Вы тут

Фікус, шафа, круглы стол...


Адсюль пачынаўся Марк Шагал.

Сказаць, што люблю музеі без памяці, я не магу. Я люблю музеі з памяццю. З той, праўда, яе катэгорыяй, якая прынцыпова не дае ніякай прасторы ні беспадстаўна развітай фантазіі, ні сімвалізму, прыцягнутаму без дай прычыны. Пратэстуючы супраць першага і другога, Марк Шагал, як памятаецца, неяк сцвярджаў: наш унутраны свет — цалкам рэальны. Можа быць, нават яшчэ болей рэальны, чым свет, што нас акаляе. Так ён і запісаў у кнізе «Маё жыццё».

[caption id="attachment_96955" align="alignnone" width="600"]Безимени-7 Дом-му­зей Мар­ка Ша­га­ла ў Ві­цеб­ску — бы­лы баць­коў­скі дом мас­та­ка.[/caption]

Сям'я Сегалаў — Хацкеля Мардухавіча, Фейге-Ітэ Мендзелеўны і іх дзевяці дзяцей, з якіх Мойша, будучы «беларускі, рускі і французскі мастак яўрэйскага паходжання» (о, гэты лёс эмігрантаў!), быў старэйшым, — мела на пачатак ХХ стагоддзя на Вялікай Пакроўскай вуліцы ў Віцебску ажно чатыры збудаванні. Але ацалела з іх толькі адно, каменнае. Астатнія, драўляныя, згарэлі ў вайну. «Ворагу было мала горада на маіх карцінах, якія ён пакрамсаў як мог», — пісаў Марк Шагал у «Лісце да роднага Віцебска», выказваючы боль за абрабаваную і спаленую малую радзіму. Ён так і не наважыўся яе наведаць, калі быў у Савецкім Саюзе ў 1973-м: так баяўся ўбачыць у Віцебску і на сваёй Пакроўскай зусім не тое, што было там раней.

Меў рацыю.

Значыцца, Віцебск. Пакроўская вуліца, дом 11. Аднапавярховы, каменны. Гаспадыня, баявітая Фейге-Ітэ, жонка барадатага маўчуна Хацкеля, грузчыка рыбнай крамы (кажуць, яны адно аднаму былі стрыечнымі сястрою і братам), сустракае турыстаў у сваёй бакалейнай лаўцы, першым памяшканні ад уваходу. Ёй так да твару чорная сукенка з карункавым каўняром! А чорныя шнураваныя боцікі аднолькава падыходзяць да любога надвор'я... Зручна быць лялькай, што ні кажы. Побач з лялькай Фейге-Ітэ — вагі, бутэлькі, мяшэчкі, збанкі — усё тое, што традыцыйна стварае, так бы мовіць, адпаведны антураж, калі размова ідзе пра карчму або, як у нашым выпадку, лаўку.

[caption id="attachment_96949" align="alignnone" width="582"]Без имени-3 Малюнак «Мая маці ля печкі з хлебам».[/caption]

Экспазіцыйная прастора ўсіх мемарыяльных пакояў непазбежна аднабаковая: яна абавязкова ўтрымлівае ў сваіх нетрах тое, што дзеля парадку названа прыгожа, але гучыць шаблонна, — элементы ўмоўнасці. У тым сэнсе, што ніколі нельга ведаць дакладна, што ў якім пакоі размяшчалася пры гаспадарах і як імі выкарыстоўвалася. Тым не менш у Доме-музеі Шагала ў Віцебску можна ўбачыць толькі самае сапраўднае — аб'ектыўную рэальнасць, дадзеную наведвальніку ў яго ўнутраных адчуваннях.

У доме-музеі Шагала няма, папярэджу, нічога з той хаты Сегалаў, якую мастак пакінуў, ажаніўшыся ў 1915-м з Бэлай Разенфельд. Бацькі апошняй былі, між іншым, не абы кім — валодалі ў Віцебску «сеткай» ювелірных «кропак». Але нам, як наведвальнікам, неяк не да таго: на нас уздзейнічае ці то абвешчанае самім майстрам «правіла ўнутранага свету», ці то талент аўтара «мастацкага рашэння» музея, ці ўсё разам — адначасова і адно другое ўзмацняючы.

[caption id="attachment_96952" align="alignnone" width="600"]Безимени-2 Гаспадыня сустракае гасцей.[/caption]

З выявы на сцяне, а дакладней каментарыя пад ёю, даведваемся, што 7 мая 1902 года 15-гадовы Мойша Сегал пісаў пераклад пра вайну з Напалеонам. Глядзіш — і вока радуецца: гэты вучань другога класа Віцебскага гарадскога вучылішча выводзіў літары такім почыркам, якім перапісваліся хіба што манускрыпты ў скрыпторыях пры манастырах. Вось куды трэба вадзіць сучасных вучняў з іх каліграфічнымі «хваробамі». Нават такіх, як Марк Шагал, — таленавітых у далёка не першарадных прадметах.

[caption id="attachment_96954" align="alignnone" width="600"]Безимени-6 Пад пра­вай шыль­дай на гэ­тай пра­цы Ша­га­ла — цы­руль­ня дзядзь­кі Зу­сі.[/caption]

У 1911-м ён, сумуючы па роднай хаціне, намаляваў «Нашу залу» — з фікусам, шафай і круглым сталом. У прыцягальнасці гэтых прадметаў можна пераканацца ўвачавідкі: вось ён, фікус, побач са сталом і шафай, зялёны і бадзёры. З малюнкам пад назвай «Мая маці ля печкі з хлебам» — тая ж гісторыя: мэблю, посуд і асабліва карункі на паліцах з парцалянавымі талеркамі Мойша адлюстраваў вельмі схематычна, літаральна ўмоўна. Але глядзіш на малюнкі, пераносіш позірк на інтэр'ер і разумееш, што яно ёсць такое — той самы ўнутраны свет, пра які мастак пісаў як пра сапраўдную рэальнасць і праз які наведвальнікам музея прапануецца забыцца на тое, што гэта музей, і трапіць у госці да Хацкеля з Фейге-Ітэ. Здаецца, апошняя вось зараз высуне галаву аднекуль з-за занавескі і, выціраючы рукі пярэднікам, пачне заклапочана цікавіцца, ці прыстойнае гэта майстэрства — мастакоўскае. Страхі яе натуральныя: па-першае, цягне з сям'і ўсе грошы — на навучанне, пэндзлі і палатно, па-другое, да месца заняткаў у Юдэля Пэна сынок, небарака, дабіраецца пешкі, па-трэцяе, малюе там... Каб жа што добрае — дык не: то фіялетавых аслоў, то людзей, што лётаюць над горадам, быццам птушкі. Яна ўжо задавала гэтае пытанне некаму з пэнаўскіх вучняў, а той адказаў, што... Дзе там, маўляў, прыстойнае — ні прадаць, ні купіць, ні на што іншае выменяць. А мог жа стаць цырульнікам, як дзядзька Зуся, якому і ў горадзе Парыжы не было б сорамна стрыгчы. Ну, або трымаць мясную лаўку з прыгожай апетытнай шыльдай у якім-небудзь не менш прыстойным месцы. Дзякаваць Богу і Пэну, што апошні па волі першага дазволіў таленавітаму пэцкальніку вучыцца бясплатна...

[caption id="attachment_96950" align="alignnone" width="600"]Без имени-5 У кухні, на Пакроўскай, 11.[/caption]

Як я заўсёды пішу, у любое падарожжа трэба ехаць падрыхтаванымі. Пераходзячы з пакоя ў пакой у родным доме Марка Шагала, найлепш за ўсё круціць у галаве радкі з яго кнігі «Маё жыццё». Успамінаць іх — і гадаць-меркаваць, у якім пакоі бацька шпульнуў сыну грошы, 27 няшчасных рублёў, якія той, поўзаючы і плачучы, падбіраў з падлогі пад сталом, прыгаворваючы, што вельмі-вельмі марыць вучыцца ў школе мастацтваў у Пецярбургу і што нічога яму не страшна. Бацька тады памаўчаў, потым распаліў самавар, наліў сабе гарбаты і з поўным ротам прабубнеў: «Хочаш — едзь, толькі на грошы больш не разлічвай».

Самавар у гэтым доме ёсць. І вось жа ведаеш, што не той, а верыш: гэта з яго наліў сабе гарбаты Хацкель...

Падарожнічала Святлана ДЗЯНІСАВА

 

Паслядоўнікам

Наша наведванне дома-музея Шагала папярэднічала візіту ў блізкую ад Віцебска сядзібу Рэпіна «Здраўнёва». У выніку атрымалася ў літаральным сэнсе «жывапіснае» падарожжа, пасля якога захацелася чытаць белетрызаваныя біяграфіі мастакоў, іх асабістыя дзённікі і ліставанні. Так заўсёды: добрая вандроўка распальвае інтэлектуальны апетыт, задавальненне якога непазбежна вядзе да таго, што наступныя маршруты складваюцца самі сабой — як вынікі пасляпадарожных чытанняў і новых рамантычных настрояў. Прынамсі, пішучы гэтыя радкі, аўтарка іх ужо ведае, куды выпраўляцца далей.

Рамантыкам

Ёсць такія мемарыяльныя музеі, трапіць у якія азначае нешта значна большае, чым даць радасць воку і інфармацыю вуху. Прысутнасць там задзейнічае аналізатары пахаў і дотыкаў. Наконт першага скажу, можа, і не вельмі арыгінальна: кожны па-сапраўднаму варты ўвагі музей мае свой пах, гэта адназначна. Наконт другога хочацца сцвярджаць у духу навуковага трактата: адсутнасць у наведвальніка музея, які з'яўляецца месцам чыёйсьці памяці, магчымасці дакранацца да экспанатаў стварае эфект адваротнага кшталту — экспанаты дакранаюцца да наведвальніка. Як так? Таямнічым, скажу я вам, чынам. Вы ніколі не адчувалі, як спускаецца на вашы плечы нешта мяккае і цёплае, як сплывае па руках бязважкасць і перадаецца ў ногі энергіяй вызвалення? Вы — вольныя: ад нязбыўных дагэтуль праблем і для самых крэатыўных дзеянняў. А вы меркавалі, што музеі існуюць для нечага іншага?..

Пра сэнсы

Некаторыя трошкі больш знакамітыя, чым аўтарка гэтых радкоў, падарожнікі самі не рызыкуюць вандраваць з начоўкамі і іншым не раяць. Беларусь, маўляў, такая маленькая... Літаральна 650 на 560, калі ў кіламетрах. Ранкам выехаўшы, да заходу сонца шмат што можна ўбачыць і паспець вярнуцца дамоў, каб заснуць ва ўтульным ложку. Мне іх трошкі шкада. Таму што ў начах пад зорным небам тоіцца вялікі сэнс разумення сябе ў Сусвеце. Прабуджэнне ад дотыку сонца мае значны ўплыў на свядомасць і светапогляд. Працяглая адсутнасць дома праз немагчымасць неадкладнай рэалізацыі тых ці іншых намераў нараджае безліч неверагодных ідэй, якія і па вяртанні пад родны дах з галавы не выветрываюцца. А ўвогуле, хто сказаў, што неба Беларусі — не родны дах?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.