Вы тут

«Такіх краявідаў, як на Століншчыне, я не сустракаў больш нідзе»


Герой Расіі, ураджэнец Давыд-Гарадка, часта бывае ў родных мясцінах.

Давыд-Гарадок адзначыў 915-ы дзень нараджэння. На Дзень горада па традыцыі запрашалі землякоў: тых, хто нарадзіўся тут і памятае сваю малую радзіму. Адзін з іх, гвардыі палкоўнік запасу Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, Герой Расіі Аляксандр Дарковіч. У ходзе першай чачэнскай кампаніі Аляксандр Васільевіч камандаваў дэсантна-штурмавым батальёнам 336-й асобнай гвардзейскай Беластоцкай ордэнаў Суворава і Аляксандра Неўскага брыгады марской пяхоты Балтыйскага флоту. За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні спецыяльнага задання, указам Прэзідэнта РФ у 1995 годзе яму было прысвоена званне Героя Расійскай Федэрацыі.

29-16

Цяпер былы вайсковец жыве ў Маскве, займаецца бізнесам. На запрашэнне кіраўніцтва Давыд-Гарадка прыехаць на свята адказаў адразу ж. І, як сапраўдны вайсковец, прыбыў дакладна ў прызначаны час. Аляксандр Васільевіч з задавальненнем згадзіўся адказаць на пытанні карэспандэнта нашай газеты.

— Вашы карані недзе ў ваколіцах старажытнага Давыд-Гарадка?

— Мае карані зусім побач з Брэстам, у вёсцы Прылукі. Усе Дарковічы адтуль. Ведаеце, дзе ваенны палігон, на якім трэніруюцца дэсантнікі? Дык вось трэніровачная база там узнікла не цяпер, нават не ў савецкія часы, а значна раней, пры цары. Тыя з нашых продкаў, чые зямельныя надзелы трапілі пад патрэбы вайсковай базы, атрымалі грашовую кампенсацыю і выехалі на Століншчыну. Іншыя засталіся пад Брэстам. Мае дзяды-прадзеды з брэсцкіх Дарковічаў. Я і сам пра гэта параўнальна нядаўна даведаўся, калі мой сын заняўся вывучэннем роду і пабудовай генеалагічнага дрэва.

А нарадзіўся я ў Давыд-Гарадку, таму што мая маці-настаўніца атрымала накіраванне туды, дзе ўжо працаваў па размеркаванні бацька. Там яны сустрэліся, пажаніліся і нарадзіўся я. Праз пару гадоў мы паехалі па месцы далейшай службы бацькі ў Ганцавічы, а яшчэ пазней — у Брэст, дзе я закончыў сярэднюю школу.

— Ваш сын выказвае шчырую зацікаўленасць сваім беларускім паходжаннем?

— Ён ніколі не жыў у Беларусі. Нарадзіўся ў Белгарадзе; як усе дзеці вайскоўцаў, паездзіў за намі. І ўжо студэнтам вельмі зацікавіўся ўсім беларускім, самастойна вывучыў мову, свабодна на ёй гаворыць. Я яму забяспечваю, можна сказаць, моўны асяродак. Мы з сынам дома размаўляем толькі па-беларуску, да вялікага здзіўлення нашай жонкі і маці. Хлопец ва ўніверсітэце вывучае славянскія мовы. Заняткі беларускай, па-першае, становяцца для яго дадатковай практыкай, ну і, вядома, задавальняюць яго жывы інтарэс да мовы і культуры сваіх продкаў.

— У Давыд-Гарадок вы ездзілі разам?

— Так, папярэдне праехалі па месцах баявой славы нашага палка 336-й брыгады марской пяхоты Балтыйскага флоту. Полк, дарэчы, вызваляў Рагачоў ад немцаў, фарсіраваў Дняпро каля Рагачова. Чаму гісторыя гэтага падраздзялення мне такая блізкая? Полк з'явіўся роданачальнікам брыгады марской пяхоты Балтыйскага флоту, у якой я служыў. Дарэчы, першы марскі полк Пётр І сфарміраваў каля Гродна. Сувязь Балтыйскага флоту з Беларуссю існуе фактычна ад пачатку расійскага флоту. Наш 336-ы полк быў сфарміраваны на базе 120-й дывізіі Омскага пяхотнага вучылішча. Дывізія ўдзельнічала ў Сталінградскай бітве, бітве на Курскай дузе, потым у аперацыі «Баграціён». Пасля вайны яна дыслацыравалася пад Мінскам. І калі на пачатку 1960-х гадоў было прынята рашэнне аб адраджэнні марской пяхоты, адзін полк названай дывізіі перакінулі на Балтыку. Як бачыце, у нас карані агульныя. І падчас службы цесна ўзаемадзейнічалі з беларусамі: сябравалі падраздзяленнямі, ветэранскімі арганізацыямі, і мы пастаянна ездзілі пад Мінск, і яны да нас. Не ведаю, ці падтрымліваюцца гэтыя сувязі зараз — хочацца спадзявацца, што новыя пакаленні вайскоўцаў не страцілі нашы напрацоўкі.

Што датычыць ветэранаў палка, то мы і перапісваемся, і сустракаемся. Летась, дарэчы, Дзень ваенна-марскога флоту адзначалі ў Брэсцкай крэпасці. Так што мы, ветэраны 336-й брыгады, не толькі абменьваемся ўспамінамі, падтрымліваем былую славу сваёй часці вось такімі жывымі стасункамі, але і робім нейкі ўклад у летапіс яе гісторыі. Мне расказалі нядаўна, што ў Столінскім раёне ёсць магіла воінаў-балтыйцаў. Іх у свой час накіравалі на ўмацаванне Пінскай флатыліі, тут яны загінулі пры вызваленні Беларусі.

Пазней збіраюся больш дасканала заняцца гэтай тэмай, каб аднавіць гісторыю подзвігу шасці маракоў, якія загінулі пры абароне Радзімы.

— Скажыце, калі ласка, колькі слоў і пра сваю работу ў якасці намесніка старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі».

— Тое, пра што я толькі што сказаў, і ёсць адзін з кірункаў нашай работы — дзейнасць па ўвекавечанні памяці герояў вайны. Створана грамадская арганізацыя перш за ўсё для таго, каб падтрымліваць у расійскіх рэгіёнах рух этнічных беларусаў, накіраваны на папулярызацыю сваёй мовы, культуры, традыцый, а таксама ажыццяўляць інфармацыйныя стасункі паміж арганізацыямі ў рэгіёнах. Сёлета старшынёй Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі абраны заслужаны дзеяч навукі Расіі Сяргей Львовіч Кандыбовіч. Мяне выбралі адным з яго намеснікаў якраз па пытаннях патрыятычнай работы, сувязі з ветэранскімі арганізацыямі.

Літаральна нядаўна вырашалася пытанне аб адкрыцці залы для нашых мерапрыемстваў у будынку Пасольства Беларусі ў Расіі. У Маскве ёсць адно такое памяшканне, дзе праходзяць канцэрты, выставы беларусаў. Але і ў пасольстве такая зала будзе нялішняй, бо кантакты пашыраюцца з кожным годам. З канцэртамі, творчымі, патрыятычнымі праектамі едуць дзеці, моладзь. І гэта не можа не радаваць.

— Ваш напрамак — ваенна-патрыятычная работа — на мой погляд, асабліва запатрабаваны. Мы гэта бачым нават па мерапрыемствах у Брэсцкай крэпасці: цягнікі памяці з моладдзю, ветэранскія дэсанты з Расіі едуць да нас штогод 22 чэрвеня, на Дзень Перамогі ды і ў іншыя дні. Збіраецеся працягваць такую работу?

— Я паставіў для сябе мэту да канца года навесці кантакты з усімі ветэранскімі арганізацыямі Беларусі. Нядаўна пазнаёміўся з былым дырэктарам мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» генерал-маёрам Валерыем Губарэнкам, з кіраўнікамі мінскіх арганізацый. Думаю, што недзе да наступнага лета мы пачнём актыўна абменьвацца дэлегацыямі, наведваць памятныя мясціны Расіі і Беларусі. І не толькі з Масквой будзем працаваць. Вялікія дыяспары беларусаў ёсць у Калінінградскай, Архангельскай абласцях, Татарстане, Ханты-Мансійску, Краснадарскім краі. І многія з іх праяўляюць інтарэс да гістарычнай радзімы.

— Вам асабіста цікава ўсім гэтым займацца?

— Нехта ж павінен... Я ганаруся сваёй радзімай. Колькі апошнім часам зроблена па адраджэнні нашых гістарычных каштоўнасцяў! Я чатыры разы быў у Нясвіжы, і кожны раз мне цікава... Супрацоўніцы мяне пазналі, спыталі, чаму зачасціў да іх. А я вырашыў пажартаваць, кажу, што хачу купіць палац. Дасціпная маладая экскурсаводка падхапіла жарт: гэта не да нас, да пані Радзівіл, у Варшаву... У Беларусі ёсць што паказаць любому госцю. Вельмі прыемна везці любую дэлегацыю па вашых дарогах, наведваць дагледжаныя райцэнтры і аграгарадкі.

Можна меркаваць па ўзроўні добраўпарадкавання і дагледжанасці нават па Століне, Давыд-Гарадку. Гэта ж самая глыбінка, патрыярхальнае некалі Палессе. Яшчэ мне вельмі спадабаліся вёскі Рубель, Альшаны. Там ашаламляльна прыгажэнная прырода! На Століншчыне ёсць такія краявіды, якіх я не сустракаў болей нідзе. Наступным разам мае новыя сябры і, як аказалася, далёкія родзічы абяцалі наладзіць экскурсію па Альманскіх лясах і балотах.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.