Вы тут

Як уратаваць драўляныя цэрквы?..


Культавае драўлянае дойлідства — па-свойму няпростае, калі глядзець на яго з пункту гледжання рэстаўрацыі. Бо закранае два інтарэсы: першы — жаданне і надалей праводзіць набажэнствы і паклапаціцца пра бяспечнасць прыхаджан, другі — неабходнасць захавання аўтэнтыкі, калі храм з'яўляецца да таго ж і гісторыка-культурнай каштоўнасцю ўсёй краіны.

[caption id="attachment_96532" align="alignnone" width="600"]Царк­ва Свя­то­га Мі­ка­лая ў Ма­лых Му­ры­нах да та­го,  як бы­ла ра­за­бра­на. Царк­ва Свя­то­га Мі­ка­лая ў Ма­лых Му­ры­нах да та­го,
як бы­ла ра­за­бра­на.[/caption]

На мінулым тыдні адбыўся выпадак, які ўскалыхнуў усю грамадскасць. З'явілася чутка, што драўляную царкву, помнік 2-й катэгорыі, унесены ў Дзяржаўны спіс аховы гісторыка-культурнай спадчыны, папросту знеслі. Натуральна, усе неабыякавыя людзі, мала сказаць, былі абураны... Аднак пры бліжэйшым разглядзе справы аказалася, што не так страшны чорт, як яго малююць.

Натуральна, дыму без агню не бывае. Той, хто пабываў у вёсцы Малыя Мурыны Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці і глянуў на месца знаходжання той царквы Святога Мікалая, пра якую ідзе гаворка, мог сапраўды занепакоіцца — храма няма на яго колішнім месцы...

Каб высветліць, што ж там насамрэч адбылося, мы звярнуліся па каментарый да спецыяліста аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Камянецкага райвыканкама Ірына РЭЗНІЧУК. Яна патлумачыла, што помнік гісторыка-культурнай спадчыны ніхто не зносіў. Царкву разабралі, каб правесці рэстаўрацыю. Спецыяліст адзначыла:

[caption id="attachment_96530" align="alignnone" width="600"]Царк­ву ў Но­вай Мы­шы ця­пер ужо скла­да­на на­зваць драў­ля­най. Царк­ву ў Но­вай Мы­шы ця­пер ужо скла­да­на на­зваць драў­ля­най.[/caption]

— Царква была ў аварыйным стане, адзін кут храма нахіліўся — у ім стала небяспечна праводзіць службы. Шмат дрэва падтачылі караеды — уратаваць яго іншым шляхам, акрамя таго, як замяніць на новае, было немагчыма. Выняць бервяно з цэлай пабудовы таксама не атрымаецца. Таму было прынята рашэнне разабраць будынак. Сапсаваныя бэлькі будуць заменены на новыя, а каштоўныя элементы пабудовы, па магчымасці, захаваюць і вернуць на колішнія месцы. Самавольна ніхто б не стаў разбіраць царкву, у нас падрыхтаваны ўсе неабходныя дакументы — атрыманы дазвол на рэстаўрацыю, распрацаваны праект, прызначаны навуковы кіраўнік, падпісаны ахоўныя абавязацельствы, усё зафіксавана ў спецыяльным акце.

Рэстаўрацыя пачалася па ініцыятыве новага бацюшкі Валянціна. Калі яго прызначылі настаяцелем храма і ён пабачыў яго аварыйнасць, вырашыў, што трэба ратаваць царкву. Ён сам пачаў шукаць спонсараў, нарыхтоўваць дрэва: з Белавежскай пушчы выдзелілі лес, да справы падключыліся прыхаджане, іншыя неабыякавыя людзі.

Айцец Валянцін стаў частым госцем райвыканкама — збіраў неабходныя паперы для рэстаўрацыі, усё ўзгадняў. Бо вырашыў дзейнічаць па законе, да таго ж разумеючы культурную каштоўнасць храма, за які ён нясе адказнасць. І хоць фінансавання з Міністэрства культуры не атрымалі, пачалі ўсе працы рабіць за кошт уласніка.

Атрымалася, што першапачатковая версія скандалу вакол Малых Мурынаў не апраўдала сябе. Старажытная царква застанецца драўлянай, будзе адноўлена, згодна з праектамі, зацверджанымі спецыялістамі.

Аднак не ўсё так бясхмарна ў захаванні і аднаўленні нашага культавага дойлідства. На жаль, назбіралася ўжо нямала сумных прыкладаў таго, калі драўляныя цэрквы абівалі сайдынгам, на свой густ змянялі форму купалаў, пакрывалі іх металадахоўкай і нержавейкай замест аўтэнтычнага матэрыялу. Каб не быць галаслоўнай, можна прыгадаць драўляную царкву ў Новай Мышы Баранавіцкага раёна — драўніну звонку «падтрымалі» сайдынгам, уверсе — пакрылі металам. У царкве ў вёсцы Трабы Іўеўскага раёна ўсталявалі шклопакеты, сцены пакрылі еўравагонкай, старыя купалы замянілі на «цыбуліны». Купал і званіцу царквы ў вёсцы Порплішча Докшыцкага раёна таксама абшылі сайдынгам. Сітуацыя ў апошняй, між іншым, увогуле складаная: купал нахіліўся, патрэбна сур'ёзная праца па яго аднаўленні, аднак грошай на рэстаўрацыю няма... Такі сумны спіс можна працягваць. Аднак замест таго, каб караць тых, хто ўжо правініўся, хацелася б змяніць саму сітуацыю, якая склалася вакол рэстаўрацыі культавага дойлідства.

На дадзены момант мы маем тое, што за царкву, нават гістарычна каштоўную, адказвае яе бацюшка. Калі ён бачыць, што яна ў аварыйным стане, прымае рашэнне яе аднавіць... Часам пра існаванне закона па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ці не ведае зусім, ці папросту не хоча яго выконваць.

11111Па параду, што ж рабіць, каб неяк ратаваць нашыя цэрквы, мы звярнуліся да аднаго з прызнаных спецыялістаў у гэтай галіне — галоўнага архітэктара Мінскай епархіі Алега Масліева. На яго рахунку — не адна якасна адрэстаўраваная праваслаўная святыня. Ён заўважае:

— Калі мясцовы святар збіраецца выканаць пэўныя працы ў сваёй царкве, але пры гэтым яна з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, ён павінен атрымаць дазвол у Міністэрстве культуры на права правядзення навукова-даследчых работ, а пасля — на права правядзення праектных работ. Толькі пасля гэтага, калі будзе вызначана, патрэбна праектаванне або не, выдаецца дазвол на самі працы — рэстаўрацыя гэта, ці рамонт, ці проста афарбоўка ці замена акон. Але на кожны элемент трэба атрымліваць дазвол. Бо замяніць, напрыклад, у храме старажытныя вокны на пластыкавыя — і ўзровень аўтэнтычнасці ўжо губляецца. Міністэрствам культуры абавязкова прызначаецца навуковы кіраўнік на такія працы, які нароўні са святаром нясе адказнасць за захаванасць і цэласнасць кожнага элемента і ўсяго будынка ўвогуле.

Архітэктар пацвярджае, што існуе такая праблема, калі мясцовыя святары, пачынаючы аднаўляць свой храм, замест драўніны выкарыстоўваюць пластык:

— Гэта дрэнна, так нельга рабіць. Міністэрства культуры ўжо даўно з гэтым змагаецца, дзеля чаго супрацоўнічала з кожнай з 11 беларускіх праваслаўных епархій. Аднак кожны святар робіць па-свойму... Калі царква драўляная, часта выкарыстоўваюць сучасныя драўляныя матэрыялы, якія імітуюць круглы брус, штосьці яшчэ. Хаця ў храмах ніколі не выкарыстоўваліся круглыя брусы. Там была шалёўка, гарызантальная або вертыкальная. Таму выкарыстанне сучасных драўляных матэрыялаў таксама зніжае каштоўнасць. Кожны год у нас такім чынам каля 10 аб'ектаў выпадае са спіса гісторыка-культурнай спадчыны.

Алег Масліеў зрабіў сваю прапанову таго, як можна паўплываць на якасць аднаўлення цэркваў:

— На маю думку, варта ў вышэйшых духоўных навучальных установах уводзіць спецыяльныя курсы, каб будучыя святары разумелі не толькі духоўную каштоўнасць цэркваў, але і матэрыяльную — для дзяржавы і нашчадкаў. Усё ж прыемна зайсці ў царкву, якой 100-200 гадоў, а яна выглядае так, як і калісьці. Гэта вельмі каштоўна.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».