Вы тут

Скрыжаванне сусветаў


Кніга Уладзіміра Навумовіча «“НЕ”, і як яго сказаць», якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», акунае чытачоў у стан «паміж двух агнёў». Прычым тычыцца гэта як палітыкі, так і любові — здавалася б, зусім процілеглых з’яў жыцця. Сітуацыя абвастраецца яшчэ і ад таго, што дзеянне адбываецца на стыку дзвюх дзяржаў — ЗША і Савецкага Саюза, — ды яшчэ і на мяжы стагоддзяў.

Кніга

Галоўны герой, Руслан Родны — хоць на дошку гонару: сакратар камсамола, выкладчык першага ўніверсітэта краіны, таленавіты літаратар, актывіст і грамадскі дзеяч. А яшчэ — сапраўдны мужчына, які клапоціцца пра сваю сям’ю, любіць жонку і дзетак, гатовы дзеля іх на ўсё. Але, як бывае ў любой вартай увагі прозе, характар персанажа не статычны, бо ідэалы нікому не цікавыя. На самай справе ў душы Руслана цэлая гара падводных камянёў: супярэчнасці з савецкай сістэмай, сімпатыя да дзяўчыны-калегі з роднай ВНУ, дзікая рэўнасць да жонкі, жаданне з’ехаць кудынебудзь і не вяртацца...

Уладзімір Навумовіч малюе шматгранна не толькі людзей, якiя выконваюць у рамане вядучыя партыі, але і другасных герояў, што з’яўляюцца на некалькіх старонках. Узяць хаця б выкладчыцу Маргарусю Сурта, якая, па словах аўтара, на іспытах ператваралася ў фурыю, гатовую кінуцца на ахвяр-студэнтаў нібы певень: плечы ходырам хадзілі, каленкі падкошваліся, вочы бегалі, спадзеючыся прачытаць на тварах хлопцаў і дзяўчат здраду радзіме ці наяўнасць пары-тройкі шпаргалак.

Але вернемся да Руслана. У рамане ён разважае шмат, так што можна смела філасофскія прыпавесці складаць: пра каханне, вернасць, вечнасць і тленнасць жыцця, сям’ю, згрызоты сумлення, найвышэйшыя каштоўнасці і грахі. Дарэчы, нягледзячы на савецкія дэкарацыі і няяўны, але выражаны атэізм героя, у кнізе шмат адсылак да Бібліі, рэлігійных разважанняў. Напрыклад, святой выступае бацькоўская зямля, падрабязна апісваюцца хрысціянскія традыцыі памінання продкаў, а таксама шлях душы ў рай або пекла.

Савецкая сістэма паўстае перад чытачамі не аднабока, а ў станоўчых і адмоўных колерах адначасова — па справядлівасці. Хоць, напэўна, больш усё ж такі крытыкі, якая, праўда, згладжваецца гумарыстычнай падачай.

Нашаму пакаленню ўжо і не ўявіць, што раней паездка ў ЗША, ды і ў любую іншую краіну за межамі «камуністычнага раю» каштавала не толькі грошай, а нечалавечых намаганняў, нерваў і часу. На плечы галоўнага героя звальваецца велізарная адказнасць — адправіцца ў амерыканскую камандзіроўку разам з камсамольскай арганізацыяй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яму трэба скласці процьму дакументаў пра жывых і загінуўшых сваякоў, праслухаць серыю лекцый-інструктажаў і падрыхтавацца да таго, што кожны крок будзе старанна адсочвацца. Калі на Радзіме Руслана правяраюць, то ўжо там, у Штатах, бяруцца дасканала вывучаць звычкі, моцныя і слабыя бакі, захапленні, асабістае жыццё. Да яго нават прыстаўляюць шпіёнку…

Сюжэт пастаянна балансуе на мяжы мінулага і будучыні. Аўтар распавядае пра першую сустрэчу Руслана са сваёй жонкай, яго юнацкія перажыванні, пачатак кар’ернага шляху... А потым збівае з ног фразай «Людзі нараджаюцца свабоднымі ў гэтым свеце, і толькі мы самі чапляем на сябе вярыгі абавязкаў, клятваў, знаходзімся ў палоне ўласных пачуццяў». Герой спрабуе дасягнуць ідэальнага стану свабоды, калі можна слухаць толькі сябе, паступаць толькі так, як хочацца. Але ж наколькі гэта рэальна?

Трагічнай рысай праходзіць праз кнігу гісторыя кахання. «Ішоў — сэрца ледзь не выскоквала з грудзей, білася аб краі рэбраў, як хвалі аб бераг марскі, здаецца, не падстаў дзве далоні — упадзе пад ногі, растопчаш, затушыш». У яго жонку адкрыта закаханы іншы мужчына, яна сама паводзіць сябе дзіўна, хоць перажывае і вельмі любіць Руслана. Выпрабаванні пачуццяў — вось галоўны матыў кнігі, а не палітыка, як магло здацца спачатку.

Але Амерыка так ці іначай сустракае яго выццём сірэн, гулам манітораў, багаццем у крамах, броўнаўскім рухам у барах і на дыскатэках, штурханінай у падземках, мноствам агнёў, вычварнасцю неонавых малюнкаў... Застанецца ён на гэтых зямных нябёсах ці вернецца да родных?

Гэтая кніга яшчэ і пра тое, як непрыкметныя дробязі, з якімі мы сутыкаемся кожны дзень, напрыклад, візітка незнаёмца, могуць адыграць вырашальную ролю ў лёсе. Сустракаюцца на старонках цікавыя вобразы-сімвалы: завялая, пажоўклая, кінутая, але яшчэ жывая кветка магноліі, што атаясамліваецца з пачуццямі, чалавек, якога прасвечваюць наскрозь ранішнія промні сонца — нібы чужыя погляды.

Не чакайце ад кнігі «“НЕ”, і як яго сказаць» шпіёнскіх інтрыг ці прыгодніцкага галавакружэння, гэта хутчэй філасофская проза. Чытайце яе як споведзь: думкі ў галаве становяцца чысцей, а паўсядзённыя клопаты ўжо не выклікаюць панікі. «Не бойцеся перамен. Не жадайце лішняга», — заклікае аўтар. Не, ён не навязвае, а на прыкладзе герояў тлумачыць рэчы, вечныя ў нашым свеце і самыя, мабыць, важныя.

Марыя ВОЙЦІК
"Літаратура і мастацтва" №31 (4831) 7 жніўня 2015 г.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».