Вы тут

На мора з немаўляткам? Лёгка!


Маладая маці падзялілася вопытам першага адпачынку за мяжой з адзінаццацімесячнай дачкой.

Галоўнае патрабаванне да краіны — мінімальная акліматызацыя для дачушкі. Таму Балтыка, па нашым уяўленні, стала ідэальным варыянтам для першага сумеснага адпачынку. І сапраўды, адзінаццацімесячная Ганулька адчувала сябе тут даволі камфортна, быццам мы нікуды не з'язджалі. Але марское паветра разам з сасновым (у літоўскай Паланзе вельмі шмат хвоі) медыкі ацэньваюць як найлепшую прафілактыку захворванняў у будучыні. Гэта мы праверым крыху пазней, але такі аргумент быў адным з вырашальных.

20-25

На Балтыйскі бераг рушылі на сваёй машыне. Сто семдзесят кіламетраў — і мы на беларуска-літоўскай мяжы. Прыемна, што пад першы шлагбаум з маленькімі дзецьмі прапускаюць без чаргі (трэба паказаць пашпарт малечы). Такім чынам мы апярэдзілі восем машын. І як вынік — перасеклі мяжу за рэкордныя 50 хвілін! На жаль, калі вярталіся на радзіму, давялося адстаяць каля чатырох гадзін: літоўскі бок прапускае з маленькімі дзецьмі толькі грамадзян Еўрасаюза.

Яшчэ адзін момант, які трэба запланаваць, — працягласць адпачынку. У ідэале для маленькіх дзяцей рэкамендуюць чым больш, тым лепш. Нам давялося адпачыць два тыдні. Думалі, што гэта доўга, але час праляцеў незаўважна!

Што браць?

Дакументы. Для выезду за мяжу нават месячнай малечы патрэбны пашпарт. Робіцца ён для дзетак бясплатна. Але цэлы месяц. Калі тэрмінова — удвая хутчэй, толькі трэба будзе заплаціць адну базавую. Віза ў пасольстве таксама робіцца бясплатна, як і медыцынская страхоўка.

Аптэчка. Мы па рэкамендацыі адправіліся да нашага педыятра. Але, калі вандруеце на Балтыку, набор лекаў не адрозніваецца ад стандартнага набору, які заўсёды павінен быць пад рукой матулі. Прасцей кажучы, ад тэмпературы, ад атручвання, ад укусаў камароў. Мы яшчэ прыхапілі бінт і пластыры, тэрмометр, дзіцячыя сродкі для і пасля загару. Закінулі з сабой лекі ад насмарку і болю ў горле. Але, безумоўна, калі едзеш у цывілізаванае месца, дзе ёсць аптэка, браць з сабой усё неабавязкова.

Адзенне. Адразу трэба адзначыць, што надвор'е на Балтыцы — не самае прадказальнае, таму нам спатрэбіліся цёплыя рэчы, а вось прыгожыя купальнікі засталіся ў чамаданах. Абавязковы аксесуар на адпачынку — парасон і накідка на каляску. На пляж прыхапіце палатку ці вялікі парасон, каб хавацца ад ветру: на жаль, у дзюнах месца ўсім не хапае. Калі нешта з гэтага вы забыліся — можна ў крокавай даступнасці лёгка набыць любую рэч на любы густ ці з'ездзіць у суседні горад Клайпеду, дзе рэчы таннейшыя.

[caption id="attachment_96939" align="alignnone" width="600"]20-23 Вось та­кі кант­раст — у бай­ках і плаў­ках.[/caption]

Сродкі гігіены. Памперсы мы вырашылі браць з вялікім запасам і... палову прывезлі назад. Вядома, купіць іх можна і на месцы, праўда, кошт будзе крыху вышэйшы. Некаторыя вілы прапануюць не толькі дзіцячыя ложкі (яны могуць выдавацца платна ці бясплатна ў залежнасці ад гаспадароў), крэслы для кармлення, але нават і гаршкі. Гэта трэба ўдакладняць загадзя, каб не цягнуць непатрэбныя рэчы.

Ежа. З сабой мы ўзялі тэрмахаладзільнік, куды закінулі нашы ёгурты і дзіцячы кефірчык. Дарэчы, менавіта аб апошнім дачка вельмі сумавала — беларускі скончыўся хутка, а за мяжой такога не знайсці. Дзіцячыя пюрэшкі і морсікі мы таксама вырашылі прыхапіць з сабой, але... Менавіта на адпачынку пакаштавалі вялікую колькасць ягад і фруктаў, што набывалі на рынку. Маліны, чарніцы, персікі і абрыкосы, чарэшня... Гэтыя прысмакі малая ела нават з большым задавальненнем, чым «гатовае» са слоічкаў.

У рэстаранах і кавярнях нам заўсёды прапаноўвалі дзіцячыя крэселкі. Ёсць там і адмысловае меню для малечы, але гэта, у асноўным, фры і сасіскі. Калі вы валодаеце англійскай мовай, можна смела папрасіць прыгатаваць супчык без спецый, напрыклад.

[caption id="attachment_96938" align="alignnone" width="600"]20-22 Так­тыль­ны заа­парк.[/caption]

Што паглядзець

Безумоўна, мора. Паплаваць, магчыма, і не давядзецца, а вось пакапацца ў вялікай белай пясочніцы — для дзетак адно задавальненне. Недалёка ад мора ў Паланзе пабудавалі цудоўную дзіцячую пляцоўку — на некалькі гадзін занятак малым забяспечаны.

Яшчэ адзін добры сямейны рэлакс — катанне на веласіпедах. Іх можна ўзяць на пракат амаль на кожным вуглу. Для дзетак выдаюцца спецыяльныя крэслы і шлемы. Таму калі малечы падабаецца доўга сядзець — гэта цудоўная магчымасць пракаціцца ўздоўж берага. Кошт пракату веласіпеда — 2 еўра ў суткі, з крэслам — тры.

Яшчэ адно цудоўнае месца — вялікі Батанічны сад, дзе знаходзіцца і музей бурштыну. На тэрыторыі саду шмат птушак, асабліва качак і лебедзяў, якія з задавальненнем ідуць амаль у рукі, калі бачаць батон. А калі хочацца пазнаёміць малечу з рознымі жывёламі, то за восем кіламетраў ад саду знаходзіцца цудоўны комплекс, дзе за сімвалічныя пяцьдзясят цэнтаў можна наведаць заапарк. І не толькі наведаць, бо ён тактыльны! Гэта значыць, усіх жывёлаў можна карміць і гладзіць! Маленькія баранчыкі і трусікі вельмі захапілі не толькі нашу дачушку, але і тату.

[caption id="attachment_96940" align="alignnone" width="600"]20-24 На­мё­ты ад ха­лод­на­га бал­тый­ска­га вет­ру.[/caption]

За трыццаць кіламетраў ад Палангі можна наведаць марскі музей (на жаль, гэтым летам ён на рэканструкцыі) і шоу дэльфінаў. Гадавалых дзетак, напэўна, такое відовішча не захопіць, а вось старэйшыя малыя, як і бацькі, будуць у захапленні.

Выснова, да якой мы прыйшлі пасля адпачынку, — не баяцца. Бо менавіта ў паездках дзеткі максімальна развіваюцца, усё ўпітваюць. Гэта мы праверылі асабіста, пацвярджаем!

Марына СІДАРОВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».