Вы тут

Ах, каханне...


«Сваты! Сваты да Насці едуць! — беглі з вясёлым гіканнем па вуліцы хлопчыкі, — сваты!..»

У вёсцы кожная дробязь — падзея. А ўжо сватанне — амаль «сусветная рэвалюцыя»...

Гэтая вестка ўзрушыла вёску. Настрой узняўся — як быццам сваты ехалі не да Насці, а асабіста ў дом да кожнага...

Бабы гліняныя чыгуны пакідалі:

— Да Насці сваты?.. Калі?..

— Ды ў суботу!!!

Увечары ўся вёска на лаўкі, як гарох, высыпала — ад старога да малога. Думаюць-разважаюць... Паўспаміналі ўвесь радавод Насці, яе бацькоў-нябожчыкаў...

Насця — дзяўчына добрая, станоўчая. Характарам спакойная — у бацьку. Працаваць умела. Бацькі яе неяк рана памерлі. Засталася жыць у іх доме. Але неўзабаве да яе старэйшая сястра Фядора з дзецьмі перабралася. У той свая хата была. Ды рамонт у ёй патрабаваўся. Вось яна нахрапам у Насціну і ўлезла. А дзяцей у гэтай сястры — малы малога меншы... Дык Насця там і за няньку, і за хатнюю прыслужніцу. Сама Фядора сваіх дзяцей не вельмі глядзела — «на гулі» яе цягнула, неўтаймоўную. Мужыкі ў яе ўсё больш «транзітныя» былі. І заставалася яна пасля чарговай «любові» адна і з чарговым малалетнім дзіцем на руках... А ціхая Насця моўчкі і цярпліва вяла гаспадарку, глядзела дзяцей, ды гаспадыняй ва ўласным доме не лічылася.

Затое мелася ў Насці свая аддуха — песні... Голас у яе быў незвычайнай прыгажосці. Моцны, зычны. На адным канцы вёскі заспявае, а на другім кветкі зацвітаюць... На ўсіх дзявочых вячорках яна запявалай была. Вось тут і смеласць аднекуль бралася, і прыгажосць яе раскрывалася. І свяцілася Насця знутры, быццам лямпачку ў ёй запальвалі.

Вось да гэтай Насці і пасватаўся Мішка з суседняй вёскі. Пахадзіў да яе, пахадзіў. На лаўцы, як належыць, пасядзелі. Зоркі на небе палічылі, і сказаў ёй: «Збірай, Насця, радню — у суботу сваты прыедуць!»

Насця ад шчасця на сёмае неба ўзляцела! Пяшчоты яна няшмат бачыла ў жыцці. А тут перад ёй цэлая карціна будучага жыцця адкрылася! І Мішка — хлопец самавіты. І дом, нарэшце, свой можна пабудаваць, і дзетак нараджаць.

Назаўтра Фядора гэтую навіну радні аж у суседніх вёсках паведаміла. Не глядзі, што шалапутная, а за сястру, відаць, ад усяго сэрца ўзрадавалася — хай і на яе вуліцы свята будзе!

Да сватоў рыхтаваліся як след. Сяброўкі Насціны некалькі дзён кухарылі-стараліся. Дзятва на плоце, босымі нагамі буксуючы, цэлымі днямі цяпер дзяжурыла — ім печаных ласункаў увесь час «падсыпалі». Радаваліся і старэйшыя хлопцы. Ведалі, па няпісаным законе і ім «чакушка» дастанецца!..

У суботу пасля абеду радня з суседніх вёсак падцягвацца пачала. Вуліца неяк прыбралася і павесялела. Выслалі «дазор» з тых, хто маладзейшы, на ўскраіну, каб паведамілі: калі?..

Народ сядзеў на лаўках і на прызбах. Дзень быў прыгожы. Здавалася, нават птушкі, кінуўшы чысціць пёры на правадах, з цікаўнасцю разглядалі прысутных.

Да вечара ў двары ўжо заспявалі... Пахаладала. Вярнулася з «дазору» малышня. З варот раз-пораз выходзілі запрошаныя, нецярпліва пазіраючы ў канец вуліцы. І чым глыбей садзіўся вечар на хаты, тым мацней наспявала адчуванне трывогі.

Фядора, усхваляваная больш за іншых, агародамі пабегла да швагры жаніха. Удваіх яны праз поле кінуліся ў суседнюю вёску.

Мішка ляжаў на канапе. Гультаяватыя мухі круціліся вакол цьмянай лямпы. Побач важдалася маці. Укладваўся спаць бацька. Дзверы расчыніліся, на парозе ўзніклі швагер і задыханая Фядора.

— Дык, Мішка, што гэта? Што здарылася?! — з трывогай выдыхнула яна.

Мішка пераглянуўся з бацькам і пытанне Фядоры адзінока павісла ў напружаным паветры.

— Не пайду я, — нарэшце выцадзіў ён.

— Як гэта не пайду? — збянтэжылася Фядора. — Там жа людзі чакаюць! Сталы прыгатавалі, радня з суседніх вёсак прыехала!.. Ты што?!..

— Ды не пайду я і ўсё, — рэзка адсёк Мішка.

І тут... дзясятым жаночым нюхам сваім яна раптам здагадалася, што справа не ў Насці, а ў ёй, Фядоры. І што гэта з-за яе «біяграфіі» цяпер пад корань сякуць Насцін лёс. І Фядора, грубая і ўладная, амаль запрасілася:

— Ды ты чаго, Міша, ты не думай, я ж вам перашкаджаць не буду. Вы самі сабе... Хочаш — да сябе яе бяры, хочаш — дом рамантуйце.

Не вытрымаўшы яе погляду, Мішка адвярнуўся да сцяны. І ўжо разумеючы, што размова не мае сэнсу, яна яшчэ лепятала пра тое, што ён абяцаў... І пра гатовыя сталы, і пра людзей, якія «там чакаюць»...

У вёску вярнуліся за поўнач. Большая частка людзей разышлася. Астатнія стойка трымаліся, вырашыўшы даведацца праўду.

— Не прыйдзе ён, — упалым голасам паведаміла Фядора, — сказаў, што перадумаў...

У хаце павісла такая цішыня, што чуваць было рыпенне адчыненых дзвярэй... Ціха ўсхліпнула Насця, ускочыла і выбегла на вуліцу. Яна бегла праз агароды не чуючы ног, да канавы, у чарот, дзе ніхто не ўбачыць яе знявагі і болю. Толькі мама і тата, якія глядзяць зверху і нічым не могуць дапамагчы...

...Цэлае лета яна не выходзіла з двара. Праз год яе сасватаў удавец з траімі дзецьмі. Неяк познім восеньскім вечарам, калі ўжо ішлі зацяжныя вераснёўскія дажджы, Насця неўпрыкмет села да ўдаўца ў воз і паехала, знікнуўшы з нашай вёскі назаўжды...

А Мішка праз паўгода жаніўся. Але потым жонка яго за штосьці выгнала... Ніхто не ведаў, за што. Доўга ён халасцякаваў, дзеўкі ад яго чамусьці шарахаліся. А затым пайшоў у «прымакі» да адной дзяўчыны ў гадах. Жыў з ёй, потым яго паралізавала.

А Насцін удавец неяк рана памёр. Насця нарадзіла яму яшчэ дваіх дзяцей — да яго ранейшых траіх. І засталася потым адна з усёй гэтай плоймай.

І ўжо ва ўзросце, пасля ўсіх бед, на яе звалілася позняе нечаканае каханне... Пакахала Насця шафёра, жанатага. І, разумеючы ўсю немагчымасць гэтага кахання, яна часам выходзіла за вароты, садзілася на лаўку і спявала сваім выразным і прыгожым голасам. І ляцела яе песня над вёскай, бударажачы сэрцы маладых, што сядзелі на лавачках. І ніхто ўжо не смяяўся з яе, а ўсе маўчалі і слухалі:

« Ах, каханне ты, каханне, —

Куды ж ты падзелася?!

Мусіць, ты, маё каханне,

Над лесам разляцелася...»

Ларыса КАРАСІНА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.