Вы тут

Мае настаўнікі


Хочаце верце, хочаце не, але мяне, першакласніка, вельмі здзівіла навіна пра тое, што наша першая настаўніца трымае... карову. Хаця мы жылі ў адным пасёлку, нават непадалёк, у яе сям'і быў такі ж драўляны дом, участак з садам і агародам, як і ва ўсіх навокал. І гэта не выклікала ніякіх эмоцый у адрозненне ад навіны пра рагулю. Я пэўны час не мог суаднесці, як вось гэтая строгая жанчына, што вучыць нас пісаць і лічыць, заўсёды размаўляе ў класе добра пастаўленым голасам і ходзіць толькі ў дзелавых строях, пасля працы ў школе выпраўляецца з вядром у хлеў ці на луг даіць карову... Мабыць, такі «злом» дзіцячай свядомасці быў ад таго, што некалі да настаўнікаў ставіліся, скажам так, некалькі інакш, чым цяпер. Гэтак жа, як і адносіны педагогаў, асабліва старой савецкай школы, да вучняў таксама адрозніваліся ад сённяшніх. Было ўсё тое ў самым канцы 1970-х гадоў...

Сваю першую школьную лінейку я, калі шчыра, не памятаю. У мяне засталося нейкае агульнае ўражанне ад некалькіх «першых званкоў» пачатковага перыяду навучання. Хіба толькі яскрава запомніўся вялікі букет вяргіняў, што зразаліся напярэдадні 1 верасня на агародзе ў цёткі. А ў панядзелак у метро бачыў малечу, якая несла на «першы званок» жывыя архідэі... І штосьці мне падказвае, што настаўніца не адмовіцца ўзяць гэты прэзент. Я нікога не абвінавачваю, але прашу не абвінавачваць і мяне. Проста ў час, калі ў школу пачало хадзіць наша пакаленне, некаторыя рэчы былі немагчымы як з боку настаўнікаў, так і з боку бацькоў вучняў...

Можа, у мяне няма асаблівых уражанняў ад пачатку навучальнага года з прычыны таго, што ўсё раней было падобным з года ў год? Яшчэ летам маці з бацькам аднойчы прыносілі дадому з крамы на дваіх з братам па сто сшыткаў у клетачку і лінейку (частка з іх пераходзіла на наступны навучальны год), ручкі, алоўкі, вокладкі. Купляліся новая спартыўная форма, абавязкова кеды (бо іх хапала толькі на год і якраз напярэдадні новага навучальнага года яны даношваліся) і школьная форма, калі з папярэдняй вырастаў. Такой колькасці кірмашоў, як цяпер, не было, як і таго багацця выбару тавараў да школы, таму ўсё набывалася адносна хутка і асаблівых эмоцый не пакінула. Не памятаю вялікіх пакут ад прымерак, тым больш што бацькі многае маглі набыць і без нашай прысутнасці. Гэта мы зараз гаворым пра падрыхтоўку да школы ў сэнсе набыцця формы і канцылярскіх тавараў. А яшчэ можна сказаць пра падрыхтоўку іншую. Цяпер большасць дзяцей ідуць у першы клас, не толькі ўмеючы чытаць і лічыць, але і ўжо з пачатковым веданнем замежнай мовы, пасля наведвання розных развіццёвых гурткоў і секцый, ледзьве не пачатковых школ для адораных. Калісьці нас перад школай таксама вучылі чытаць і лічыць, але вялікага фанатызму з боку бацькоў я не памятаю. У адных дзяцей тое атрымлівалася лепш, у іншых — крыху горш, але агульная пазіцыя дарослых была прыкладна такой: на тое яна і школа, каб усяму навучыць.

Запомнілася іншае. У дзіцячы садок я не хадзіў (дарэчы, у тыя часы гэта не лічылася нечым выключным, ведаю, што дастаткова маіх равеснікаў таксама не зведалі плюсаў і мінусаў дзетсадаўскіх сняданкаў і «ціхіх гадзін»), таму быў, можна сказаць, дзікім дзіцем. У школе мне з гэтай прычыны не падабалася. Напачатку — вельмі. І я ўцякаў з яе. У прамым сэнсе словы. Маці ці бацька адвядзе мяне на заняткі, а я праз нейкі час — назад. Памятаю, ідуць урокі, у калідорах цішыня. На першым паверсе каля гардэроба мы сядзім утрох: я, маці і завуч. Дакладней, сяджу я, а яны стаяць насупраць мяне і ўгаворваюць пайсці вучыцца... Каб спыніць уцёкі, настаўніца прызначыла аднаго аднакласніка прыглядаць за мной. Але хіба гэта перашкода? Папрасіўся выйсці ў прыбіральню — і толькі мяне і бачылі! Так «газануў», што тапкі ў бакі паадляталі, аднакласнік недзе ззаду застаўся. Нават маці паспеў дагнаць, якая да дому яшчэ не дайшла... Калі на апошнім званку ўручалі дыпломы і граматы за поспехі ў вучобе, першая настаўніца прыгадала тыя мае ўцёкі. Пасмяяліся ўсёй школай...

 

Пакрысе ўсё наладзілася. У малодшых класах я быў камандзірам акцябрацкай «зорачкі», потым, як і ўсе, піянерам. Памятаю, колькі ў нас з аднакласнікамі было гонару, калі мы пасля ўрачыстага прыняцця ў шэрагі тых, хто «заўжды гатовы», выскачылі на яшчэ сцюдзёны школьны двор (тады ж у піянеры прымалі бліжэй да дня нараджэння Леніна) без паліто і шапак, як красаваліся адно перад адным чырвонымі гальштукамі... У сярэдніх класах давялося пабыць палітінфарматарам. Тлумачу для сённяшняй моладзі: гэта быў спецыяльна прызначаны ў класе вучань, у абавязкі якога ўваходзіла рэгулярная падрыхтоўка, як бы сказалі зараз, агляду перыядычнага друку — падзеі ў Гандурасе ці Нікарагуа, тагачасная праграма САІ (стратэгічнай абарончай ініцыятывы ЗША, абвешчанай прэзідэнтам Рональдам Рэйганам), розныя іншыя цікавыя падзеі. Уся гэтая інфармацыя збіралася ў адмысловы сшытак, па ім потым трэба было зрабіць даклад, а пасля адказаць на пытанні аднакласнікаў ці настаўніцы па тэме. Пазней усе мы вучылі, што такое «дэмакратычны цэнтралізм» і ўступалі ў камсамол. Шчыра скажу, такога гонару, як пры прыняцці ў піянеры, ужо не было. Хаця ў выпускным класе выпрабаваў на сабе ролю камсорга школы.

Два апошнія гады давялося давучвацца ўжо ў новай школе. І сам будынак вельмі падабаўся, і большасць настаўнікаў, і іх стаўленне да нас. І хаця мы раз-пораз чулі, што, маўляў, пакаленне ўжо не тое, думаю, насамрэч гэта было не так. Прынамсі, адпетых хуліганаў на школу было — раз-два і ўсё. Якую шкоду маглі ўчыніць? Хіба толькі зрэдку кнопку падкласці на крэсла ды дошку ў класе парафінам намазаць. Яшчэ прыгадваю, як раз ці два нехта «дымавуху» з лінейкі недзе ў прыбіральні спаліў. Неяк у братавым класе падчас урока матэматыкі хлопцы на поўную магутнасць уключылі на магнітафоне вельмі папулярную тады песню «Фаіна» групы «На-на». Дык настаўніцы Фаіне Ізраілеўне нават спадабалася... Каб «троліць» настаўнікаў, як гэта можна цяпер часта назіраць у сеціве, такога нават блізка не было! Што той інтэрнэт, калі сярод знаёмых і калег хапае колішніх настаўнікаў, якія такое могуць расказаць пра норавы сучасных школьнікаў! Прынамсі, так было яшчэ зусім нядаўна, калі з навучальных устаноў многія беглі, як ад агню...

Хаця і ў наш час бывала, вядома, рознае, але тое былі дробязі, якія, тым не менш, фарміравалі характар, права адстойваць сваю пазіцыю. У дзявятым класе настаўнік рускай мовы і літаратуры сказаў ехаць на раённую алімпіяду. Я адмовіўся, бо мне гэта было зусім нецікава і непатрэбна. Пачуў, што тады па заканчэнні школы буду мець у атэстаце чатыры балы па прадмеце. Пры такім раскладзе я тым больш сказаў сваё катэгарычнае «не». Мы абодва выканалі свае абяцанні... Неяк класам рыхтавалі пастаноўку для ўдзелу ў аглядзе мастацкай самадзейнасці. Я і сёння не люблю такую публічнасць, таму не захацеў іграць нейкую ролю. Класная кіраўніца, якая вяла ў нас яшчэ і хімію, выгнала за гэта з класа. А потым, калі на апошнім званку мы пакідалі адно аднаму нейкія пажаданні, яна нечакана для мяне напісала: «Сярожа, мой любімы вучань! Будзь заўсёды такім, і шчасце цябе знойдзе...» (Надзея Васільеўна, калі чытаеце гэтыя радкі, прывітанне!). Нейкія рэчы я і зараз зразумець не магу, думаю, непадуладнымі яны будуць і розуму сённяшніх маладых людзей. Аднойчы — першы і апошні раз за дзесяць гадоў — дадому завіталі дзве настаўніцы, каб праверыць бытавыя ўмовы вучня. «Што робіш?» — пытаюцца. «Ды вось, — адказваю, — заўтра справаздачна-выбарны камсамольскі сход. Выступленне да яго пішу». Назаўтра «навіна» пра тое, што камсорг піша даклад напярэдадні сходу стала вядомай усёй школе і прагучала як нейкае абвінавачванне. Вы зараз, напэўна, усміхнуліся ці паціснулі плячыма, але такім было савецкае мінулае...

2-12

2-12

 

 

Памятаю, што ў старэйшых класах да нас ставіліся, як да дарослых, асабліва гэта адчувалася з боку настаўнікаў-мужчын, калі яны давалі нейкія даручэнні. Адмовіць было немагчыма. Аднойчы арганізатар Аляксандр Дзмітрыевіч папрасіў з'ездзіць у лес — ссекчы для школы елку. Неяк падышоў ваенрук Яўген Феліксавіч і кажа: «Ты ж камсорг школы, напішы аб'яву, што трэба добраўпарадкаваць цір». Навошта аб'ява? Пазваў роднага брата, стрыечнага, сябра, яны паклікалі сваіх сяброў, і мы гэтай кампаніяй пасля ўрокаў даводзілі яго да ладу, вызваляючы ад будаўнічага смецця. Затое потым былі ўзнагароджаны магчымасцю трэніравацца ў стральбе. Гэтым займаліся самазабыўна! Напачатку з пнеўматыкі (неяк Яўген Феліксавіч не мог зразумець, чаму папяровыя мішэні ўвесь час падаюць, пакуль не ўцяміў, што гэта я страляю па кнопках, якімі яны мацаваліся), потым з малакалібернай зброі. У мяне была «індывідуальная» «СМ-2» (як зараз памятаю, серыйны нумар вінтоўкі заканчваўся на 46), браць некаму іншаму яе не дазвалялася, бо была прыстраляна пад мяне. Калі вельмі хацелася прагуляць урокі, я ішоў да ваенрука. А пасля са «сваёй» вінтоўкай і пачкам патронаў у кішэні шпацыраваў у цір. Трэніроўка, ведаеце, тлумачыў усім сустрэтым па дарозе настаўнікам ці нават дырэктару школы...

Дзякуючы такому стаўленню да нас з боку настаўнікаў, мы літаральна днявалі ў школе. Памятаю, як аднойчы з сябрам восенню вярталіся дадому. Былі ўжо прыцемкі, я зірнуў на гадзіннік — пяць гадзін. «Ды мы з табой таксама нібы змену адпрацавалі. Бач, людзі з работы ідуць». Не ведаю, як сучасныя школьнікі, а мы пасля заняткаў не беглі адразу дадому, а ішлі ў спартыўную залу гуляць у валейбол ці баскетбол, у фае «рэзаліся» ў настольны тэніс, друкавалі здымкі ў фоталабараторыі, рабілі нешта сваімі рукамі ў майстэрні, наведвалі той жа цір. Усе рабілася добраахвотна, бо нам сапраўды было цікава.

А настаўнікам, упэўнены, было цікава з намі. Бо ў прафесію ішлі свядома. Настаўнік — тады гэта сапраўды гучала ганарова. Выдатнікі вучобы, як правіла, рыхтаваліся да паступлення ў педагагічны, і гэтае рашэнне падавалася навакольным цалкам лагічным. Такія ахвотныя былі кожны год, у тым ліку і ў маім выпуску: некалькі чалавек абралі менавіта педагагічныя спецыяльнасці. Гэта пры тым, што ў той час увогуле не было 100-працэнтнага памкнення моладзі атрымліваць вышэйшую адукацыю! Ва ўніверсітэт ці інстытут, калі не памыляюся, з нашага выпускнога класа паступалі і паступілі тры чалавекі з 15. Ніхто не круціў пальцам каля скроні, як цяпер, калі медаліст выказваў жаданне стаць настаўнікам. А ведаеце чаму? Не памятаю выпадку, каб педагогі ў тыя ўжо далёкія часы публічна наракалі на свой цяжкі лёс, на загружанасць, на заробак...

P.S.: Прашу прабачыць, калі не згадаў некага з настаўнікаў персанальна. Памятаю ўсіх, удзячны — многім...

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота аўтара

Іншыя матэрыялы рубрыкі "Узровень-40":

Світанкі новага жыцця пад гукі вечна маладога вальса…

«Камкі», «мальвіны» і скураныя курткі з «ліхіх 90-х», або ад «Візітнай карткі пакупніка» і талонаў да валютных секцый

Пакаленне дэфіцыту, ці Што насілі і як выглядалі дзеці ў савецкія часы

Першы прыклад у жыцці

Даць бы многім чарнільную ручку…

Мае Арбузік і Бябешка, ці Як «Па­лес­кія ра­бін­зо­ны» ў па­ход ва­дзі­лі

Цацкі і забавы савецкага дзяцінства

Смаленне вепрука, або Чаго не ведае пакаленне-ХХІ

Бульба, яблыкі, каменне, або «Сельгасрамантыка» колішніх школьнікаў і студэнтаў

Верасень, які пахне драўнінай і сокам…

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».