Вы тут

Прызванне цаной у жыццё


Даўно заўважыла парадаксальную несправядлівасць. У Цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі часта трапляюць тыя, хто вядзе здаровы лад жыцця, займаецца спортам, актыўнічае, выносіць вялікія фізічныя нагрузкі і плануе зрабіць спартыўную кар'еру. Разам з пастаноўкай дыягназу яны перакрэсліваюць усе планы і хаваюць свае мары.

Без-имени-10

Барыс вучыўся на марака. Але саркома косці растаптала будучыню, звязаную з вадой. Ён ганарыўся сваім выбарам і нават не дапускаў размоў, што прыйдзецца нешта змяніць. Я марыла, каб ён выздаравеў, і адначасова баялася гэтага. Што ён стане рабіць, калі адмовіцца ад мараплаўства?

Памятаю, як у клініку прыехаў Лёшка гадоў васьмі. У яго таксама падазравалі остэасаркому. Ён кульгаў так, як і Бора. І хлопец адразу ўзяў апеку над Лёхам, шкадаваў яго, рыхтаваў да ўсяго, што прайшоў сам і што ў малога яшчэ наперадзе.

У першы ж вечар мы павялі Лёшку на прагулку ў лясок, каб максімальна скараціць час у бальнічных сценах. Ён яшчэ ўскараскваўся на лясныя ўзгоркі, няспрытна бегаў паміж сасонак. А Борка сумна ўсміхаўся яму ўслед, кульгаючы сваёй пратэзаванай нагой.

Хлопцы правялі мяне да прыпынку, і, развітваючыся, я спытала ў Лёшы:

— Што табе прывезці ў наступны раз?

— Мячык, — не раздумваючы, выдаў ён.

Гэтае звычайнае, гарэзліва прамоўленае слова ўскалыхнула Барыса. Ён разгубіўся, захістаўся, потым узяў сябе ў рукі і насмешліва перапытаў: «Мячык? Што ты будзеш з ім рабіць?».

Калі я прыехала ў анкацэнтр наступны раз, Лёшы там не было. Бора расказаў, што падазрэнні на анкалогію ў хлопчыка не апраўдаліся і яго адправілі лячыцца ў раённую бальніцу.

— Куды ж мне цяпер падзець мячык? — я пастукала па вялікім пакеце.

— Мячык? — Бора перапытаў з такім жа здзіўленнем, як тады ў Лёшы на прыпынку.

Я і цяпер бачу той позірк. Ён глядзеў на футбольны мяч, быццам ужо сапраўды не ведаў, для чаго ён патрэбен і што з ім можна рабіць. А вусны горка ўсміхаліся, узгадваючы, як калісьці Барыс марыў стаць мараком.

...Памятаю, як дзядзька Ваня прасіў мяне ўгаварыць яго сына Алеся забраць дакументы з універсітэта фізкультуры і перапаступіць на іншую спецыяльнасць. Здаравенны хлапец спартыўнага целаскладу бачыў сябе толькі фізруком. Ён не хацеў мірыцца з дыягназам і верыў, што хворае плячо не перашкодзіць яго кар'еры.

Я асцярожна размаўляла з Алесем аб прафесіях, паступова ўводзячы ў вушы, што выбар вялікі і яго талентаў хопіць, каб рэалізавацца ў нечым іншым.

Прывяла яго на радыёстанцыю, дзе ў той час працавала, правяла экскурсію. Потым ён не прапускаў ніводнага майго эфіру, нават запісваў іх і пераслухоўваў. Аналізаваў і дзяліўся ўражаннямі. Аднойчы я запісала з ім невялічкае інтэрв'ю і выкарыстала ў сваёй радыёперадачы. Алесь даў запіс бацьку і сказаў, што той можа ганарыцца ім. А потым сказаў мне: «Магчыма, я таксама стану журналістам».

Я не магу расказаць вам, як склаліся лёсы Барыса і Алеся пасля хваробы, якую прафесію яны выбралі і з чым звязалі лёс. Іх не стала раней, чым настала дарослае жыццё. Магчыма, мора і спорт сапраўды былі іх прызваннем, і жыццё пашкадавала хлопцаў, назаўсёды пакінуўшы ім іх мары.

Але ёсць і іншыя прыклады. Алег быў апантаны дзвюма рэчамі: Германіяй і ўсім, што з ёй звязана, і сваім родным атрадам МНС. Да хваробы ён збіраўся стаць выратавальнікам. Актыўны, вясёлы хлапчына падтрымліваў суседзяў па палаце сваімі жартамі, зараджаў бадзёрасцю. Алег слухаў «Рамштайн», практыкаваўся ў нямецкай мове, спрачаўся пра палітыку еўрапейскай краіны. І адначасова прымяраў чырвона-зялёную форму, з радасцю прыгадваў, як дзяжурыў на тэлефоне 01, і з гонарам паказваў фотаздымкі каманды.

Алегу таксама паставілі пратэз на назе. На тушэнне пажараў і лажанне па вяровачных лесках можна было адразу забыцца. Ён яшчэ нейкі час падтрымліваў сувязь з тымі, хто так і не стаў калегамі, прымаў званкі на дыспетчарскай станцыі. А вучыцца пайшоў на юрыста.

Цяпер Алег працуе маркетолагам у футбольным клубе і зусім не шкадуе пра тое, як склалася яго жыццё. Ён задаволены сваёй працай, зацікаўлены ў справе, якую робіць. А апантанасць нямецкай мовай натуральна перайшла ў любоў да сваёй, беларускай. У межах сіл і дадзеных паўнамоцтваў Алег змагаецца за ўкараненне беларускай мовы ў спорце. Неўзабаве ён плануе ажаніцца і таксама прывіваць сям'і любоў да роднага. Ён шчаслівы, што ўсё атрымалася менавіта так.

Магчыма, цяжкая хвароба ўратавала Алега ад няправільнага выбару, падказала, куды павярнуць і як жыць. Можа, для гэтага яна яму і давалася.

Я не ведаю дакладна, ці існуе прызванне для кожнага чалавека ад нараджэння. Але ўсе мы сустракалі доктара, да якога лепш не трапляць, і, наадварот, такога, які лечыць ужо адным словам. Неаднаразова чулі гісторыі пра тое, як бацькі навязвалі дзецям выбар прафесіі і тым самым калечылі лёс, і, наадварот, як своечасова заўважаная дзіцячая схільнасць перарастала ў справу на ўсё жыццё. Але калі ўсё ж існуе чалавечае прызванне ад нараджэння, тады, магчыма, хворыя спартсмены — гэта не здзек лёсу, а спосаб адшукаць сваё сапраўднае зямное прызначэнне.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?