Вы тут

Не маркамі адзінымі


Як жыхар вёскі Лунна сабраў унікальную філатэлістычную калекцыю на біблейскую тэму.

Кажуць, што шляхі Божыя неспазнаныя — ніколі не ведаеш, дзе і як напаткае цябе найвышэйшая сіла. Гэта пацвярджае і прыклад жыхара вёскі Лунна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці Лявона КАРПОВІЧА. Працуючы школьным настаўнікам, 15 гадоў таму ён вырашыў, што будзе калекцыянаваць маркі. Каб не сапернічаць з карыфеямі, прагледзеў тыя тэмы, якія ўжо збіраюць іншыя, бо не хацеў паўтарацца. Ён знайшоў вольную нішу і пачаў збіраць маркі на біблейскую тэму. Так распачаўся яго шлях да спазнання дабра і зла: ён вучыўся таму, што ёсць сапраўдная любоў і міласэрнасць.

Без имени-1

Намеснік старшыні Беларускага саюза філатэлістаў Леў Коласаў адзначае, што калекцыя, якую сабраў жыхар вёскі Лунна, надзвычай грунтоўная і пазнавальная, да таго ж атрымала высокую ацэнку спецыялістаў. Ён дадае, што, нават калі ты ніколі не чытаў Біблію, прагледзеўшы тое, што сабрана гэтым калекцыянерам, можна скласці пэўнае ўяўленне пра падзеі, апісаныя ў гэтай кнізе.

Сам Лявон Карповіч адзначае:

— Біблія — кніга, якая найбольш выдавалася. Да таго ж яе чытаюць больш за ўсё, прычым на ўсіх мовах. Гэта Святая Кніга. Ёй прысвечана шмат твораў мастацтва. Тыя ж да Вінчы, Далі, Караваджа абавязкова малявалі на біблейскія тэмы. У пазнейшыя часы пошты іх краін змяшчалі карціны на марках. Вывучаючы ўсё гэта, чалавек надзвычай узбагачаецца, далучаецца да здабыткаў сусветнай мастацкай культуры.

1_2

Ёсць на марках, сабраных калекцыянерам, і беларускія творы мастацтва. Напрыклад, «Нараджэнне маці Божай» — гэта ікона, на якой стаіць подпіс «Яўсевіч». Рэдкі выпадак, як адзначае збіральнік, бо раней іконы часцей не падпісваліся.

Сярод унікальных экспанатаў сваёй калекцыі аўтар называе марку 1996 года, выпушчаную ў Канадзе. Яе адметнасць у тым, што гэта першая марка, прысвечаная нараджэнню Хрыста, пра што сведчыць не толькі малюнак, але і словы, змешчаныя на ім.

Паштоўка з выявай гары Сінай — таксама каштоўны для гэтага збіральніка экспанат, бо на ёй адлюстравана тое месца, дзе Майсей атрымаў скрыжалі запавета. Гэтая паштоўка была выпушчана ў 1903 годзе.

1_3

Некаторыя экспанаты больш познія, але даволі рэдкія, бо выйшлі абмежаваным тыражом. Цяпер знайсці такія разыначкі калекцыі дапамагае інтэрнэт, але раней адшукаць іх было амаль немагчыма. Ёсць маркі, на якіх адлюстраваны пакаранне агнём гарадоў Садома і Гаморы, падарожжа вешчуноў, каб пакланіцца нованароджанаму Іісусу, небаўзяцце Панны Марыі і многае іншае.

Калекцыю ілюструе апісанне, зробленае самім аўтарам, на беларускай мове. Яно дапамагае яшчэ лепш зразумець біблейскія падзеі. Часам выявы суадносяцца з пэўнымі вершамі са Святога Пісання.

Лявона Карповіча запрашаюць з яго калекцыяй выступаць перад самымі рознымі аўдыторыямі. І ён распавядае, даносіць да людзей тыя важныя ісціны, што ўвасоблены ў яго марках. Сам ён яшчэ працягвае вучыцца адрозніваць дабро ад зла, імкнецца першым перамагаць другое... Аднак можна сцвярджаць, што яго калекцыя — акурат крок да лепшага ў гэтым свеце.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Як хлопец з Вілейкі абыгрывае славутых кітайцаў.

Грамадства

Ці можна выхоўваць дзіця ў сацыяльных сетках?

Ці можна выхоўваць дзіця ў сацыяльных сетках?

Анлайн-жыццё падлеткаў усё часцей становіцца прычынай сямейных канфліктаў.

У свеце

Чым адметны Аман?

Чым адметны Аман?

Султан неаднаразова выступаў пасярэднікам у рэгіянальных і міжнародных канфліктах.

Культура

Глеб Отчык: З прапановамі прыходзіць толькі 5 % мастакоў, а астатнія 95 % кажуць «Дай»

Глеб Отчык: З прапановамі прыходзіць толькі 5 % мастакоў, а астатнія 95 % кажуць «Дай»

Ужо месяц Саюз мастакоў, у які ўваходзіць больш за тысячу сяброў, дзейнічае пад кіраўніцтвам новага старшыні