Вы тут

Сапраўднае каханне на дарозе не валяецца


Яно па ёй падарожнічае.

Непрадказальнасць, прыгоды і адрэналін — бадай што самыя асноўныя складнікі падарожжа аўтастопам, што вабяць да сябе няўрымслівых і апантаных людзей. Цуд яго ў тым, што ты ніколі не ведаеш, дзе апынешся. Ранкам можаш мокнуць пад дажджом пасярод лесу, а ўвечары — з новымі знаёмымі частавацца ласункамі ў катэджы. Паспытаўшы смак вольнай вандроўкі раз, адмовіцца ад гэтага занятку ўжо немагчыма — ты прагнеш новых падарожжаў.

У такіх рамантычных і цікавых, а часам і няпростых абставінах жыцця ў дарозе нараджаюцца адносіны, сяброўства і каханне. Так здарылася і ў нашых герояў: Надзеі і Ільі, якія ўпершыню ўбачыліся за дзень да сумеснага падарожжа аўтастопам на Каўказ, а праз пару месяцаў пажаніліся.

[caption id="attachment_98971" align="alignnone" width="600"]11_2 Ілья і На­дзея ў сё­лет­нім па­да­рож­жы па Кар­па­тах.[/caption]

Жаданні здзяйсняюцца

Калі азірнуцца на год назад і паспрабаваць зразумець, як усё адбылося, то відаць, што сустрэча маладых людзей — гэта яго вялікасць Выпадак, калі супалі абставіны, жаданні і, пэўна, умяшаўся сам лёс.

У Надзеі Насенкі за плячыма быў 10-гадовы вопыт аўтастопа. Ездзіць пачала з 16-ці і ўжо наведала Расію, Украіну, Польшчу, Літву, Германію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. Яна часта шукала спадарожнікаў праз адпаведныя суполкі ў інтэрнэце, аднак ні разу так і не дамовілася да сумеснага падарожжа. Звычайна адпраўлялася ў паездкі з сяброўкай ці агульнымі знаёмымі. Для Ільі Данілава гэта стала першым вялікім выпрабаваннем сябе. Дагэтуль ён ездзіў аўтастопам толькі па Беларусі.

— Год назад я звольнілася з працы і перад уладкаваннем вырашыла з'ездзіць хоць куды. Зноў шукала спадарожнікаў, аднак з тымі, хто адгукнуўся, не супадалі то маршруты, то патрабаванні да паездкі, — успамінае Надзея. — Нарэшце мы з сяброўкай паехалі ў Пецярбург, і калі ўжо вярталіся назад, пазваніў Ілья, які прапанаваў рвануць у Кыргызстан на тры тыдні. Я яму растлумачыла, што такога тэрміну недастаткова, і калі прыдумае нешта іншае, хай зноў звоніць.

Праз нейкі час дзяўчына забылася на званок, аднак бліжэй да верасня Ілья прапанаваў паехаць на Каўказ. Надзея да апошняга не верыла, што гэта атрымаецца, бо вельмі хацела ў такое падарожжа і нават планавала некалькі разоў, але заўжды нешта перашкаджала.

— У мяне з дзяцінства была мара — убачыць горы са снежнымі вяршынямі. Я думаў, што калі не зраблю гэтага, то і паміраць буду з тугой ад няздзейсненага, — падзяліўся Ілья. — Аднойчы выпадкова зайшоў на сайт аўтастопшчыкаў і зразумеў, што гэта якраз тое, што мне трэба. Вырашыўшы звярнуцца па дапамогу да спрактыкаваных людзей, я знайшоў паведамленне Надзеі.

[caption id="attachment_98970" align="alignnone" width="600"]11_1 Аў­та­стоп­шчык на да­ро­зе, як до­ма.[/caption]

«Я вас бласлаўляю»

Напярэдадні паездкі мінчанка і хлопец з Гродзеншчыны ўпершыню ўбачыліся літаральна на 15 хвілін, каб абгаварыць «працоўныя» моманты:

— Ты для мяне проста спадарожнік, мы едзем разам, але ніякіх заляцанняў.

— Дамовіліся. Мне ўвогуле цікава на горы паглядзець, а не на цябе.

За 20 дзён падарожжа Надзея і Ілья праехалі Пяцігорск, Чачню, Дагестан, Азербайджан, Грузію, Каўказ, Сочы. Маршрут прыйшлося карэкціраваць на хаду, як часта і бывае ў аўтастопе. Пачаўшы прыгоды як незнаёмыя людзі, на радзіму яны вярнуліся ўжо як пара.

Першыя некалькі дзён былі звычайныя: маладыя людзі мянялі машыны, абмяркоўвалі дарожныя моманты. Затым пачаліся акалічнасці. Спачатку знайшлася машына, у якой яны ехалі ажно суткі. Пакуль вадзіцель адпачываў, яны гулялі па палях. Пасля шафёр-азербайджанец спытаўся ў аўстастопшчыкаў, ці чакае іх хто дома. Атрымаўшы станоўчы адказ, выдаў незвычайнае: «Раз вы кінулі сваіх палавінак, то яны вам і не надта патрэбны, усё ў вас атрымаецца. Я вас бласлаўлю».

Тады гэта здавалася смешным, але менавіта ў Баку, дзе два дні Ілья і Надзея гасцявалі ў азербайджанца, і нарадзілася іх каханне.

— Магчыма, гэта нейкая магія аўтастопа здарылася. Для мяне тое падарожжа стала такім, пра якое я заўжды марыла. Яно было спантанным, маршрут мяняўся, але ўрэшце я адчула, што так і павінна быць, а Ілья — мой чалавек, — падзялілася Надзея. — Ён, як і я, у любы момант можа сарвацца і паехаць вандраваць.

— Я да гэтага не разумею, як усё так склалася. Мы спачатку баяліся, як нашы адносіны вытрываюць выпрабаванне побытам і адлегласцю (па размеркаванні Ілья тады працаваў у Аршанскім раёне. — Аўт.). — Але ўсё неяк упарадкавалася, я атрымаў перавод у Мінск, і мы сталі жыць разам.

[caption id="attachment_98969" align="alignnone" width="600"]11_3 Ма­ра здзейс­ні­ла­ся: Ілья знай­шоў свае снеж­ныя вяр­шы­ні.[/caption]

Вяселле без сведак

Праз тры тыдні пасля падарожжа маладыя людзі гулялі па Лошыцкім парку. Надзея раптоўна сказала: «Давай пажэнімся». Сказана — зроблена. Яны падавалі заяву ў ЗАГС у Карэлічах, адкуль родам Ілья, але яе не прынялі — матывавалі адмову неабдуманым рашэннем маладых людзей. Тады яны прыйшлі ў ЗАГС Мінска і спыталіся: «Калі можна пажаніцца як мага хутчэй?».

14 лістапада, праз тыдзень пасля гэтага, без цырымоніі і сведак, адразу пасля адкрыцця ЗАГСа яны сталі мужам і жонкай.

Сваякі даведаліся пра «вяселле» значна пазней. Маці Надзеі — праз месяц ад дачкі, а маці Ільі ўвогуле атрымала вестку пра шлюб сына ад агульных знаёмых ледзьве не праз паўгода. На маладых ніхто не крыўдуе (першы шок даўно прайшоў), і матулі нават ганарацца сваімі непрадказальнымі і арыгінальнымі дзецьмі.

— Цяпер я адчуваю, што жыву сваім жыццём. Мой любы чалавек падтрымлівае мае жаданні, і ў нас адны мары на дваіх. Разам з тым я не адчуваю сябе жонкай у літаральным сэнсе, якая завіхаецца па гаспадарцы і плануе колер шпалераў ці памеры мэблі.

— Я шчаслівы ад таго, што мы разам, і ад таго, што нашы жаданні супадаюць. На жаль, магчымасці не заўсёды дазваляюць ім здзяйсняцца. Вось прыйшлося адпусціць Надзю з сяброўкай у Адэсу, бо я атрымаў толькі два тыдні водпуску замест месяца. Тады і зразумеў, што такое перажыванні за жаноцкі аўтастоп. Але ж утрымліваць яе я не меў права.

«Назбірай грошай і паедзь, як нармальны чалавек»

Аўтастоп — рэч умоўна бясплатная, бо, як ні круціся, а нейкія сродкі ў цябе павінны быць, ці мала што здарыцца? Можна прынцыпова не браць з сабой ні капейкі, але тады трэба спадзявацца на волю нябёсаў ці зарабляць у дарозе.

— Некаторыя спрабуюць зарабіць спевамі і танцамі. Калі зусім нічога не ўмееш, прапануй дроў накалоць, разгрузіць нешта, проста дапамагчы па гаспадарцы, — разважае Надзея. — Я ведаю адну дзяўчыну, якая ў дарозе майструе некія вырабы, а ў горадзе іх прадае за «хто колькі дасць». З іншага боку, колькі грошай не возьмеш, усё роўна іх расходуеш. Скажам, хочаш ты піць. Калі ёсць грошы, ты купіш пітво, а калі няма, то папросіш у гаспадароў вады, знойдзеш калонку ці крыніцу. Увогуле, чалавеку не так шмат трэба, як нам навязваюць стэрэатыпы.

— Мама спачатку казала мне: «Назбірай грошай і паедзь, як «нармальны чалавек». Але ж пакуль будзеш іх збіраць, яны могуць стаць не сродкам дасягнення мары, а мэтай. Штосьці спатрэбіцца набыць, камусьці пазычыш. І проста апынешся ў коле. Таму аўтастоп — спосаб быць вольным. Да таго ж у падарожжы можа ўсякае здарыцца. Прапануюць, напрыклад, папрацаваць валанцёрам ці застацца на сезонныя работы, падчас якіх можна таксама вандраваць па гэтай краіне, — дадае Ілья. — Часам глядзіш на нейкую прыгожую замалёўку з белым пясочкам ды акіянам, уздыхаеш, марыш, а многім і ў галаву не прыходзіць, што ты ж можаш там пабываць. Збірайся, галасуй і падарожнічай.

Ілья — інжынер-электрык, абслугоўвае кандыцыянеры ў радзільных дамах. Па начах працуе адміністратарам у забаўляльным цэнтры свайго брата. Надзея — сацыяльны педагог у сталічным прытулку. Абаім праца падабаецца, але ж вандроўкі вабяць больш. Кажуць, на вясну запланавалі падарожжа ў Азію працягласцю на паўгода ці больш. Дарэчы, нядаўна сям'я Данілавых вярнулася з двухтыднёвага падарожжа ў Малдавію і Карпаты.

— Я не ведаю, якім будзе наша жыццё далей, але я не хачу быць чалавекам з патухлымі вачыма, якіх я часам сустракаю на вуліцах, — упэўнены Ілья.

— Думаю, калі я вярнуся пасля гэтай вандроўкі, стану ўжо другім чалавекам, — разважае Надзея. — Пакуль што я прагну новых пачуццяў і мясцін і не ведаю, ці прыйдзе час, калі я скажу, што не хачу больш нікуды ехаць.

Парады пачаткоўцам

* Не баяцца і верыць у поспех.

* Давяраць інтуіцыі і адчуваць настрой вадзіцеля: ці хоча ён, каб вы гаварылі, або лепш пасядзець моўчкі.

* Калі едзеш ноччу, ні ў якім разе не спі! Гэта пытанне бяспекі.

* Ні ў якім разе не ездзіць выпіўшы!

* Аўтастопам можна вандраваць увесь год: галоўнае — ведаць, што цябе чакае ў пэўнай мясцовасці ў той час, калі ты туды збіраешся.

 

Дарожныя байкі сям'і Данілавых

* Самы цудоўны аўтастоп быў у Дагестане. Ледзьве падымеш руку — спыняецца па дзве машыны, вадзіцелі добразычлівыя, цікавяцца, адкуль мы, хто. Аднак там нас і напужалі. Першы раз, калі мы селі, я прышпіліўся, а мяне шафёр адшпільвае. Я бачыў, што яны ўсе непрышпіленыя ездзяць, але настойваю на сваім: «Мне жыццё даражэй». А ў адказ: «Табе гэта не дапаможа», і як націсне на газ да 200-220. Тут у мяне і мову адняло, і жыццё перад вачыма прайшло. А ў іх 140 — гэта нармальная хуткасць, як у нас 90. Прычым вадзіцелі носяцца незалежна ад маркі аўто і яго магчымасцяў.

* У Грозным мы знайшлі праспект Пуціна і пачалі там здымацца, як раптам нас паклікалі паліцэйскія. Пытаюцца: «Чаму ты ў шортах?». «Дык спёка ж, 35 градусаў!» «На цябе глядзяць нашы сёстры, матулі, гэта дрэнна. Ёсць у што пераапрануцца?» Зразумела, я пайшоў порткі нацягваць, але не адышоў і пары крокаў, як з той жа заўвагай падышлі мясцовыя хлопцы, яны ж нам дапамаглі і за горад выехаць.

* У Чачні мы паставілі намёт на ноч у лесе, а тут галасы нейкія, гоман, крыкі. Я вырашыў паглядзець, што адбываецца, і раптам — стрэлы. Я на зямлю ўпаў, думаю, няўжо і праўда вайна пачалася? А нас усю дарогу ад Каўказа палохалі: «Чаго вы ў Чачню прэцеся, хіба не ведаеце, што там адбываецца? Здадуць вас на працу на цагляны завод ці кукурузу лушчыць адправяць». Аказалася, быў Дзень незалежнасці, а стрэлы — салют. Але ж добразычліўцы нас так накруцілі, што мы гатовы былі ў самае горшае паверыць.

Ірына Сідарок

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?