Вы тут

Танкіст нумар адзін


У Мінску ўшанавалі памяць легендарнага Зіновія Калабанава.

ТАСС упаўнаважаны заявіць... У адным з баёў танкавая рота старшага лейтэнанта Зіновія Рыгоравіча Калабанава знішчыла 43 нямецкія танкі. Экіпаж, якім камандаваў таварыш Калабанаў, знішчыў у гэтым баі 22 нямецкія танкі.

[caption id="attachment_97369" align="alignnone" width="600"]7_1 На ма­гі­ле Зі­но­вія Калабанава 19 жніў­ня 2015 го­да — у га­да­ві­ну подз­ві­гу тан­кіс­та (стар­шы­ня Бела­рус­ка­га са­ю­за афі­цэ­раў Ула­дзі­мір БАМ­БУ­РАЎ, за­сна­валь­нік фон­ду імя Ка­ла­ба­на­ва Ва­сіль МОНІЧ і па­моч­нік дэ­пу­та­та Па­ла­ты прад­стаў­ні­коў На­цы­я­наль­на­га схо­ду Бе­ла­ру­сі Ула­дзі­мір ШОКАЎ — зле­ва на­пра­ва).[/caption]

У той жа дзень — 19 жніўня 1941 года — гэтае паведамленне абляцела ўвесь Савецкі Саюз, і ў многіх на слыху было імя адважнага воіна, рота якога спыніла цэлую дывізію вермахта. Ніводнаму танкісту ў свеце не ўдавалася здзейсніць падобнае! Гэта была гераічная і, бадай, беспрэцэдэнтная ў гісторыі войнаў бітва! Зіновія Калабанава адразу ж прадставілі да звання Героя Савецкага Саюза, але запаветнай Залатой Зоркі ён так і не атрымаў...

У чарговую гадавіну подзвігу памяць легендарнага танкіста ўшанавалі ля магілы Зіновія Калабанава, які, дарэчы, пахаваны ў Беларусі — на Чыжоўскіх могілках. З'явіліся кветкі і на мемарыяльнай дошцы, усталяванай на доме па мінскай вуліцы Ташкенцкай, дзе з 1967 па 1994 год жыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

Яшчэ нядаўна яе там не было, як і на могілках: ні слова, што тут пахаваны герой вайны. Так і буяў бы быльнёг ля плота на месцы, дзе знаходзіцца магіла, так і была б яна без помніка, без крыжа, каб не візіт нямецкіх парламентарыяў у Мінск у 1990-х гадах. Сярод іх у сталіцу Беларусі прыехалі афіцэры, якія ведалі, што ў Германіі бой пад Вайсковіцамі, што пад Гатчынам Ленінградскай вобласці, вывучаецца на ваенных кафедрах. Яны і папрасілі паказаць магілу Калабанава. А нашы зразумець не маглі, хто гэта! Пасля ад'езду дэлегацыі з вялікай цяжкасцю адшукалі на Чыжоўскіх могілках ледзь прыкметнае пахаванне — наводшыбе, у лопуху.

— У чэрвені 2006 года на сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргеем Забалотцам было вырашана высветліць гісторыю лёсу Зіновія Рыгоравіча Калабанава — чалавека, якога ён ведаў па сумеснай працы на Мінскім аўтамабільным заводзе, — расказвае заснавальнік фонду імя Калабанава Васіль МОНІЧ. — Сяргей Макаравіч перадаў мне копіі аўтабіяграфіі франтавіка з архіва аддзела кадраў МАЗа. У той жа час да мяне звярнуліся тагачасныя старшыня адміністрацыі Заводскага раёна Вячаслаў Юхновіч і ваенкам Алег Казлоў з просьбай усталяваць на закінутай магіле помнік Калабанаву. У выніку 19 жніўня 2006 года, у дзень 65-годдзя здзяйснення танкістам свайго бессмяротнага подзвігу, месца апошняга зямнога прытулку народнага Героя было акультурана, тут з'явіўся мемарыяльны комплекс, годны гэтага неардынарнага чалавека.

[caption id="attachment_97370" align="alignnone" width="600"]Экі­паж «КВ-1». 19 жніў­ня 1941 го­да. (Зі­но­вій КА­ЛА­БА­НАЎ у цэнт­ры). Экі­паж «КВ-1». 19 жніў­ня 1941 го­да. (Зі­но­вій КА­ЛА­БА­НАЎ у цэнт­ры).[/caption]

А чалавек ён быў сапраўды незвычайны. 19 жніўня 1941 года камандзір 3-й танкавай роты 1-га танкавага батальёна 1-й танкавай дывізіі старшы лейтэнант Калабанаў атрымаў загад: перакрыць тры дарогі, якія вядуць да Чырвонагвардзейска (цяпер горад Гатчына Ленінградскай вобласці. — Аўт.) з боку Лугі, Воласава і Кінгісепа. «Стаяць насмерць!» — сказаў, як адрэзаў, камдыў.

На ўзбраенні роты Калабанава знаходзіліся цяжкія танкі «КВ-1». Гэтая баявая машына магла паспяхова змагацца з танкамі, якімі ў пачатку вайны былі ўкамплектаваны войскі вермахта. Моцная браня і магутная 76-міліметровая гармата зрабілі савецкі танк практычна непаражальным. Але быў у яго і недахоп: не найлепшая манеўранасць. Таму найбольш эфектыўна гэтыя танкі дзейнічалі з засад.

Так было і на гэты раз. Час блізіўся да поўдня. Пасля паўторнай спробы прарыву на шашы, дзе яны страцілі дзве машыны, гітлераўцы вырашылі перайсці на суседнюю, хоць і нязручную для іх дарогу. Калабанаў папярэдзіў: «Быць гатовым да бою. Без каманды не страляць». На дарозе з'явіліся матацыклісты і бронемашыны разведкі ворага. «Прапусціць», — скамандаваў ротны. Праз некаторы час на дарогу выйшлі галаўныя танкі, здавалася, бясконцай калоны. Зіновій Рыгоравіч пачакаў, калі першы танк параўняецца з выбраным арыенцірам, і загадаў: «Агонь!» Нямецкі танк загарэўся і пачаў разварочвацца, чым поўнасцю перакрыў і без таго вузкую дарогу, акружаную балотам. Тым часам Андрэй Усаў, выдатны артылерыст (дарэчы, беларус. — Аўт.), падпальвае другую, трэцюю машыны. Потым — агонь па двух апошніх танках. Такім чынам, калона танкаў «Т-111» апынулася замкнутай, а Усаў працягваў весці прыцэльны агонь па тэхніцы ворага. Гітлераўцы прыкмецілі танк Калабанава і адкрылі па ім агонь з усіх уцалелых гармат. Пазней спецыялісты падлічаць, што ў танк Зіновія Рыгоравіча трапіла каля 150 снарадаў. Аднак браня вытрымала гэтае выпрабаванне.

Камандзір палка і карэспандэнт газеты «Известия», якія неўзабаве прыбылі на месца бою, былі ўражаны ўбачаным — на дарозе гарэла калона танкаў, а густы дым зацягнуў неба. Усе віншавалі Калабанава і членаў экіпажа з перамогай, а карэспандэнт зняў на камеру вынікі бою. Пазней ленінградцы ўбачаць гэты эпізод на экранах кінатэатраў. А пісьменнік Аляксандр Гітовіч літаральна праз некалькі дзён напіша паэму «Танкіст Зіновій Калабанаў».

— У мяне часта пыталіся, ці было страшна, — расказваў Зіновій Рыгоравіч. — Няёмка адказваць, могуць прыняць за пахвальбу. Але ніякага страху я не адчуваў. Патлумачу чаму. Пасля выхаду ў адстаўку я 23 гады адпрацаваў у народнай гаспадарцы. Але ўсё роўна ўсё жыццё адчуваю сябе вайскоўцам. Тады камандзір дывізіі загадаў мне «стаяць насмерць». Гэта не нейкая эмацыйная фармуліроўка, а дакладны загад. Я прыняў да выканання. Быў гатовы, калі трэба, памерці. І ніякіх «страхаў» у мяне ўжо не ўзнікала і ўзнікнуць не магло.

Усе члены экіпажа Калабанава — камандзір гарматы старшы сяржант Андрэй Усаў, старшы механік-кіроўца старшына Мікалай Нікіфараў, малодшы механік-кіроўца Мікалай Раднікоў і стралок-радыст старшы сяржант Павел Кісялькоў — былі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі. Камандзір танка атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга. А між іншым, Зіновія Калабанава і ўсіх членаў яго экіпажа за праяўленыя ў пераможным баі мужнасць і гераізм прадставілі да найвышэйшай узнагароды. За Калабанава хадайнічалі два яго камандзіры, на той час ужо Героі Савецкага Саюза. Узнагародны ліст, які гэта пацвярджае, захоўваецца і сёння. Толькі ў графе «найменне ўзнагароды» Герой Савецкага Саюза перакрэслены чырвоным алоўкам. Побач напісана — ордэн Чырвонага Сцяга.

[caption id="attachment_97368" align="alignnone" width="600"]Ме­ма­ры­яль­ная дош­ка па ву­лі­цы Таш­кенц­кай, дзе з 1967 па 1994 год  жыў Зі­но­вій Калабанаў. Ме­ма­ры­яль­ная дош­ка па ву­лі­цы Таш­кенц­кай, дзе з 1967 па 1994 год жыў Зі­но­вій Калабанаў.[/caption]

Як лічыць член Беларускага саюза афіцэраў Сяргей Собалеў, была прычына, якая перашкодзіла герою-танкісту атрымаць найвышэйшую ўзнагароду:

— Калабанаў вызначыўся яшчэ ў фінскую кампанію. Аднак пасля падпісанага перамір'я Зіновія Рыгоравіча і яго салдат абвінавацілі ў тым, што яны браталіся з фінамі. За гэта яго звольнілі з арміі, пазбавілі звання і ўзнагарод. Не выключана, што ён нават трапіў за краты. Магчыма, гэты эпізод біяграфіі і не дазволіў яму прымераць Зорку Героя ў Вялікую Айчынную, якую ён пачаў, лічыце, з чыстага ліста.

Магла быць, на думку вайскоўцаў, і другая прычына. У снежні 1951 года Калабанава перавялі ў Групу савецкіх войск у Германіі, дзе ён служыў да 1955 года. І ў гэты час якраз з яго батальёна ў англійскую акупацыйную зону дэзерціраваў савецкі салдат. Ратуючы камбата ад ваеннага трыбунала, камандарм перавёў Зіновія Рыгоравіча ў Беларускую ваенную акругу. Героем Савецкага Саюза чалавек з такой біяграфіяй, вядома, у той час стаць не мог.

...Яшчэ тры тыдні пасля бою пад Вайсковіцамі рота старшага лейтэнанта стрымлівала немцаў на подступах да Чырвонагвардзейска. За гэты час пяць танкаў Калабанава знішчылі 3 мінамётныя батарэі, 4 супрацьтанкавыя гарматы і 250 нямецкіх салдат і афіцэраў. Потым рота была перакінута на самы важны на той момант рубеж — яна прыкрывала адыход апошняй ваеннай калоны на горад Пушкін. 15 верасня 1941 года Зіновій Калабанаў быў цяжка паранены. Ноччу на могілках Пушкіна, дзе танкі запраўляліся палівам і боепрыпасамі, побач з «КВ-1» старшага лейтэнанта разарваўся нямецкі снарад. Пяць дзён танкіст знаходзіўся без прытомнасці. Але нягледзячы на асколачнае раненне галавы і пазваночніка, кантузію галаўнога і спіннога мозга, ён выжыў. Толькі вайна для яго скончылася...

Вось што ён пра гэта потым раскажа: «Чамусьці я быў перакананы, што не памру. Але аказаўся калекам. Усё цела хадуном хадзіла, галава трэслася. У шпіталі, дарэчы, мне давялося ўбачыць бой пад Вайсковіцамі: кадры, знятыя там, увайшлі ў адзін з выпускаў ваеннай кінахронікі. Набраўшыся сіл і смеласці, папрасіўся ў родную часць. Давялося, вядома, палку выкінуць, трымацца. Вялікае шчасце: узялі. Служыў. Таварышы разумелі мяне, дапамагалі. Дзякуй ім. Магу толькі сказаць, што салдацкі хлеб я еў недарма: з часам мой танкавы батальён быў прызнаны найлепшым у арміі, а камандуючы ўручыў мне імянную паляўнічую стрэльбу».

Зіновій Калабанаў лячыўся ў шпіталях да сакавіка 1945 года. Акрыяўшы пасля ранення, вярнуўся ў строй. Яшчэ 13 гадоў ён служыў у арміі. Пасля таго, як звольніўся ў запас, працаваў на Мінскім аўтазаводзе.

Было ў жыцці Зіновія Калабанава і яшчэ адно цяжкае выпрабаванне. Літаральна за некалькі дзён да вайны ў яго нарадзіўся сын, але ён быў вымушаны расстацца з сям'ёй, пра лёс якой доўгі час не ведаў. Яны знайшлі адно аднаго пасля вайны, па радыё — былі такія перадачы, якія дапамагалі людзям шукаць блізкіх.

Не стала танкавага аса 8 жніўня 1994 года. Толькі пры жыцці Зіновій Калабанаў нават марыць не мог аб той увазе, якая цяпер надаецца яго асобе. Пра яго расказваюць унукі, больш, чым раней, распавядаюць у газетах і кнігах. Яго імя нават ведаюць у славутай гульні «Мір танкаў», дзе гульцу, які адзін перамог пяць і больш танкаў, прысвойваецца віртуальны медаль Калабанава. Беларускі мецэнат Васіль Моніч заснаваў фонд імя адважнага танкіста, медаль, які прысвойвае за дасягненні ў справе ўвекавечвання памяці, напісаў пра Зіновія Рыгоравіча не адну кнігу, а сёння з яго лёгкай рукі ў Санкт-Пецярбургу стартуе хакейны турнір імя Калабанава, які ў будучыні будзе мець працяг.

Адважны воін быў бы шчаслівы. Толькі як гэта спатрэбілася б франтавіку пры жыцці, калі яму папросту не верылі. Былі выпадкі, калі на шырокую аўдыторыю Зіновій Рыгоравіч расказваў аб знакамітым баі і колькасці знішчаных танкаў, з залы даносіўся іранічны смех: «Маўляў, хлусі ветэран, але ведай меру!»

Каб выправіць гэтую вялікую памылку свайго часу і ўстанавіць гістарычную справядлівасць, ветэранскія арганізацыі, грамадскія дзеячы і гісторыкі спрабуюць сёння дамагчыся ад расійскіх улад прысваення Зіновію Калабанаву звання Герой Расіі — менавіта там ён нарадзіўся, на гэтай зямлі і здзейсніў свой подзвіг. У Гатчынскім раёне Ленінградскай вобласці сабраны подпісы з просьбай пасмяротна ўдастоіць танкіста заслужанай ім у самым пачатку вайны высокай узнагароды. Хочацца верыць, што неўзабаве на аднаго Героя Расіі стане больш. Праўда, у людской памяці Зіновій Калабанаў і так ГЕРОЙ!

P.S. Глыбока сімвалічна, што два гады таму лаўрэатам штогадовага творчага конкурсу рэдакцыі газеты «Звязда» і Міністэрства абароны на найлепшую публікацыю аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і ваенна-патрыятычным выхаванні стала Кацярына Калабанава, праўнучка адважнага танкіста.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА і з архіва

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.