Вы тут

Франтавая загартоўка


Летась Яўгену Трафімавічу Чарвякову памянялі нумар тэлефона. Некалькі дзён у кватэры было нязвыкла ціха. Таварыскі, гаваркі чалавек не мог мірыцца з гэтай цішынёй. Давялося самому абзвоньваць сяброў, знаёмых — паведамляць новы нумар. Але ўсяго не прадугледзіш, бо ці мала каму спатрэбішся...

5_1

А спатрэбіўся Яўген Трафімавіч супрацоўнікам Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. З праблемамі, але знайшлі яны славутага земляка. І цяпер экспазіцыя, прысвечаная шырока вядомаму чыгуначніку, Герою Сацыялістычнай Працы, папоўнілася перададзенымі ім у музей рэчамі. У іх ліку — імянны гадзіннік «Слава», які ветэран некалі атрымаў з рук міністра шляхоў зносін Савецкага Саюза Мікалая Конарава, фанатэка пласцінак выканаўцаў савецкіх песень, пласцінка з жывым голасам Леніна... Усё гэта ўручылі яму як дэлегату ХХІV з'езда КПСС.

10 красавіка 1965 года на Беларускай чыгунцы адбылася знамянальная падзея: адправіўся ў першы рэйс уласны рэспубліканскі грузавы цеплавоз. Вага гэтага цягніка была на той час унушальнай — 3600 тон. Куды там паравозу! Кіраваць ім даверылі машыністу першага класа з Віцебскага лакаматыўнага дэпо Яўгену Трафімавічу Чарвякову.

Яшчэ малым Жэнька вельмі любіў назіраць за чыгуначнымі саставамі, што з грукатам праносіліся міма станцыі Шуміліна, непадалёку ад якой жыла яго сям'я. Бацька працаваў пуцейскім рабочым, але і гаспадарку не кідаў: меў каля дзясятка дзесяцін зямлі. Трэба ж было шасцярых дзяцей карміць! Жэнька ведаў, што абавязкова будзе машыністам, але вайна парушыла яго планы. Давялося эвакуіравацца пад Урал. Тут, у Арэнбургу, шаснаццацігадовы беларус паступіў у чыгуначнае вучылішча, дзе рыхтавалі памочнікаў машыніста. Праз год з невялікім замест двух (паскораны курс напалову складаўся з практыкі) выпусцілі наваспечаных памочнікаў.

У кастрычніку 1943 года Яўгена Чарвякова залічылі ў франтавую калону №96 асобага рэзерву Наркамата шляхоў зносін, якая абслугоўвала другі і чацвёрты Украінскія франты, забяспечваючы перавозку ваенных грузаў пад пастаяннымі бамбёжкамі фашыстаў. Працуючы памочнікам машыніста, падлетак павінен быў трымаць ціск у катле паравоза. У апошніх двух вагонах са знятымі дахамі размяшчаліся хуткастрэльныя зеніткі і буйнакаліберныя кулямёты, з якіх па нямецкіх самалётах стралялі дзяўчаты, не даючы гітлераўскім асам разбамбіць састаў. Рухаліся выключна ноччу. Танкі, гарматы, боепрыпасы, нават самалёты з дэманціраванымі крыламі (каб укласціся ў габарыты) перамяшчалі да лініі фронту. Разгружалі цягнік вагой да 1500 тон не больш як за паўгадзіны. У выслабаненых вагонах у тыл адпраўлялі параненых. Невымерная адказнасць ляжала на чыгуначніках ваеннага часу!

Яўгену Чарвякову пашанцавала застацца жывым і нават непараненым. У Віцебск ён вярнуўся ў 1947 годзе з двума медалямі і значком выдатнага паравозніка, які атрымаў за тое, што спраўляўся працаваць на кандэнсаце, бо воданапорныя вежы на станцыях былі разбураны ўшчэнт і заправіцца вадой не было дзе. Такім значком мог пахваліцца не кожны машыніст са стажам.

Юнаку быў прамы шлях у машыністы. Авалодваць спецыяльнасцю яго накіравалі на курсы. Дарэчы, тады Яўгену давялося ўдзельнічаць у перапахаванні Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава з партызанскіх могілак у Купаваці на прывакзальную плошчу ў Оршы. Набраўшыся ведаў, хлопец уладкаваўся ў Віцебскае лакаматыўнае дэпо памочнікам машыніста. Прыглядаўся, як працуюць старэйшыя таварышы, вучыўся ў іх майстэрству кіравання, культуры догляду паравоза, вывучаў профіль пуці, разлічваў, дзе можна за кошт інерцыі сэканоміць паліва. Праз тры гады сам павёў таварняк з грузам. Скончыў школу рабочай моладзі, дзевяць месяцаў у Гомелі перавучваўся на машыніста цеплавоза, праходзіў практыку ў Арэнбургу, які некалі «выпісаў» яму пуцёўку на служэнне чыгунцы.

І вось той знамянальны дзень, калі Яўген Трафімавіч сам павёў цеплавоз. Праз некалькі гадоў сярэднюю вагу кожнага з паяздоў ён давёў да пяці тысяч тон, што дало магчымасць пастаянна перавозіць звыш нормы тысячы тон грузаў, эканоміць паліва. Чарвякоў быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, удастоены знака «Ганаровы чыгуначнік СССР».

Каля 70 вучняў вырасціў Яўген Трафімавіч, займаючы пасаду машыніста-інструктара ў маняўровай калоне. Ён навучаў іх усяму таму, што сам умеў, быў патрабавальным і строгім. Пры Чарвякове на маняўровых цеплавозах у Віцебскім дэпо машыністы пачалі працаваць без памочнікаў, што павысіла іх адказнасць, дало высокі эканамічны эфект. За ўвесь час яго работы тут не было ніводнага надзвычайнага здарэння. Планы перавозак пастаянна перавыконваліся, эканомілася паліва.

Радзіма высока ацаніла заслугі чыгуначніка: у сакавіку 1976 года Яўгену Трафімавічу Чарвякову было прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы. 50 гадоў жыцця аддаў ён чыгунцы. Як падлічыў сам Герой (праўда, з агаворкай, што падлік гэты прыблізны), ён перамясціў у грузавых паяздах каля 25 мільёнаў тон народнагаспадарчых грузаў; у пасажырскіх, прыгарадных і воінскіх цягніках перавёз каля двух мільёнаў пасажыраў; сэканоміў каля 1200 тон каменнага вугалю і 100 тон дызельнага паліва. Ветэран безаварыйна праехаў у рабочым рэжыме па чыгунках СССР больш за тры мільёны кіламетраў.

Яўген Трафімавіч ужо каля 30 гадоў пенсіянер, але ў курсе спраў Віцебскага аддзялення чыгункі. Часта наведвае яго старшыня савета ветэранаў лакаматыўнага дэпо Генадзь Півульскі, прыносіць яму навіны. Пра ганаровага чыгуначніка знялі відэафільм, запісалі ўспаміны Яўгена Трафімавіча для нашчадкаў, якія захоўваюцца ў музеі аддзялення. А 29 красавіка ветэран прымаў гасцей не толькі з Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі, гарадской арганізацыі ветэранаў, але і прадстаўнікоў аблвыканкама — разам з роднымі і блізкімі ўрачыста адзначылі 90-ты дзень нараджэння. Няўрымслівы, мудры, з вышыні свайго ўзросту і жыццёвага вопыту, ён прапануе ў якасці нацыянальнай беларускай ідэі, на яго погляд, самую гуманную — берагчы чалавека працы. Бо менавіта ад працаўніка — усё ў свеце. Яго рукамі створаны ўсе багацці на зямлі, не кажучы ўжо пра нашу родную Беларусь.

Таццяна КУЗЬМІЧ, фота аўтара,
г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».