Вы тут

Узвышанае і зямное


Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў Нацыянальным прэс-цэнтры Саюз пісьменнікаў Беларусі па добрай традыцыі падвёў пэўныя вынікі сваёй працы, паведаміўшы журналістам не толькі пра сваю дзейнасць, але і пра падрыхтоўку да свята. Па словах старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, сёння ў СПБ звяртаецца ўсё больш вартых увагі творцаў. Саюз адказна падыходзіць да ўключэння новых аўтараў у свае рады, бо члены СПБ павінны спрыяць развіццю беларускай літаратуры. — Адна з задач творчай арганізацыі — дапамагаць пачынаючым талентам. З гэтай мэтай праводзяцца літаратурныя конкурсы, праз якія мы адкрываем новыя імёны. На падвядзенні вынікаў Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу, прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі, было ўзнагароджана больш за 200 маладых аўтараў, — падкрэсліў Мікалай Чаргінец. Гэтая лічба неаднойчы згадвалася на прэс-канферэнцыі: у сярэднім за год выдаецца больш за 200 кніг членаў СПБ, прычым не толькі ў дзяржаўных, але і ў прыватных выдавецтвах, сярод якіх у першую чаргу варта адзначыць «Харвест» і «Чатыры чвэрці». Мікалай Чаргінец расказаў пра добрыя стасункі СПБ з пісьменніцкімі супольнасцямі Расіі, Кітая, Казахстана і іншых краін, узгадаў і паездку пісьменніцкай дэлегацыі на Х Санкт-Пецярбургскі міжнародны кніжны салон. Удзельнікі сустрэчы падрабязна распавялі пра мерапрыемствы, якія чакаюць наведвальнікаў Шчучына 6 верасня, падчас святкавання Дня пісьменства. Паводле слоў Мікалая Чаргінца, сёлета ў святочнай праграме плануюцца дзве навінкі. Па-першае, беларускія пісьменнікі сустрэнуцца з жыхарамі горада, каб пазнаёміць іх са сваёй творчасцю і расказаць пра сучасную беларускую літаратуру. Па-другое, у Шчучыне падчас Дня пісьменства адбудзецца спаборніцтва дзіцячых футбольных каманд на прызы СПБ. Да таго ж сёлета ўпершыню будзе ўручацца Нацыянальная прэмія па літаратуры. Лаўрэаты будуць вызначаны ў сямі намінацыях. Старшыня СПБ падкрэсліў, што Дзень пісьменства — гэта прыклад таго, як можна аб'яднаць зварот да духоўнасці з рэаліямі сённяшняга дня: гаспадары свята не толькі рыхтуюцца да сустрэчы з пісьменнікамі, але і атрымліваюць дзяржаўную датацыю на адбудову горада. Алесь Карлюкевіч, дырэктар — галоўны рэдактар «Выдавецкага дома «Звязда», расказаў пра іншыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня пісьменства. Дзявяты год запар ладзіцца міжнародны «круглы стол» замежных пісьменнікаў. Сёлета па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюза пісьменнікаў Беларусі, «Выдавецкага дома «Звязда» і выдавецтва «Мастацкая літаратура» збяруцца пісьменнікі і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Літвы, Туркменістана і іншых краін. — Па вяртанні на радзіму ўдзельнікі круглага стала звычайна распавядаюць пра свае ўражанні ад Беларусі на старонках перыёдыкі, у мастацкіх творах розных жанраў, — падкрэсліў Алесь Карлюкевіч. Да Дня беларускага пісьменства прымеркаваны і праект «Жывая класіка»: у Шчучыне збяруцца найлепшыя чытальнікі з агульнаадукацыйных школ Гродзеншчыны, далучацца да справы і пісьменнікі. Сучасную літаратурную сітуацыю акрэслілі старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў і доктар філалагічных навук Іван Саверчанка. Міхась Пазнякоў расказаў журналістам пра нядаўна адшуканыя таленты — Кацярыну Масэ, Таццяну Купрыянец, Ганну Мартынчык, а таксама прадэманстраваў дэбютныя зборнікі маладых паэтаў. Іван Саверчанка згадаў цікавыя новыя кнігі беларускіх пісьменнікаў, а таксама падкрэсліў, што развіццю прыгожага пісьменства ў нашай краіне імкнуцца спрыяць і супрацоўнікі Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У тым ліку з гэтай мэтай рыхтуюцца акадэмічныя выданні збораў твораў класікаў. Напрыканцы прэс-канферэнцыі Мікалай Чаргінец прадставіў журналістам паэта і празаіка Івана Юркіна. Музычныя кампазіцыі на словы гэтага аўтара будуць гучаць на Дні беларускага пісьменства ў выкананні Анатоля Ярмоленкі. Янка НАТАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.