пісьменнікі, чые імёны на слыху!

А ёсць жа яшчэ і тыя, пра якіх не кожны беларус чуў. Напрыклад, Саламея Пільштынова, аўтарка кнігі «Авантуры майго жыцця», якая не толькі стала знакамітай лекаркай без медыцынскай адукацыі, але і практыкавала пры дварах турэцкага султана, расійскага імператара і беларускіх магнатаў Радзівілаў і Сангушкаў. У Вене яна лячыла членаў турэцкага пасольства, у Стамбуле — жанчын гарэма. Сярод самых вядомых яе пацыентаў быў трансільванскі князь Ёжэф Ракоцкі, галоўны прэтэндэнт на венгерскі прастол. Пасля смерці мужа гэтая доктарка і пісьменніца траціла грошы на вандроўкі і выкуп палонных. Дзе скончылася яе поўнае дзівосных прыгод жыццё, невядома. У 1760 годзе Пільштынова адправілася са Стамбула ў Святую Зямлю, і далейшы лёс яе для нас — таямніца. Аднак засталіся яе неверагодныя «Авантуры», якія не толькі адкрываюць малавядомае шырокаму колу чытачоў пісьменніцкае імя, але і мала даследаваную старонку нацыянальнай гісторыі.

Дык з чаго ж пачаць чытанне? Якая ж кніга найлепшая, які аўтар самы цікавы? Адказ, здаецца, відавочны. Пачынайце з таго, пра што раней не ведалі. Не бойцеся не правераных школьным падручнікам імёнаў. Беларуская літаратура — багатая на сюрпрызы, асабліва тады, калі адносіцца да яе без насцярогі і з цікавасцю.

Ганна КІСЛІЦЫНА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.