Вы тут

Мегаполіс памерам з краіну


У Кітаі з'явіцца горад з насельніцтвам 130 мільёнаў чалавек.

Гэты неверагодны па памерах мегаполіс будзе створаны шляхам злучэння Пекіна з дзвюма суседнімі правінцыямі. Горад, насельніцтва якога будзе параўнальна, напрыклад, з колькасцю жыхароў такой краіны, як Расія, ужо будуецца.

[caption id="attachment_94888" align="alignnone" width="600"]Шан­хай — ад­на з перс­пек­тыў­ных пля­цо­вак для рэа­лі­за­цыі ме­гап­ра­ек­таў Шан­хай — ад­на з перс­пек­тыў­ных пля­цо­вак для рэа­лі­за­цыі ме­гап­ра­ек­таў.[/caption]

Маштабны пераезд

...Станцыя метро Haojіafu, усяго ў гадзіне язды ад Пекіна пакуль блішчыць крыштальнай чысцінёй. На светла-шэрай платформе, выкладзенай новенькай пліткай, рэдка можна ўбачыць пасажыра. Гэтая станцыя пакуль вядзе ў нікуды. Вакол палеткі і пасвяцца статкі. Толькі шасціпалосная шаша, што перасякае вясковую ідылію, ды бліскучы вестыбюль метро нагадваюць пра будучыню гэтых мясцін.

Урадавыя і адміністрацыйныя будынкі павінны пераехаць з цэнтра Пекіна сюды. Кітайскія ўлады плануюць перасяліць дзясяткі тысяч чыноўнікаў ва ўсходні раён гарадскога падначалення Тунчжоу. Міністэрствы, універсітэты, бальніцы таксама пераселяцца ў гэтую, пакуль сельскую, мясцовасць. Як паведаміў член Палітбюро Камуністычнай партыі Кітая Го Цзіньлун, пераезд пачнецца ў 2017-м.

Шмат гадоў урад Кітая спрабаваў зменшыць памеры cталіцы, якая імкліва разрасталася. Зараз жа прапанаваны новы план, у адпаведнасці з якім Пекін стане цэнтрам новага велізарнага аб'яднанага горада. Гэта павінна дапамагчы разгрузіць цэнтр мегаполіса, спыніць негатыўны ўплыў на яго гістарычную частку і палепшыць экалагічнае становішча. Але, што не менш важна, стварэнне такога гіганта прастымулюе далейшую ўрбанізацыю Кітая. Гэты праект — частка плана Старшыні КНР Сі Цзіньпіна па развіцці рэгіёна, які атрымаў назву «Цзін-Цзінь-Цзі». Першы іерогліф абазначае «сталіца», другі ўзяты ад назвы горад Цяньцзінь, трэці — старая назва правінцыі Хэбэй. Мэта праекта — пазбегнуць хаатычнага развіцця шляхам усталявання дакладна скаардынаваных гарадскіх зон і калідораў. Нешта падобнае ўрад хоча бачыць і ў іншых частках краіны.

Цягам некалькіх дзесяцігоддзяў перанос кабінетаў чыноўнікаў з Пекіна быў табуяванай тэмай. У 1950-я гады архітэктар і ўрбаніст Лян Сычэн прапанаваў пабудаваць адміністрацыйны цэнтр па-за межамі сталіцы. Тады ідэя не спадабалася Мао Цзэдуну, які назваў яе контррэвалюцыйнай. Наадварот, дзяржаўныя міністэрствы і муніцыпальную адміністрацыю размясцілі ў старой частцы горада — у палацах і парках. Аднак з часам гэта нанесла адчувальную шкоду гістарычным будынкам. План па пераносе існуе ўжо шмат гадоў, але толькі Сі Цзіньпін змог прымусіць чыноўнікаў усё ж пачаць гэты працэс.

Кожнай частцы новага мегагорада нададуць вызначаную функцыю. Пекін застанецца яго сэрцам. Ён будзе адказны за навуку і культуру. Горад-порт Цяньцзінь, дзе цяпер размешчаны асноўныя высокатэхналагічныя вытворчасці, што працуюць на экспарт, будзе займацца тэхналагічнымі даследаваннямі. Роля Хэбэя пакуль не вызначана, але, верагодна, там будуць размяшчацца невялікія вытворчасці і асноўныя жылыя кварталы. Галоўная мэта стварэння «Цзін-Цзінь-Цзі» — скараціць колькасць вытворчасцей, якія дамінуюць у Пекіне і іншых буйных гарадскіх цэнтрах. Сетка хуткасных цягнікоў павінна звязаць розныя часткі горада, і час падарожжа ад аднаго да другога субцэнтра складзе не больш за адну гадзіну. Зараз жа многім даводзіцца дабірацца на працу са спальных прыгарадаў у цэнтр Пекіна па пяць гадзін і больш.

Як будзе надалей развівацца гэты маштабны праект, пакуль сказаць складана. Але кітайскія эканамісты вельмі аптымістычныя ў ацэнках і прагназуюць, што новы мегаполіс будзе квітнець. Адно можна сказаць дакладна ўжо цяпер — усё гэта прывядзе да залатой ліхаманкі нерухомасці ў вызначаных трох рэгіёнах. Ужо цяпер цэны на нерухомасць у Цяньцзіні пайшлі ў рост...

[caption id="attachment_94889" align="alignnone" width="600"]Цэ­ны на не­ру­хо­масць ужо пай­шлі ў рост. Цэ­ны на не­ру­хо­масць ужо пай­шлі ў рост.[/caption]

У дэльце Жамчужнай

У Паднябеснай самая вялікая колькасць насельніцтва сярод усіх краін свету, і, натуральна, тут найбольш гарадоў-мільённікаў. Вядома, у самай шматнаселенай краіне планеты павінен быць і самы вялікі на планеце населены пункт. Цяпер самым-самым горадам свету лічыцца агламерацыя ў дэльце ракі Чжуцзян (Жамчужная), якая ўпадае ў Паўднёва-Кітайскае мора ў раёне Гуанчжоу. Яна складаецца з 9 гарадоў-мільянераў і некалькіх дзясяткаў меншых гарадоў. Колькасць жыхароў горада, які так і завуць — Дэльта ракі Жамчужная (ДРЖ), ужо цяпер складае 42 мільёны чалавек і перавышае насельніцтва такіх краін, як Аргенціна (41 млн), Канада (35 млн) ці Аўстралія (23 млн). Гэтая велізарная колькасць людзей жыве на тэрыторыі плошчай каля 7 тыс. кв. км. Для параўнання: плошча Масквы складае 2,5 тысячы кв. км.

Да 2030 года, спадзяюцца ва ўрадзе Кітая, насельніцтва ДРЖ павялічыцца ўдвая і складзе прыкладна 80 млн чалавек. Дэльта ракі Жамчужная ўзнікла як адзіны сельскагаспадарчы раён у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Паступовая ўрбанізацыя пачалася ў першай палове дзевяностых гадоў, калі ў дэльту пачалі перабірацца буйныя кампаніі і прадпрыемствы з многімі тысячамі працоўных. З 2003 года пачалося хуткае ператварэнне агламерацыі ў велізарны мегагорад.

Электрастанцыя ў пустыні Гобі

Глабальны падыход у Паднябеснай прымяняецца не толькі ў дачыненні да ўласна ўрбанізацыі. Напрыклад, у Пекіне абвясцілі пра пачатак будаўніцтва самай вялікай на планеце сонечнай электрастанцыі. Будоўля разгарнулася на тэрыторыі плошчай 25,5 кв. км у пустыні Гобі, правінцыя Цынхай, што непадалёк ад горада Голмуд. Праектная магутнасць электрастанцыі — 200 МВт. Гэта будзе не толькі самая вялікая сонечная электрастанцыя планеты, але і першая буйная электрастанцыя ў Кітаі, што не належыць дзяржаве. Будаўніцтва вядзе прыватная энергетычная кампанія Qіnghaі Solar-Thermal Power Group. Сонечная электрастанцыя ў Цынхаі будзе вежавага тыпу. У яе цэнтры будзе знаходзіцца высокая вежа вышынёй 20-30 метраў з рэзервуарам з вадой на вяршыні. Ён будзе выфарбаваны ў чорны колер для паглынання сонечных прамянёў.

Помпавая станцыя ў вежы будзе дастаўляць пару на турбагенератар. На некаторай адлегласці ад вежы размесцяцца геліястаты, люстэркі плошчай некалькі квадратных метраў. Адлюстраваныя ад іх сонечныя прамяні трапяць на ваду, якая будзе награвацца. Дарэчы, электрастанцыя такой жа магутнасці, што працуе на вугалі, будзе спальваць 4,26 млн тон вугалю ў год. Пры яго згаранні ўтвараецца каля 900 тысяч тон двухвокісу вугляроду і 8080 тон двухвокісу серы.

Дарэчы, Кітай, які апошнія гады жорстка крытыкуюць за забруджванне атмасферы планеты, прыкладае сур'ёзныя намаганні па абароне навакольнага асяроддзя. Дастаткова сказаць, што ў параўнанні з 2005 годам аб'ём экалагічна чыстай сонечнай энергіі, што выпрацоўваецца ў КНР, летась вырас больш чым у 400 разоў — да 28 ГВт. У планах давесці гэтую лічбу да 2020 года да 100 ГВт.

[caption id="attachment_94890" align="alignnone" width="600"]У пус­ты­ні Го­бі ўзвя­дуць са­мую вя­лі­кую ў све­це со­неч­ную элект­ра­стан­цыю. У пус­ты­ні Го­бі ўзвя­дуць са­мую вя­лі­кую ў све­це со­неч­ную элект­ра­стан­цыю.[/caption]

Шанхай з прыстаўкай «мега»

У лістападзе мінулага года ўплывовая Камісія па рэформах і развіцці ўхваліла план па рэалізацыі ў Кітаі 21 вельмі буйнога праекта з агульным каштарысам у 115 млрд долараў. У яго ўваходзіць будаўніцтва высакахуткасных чыгунак, ультрасучасных і вельмі вялікіх аэрапортаў і многае іншае.

Адной з найбольш перспектыўных пляцовак, дзе ажыццяўляюцца шматлікія мегапраекты, стаў Шанхай. Камерцыйная сталіца Паднябеснай, мегаполіс з 25-мільённым насельніцтвам, у якім вельмі многае мае прыстаўку «мега»: аэрапорты і вакзалы, метро, водаправод, энергетыка і г.д. Цяпер тут узвялі суперхмарачос Шанхай Таўэр, кошт якога складае 2,4 млрд долараў. Па сваёй вышыні (632 метры) гэта адзін з самых высокіх будынкаў планеты.

На ўсход ад суперхмарачоса поўным ходам ідзе будаўніцтва гіганцкага Шанхайскага дыснейлэнда. Гэты велізарны парк забаваў агульнай плошчай без малога квадратны кіламетр павінен быць здадзены ў наступным годзе.

Захар БУРАК

litvinov@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?