Вы тут

Жылля будуецца больш


Пытанне з «праблемнымі» дамамі сёлета будзе закрыта.

«Кітайцы бязвыплатна збудуюць інтэрнат для нашых студэнтаў, а беларусы пазбавяцца ад усіх «праблемных» дамоў і перавыканаюць план па будаўніцтве жылля прыкладна на 100 тыс. м2», — зазначыў першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Кручанаў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што нельга рабіць усіх уласнікамі жылля.

8-25

— Асноўныя задачы будаўнічага комплексу зараз — стрымліваць рост кошту будаўніцтва і не дапускаць празмернасцей, улічваючы зніжэнне аб'ёму інвестыцый, каб дасягнуць суадносін якасці і кошту, — падкрэсліў намеснік міністра. — Работа гэтая вядзецца па ўсіх накірунках. Штогадовы эканамічны эфект ад укаранення ў вытворчасць завершаных распрацовак у галіне будаўніцтва складае не менш за 8 рублёў на 1 рубель выдаткаў на навуку. Уведзены 157 тэхнічных нарматыўна-прававых актаў (ТНПА), з якіх 75 — ідэнтычныя еўрапейскім, а 39 нашых будаўнічых матэрыялаў маюць маркіроўку Еўрапейскага саюза.

Жыллёвыя і арэндныя «метры»

Нягледзячы на змяншэнне аб'ёму інвестыцый, жыллёвае будаўніцтва ў гэтым годзе вядзецца хуткімі тэмпамі. За першае паўгоддзе ўзведзена 2 млн 747,8 тысячы м2 (або 68,7% замест запланаваных на гэты тэрмін 50%). Улічваючы такія тэмпы, да канца 2015-га замест запланаваных 4 млн м будзе збудавана 4 млн 110 тысяч. Лідзіруе ў гэтым сэнсе Брэсцкая вобласць, дзе ўжо зараз план жыллёвага будаўніцтва на гэты год выкананы на 102%.

57,4% ад задання на год (905 тысяч м2) збудавана з дзяржпадтрымкай, да канца года гэты паказчык плануецца давесці да 103,5%. Кошт квадратнага метра пры гэтым складае 6 млн 971 тысяча рублёў. Для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, узведзена 1 млн 115 тысяч м2. Адзін метр такога жылля каштуе зараз у сярэднім па рэспубліцы 7 млн 220 тысяч рублёў.

У 5,7 раза павялічыўся аб'ём будаўніцтва жылля па дзяржаўным заказе і склаў 325 тысяч м2. Тэмпы будаўніцтва арэнднага жылля таксама павышаюцца — за паўгода ўжо ўведзена 118 тысяч м2.

Упор — на эканомклас

— Пры гэтым мы вельмі абмежаваны ў аб'ёмах сродкаў крэдытавання. 6,1 млн інвестыцый распісаны па кожным доме канкрэтна, і ўсім даводзіцца ўпісвацца ў гэтыя сродкі, — дадаў Аляксандр Кручанаў. — На 2016 год зноў запланавана будаўніцтва 4 млн м2, з якіх 1 млн 580 тысяч — жыллё з дзяржпадтрымкай, на што, магчыма, будзе выдаткавана 7 трлн рублёў (пакуль бюджэт не сфарміраваны), так што паляпшэння ў інвестыцыйным кірунку пакуль не назіраецца.

У такіх умовах будаўнікі робяць упор на жыллё эканомкласа, узвядзеннем якога займаюцца домабудаўнічыя камбінаты, пра якія пойдзе гаворка ва ўказе №26. Гэтым прадпрыемствам прапануецца даць магчымасць набываць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва жылля грамадзянам, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, без удзелу ў конкурсе.

— Такім чынам мы і жыллёвае пытанне вырашым, і загрузім працай камбінаты, якія ў нас зараз мадэрнізаваны настолькі, што нават з-за мяжы прыязджаюць на іх паглядзець, — распавёў намеснік міністра.

На кантролі дзяржавы

Іншыя крыніцы фінансавання будаўніцтва жылля — іпатэка і выкарыстанне жыллёвых зберажэнняў грамадзян, якія павінны былі апрабавацца ў гэтым годзе, — працаваць пакуль не могуць з прычыны высокай стаўкі рэфінансавання. Разам з тым, у гэтым паўгоддзі значна павялічыўся аб'ём будаўніцтва з прыцягненнем уласных сродкаў грамадзян, пры гэтым крыху паменшыўся кошт на першасным (каля 10 млн за м2) і другасным (15 млн за м2) рынках жылля.

Намеснік міністра падкрэсліў, што кожны «праблемны» дом (з ненарматыўным тэрмінам будаўніцтва) знаходзіцца на кантролі дзяржавы, і прывёў лічбы на 31 ліпеня. У Віцебскай вобласці застаўся адзін такі будынак, які гатовы на 83% праз неўкамплектаванасць дольшчыкамі — праблему плануюць вырашыць у верасні. У Мінску — 14 аб'ектаў, 6 з якіх ужо падрыхтаваны да здачы, астатнія здадуць у жніўні і верасні. «Гэты год стане пераломным, бо мы закрыем пытанне «праблемных» дамоў», — упэўнены прадстаўнік міністэрства.

Цэмент — па-максімуме

На будаўнічых прадпрыемствах праводзіцца праграма па зніжэнні сабекошту прадукцыі і аптымізацыі структуры затрат на вытворчасць, у межах якой у краіне мадэрнізаваны тры цэментныя заводы. Іх магутнасць планавалася ў памеры да 9,5 млн тон (кіруючыся планам збудавання 10 млн м2 жылля ў год). Улічваючы памяншэнне колькасці планавых метраў да 4 млн, выбраны кірунак на стварэнне новых будаўнічых матэрыялаў з максімальным выкарыстаннем цэменту як асноўнага складніку.

— У нас шмат напрацовак: плітка са штучнага каменю, будаўніцтва бетонных дарог і іншае. Эканамічны эфект ужо дасягаецца падчас рамонтных работ на Мінскай кальцавой дарозе, дзе за суткі ўкладваецца адзін кіламетр «бетонкі», тэрмін службы якой 25 гадоў супраць 12,5 года прыдатнасці асфальтавага пакрыцця, — распавёў Аляксандр Кручанаў. — Кітайскі бок акажа тэхнічную бязвыплатную падтрымку ў будаўніцтве сацыяльнага жылля, за кошт чаго запланавана будаўніцтва 39 аб'ектаў па ўсіх абласцях. Будзе ўзведзены таксама інтэрнат для студэнтаў, на што выдаткоўваецца 100 млн юаняў.

Ірына Сідарок

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.