Вы тут

Пакутаваць, каб цаніць


З Цэнтрам дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі мяне звязваюць доўгія дзевяць гадоў валанцёрскай дзейнасці. Рознае было: і прыемна-пякучае, і адчайна-балючае. Але я вельмі ўдзячна лёсу, што гэта ёсць у маім жыцці. Я шчаслівая, што магу перажыць чужы боль, задаволена, што прайшла кругі скрухі. Бо цяпер дакладна маю з чым параўноўваць і больш цаню ціхія моманты спакою.

Без имени-10

Пра элементарнае шчасце я ўпершыню пачула ад сваёй цёткі:

— Калі ў мяне моцна балела калена і я не магла хадзіць, глядзела на людзей і думала: якія яны шчаслівыя ад таго, што могуць хадзіць. А потым мне зрабілі аперацыю, меніск зажыў, я зноў хаджу і адчуваю сябе шчаслівай! Ты разумееш, што шчасце ў простым?!

Застаючыся нерухомай і пакутуючы ад невядомай будучыні, яна пераацаніла становішча здаровага чалавека. Аказваецца, можна быць шчаслівым толькі ад таго, што ты можаш самастойна рухацца. Мы не цэнім гэта, пакуль маем. А ёй было з чым параўноўваць.

— Я такая шчаслівая, — казала падлетак Клава, калі я прыязджала да яе ў анкацэнтр. — Мне сёння знялі цэнтральны катэтар. Я насіла яго цэлы год. Няхай сабе гэта маленькая аперацыя, але з мяне нарэшце не тырчаць трубкі! І гэта ўжо нагода для шчасця!

Знудзіўшыся па сабе звычайнай, дзяўчына бачыць радасць у гэтай звычайнасці. Простыя, незаўважныя для нас рэчы для яе — цэлае свята.

— Я зламаў пазванок, але, на шчасце, спінны мозг не разарваўся, — прыгадвае свае няпростыя прыгоды Пеця. — Пакуль ляжаў на бальнічным ложку, на месцы траўмы з'явіўся ацёк. Ад ціску рызыка разрыву спіннога мозга павялічвалася. Я цэлыя суткі баяўся паварушыцца, каб не застацца інвалідам. А калі прачнуўся пасля шасцігадзіннай аперацыі з трыма шурупамі ў пазваночніку, я адчуў сябе неверагодна шчаслівым. Я цяпер усё магу!

Яшчэ да траўмы ён не думаў, як шмат мае. А цяпер шчаслівы са скалечаным пазваночнікам, бо магло быць і горш.

Не спазнаўшы горыч кахання, сардэчныя пакуты, мы не ацэнім належным чынам новыя пачуцці. Ведаючы здраду, мы станем больш клапаціцца, апякаць і ўкладаць у наступныя адносіны. Толькі спазнаўшы беднасць, мы ацэнім дастатак. А датыкнуўшыся да смерці, мы пачынаем цаніць жыццё. Бо ўсё пазнаецца ў параўнанні.

Гэта як у Мілана Кундэры пра «невыносную лёгкасць быцця»: лёгкасць насамрэч гэта не тое, да чаго мы імкнёмся і чаго нам хочацца. Толькі цяжкае мае вагу, толькі важкае мы цэнім. Лёгкасць не мае каштоўнасці, за ёй не стаіць вопыт, мудрасць, гісторыя.

Я ўдзячна сваім школьным часам, калі жылі з маці на яе невялікую зарплату. З сукенак яе маладосці я перашывала сабе сучасныя строі. Харчаваліся тым, што самі маглі вырасціць на агародзе. Мы нават набойкі на абутак ставілі металічныя. Яны страшэнна стукалі, я хадзіла, як падкаваны конь. Але гэта была добрая эканомія. З цеплынёй узгадваю тыя часы. Яны навучылі мяне стойкасці, аптымізму, загартавалі і далі магчымасць думаць пра нешта іншае, развівацца, шукаць сябе і шукаць дзверы ў новае жыццё.

Я сустракаю пестункоў, якія выраслі ў парніковых умовах, і спачуваю ім. У іх не атрымліваецца радавацца тым простым, малазаўважным момантам, якія для мяне маюць неверагоднае значэнне. Першы фен, набыты за свае ўласныя, упершыню заробленыя грошы. Прыкус, папраўлены ў дваццаць гадоў, замест пачатковай школы. Маленькія адкрыцці, новыя магчымасці не цэняцца, калі няма з чым параўнаць. Мяне адначасова смешаць іх «беды»: зламаны пазногцік, няшчодры кавалер, адменены адпачынак, нясмачны абед у рэстаране. Праз сваю рафінаванасць яны няздольны справіцца з сапраўднымі перашкодамі і перанесці цяжкасці.

Я радуюся, калі на жыццёвым шляху сустракаю няпростага чалавека. І канфлікты, і недарэчнасці, і няўдачы прымаю з падзякай і годнасцю. Ведаю, што яны неабходны, каб расці, вучыцца, змяняцца. І цаніць. Больш цаніць процілегласці гэтых момантаў.

Памаліўшыся перад сном, я дзякую Богу за ўсё, што Ён паслаў мне ў гэты дзень. Раней прымушала сябе вымаўляць словы падзякі, асабліва пасля непрыемнага дня. А цяпер дзякую за такі яшчэ больш, чым за ўдалы. Бо ўсё пазнаецца ў параўнанні і менавіта няўдачы, цяжкасці і выратавальныя пакуты набліжаюць нас да шчасця.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.