Вы тут

Несці адказнасць хаця б за самога сябе — гэта ўжо нямала


Мы прывыклі размаўляць з імі пра распрацоўку законаў і надзённыя праблемы беларусаў. Афіцыйна, суха і па факце. А між іншым, парламентарыі — гэта людзі, вартыя ўвагі за іх светапогляд, уласную філасофію і лад жыцця.

З Валерыем БАРАДЗЕНЕМ, дэпутатам, членам Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па бюджэце і фінансах, мы размаўлялі ў кавярні непадалёк ад Дома ўрада, дзе на яго густ — самая смачная кава. У апрыёры нефармальнай размове ён расказаў, як выхоўваць дзетак (а іх у Валерыя Анатольевіча трое), дзе лепей адпачываць летам, як можна палепшыць эканоміку краіны, і прызнаўся, што беларусы — прыўкрасныя людзі.

2

2

 

— Вам шмат давозіцца працаваць з людзьмі. Значыцца, вы іх лепей разумееце, чым хтосьці іншы. Якія яны, беларусы?

— Я лічу, што Беларусь — еўрапейская краіна. Каштоўнасці нашых людзей бліжэйшыя да Еўропы. У тым ліку і ў плане адкрытасці. Беларусь сярод усіх постсавецкіх краін — першая па колькасці выдадзеных шэнгенскіх віз. Уяўляеце: мы абышлі нават расіян! Калі параўнаць па колькасці насельніцтва, то Расія амаль у 15 разоў нас пераўзыходзіць. Гэта дзіўна, бо Захад ад нас адмяжоўваецца, абвінавачвае ў недахопе дэмакратычнасці кіравання. Але, як паказвае практыка, беларусы — адны з самых прыстойных турыстаў. У нас найменшая колькасць адміністрацыйных правапарушэнняў. Але, з іншага боку, наколькі адкрытыя, настолькі і закрытыя: мы цяжка падпускаем людзей да сябе.

— У чым мы дакладна не падыходзім пад прыметнік «еўрапейская», дык гэта па дэмаграфічнай сітуацыі.

— Цалкам згодны. Гэта ўвогуле дзіўная залежнасць: чым лепей эканоміка дзяржавы, тым меней у ёй нараджаецца дзетак, прагрэсіруе старэнне нацыі. Паказчыкі ў Афрыцы і Еўропе супрацьлеглыя. Хаця на паўднёвым кантыненце ў некаторых краінах жывуць на 2 долары ў месяц, але большасць сем'яў там — шматдзетныя. А ў Еўропе, наадварот, з'явілася тэндэнцыя нараджаць пасля 30, а тое і пазней. Але гэта ўжо зусім іншы фізічны рэсурс... Чаму так адбываецца? Калі матэрыяльныя радасці недасяжныя, яны замяняюцца шчасцем дзетараджэння. Што таксама не самы дрэнны варыянт. Беларусь у гэтым плане адшукала залатую сярэдзіну.

— З чым яшчэ зараз сутыкнулася Еўропа?

— Найперш за ўсё — з масавай міграцыяй. Эмігранты, калі прыязджаюць у Еўропу, не ўспрымаюць яе культуру, а прывозяць сваю. Не асімілююцца, а, наадварот, адасабляюцца ў асобныя раёны, дзе множаць бандытызм і злачынствы. У такія месцы паліцэйскія ў цёмны час сутак нават не заязджаюць, а ў светлы завітваюць адразу па некалькі машын — да 10-ці за раз. Бо там сапраўды небяспечна: вечарам могуць абакрасці і збіць. Я быў у Францыі, там увогуле не прынята вечарам хадзіць па вуліцы. Калі вярнуўся са шпацыру жывы і здаровы, мае сябры-французы былі шчыра здзіўлены. Яшчэ адзін бок дэмакратыі — гэта бамжы, якіх можна сустрэць наўпрост на вуліцы. Ім хапае некалькіх метраў для таго, каб здзяйсняць усё неабходнае для жыццядзейнасці. Не толькі есці і спаць... Гэта адваротны бок дэмакратычнай палітыкі.

— З Еўропай нарэшце разабраліся. Мяне цікавіць крыху іншы бок жыцця. Я ведаю, што ў вас, Валерый Анатольевіч, трое дзетак. Якіх правілаў вы прытрымліваецеся, выхоўваючы іх?

— Пра гэта вам лепей раскажа мая жонка (смяецца). Зараз мае дзеці ходзяць у гурткі: малююць, спяваюць, граюць на інструментах. Я ж рос у вёсцы. Там не было заняткаў для творчасці. Бяры паперу — і малюй. Хочаш гуляць у футбол — выходзь на вуліцу і кліч сяброў. У дзяцінстве я перачытаў усю вясковую бібліятэку з гэтай нагоды. Можа, тысячы дзве кніг. Зараз у горадзе дзетак водзяць на заняткі самага рознага кшталту. Але гэта не абавязковая ўмова для таго, каб у будучыні вырас паспяховы дарослы чалавек. Зірніце, колькі талентаў выйшла з вёскі... Усё залежыць ад самога цябе, ад прыродных здольнасцей. І ўвогуле, што тут дарма казаць: дзяцей трэба не толькі развіваць, але і папросту любіць. І гэта ўжо нямала.

— А дзе вы з імі бавіце час, як адпачываеце?

— Адпачынак у гэтым годзе я правёў з усёй сям'ёй на Браслаўскіх азёрах. Мы жылі ў палатках на кемпінгу «Панцялееўскі рог». З намі былі нашы сябры — сям'я з двума дзецьмі. Так удзевяцярых прабылі там адзінаццаць дзён. Праўда, было холадна, ішоў дождж. Купаліся толькі два апошнія дні. Але ўсе засталіся вельмі задаволеныя. Палаткі, ровары, а мой сябра яшчэ і вяроўкі ўмее нацягваць — можна лазіць. Сумна не бывае! Гэтаксама мы адпачывалі і ў мінулым годзе. Дзецям падабаецца, таму і прыехалі зноў. Увогуле, па выхадных ездзім да бабулі ў агарод — трэба дапамагаць. Падчас навучальнага года складана куды-небудзь вырвацца: дзеці ходзяць у суботу і нядзелю ў музычную школу і гурткі для развіцця.

— Скажыце, ці адбіваецца тое, што вы працуеце ў камісіі па бюджэце і фінансах, на вашым жыцці? Напрыклад,  уздзейнічае на фарміраванне сямейнага бюджэту?

— Насамрэч не. Гэта зусім розныя маштабы.

— Ведаеце, Маргарэт Тэтчар казала, што жанчына, якая ўмее весці хатнюю гаспадарку, справіцца і з кіраваннем дзяржавай.

— Можа, жанчына і зможа (смяецца). Я не прэтэндую. І ўсё ж такі маштабы гэтых дзвюх сістэм не дазваляюць правесці такое параўнанне. Калі гутарка ідзе пра сям'ю, то рашэнні прымаюцца мабільна, тут і адразу. У межах дзяржавы столькі месца для манеўраў няма. У нашым бюджэце традыцыйна шмат увагі надаецца сацыяльнай сферы, якая павінна стабільна забяспечвацца. Тыя ж заробкі бюджэтнікам. Сёння ў нас не так шмат грошай, як хацелася б. Таму іх трэба рацыянальна размяркоўваць. Але мы часта забываемся на тое, што фінансавы поспех краіны залежыць ад працы кожнага з нас.

— А ці ёсць кнігі, якія сфарміравалі ваш светапогляд?

— Думаю, што сюды можна аднесці кнігі, якія масава выдаваліся ў Савецкім Саюзе. Напрыклад, трылогія Тэадора Драйзера «Фінансіст», «Тытан» і «Стоік». Усім, хто скардзіцца, што ў нас «не такая» эканоміка, раю пачытаць. У гэтых кнігах адлюстравана, як адбывалася станаўленне рынкавай эканомікі ў Амерыцы. Набыў яблыкі, памыў, прадаў на 2 цэнты даражэй і пусціў у абарот выручаныя грошы. Праз колькі гадоў і чыгунку набыў... Ці, напрыклад, стварыў акцыянернае таварыства. Значыць, меў ідэю, пераканаў іншых людзей, што ў яе ёсць сэнс укласці грошы, прадаў акцыі, атрымаў капітал і нарэшце рэалізаваў ідэю. Акцыі пачалі каціравацца — і справа пайшла.

— А ў нас?

— Іншая сістэма, людзі не да канца адчуваюць асабістую адказнасць пры прыняцці рашэнняў. Так зараз і атрымліваецца: з набыццём незалежнасці мы «ўскочылі» ў рынкавую эканоміку, але ўнутры — усё яшчэ савецкія людзі, наша свядомасць пакуль не «дабегла» да навакольнай рэчаіснасці. Майму пакаленню складана зразумець, што ніхто табе нічога не павінен (і дзяржава таксама), ты ўсё абавязаны здабыць сам. У Амерыцы дзеці з 10-12-гадовага ўзросту заклапочаны тым, як зарабіць кішэнныя грошы. А нашы? Адсюль і іншы менталітэт. Несці адказнасць хаця б за самога сябе — гэта ўжо нямала. Ды і дзяржаве лягчэй.

— Ці здольны мы на гэта?

— Я думаю, што так. У нас, насамрэч, шмат крэатыўных, творчых асоб, якія здольны падаваць новыя, унікальныя ідэі. У гэтым і ёсць самастойнасць. Мала хто ведае, але самая папулярная ў свеце анлайн-гульня «World of Tanks» — вынаходства беларусаў. «Vіber» — таксама наш прадукт. І гэта толькі тое, што ляжыць на паверхні. Мы не кранаем медыцыну, банкаўскую сферу... Але для творчасці павінна быць свабода і ў той жа час канкурэнцыя, вольныя ад кантролю дзяржавы камерцыйныя нішы. Мы нават не ўяўляем, якія станоўчыя змены чакаюць нас, калі будзем мець смеласць рэалізоўваць свае ідэі.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

P.S. Калі кава і гарбата былі ўжо даўно выпіты, да нас падышоў малады чалавек з пытаннем: «Жадаеце, я вам сыграю?» Ён дастаў трубу і выдаў нескладаную мелодыю. Потым працягнуў інструмент мне і не браў яго, пакуль хоць раз не атрымалася нармальна дунуць (а гэта аказалася не так проста). Мы размаўляем, і пад канец гутаркі хлопец просіць грошай «на паесці» і, задаволены, сыходзіць. Кароткая паўза. «Дарэмна я, напэўна, пра недахоп крэатыўных ідэй казаў. Хлопец, між іншым, за дзве хвіліны зарабіў на абед», — кажа Валерый Анатольевіч. І ён мае рацыю.

Загаловак у газеце: Валерый БАРАДЗЕНЯ: «Несці адказнасць хаця б за самога сябе — гэта ўжо нямала»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.