Вы тут

Эдгард ЗАПАШНЫ: «Падабаецца, як па-беларуску гучыць слова «дзяржаўны»


Славуты артыст цырка даў эксклюзіўнае інтэрв'ю «Звяздзе».

У верасні знакамітыя расійскія дрэсіроўшчыкі браты Запашныя зноў выступяць у Беларусі. Для жыхароў Мінска прадстаўнікі легендарнай цыркавой дынастыі прэзентуюць спектакль «К.У.К.Л.А.», які, па словах Запашных, з'яўляецца адным з самых дарагіх шоу ў сумеснай кар'еры Эдгарда і Аскольда. Каб даведацца падрабязнасці, карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з Эдгардам Запашным, пагутарыў пра цырк, сяброўства з хакеістамі і асаблівасці беларускага жыцця.

2-9

«Шоу абышлося амаль у 7 мільёнаў еўра»

— «К.У.К.Л.А. сапраўды з'яўляецца адной з самых маштабных нашых пастановак, — пачынае гутарку Эдгард. — Упершыню яе паказалі 2 з паловай гады таму ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. На пастановачную частку пайшло каля сямі мільёнаў еўра. Адно толькі абсталяванне ўмясцілася ў 30 буйных машынах. У калектыў увайшлі каля 200 чалавек. Задзейнічана даволі шмат звяроў: тыгры, ільвы, коні, сабакі. У шоу багата нумароў, якія не адносяцца да класічнага цырка. Будуць і матацыклісты, якія выканаюць розныя трукі. Мы таксама запрасілі каскадзёраў, бо некаторыя з нумароў звязаны з рызыкай для жыцця.

— Даволі часта Мінск наведвае славуты «Цырк дзю Салей». Нашаму гледачу ёсць з чым параўноўваць.

— «К.У.К.Л.А.» дакладна не будзе саступаць. Яна істотна даражэйшая. Так, «Цырк дзю Салей» — значны канкурэнт, агульнасусветны брэнд, аднак, як паказвае практыка, іх імя большае за тое, што яны прывозяць. Нават «Квідам», шоу, якое яны паказвалі ў Беларусі, мела на мэце выкарыстоўванне толькі адной арэны, а мы запоўнім усю прастору «Мінск-Арэны». У нас нават не будзе партэра. Хакейную пляцоўку зойме сцэна. І тая колькасць артыстаў, эфектаў, якія мы прадставім, значна пераўзыдзе «Цырк дзю Салей». І я ні ў якім разе не перабольшваю, адказваю за кожнае слова. Мне важна не падмануць гледача.

— Вы першапачаткова планавалі гэты праект пад буйныя пляцоўкі?

— Рабілі яго пад маскоўскія «Лужнікі», пасля паказалі ў Палацы спорту «Юбілейны», што ў Санкт-Пецярбургу. Але «Мінск-Арэна» буйнейшая, шырэйшая за пералічаныя комплексы і можа змясціць значна большую колькасць гледачоў. Таму для нас гэтая пляцоўка з'яўляецца больш глабальнай.

— А што натхніла на стварэнне падобнага спектакля?

— Найперш здаровыя артыстычныя амбіцыі, калі ты імкнешся да таго, каб выйсці на сусветны ўзровень з іншым бюджэтам. У такім выпадку ставіш перад сабой іншыя задачы. І калі мы разам з братам пачалі агучваць падобныя ідэі, мары, многія спагадліва ляпалі нас па плячах, маўляў, хлопцы, марыць — гэта не шкодна. А сёння я нават не ведаю, хто, акрамя нас і «Цырка дзю Салей», бліжэйшага канкурэнта, здольны працаваць на «Мінск-Арэне». Гэта вельмі складана, адказна. І трэба пераканаць публіку з цырка прыйсці на стадыён. А многія гледачы нават ніколі не былі на спартыўных пляцоўках. І яны ідуць за намі, вераць у нас.

— Мне наогул здаецца, што цырк, які раней канцэнтраваўся ў манежах, становіцца стадыённай з'явай.

— Вы маеце рацыю ў адным. У нас сапраўды назіраецца падобная тэндэнцыя, хаця ў ЗША цырк «Рынглін бразэрс», аб існаванні якога многія нават не ведаюць, апошнія сто гадоў працуе выключна на вялікіх пляцоўках. Яны ўстанаўліваюць тры манежы. На пляцоўку выводзяць каля 60 сланоў. Гэты цырк і сёння займае лідзіруючыя пазіцыі на амерыканскім кантыненце, а іх праект мае назву «Найвялікшае шоу на зямлі». І яно сапраўды такім з'яўляецца. Але, з іншага боку, я адзначаю, што людзі сёння з асалодай ходзяць у шапіто, калі цырк прыязджае з невялічкімі праграмамі. Гледачам хочацца камернасці, быць бліжэйшымі да артыста, бачыць яго вочы, пот, які выступае на целе. У падобны цырк чалавек прыходзіць па іншыя эмоцыі. Таму казаць аб тым, што цырк сыходзіць на стадыён, нельга. Ён проста дэманструе разнастайнасць. Бо цяпер без цыркавых артыстаў, напрыклад, не абыходзіцца нават ніводнае адкрыццё і закрыццё Алімпійскіх гульняў.

«У школе ў мяне была адзіная чацвёрка — па рускай мове»

— Вы стварылі з дзясятак добрых цыркавых праектаў. А памятаеце, якім быў першы выхад на манеж?

— Разам з братам мы ўпершыню выйшлі на манеж у 1988 годзе ў Рызе. Мне было 12 гадоў, яму — 11. Гэта была навагодняя казка, якую паставіў наш бацька. І ён даверыў нам галоўныя ролі. На той момант мы паказвалі толькі фрагменты будучых нумароў: дрэсура коней, жангліраванне, акцёрскае майстэрства.

— Хваляваліся?

— Мы вельмі перажывалі. Калі раней не меў вопыту, выступаць у 12-гадовым узросце на публіцы немагчыма. Было, безумоўна, страшна. На той момант мне здавалася, што ўсё прайшло добра, а зараз узгадваеш і думаеш, які гэта быў правал.

— Вальтар Запашны, ваш бацька, стаў першым, хто вывеў на сцэну больш за 30 драпежнікаў і нават асядлаў ільва. Ён для вас з братам быў прыкладам ва ўсім?

— Тата найперш быў цудоўным артыстам, чалавекам, з якога можна браць прыклад. Ён сапраўды выводзіў на сцэну больш за 30 звяроў, але браў не колькасцю, а разнастайнасцю. Звяры былі розных відаў: ільвы, тыгры, пантэры, пумы, каракалы, гепарды, мядзведзі, коні, рысі... Многія з іх у прыродзе ніколі не перасякаліся.

— Дынастыя дрэсіроўшчыкаў Запашных паходзіць аж з пазамінулага стагоддзя. Сямейным радаводам не цікавіліся?

— Цікавіўся і ўжо трэці год запар я сур'ёзна займаюся гэтай тэмай. Адна мая памочніца складае сямейнае дрэва. І на кожны дзень нараджэння яна абяцае падарыць мне яго, але напярэдадні свята кожны раз кажа: «Эдгард, а можна пацярпець? Я яшчэ накапала!» Продкі па бацькоўскай лініі паходзілі з Украіны. З'яўляліся буйнымі землеўладальнікамі з сяла Багадухава. А па прабабчынай лініі мае сваякі былі цыркавымі артыстамі па прозвішчы Томпсан. Пазней мае бабуля і дзядуля нарадзілі майго бацьку Вальтара.

2-10

— Аскольд, Эдгард, Вальтар — імёны ў вашай сям'і, безумоўна, далёка неславянскія.

— Гісторыя іх, напэўна, закладзена ў Вальтары Запашным. У нас нямецкія карані, а таму, напэўна, бацьку далі падобнае імя. Яно было самым незвычайным у сям'і. Потым — яшчэ цікавей. Тата ажаніўся з Марыцай, у іх нарадзілася дачка, якую таксама назвалі Марыцай. З гэтага, верагодна, і распачаўся інтарэс да незвычайных імёнаў. Потым на свет з'явіліся Эдгард і Аскольд. Брат, дарэчы, ажаніўся з Элен, а дачок назваў Евай, Эльзай, а я — Стэфаніяй і Глорыяй. Вось такая ў нас традыцыя.

— Вы нарадзіліся ў Ялце, а пасля вандравалі разам з сям'ёй. Жылі нават у Кітаі. А ці было ў вас пастаяннае месца, дзе вы сустракаліся з сябрамі?

— Падобнае было магчымым толькі ў Маскве, дзе мы з'яўляліся раз у паўгода, а пасля зноў з'язджалі на гастролі.

— Дарэчы, менавіта ў Кітаі вы пафарбаваліся ў бландзінаў. Навошта?

— Жыццё прымусіла. Мы працавалі на стадыёне, адкрывалі шоу, пасля якога за намі рушыла цэлая кавалькада танцораў, дрэсіроўшчыкаў. З чорнымі валасамі нас не было відаць на арэне. І людзі не разумелі, што ідуць еўрапейцы. Кітайцы прапанавалі надзець парыкі, капелюшы з пёрамі, кідкія касцюмы, каб выдзяляцца. І тут наш бацька, даволі кансерватыўны чалавек, які не дазваляў насіць доўгі чубок, сказаў, што трэба пафарбавацца. Мы спачатку падумалі, што нам падалося. Але ён дадаў: «Дакладна кажу. Я ў свой час працаваў у белым парыку. Вам будзе пасаваць». І, безумоўна, мы адразу пабеглі і перафарбаваліся. Гэта было пэўнай праявай свабоды. Амаль 20 гадоў мы былі бландзінамі.

— Здаваць выпускныя іспыты ў школе было складана?

— Не, мы добра вучыліся. Брат скончыў школу на выдатна, а ў мяне была толькі адна чацвёрка — па рускай мове. Бацькі заўжды ўважліва ставіліся да нашай адукацыі. Нам ніколі не патуралі.

«Сваёй маналітнасцю падабаецца Палац Незалежнасці»

— Калі вы ўпершыню пабывалі ў Мінску?

— Дакладна не памятаю, але ў свой час тут працаваў тата, і мы нават вучыліся ў Мінску ў школе. Пасля доўга не наведвалі Беларусь, а 14 гадоў таму ўпершыню прыехалі ў вашу краіну з гастролямі.

— А цяпер многім здаецца, што наша сталіца стала для вас другім домам...

— У нас нават пытаюцца, а ці не збіраюцца Запашныя прыняць беларускае грамадзянства? (Усміхаецца.) Мы проста адкрылі для сябе магчымасць прыязджаць сюды, адчулі ўдзячнасць гледачоў, пашырылі свае межы. Акрамя таго, тут добрае геаграфічнае месцазнаходжанне. Дзякуй Богу, у Мінску ў нас усё атрымліваецца.

— Калі замежнік прыязджае ў Беларусь, ён адразу звяртае ўвагу на чыстыя вуліцы Мінска, шырокія праспекты. А на што звярнулі ўвагу вы пасля таго, як вярнуліся сюды пасля доўгага перапынку?

— Мінск мяняецца ў лепшы бок. У вас за аснову ўзята еўрапейская мадэль спакою. Для замежнікаў яна не з'яўляецца дасягненнем, а для мяне, як для жыхара Масквы, з'яўляецца. Ноччу сваю дзяўчыну ў Маскве я дакладна ніколі не адпусціў бы па прадукты ці пагуляць з сабакам. У некаторых раёнах уначы наогул лепш не з'яўляцца нават мне, фізічна падрыхтаванаму чалавеку. А ў Мінску значна спакайней. Людзі разумеюць ступень адказнасці. І хуліганы ведаюць, што ім нішто проста так з рук не сыдзе. Гэта вельмі вялікае дасягненне. Я называю гэта парадкам.

— Свой 38-ы дзень нараджэння вы адзначылі ў мінскім аквапарку. А якія яшчэ любімыя месцы адпачынку ў нашай сталіцы вы адзначыце?

— У мяне ніколі не бывае шмат часу на адпачынак у Мінску. Так, на жаль, атрымлівалася заўжды. Часта бываю ў мінскім заапарку і зычу, каб гэтае месца надалей квітнела. Бо я бачу, якія там створаны ўмовы для звяроў. Спадзяюся, ён надалей будзе толькі павялічвацца. Заўжды звяртаю ўвагу на ваш Палац Незалежнасці. Ён падабаецца сваёй маналітнасцю, знешнім выглядам.

— Упэўнены, вы заўважылі, што горад у нас двухмоўны. А якія беларускія словы вам асабліва спадабаліся?

— Такія словы і сапраўды ёсць. Напрыклад «дзяржаўны», якое напісана на будынку вашага цырка. Мяне таксама весяліць, калі ў самалёце гучыць: «зашпіліце-расшпіліце рамяні».

«Падчас спектакляў агучваў вынікі хакейных матчаў»

— Летась у Мінску вы хадзілі на матчы першынства свету па хакеі і наведвалі «Рускі дом» — месца дыслакацыі расійскіх балельшчыкаў.

— Так, і я кантактую з хакеістам Жэнем Малкіным. Праўда, ніколі ў хакей не гуляў. У сваім жыцці я толькі адзіны раз стаяў на каньках, і тое было яшчэ ў школе. І ў які хакей мне гуляць у такім разе?

— Можна проста клюшку патрымаць...

— І пабегаць за Малкіным? (Усміхаецца.) Я нядаўна з Сашам Авечкіным гуляў у баскетбол, маці яго — двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў гэтай дысцыпліне. І Саша ў баскетболе таксама ў поўным парадку.

— У красавіку, калі не памыляюся, вы апранулі форму барысаўскага БАТЭ, згулялі ў футбол з дзецьмі.

— Так, разам з Сяргеем Штанюком, былым гульцом зборнай Беларусі, мы паўдзельнічалі ў дабрачыннай акцыі, правялі майстар-клас. У футбол я гуляю нядрэнна, атрымліваю ад гэтага вялікую асалоду.

— Але хакей — прыярытэтны від спорту?

— Ён мне цікавы як гледачу. Гэта вельмі эмацыйная гульня, у якой у нас выдатныя традыцыі з савецкіх часоў. І ў адсочванні хакей для мяне займае больш высокае месца, чым футбол.

— Цыркавыя артысты збіраліся перад экранам, каб разам глядзець хакей?

— Падобнае і цяпер адбываецца. У 2000 годзе нашы саступілі ў фінале чэмпіянату свету, а мне праз хвіліну на манеж трэба выходзіць. Я тады проста хацеў сказаць: «Наша прадстаўленне завершана. Да новых сустрэч!» Настрой быў проста на нулі. А калі ў Беларусі праходзіла першынство свету, многія матчы, у тым ліку з удзелам беларускай зборнай, ішлі паралельна з нашымі спектаклямі. І я асабіста ў антракце, пасля спектакля аб'яўляў вынікі матчаў. Многія адным вокам глядзелі прадстаўленне, а другім — на вынікі матчаў у тэлефоне.

— Зусім нядаўна Эдгард Запашны, вядомы дрэсіроўшчык, дырэктар, перакваліфікаваўся ў вядучыя праграмы пра цырк на канале «Зорка»...

— Мы ўжо знялі адзін сезон «Легендаў цырка з Эдгардам Запашным», падпісалі кантракт на другі. Гэта адзіная праграма на расійскім тэлебачанні, якая цалкам прысвечана цырку і яго героям. Да падобнай працы прыйшоў паступова. Я ўжо здымаўся ў кіно і ў розных тэлепраектах. Таму роля вядучага не з'явілася для мяне нечым фантастычным. Новай аказалася роля прадзюсара.

— Самае складанае, напэўна, зняць праграму пра бацьку.

— Пра яго праграму пакуль не зрабіў. У некаторых выпусках мы яго ўзгадвалі, аднак для мяне Вальтар Запашны — гэта відавочная легенда цырка. А асноўная ідэя праекта — знаёмства з легендамі, аб якіх шырокая аўдыторыя не ведае. Пра тату зраблю праграму абавязкова. Праўда, у мяне ёсць падводны камень. Без інтэрв'ю з маці стварыць яе не атрымаецца. А ёй яшчэ балюча ўзгадваць, што таты няма. І кранаць гэтыя пачуцці мне зараз не хочацца.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».