Не ўсё добрае добра


У 60-я гады мінулага стагоддзя працаваў я ў адным з нашых навукова-даследчых інстытутаў, не начальнікам, на жаль, а, хутчэй, наадварот — «старшым куды пашлюць». У той раз — а было гэта дзён за дзесяць да першамайскіх свят — мой начальнік сказаў:

— Тэрміновая камандзіроўка ў Маскву, на тыдзень... Паедзеце ўдваіх з Валодзем.

Загады начальства, як вядома, не абмяркоўваюцца: у Маскву — дык у Маскву, на тыдзень — дык на тыдзень.

У той жа вечар мы з Валодзем селі ў цягнік, каб раніцай быць на месцы. Мой калега, на шчасце, меў знаёмых у горадзе... Да іх, у інтэрнат, мы і падсяліліся, бо атэль у Маскве быў недасяжнай марай...

А далей пачаліся будні: у першай палове дня мы выконвалі даручэнні дырэкцыі інстытута, у другой — гулялі па горадзе, хадзілі па крамах. У Маскве тады шмат дэфіцыту было. А ўжо розных спакус... У дзень прыезду мы за 2 капейкі купілі газету «Вечерняя Москва» і ўбачылі там абвестку, што ў чацвер на Краснай плошчы адбудзецца рэпетыцыя парада фізкультурнікаў.

Вядома ж, нам хацелася б пабачыць сам парад, але 1 мая мы ўжо будзем у Мінску... Значыць, трэба, падумалі, хоць на рэпетыцыю трапіць.

І вось у той чацвер, надвячоркам, падыходзім да плошчы з боку Аляксандраўскага саду. Спыняемся, бо далей дарогу перакрывае металічная агароджа і кардон міліцыі — некага яна прапускае, некага не. А ззаду ж напірае натоўп... Страшная, скажу вам, сіла!

Нейкім чынам яна разлучае нас, «нясе» Валодзю на славутую плошчу, а вось мяне, на жаль, некуды ўбок, і я потым, як ні кружляю, трапіць туды не магу.

Шкадую страшэнна, бо там грыміць музыка, там, сённяшняй мовай кажучы, тусуецца моладзь, а я, што называецца, у пралёце...

Што тут будзеш рабіць: пахадзіў па горадзе, павароніў ды вярнуўся ў інтэрнат.

Валодзю чакаў з нецярпеннем і досыць доўга.

Гадзін у 11 вечара ён з'явіўся.

— Ну як рэпетыцыя, — спытаў я, — табе спадабалася? Цікава было?

— Ат, — толькі махнуў рукою калега.

А далей высветлілася, што ніякіх гледачоў за тым міліцэйскім кардонам не было: толькі фізкультурнікі. Таму Валодзя адразу ж пачаў прасіцца назад, пачаў тлумачыць, што ён ніякі не спартсмен, а тым больш не ўдзельнік парада.

Можна падумаць, што яго нехта слухаў... Не! Міліцыя не ўсіх на плошчу пускала, а з яе і наогул не выпускала нікога. Да таго ж хутка паступіла каманда ўсім пастроіцца, і Валодзю са словамі «У нас чалавека не хапае... Стань тут!» пацягнулі ў нейкую шарэнгу.

Ён, бедны, стаў, узяў у рукі сцяжкі і з імі, пад музыку гадзіны дзве маршыраваў па плошчы...

Пасля гэтага расповеду я доўга смяяўся і доўга яшчэ радаваўся, што на рэпетыцыю парада не трапіў. Бо яно ж, згадзіцеся, не ўсё добрае добра. І не ўсё дрэннае дрэнна.

П.І. Браток,

г. Мінск.

І да булавы трэба галавы

Гэтую гісторыю мне расказаў мой калега. Цікавы ён быў тым, што кожны год вырошчваў індыкоў. Казаў, што гэта выгадная справа, бо мяса ў іх вельмі смачнае, карыснае, да таго ж дарагое...

А ўсё, на мой погляд, таму, што гадаваць гэтую птушку не ўсякі зможа: дужа далікатная — асабліва малая.

Іванавіч, праўда, быў спецыялістам (мы з ім ветэрынары), а потым з гадамі назапашваўся досвед... Так што ўсё ў яго атрымлівалася. Праўда, не заўжды.

У прыватнасці, у той злашчасны дзень яны з жонкай спакойна пайшлі на працу, а калі вярнуліся дамоў, ледзьве не памлелі: усіх індычанят — і ўжо ладных, падгадаваных — перадушыў суседскі Жулік. Сабака ў поўным сэнсе гэтага слова! Сарваўся з прывязі, нейкім чынам залез у двор...

Гаспадыня, убачыўшы гэта, схапілася за сэрца, гаспадар пайшоў да суседа высвятляць адносіны (гэта раней яны па-людску жылі: дапамагалі адзін аднаму, яшчэ і па чарцы бралі, а зараз...).

Галоўнае — абодва разумелі: гэта недарэчнасць, выпадак, вінаваты сабака. А з іншага боку, страта якая! І крыўда...

Пра гэта яны пагаварылі на двары ў суседа, потым той сусед (уладальнік сабакі і, дарэчы, добры паляўнічы) з пляшкай прыйшоў да «індыкавода».

З гора выпілі — кшталту міравой (і адной бутэлькай не абмежаваліся), зноў пагаварылі аб набалелым. Гэта значыць, аб тым, колькі працы і часу ўкладзена ў тых індыкоў, якім не лёс быў вырасці...

І да чаго дагаварыліся (ці дапіліся)? Да таго, што сабаку трэба... застрэліць, бо ён, па-першае, на гэтым не спыніцца — будзе душыць і іншых птушак, а па-другое, стары ён ужо, трэба разумець, здурнеў, калі за такое ўзяўся... Ды і, наогул, ад яго аніякай карысці...

Мужыкі сказалі — мужыкі зрабілі. Гэта значыць, узялі стрэльбы і вялікі «кубінскі» мех (раней былі такія), пасадзілі ў яго сабаку, занеслі ў лес...

Стралялі абодва.

Потым мех той закідалі ламаччам, прыйшлі дамоў і палеглі спаць.

...Прачыналіся назаўтра цяжка. Абодвум балелі галовы, абодвум было сорамна за сябе і шкада сабаку. Але... Што зроблена, тое зроблена і назад не адкруціш.

А зрэшты...

Нейкага дня — яны абодва дома былі — даносіцца з вуліцы шум: жанчыны войкаюць, божкаюць, дзеці пішчаць... З чаго б гэта? Высунуліся паглядзець і ў абодвух вочы на лоб: «мех» на вуліцы — не тое сунецца, не тое коціцца... А галоўнае — той самы, «кубінскі»!

У мужыкоў дзе толькі спрыт узяўся — куляй падляцелі да мяшка, дрыжачымі рукамі развязвалі тасёмку, а ўжо як потым абдымаліся з сабакам — жанкі зайздросцілі!

...Вось такая была гісторыя. І скончыць яе можна тым, што Жулік, нягледзячы на старасць і перанесены стрэс, жыў пасля яшчэ доўга. А можа, і цяпер жыве? Гэтага я не ведаю.

Соф'я Курцін,

г.п. Лыптуны,

Пастаўскі раён.

Дзедава навука

Наднёманская вёска Купіск у далёкія 30-я гады мінулага стагоддзя, за польскім часам, як той казаў, складалася з трох частак: Вялікі (Велькі) Купіск і Любецкі — хаты ў два рады, а паміж імі і ў адзін — Паргавічы, або Казённае сяло, дзе пасяліліся манастырскія ў мінулым сяляне з Лаўрышава.

Дамоў усіх разам было больш за 200. Людзі жылі розных веравызнанняў (хаваліся на трох могілках), а пры жыцці на чужых і сваіх не дзяліліся: адно аднаму спагадалі, адно аднаму дапамагалі. Жылі не сказаць каб багата, не сказаць каб бедна: валодалі ў сярэднім трыма гектарамі ворнай зямлі, крыху болей мелі сенакосу на ўскрайку Налібоцкай пушчы.

Зрэшты, збожжа ды жывёла былі тады не ў цане, а вось усё крамнае каштавала вельмі дорага.

Купіскіх жыхароў кармілі ў асноўным пушча і Нёман. Зімой мужчыны ездзілі ў «таварнікі» — звозілі лес на рум, каб вясной плытнікі з Мікалаеўшчыны і Сіняўскай Слабады вязалі плыты. Цікава было чуць, як яны крычалі: «Закідай шырыгу! Дзяржы набарбару!» А далей разводзіўся плывучы мост і плыты ішлі па цячэнні...

Акрамя гэтага заробку, амаль кожны гаспадар у вёсцы быў здольны да якой-небудзь справы: былі свае бондары, свае цесляры і сталяры, свае кавалі. Мой бацька, напрыклад, вельмі прыгожа крыў дахі саломай, для кавалёў рабіў з дрэва вугаль. Хтосьці меў конную малатарню — дапамагаў сялянам абмалочваць збожжа...

Але ж распавесці мне хочацца пра зусім адметнага дзеда — Амяльяна Чэрніка. Ён, па-першае, быў вельмі добры каваль: вырабляў адмысловыя плугі, сярпы ды іншы сялянскі рыштунак. Ён жа меў сваю крамку, дзе прадавалася ўся патрэбная драбяза: іголкі, запалкі, пернікі, піва, цукеркі... Дарэчы, па гэтыя тавары крамнік ездзіў за 30 вёрст у Наваградак. І тады яго вяртання чакалі ўсе дзеці з акругі, бо дзед быў чалавекам шчодрым, добрым і па дарозе ўсіх частаваў. У выніку цукерак у краму прывозіў толькі палову...

Але ж у памяці не толькі гэта. Самым галоўным заняткам дзеда Амяльяна былі пчолы. І калі ён браўся выкачваць мёд... Божухна, якое свята пачыналася ў купіскай дзятвы! Малыя — кожны са сваім кубачкам, місачкай, хлебам — збягаліся з усёй вёскі!

Дзед ставіў вядро вады, наліваў у міскі духмянага мёду (крыху з вашчынай) і есці дазваляў «ад пуза» — колькі хочаш! Адзінае — заўжды і досыць строга папярэджваў: «Ешце, дзеткі, але ж правярайце, каб мёд не пацёк праз пупкі. Тады ўсё — кідайце, бо жывоцікі будуць балець!»

І вось ужо лета! І вось тое свята! Дзеці налятаюць на мёд! Ядуць, вадой запіваць і, вядома ж, памятаюць дзедава настаўленне — мацаюць пупкі праз сукеначкі ды кашулькі сваімі «салодкімі» ручкамі. Адзін раз памацаюць, другі... Адзежа, на жывоціках, як бачыш, брудная! Значыць што? Ну вядома ж — мёд пацёк!

...Часта цяпер чуюцца спрэчкі пра тое, колькі вады трэба піць, колькі мёду есці. Нехта кажа, што ў дзень не больш як сталовую лыжку, нехта — што дзве ці нават ад пуза.

А на мой погляд, не маюць рацыі ні першыя, ні другія, ні трэція. Мёд трэба есці (дзед Амяльян вучыў!), пакуль не пацячэ праз пуп. Так што пазірайце... Ці мацайце.

Надзея Раманчык,

в. Падбор'е,

Навагрудскі раён.

Рубрыку вядзе
Валянціна Доўнар.

Ад яе ж... Розныя лісты ў нашай пошце, розныя і гісторыі. У прыватнасці, пры апошняй — ад спадарыні Надзеі Дзмітрыеўны Раманчык — кароткая прыпіска пра тое, што падабаецца газета, падабаецца рубрыка «Алё, народ на провадзе!» І далей (даслоўна): «Даўно мне карцела расказаць пра вёску Купіск, пра дзеда Амяльяна, карцела апісаць тое частаванне мёдам. Але не хапала то цярпення, то смеласці... Зараз вось дасылаю, можа, спатрэбіцца?»

Гэта, згадзіцеся, дзіўнае пытанне, бо расповед пра такую вёску і пра такога цікавага дзеда проста не можа не спатрэбіцца.

А таму ўсім, хто пакуль толькі чытае нашы «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі», у чарговы раз скажам сваё настойлівае: «Пішыце!» Не трэба адкладваць. А ўжо баяцца — і пагатоў!

Шчыры дзякуй! Загадзя.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».