Веды — сіла!


Кожны год падчас уступнай кампаніі нервуюцца не толькі абітурыенты, нервуюцца іх бацькі, настаўнікі, шырокае кола радні. Па сабе гэта ведаю, бо некалі «паступаў» разам з дзецьмі, а сёлета — ужо з унукам. Ён універсітэт сабе выбраў даўно, факультэт — таксама, але ж сямейны савет яго матуля сабрала: можа, нехта нешта параіць, падкажа...

Ну, мы і раілі. А заадно — успаміналі, як хто куды паступаў, як вучыўся, як «гарэў» на шпаргалках, каму ўсміхалася пані ўдача, а каму, здаралася, і не.

Узяць вось мяне. Некалі перад уступным экзаменам па хіміі купіў я ў шапіку часопіс «Хімія і жыццё», прачытаў там артыкул аб атрыманні хімічнага злучэння інертнага газу ксенону. «Во, — яшчэ падумаў, — а ў школе ж нам даводзілі, што інертныя газы ў хімічныя рэакцыі не ўступаюць!..»

Што называецца, здзівіўся і забыўся! Назаўтра здаю экзамен па хіміі, выцягваю білет і бачу — адно з пытанняў якраз пра інертныя газы.

Ну, я і пачаў казаць экзаменатарам пра хімічнае злучэнне.

Тыя насцярожыліся, спыталіся ў мяне, адкуль я гэта ведаю. Я смела адказаў, што прачытаў у часопісе «Хімія і жыццё».

Больш пытанняў да мяне не было: экзаменатарка — на што я ніяк не разлічваў — паставіла... выдатна!

Відавочна: мне дапамог выпадак, бо той часопіс я гартаў першы і апошні раз у жыцці!

«Так што лепш разлічваць на веды», — параіў я ўнуку і (да слова прыйшлося) расказаў усім пра свайго (светлай памяці!) суседа Васіля Яўлампіевіча. Ён у школе цягнуў на залаты медаль: па ўсіх, без выключэння, прадметах пяцёркі меў. Але ж у тыя гады (пачатак пяцідзясятых мінулага стагоддзя) медалі выдавалі не толькі па ведах. Была яшчэ і так званая разнарадка. У прыватнасці, на іх школу «прыпадаў» адзін залаты медаль (ён, дарэчы, быў пропускам у любую ВНУ без уступных экзаменаў)...

Дык вось. Выклікае Васіля дырэктар школы і кажа: «Медаль ты сапраўды заслужыў. Аднак не крыўдуй і нікуды не скардзіся (а яно ж каб і хацеў — куды?): медаль мы аддадзім Івану Н. (яго дзядзька працаваў загадчыкам райана). А ты паступіш і так...»

Як у ваду дырэктар глядзеў: усе экзамены хлопец і сапраўды здаў на выдатна, стаў Настаўнікам (так-так — з вялікай літары!). Так што наказ унуку я даў адзін — стаўку рабіць на веды!

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы.

Што той салдат, што гэты... Не скажыце!

Некалі на неабсяжных прасторах СССР вялікай папулярнасцю карысталася наша гарэлка ўвогуле і моцная «Белавежская» ў прыватнасці: цанілі яе масквічы.

Пра адзін выпадак, звязаны з гэтым напоем, расказаў мне добры знаёмец, на той час — старшыня Мінскага аблспажыўсаюза.

Дык вось. Неяк у Беларусь наведаўся міністр абароны СССР маршал Савецкага Саюза Дзмітрый Усцінаў. Прымалі яго адпаведна — і займаемай пасадзе, і званню, і аўтарытэту: ад душы, што называецца... На сталах, вядома ж, хапала ўсяго! А ўжо розных заморскіх напояў, дык, можна сказаць, безліч было.

Дзве бутэлечкі «Белавежскай» ставілі проста так, чыста сімвалічна.

Але ж аднойчы села кампанія вячэраць, аглядзела стол. Маршал пацягнуўся было да каньяку «Напалеон» (ён тады каштаваў у разы даражэй, чым армянскі ці грузінскі), аднак піць яго чамусьці не стаў: пачытаў этыкетку і дэманстратыўна адставіў убок — узяў... «Белавежскую».

Гэты ж напой, гледзячы на маршала, абралі і некаторыя з іншых застольнікаў. Выпілі па першай, потым па другой — два штофы з гарэлкай амаль апусцелі. Гаспадарам на добры толк трэба падносіць яшчэ. Але ж дзе яе ўзяць, калі болей няма... Бо ніхто ж не падумаў, што менавіта «Белавежская» можа спатрэбіцца.

Карацей, гаспадар — той самы старшыня аблспажыўсаюза, ён жа адказны за кулінарны бок справы, быў у паніцы: дзе выйсце, што рабіць? І сам ніколі, мусіць, не здагадаўся б! Усё, як гэта часта бывае, вырашылі кадры: «адна хвіліначка» — і на стале зноў з'явіліся дзве пляшкі «Белавежскай»! Бяседа пацякла далей — як нічога ніякага...

Але ж падчас нейкага перапынку да гаспадара падышоў той высокі госць, даверліва паляпаў яго па плячы і з усмешкай шапнуў:

— А наша «Петровская» почти как ваша «Беловежская»!

...Высветлілася, што Дзмітрый Усцінаў быў выдатны знаток не толькі ваеннай справы... Ён ведаў яшчэ і напоі, таму афіцыянтка, якая ў пляшкі з-пад «Белавежскай» наліла «Пятроўскай» (дарэчы, вельмі падобнай па колеры і смаку), абхітрыць яго не змагла.

Уладзімір Шулякоўскі, г. Мінск.

Бясплатны сыр толькі ў мышалоўцы

Не сакрэт, чалавеку ў гадах шмат што ўспамінаецца, і прыемнае, і, мякка кажучы, не вельмі. Пра адзін такі эпізод, трэба, лічу, расказаць чытачам сваёй любімай газеты: можа, ён навукай некаму стане.

Дык вось. Кіравала я тады адной з невялікіх устаноў. Дужа свядомая была, працавала старанна, аддана, не шкадавала ні здароўя свайго, ні часу...

Што прыемна, кіраўніцтва бачыла гэта, заўсёды хваліла, а неяк дык нават узнагародзіла. Прычым не банальнай прэміяй, не медалём, а... новенькай легкавушкай! Хай сабе і службовай!

Форсу праз гэта ў мяне аж да неба! Па-першае, жанчына за рулём у тыя гады была вялікай рэдкасцю. Па-другое, машына вырашала многія праблемы, дазваляла, прынамсі, яшчэ больш паспяваць, па-трэцяе, такіх узнагарод не мелі мае калегі-мужчыны, па-чацвёртае...

Калі, карацей, я паспяхова здала на правы і трэба было некуды пад'ехаць, больш нікога не прасіла. Самастойная, можна сказаць, незалежная — гэта, вядома ж, плюс! А мінус быў у тым, што прасіць цяпер сталі мяне.

У прыватнасці, у той дзень, надвячоркам, у кабінет зайшлі жанчыны (мая каляжанка і дзве яе сваячкі) і з парога замалілі:

— Маргарыта Іванаўна, завязіце нас у памідоры! Мы знаем куды... Там іх столькі, што аж поле чырвонае! Усё роўна ж прападуць... Ведама — калгасныя... А Маруся сабе прывезла — на ўсю зіму назапасіла.

— Як гэта «прывезла»? — насцярожылася я. — Яны што — у лесе растуць, бяры — не хачу, што называецца?

— Так! Вартаўнікоў няма!

— Не, нешта не тое вы, дзеўкі, кажаце!

— Тое, Маргарыта Іванаўна! Мы вас вельмі просім — звазіце... Бо вы ж і сапраўды калгас той знаеце — прападуць! Ну, можа, не ўсе, але ж шмат... А мы б іх у слоічкі — намарынавалі, соку наставілі...

Цяжкі выпадак: і адмовіць жанчынам як быццам не выпадае, але ж і паехаць — таксама!

Думала я, думала, а ўрэшце ўльтыматум паставіла. Маўляў, так: я праз вашы татарскія набегі з работы і пасады паляцець не хачу. А таму добра: я вас завязу, але, калі зловяць, мы незнаёмыя. Згодны?

— Згодны!

І вось канец працоўнага дня, сонца, можа, на качаргу стаіць над лесам, а мы, тры жанчыны (адна з мужам — танклявым, высозным, ну як цэп!) едзем па памідоры, а праўдзівей — па прыгоды на свае маладыя галовы. Едзем ды смяёмся, што мужчына, калі што, напэўна ж уцячэ. Ён, маўляў, як заяц — скок, скок на сваіх даўжэзных нагах і ў лесе. А вось кабеце адной (яна па камплекцыі нібы той калабок) — усё, турма.

Ужо прыцемкам мы прыехалі ў блізкую да поля вёску. Я, пажадаўшы ўдачы і яшчэ раз нагадаўшы, каб на мяне не спадзяваліся, высадзіла пасажыраў. Сама — заехала ў сяло, адкрыла капот машыны, быццам нешта там праўлю і раптам чую: «Ба-бах! Ба-бах!..» Страляюць! «Ну ўсё, — думаю, — папаліся! Што ж рабіць?»

А насустрач па вуліцы ўжо машына імчыць і... спыняецца каля мяне.

За рулём — бачу — кіраўнік таго самага калгаса, побач з ім — аграном, а ззаду — так і ёсць! — мой пасажыр, той самы «цэп».

— Што здарылася, Маргарыта Іванаўна? — пытаецца ў мяне старшыня. — Дапамога наша патрэбна?

— Не, — кажу струпянеўшы.

— Глядзіце... А то мы якраз у кантору едзем. Злодзея во злавілі — з пустой сумкай, на полі з таматамі.

І таўхель таго ў плячо:

— Гавары, на чым прыехаў? Хто цябе прывёз?

Я думала, што самлею, бо зайцы — яны ж баязлівыя: гэты вось «здасць» зараз, як пустую бутэльку, і ўсё: мне канцы — жыццё зламана...

Аднак мужчына, дзякаваць Богу, змаўчаў.

Мы рассталіся: мужчыны паехалі ў калгасную кантору, я на машыне трохі пакружыла па ваколіцах ды спынілася на шашы Мінск — Шклоў.

Стаю там, а сэрца з грудзей як не выскачыць, бо вакол жа лес, мёртвая цішыня і цемра, а пасажырак маіх няма і ў паміне! Дзе яны цяпер? На якую дарогу выйдуць? Калі?..

Чакаць іх сэнсу не было, і я з цяжкой душой паехала дамоў...

Не ведаю, як дачакалася раніцы! Але ж дазналася, што жанчыны мае (таксама ледзь жывыя ад страху і, вядома ж, без памідораў) праз нейкі час выйшлі на шашу, злавілі спадарожную машыну...

На мяне з іх боку крыўды не было. Толькі «заяц» яшчэ доўга касіўся...

Але ж на тое ён і «заяц».

А.С.

Мінская вобласць.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.