Вы тут

Дзень беларускага пісьменства: зачараванне словам


Свята беларускага пісьменства ў Шчучыне прайшло на найвышэйшым узроўні. Падавалася, цэлы горад выйшаў на вуліцы, каб далучыцца да ўрачыстасцей. Яблыку не было дзе ўпасці не толькі на пешаходных вуліцах і за столікамі, але і каля стэндаў выдавецтваў, сярод шэрагаў рамеснікаў. Паказаць сябе прыязджалі таксама і суседзі — навагрудчане, іўеўцы, лідчане і многія іншыя. І ніхто не спаборнічаў паміж сабой — усе супольна імкнуліся паказаць, на што здольна Гродзеншчына. Натуральна, сюды завітала шмат майстроў слова, якіх можна было сустрэць літаральна на кожным перакрыжаванні слаўнага горада. І ўпершыню былі падведзены вынікі новай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. 1 «Невычэрпныя крыніцы матчынай мовы» Менавіта са Шчучыншчыны паходзіць актыўны навуковец і грамадскі дзеяч Ігнат Дамейка, пісьменніца Алаіза Пашкевіч (Цётка). Яна, дарэчы, пісала: «Па-сапраўднаму шчаслівы толькі той, хто памятае свае карані, не забывае матчыну мову. Гэта невычэрпныя крыніцы, што яднаюць народ, даюць сілу і натхненне, перадаюць нашчадкам сваю любоў да роднай зямлі...» На радзіме мудрыя словы зямлячкі ўзялі на ўзбраенне і кіруюцца імі як у кожным дні свайго жыцця, так і падчас правядзення свята пісьменства. Родная мова гучала паўсюль: з вялікай сцэны, кніжных шапікаў, гандлёвых радоў. Па-беларуску гаварылі як кіраўнікі, так і маленькія жыхары горада. Свята сапраўды атрымалася нацыянальным. 3 Віншаванні з нагоды Дня беларускага пісьменства гучалі і ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Яго прывітальнае слова агучыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі. Намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, які таксама завітаў на ўрачыстае адкрыццё, адзначыў: — Гэтае свята — знакавая культурная падзея, якая мае свае асаблівасці, сведчыць пра багацце гістарычнай спадчыны і духоўныя традыцыі нашага народа. Ад часоў Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны кніга заўсёды была для беларусаў крыніцай ведаў, асветы, надзейным падмуркам нацыянальнага развіцця. Менавіта на ім пры падтрымцы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі будуецца сучасная палітыка ў сферы культуры і развіцця кнігадрукавання. Толькі ў мінулым годзе ў нашай краіне выпушчана звыш 11 тысяч найменняў кніг і брашур агульным тыражом больш як 30 мільёнаў асобнікаў. Можна не толькі ўбачыць гэтыя творы, але і набыць для ўласнай бібліятэкі. Пра тое, што беларускае кнігавыданне сапраўды на вышыні, сведчаць факты. На XІІ конкурсе краін СНД «Мастацтва кнігі» Беларусь атрымала 12 узнагарод — і гэта рэкорд! Акрамя таго, ужо чацвёрты год запар нам дастаецца Гран-пры прэстыжнага конкурсу. Сёлета яго ўдастоілася кніга «Беларусь замкавая». Гэта выданне, якое важыць ні многа ні мала 5 кілаграмаў, даўжыня аднаго з разваротаў складае 1,2 метра — вось такія кніжныя рэкорды. [caption id="attachment_99825" align="alignnone" width="600"]Першую Нацыянальную літаратурную прэмію лаўрэатам  уручалі міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ  і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ. Першую Нацыянальную літаратурную прэмію лаўрэатам
уручалі міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ.[/caption] «І няма шляху чужога». Толькі літаратурны Пра тое, што айчыннае кнігавыданне актыўна падтрымліваецца дзяржавай, яшчэ раз нагадала міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ: — Заснаванне Нацыянальнай літаратурнай прэміі — гэта вялікая ўвага і клопат пра развіццё нашага грамадства. Беларуская кніга годна прадстаўляе краіну ў свеце. Але напачатку было слова. І перш чым кніга становіцца словам, яна задумваецца ў марах літаратараў, навукоўцаў. Яна адлюстроўвае не толькі гістарычнае мінулае, але і сённяшні дзень. Беларуская літаратура не толькі гучыць з вялікай сцэны, але і ў рамках праекта «Жывая класіка» выконваецца дзецьмі. А гэта значыць, што ў нашай мовы, літаратуры ёсць вялікая будучыня. Сёлетнія лаўрэаты нацыянальнай літаратурнай прэміі абавязкова ўвойдуць у гісторыю, хаця б таму, што яны аказаліся першымі, праторылі шлях да ўзнагарод іншым майстрам прыгожага слова. Такім чынам, у намінацыі «Проза» перамог Уладзімір Саламаха з кнігай «І няма шляху чужога». Ён падзяліўся сваімі думкамі пра высокае прызначэнне пісьменніка: 7 — Праца наша нечага вартая, калі не для сябе робіцца, а для іншага. Чым бы ты ні займаўся, кім бы ты ні быў — хлебаробам, рабочым, настаўнікам, палітыкам, прадпрымальнікам, калі ты працуеш толькі для сябе, робіш марную справу. Мая кніга называецца «І няма шляху чужога», бо ў нас на зямлі толькі адзін шлях — пошуку дабра. Для нас, пісьменнікаў, гэта азначае працаваць на чытача, абуджаць яго светлыя думкі. У кожнага чалавека ў жыцці надараюцца цяжкія і лёгкія часіны. І калі ў няпростую хвіліну чытач возьме ў рукі маю кнігу і яму стане лягчэй, гэта будзе значыць, што я працаваў недарэмна. [caption id="attachment_99830" align="alignnone" width="600"]Пасля ўрачыстага набажэнства ўдзельнікі экспедыцыі «Дарога да святыняў» пасадзілі сад малітвы. Пасля ўрачыстага набажэнства ўдзельнікі экспедыцыі
«Дарога да святыняў» пасадзілі сад малітвы.[/caption] У намінацыі «Паэзія» найлепшай прызнана Тамара Гусачэнка-Краснова са зборнікам «Сустрэча». Яна нарадзілася ў Бранскай вобласці, але ўжо шмат гадоў жыве ў Беларусі, праслаўляе прыгажосць нашай краіны. На яе творчым рахунку каля 20 кніг, яна лаўрэат міжнародных конкурсаў. Паэтка заўважыла: 11 — Асаблівасцю маёй кнігі з'яўляецца тое, што ў ёй сабрана 600 вершаў, як новых, так і выбраных. Гэта праца амаль усяго майго жыцця. У ёй вершы для сябе можа знайсці чытач, якому 4 гады і якому 104 гады. А называецца зборнік менавіта «Сустрэча», бо вершы ў ім не прыдуманы: яны народжаны ад сустрэчы з жыццём — з першым каханнем, верным сяброўствам і з першай здрадай, трагедыяй, болем. Адраджацца мне дапамагалі выдатныя працавітыя людзі — наш народ, які знаходзіцца вакол мяне, вучыць дабру, прастаце і праўдзівасці. Мэтай кнігі было раскрыць душу чалавеку ў розных яе станах. Спадзяюся, у мяне гэта атрымалася. У намінацыі «Драматургія» перамагла Наталля Голубева за цыкл сцэнарыяў для тэлеканала АНТ «Зваротны адлік». Яна адзначыла: 6 — Дазвольце падзякаваць за такую высокую ўзнагароду. Гэта ацэнка працы ўсяго творчага калектыву праграмы «Зваротны адлік», тэлеканала АНТ, якія робяць не проста дакументальнае кіно, але гістарычнае. Мы аднаўляем унікальнае беларускае мінулае і будзем рабіць усё, каб адкрыць новыя старонкі даўніны, каб яна стала даступнай, зразумелай гледачам, каб наша гісторыя стала больш шматграннай. Найлепшым публіцыстам прызнаны Міхаіл Шыманскі за кнігу «Мы гэтай памяці верныя». Ён аўтар больш як 20 кніг нарысаў і публіцыстыкі пра знакамітых людзей нашай краіны, яе мінулае і сённяшні дзень. Усхваляваны пераможца прызнаўся: 8 — Для мяне гэтая прэмія асабліва важная сёлета, бо мы адзначаем 70 гадоў Вялікай Перамогі. Ваенна-патрыятычная тэматыка — прыярытэтная ў маёй творчасці. Я працую ў журналістыцы без перапынку ўжо 55 гадоў. З часу маёй першай публікацыі ў раённай газеце прайшло 65 гадоў. Аднак той дзень для мяне дагэтуль важны, бо я напісаў нарыс пра свайго аднакурсніка — ветэрана вайны. З тых часоў лічу, што пісаць пра гераічнае і трагічнае — мой пачэсны абавязак. У намінацыі «Дзіцячая літаратура» перамагла Ганна Скаржынская-Савіцкая са зборнікам казак «Надзейка-Чарадзейка». Яна родам акурат са Шчучыншчыны — з вёскі Куцы Лес. Таму асабліва прыемна ёй было атрымліваць узнагароду з вялікай сцэны роднай мясцовасці. Пісьменніца расказала, чаму піша менавіта па-беларуску: 10 — У сваёй кнізе я тлумачу 50 прыказак і прымавак дзецям у казках і апавяданнях. Люблю беларускую мову, таму пішу менавіта на ёй, нашай мілагучнай, добрай мове. Планую працягваць тое, што распачала наша зямлячка Алаіза Пашкевіч... Тым больш гэта мова маіх бацькоў. Раздзел кнігі пад назвай «На далонях Бацькаўшчыны» я прысвяціла Шчучынскаму раёну — тым мясцінам, з якімі было звязана маё дзяцінства, куды я і цяпер з задавальненнем вяртаюся, каб адпачыць душой. У намінацыі «Літаратурная крытыка» найлепшым прызнаны Дзяніс Марціновіч са сваёй кнігай «Жанчыны Уладзіміра Караткевіча». Гэты аўтар — малады літаратурны і тэатральны крытык, кандыдат гістарычных навук. Ён распавёў пра цікавую крыніцу натхнення для свайго твора: 9 — Я вельмі ўдзячны журы, якое выбрала гэтую кнігу. Але хачу сказаць, што ўзнагарода належыць не толькі мне, але і Уладзіміру Караткевічу, які пражыў такое насычанае жыццё. Хачу падзякаваць таксама жанчынам, якія сталі гераінямі гэтай кнігі, і сваёй дзяўчыне — яна натхніла мяне на напісанне. [caption id="attachment_99837" align="alignnone" width="600"]Вядомы ўрач-фітатэрапеўт Яўген Шмярко – аўтар новай кнігі парад, якая выходзіць у Выдавецкім доме «Звязда». Вядомы ўрач-фітатэрапеўт Яўген Шмярко – аўтар новай кнігі парад, якая выходзіць у Выдавецкім доме «Звязда».[/caption] У намінацыі «Дэбют» прэмія прысуджана не была. Але, будзем спадзявацца, яскравыя маладыя зорачкі вось-вось з'явяцца на небасхіле айчыннай літаратуры, у тым ліку імкнучыся атрымаць новую прэмію... * * * Шмат зацікаўленых шчучынцаў і гасцей сёлетняй сталіцы беларускага пісьменства пабывалі ў нядзелю ля стэнда «Выдавецкага дома «Звязда». Цікавіліся апошнімі публікацыямі нашых выданняў, маглі пазнаёміцца і паразмаўляць з літаратарамі і журналістамі, паўдзельнічаць у аўтограф-сесіях. [caption id="attachment_99838" align="alignnone" width="600"]8-36 Стэнд «Звязды» карыстаўся папулярнасцю.[/caption] — «Звязду» мы з жонкай выпісваем ужо каля трыццаці гадоў, — кажа Уладзімір ЛЯШКЕВІЧ. — Пэўна, дзякуючы ёй мы не толькі самі навучыліся някепска размаўляць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці, але і прывілі любоў да роднага слова нашым дзецям. Дарэчы, яны ўжо даўно таксама чытачы найстарэйшай беларускай газеты. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ зазначыў, што гістарычныя эпохі пакінулі Прынёманскаму краю багатую духоўную спадчыну, у тым ліку і ў справе кнігавыдання: — Выканаўчая ўлада заўсёды падтрымлівала і будзе падтрымліваць найлепшыя ідэі, творчыя пачыннані, якія скіраваны на адраджэнне традыцый нашай духоўнай спадчыны. Упэўнены, што і надалей друкаванае слова будзе служыць дабрыні, узаемаразуменню, умацаванню чалавечых каштоўнасцей. Разам з абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі Гродзенскі аблвыканкам праводзіць конкурс рукапісаў імя Цёткі, аказваючы лаўрэатам фінансавую падтрымку ў выданні іх твораў. Сярод пераможцаў другога конкурсу — Уладзімір САЛАСЮК, аўтар кнігі «Тайна Бабруйскай крэпасці»: — Гэты гісторыка-прыгодніцкі раман быццам аб'яднаў два перыяды — 1812-га і 1960-х гадоў. Амаль усе школьныя гады я жыў у Бабруйску ў ваенным гарадку і гуляў з сябрамі на бастыёнах тутэйшай крэпасці. Цікавіўся яе мінулым, вайной з Напалеонам.Тым больш што ў горадзе згадваліся гісторыі аб падземных хадах крэпасці. Выказвалася нават версія, што ў падвалах можа захоўвацца знакаміты напалеонаўскі скарб. І, зразумела, многія хлапчукі спрабавалі яго адшукаць. Усё гэта таксама ёсць у рамане, дзе цесна перапляліся гістарычныя факты, выдуманыя персанажы і рэальныя людзі. Дарэчы, імёны многіх маіх сяброў дзяцінства захаваны. Спадзяюся, кніга спадабаецца і дарослым чытачам, і падлеткам. [caption id="attachment_99828" align="alignnone" width="600"]На вуліцах  Шчучына можна было ўбачыць гасцей з мінулага. На вуліцах Шчучына можна было ўбачыць гасцей з мінулага.[/caption] Сярод пераможцаў конкурсу і аўтар кнігі «Сінія васількі» Іван ПЯШКО: — У кнігу ўвайшлі 40 апавяданняў для дзяцей. Тэматычна яна падзяляецца на тры раздзелы. Першы — гэта ў асноўным мае ўспаміны пра незабыўнае дзяцінства. Другі — незвычайныя гісторыі, што могуць здарыцца з маленькімі грыбнікамі. І трэці раздзел — апавяданні, якія вучаць правільным адносінам да братоў нашых меншых. Расійскі пісьменнік і кнігавыдавец Георгій ПРАХІН прыехаў на свята беларускага пісьменства са сваім унукам: — Я хацеў бы звярнуцца не столькі нават да сваіх равеснікаў, колькі да моладзі з адным пажаданнем. Беражыце сваю цудоўную, распеўную беларускую мову, якая так гарманіруе з вашай прыгожай, так бы мовіць, вельмі чалавечнай прыродай і характарам народа. Слова не толькі нешта абазначае, у прыватнасці нашы пачуцці. Яно дасягае большага — фарміруе гэтыя пачуцці. І чым багацейшая мова, тым багацейшыя і чалавечыя пачуцці. А збядненне мовы і збядненне пачуццяў адбываюцца адначасова. Таму вучыце, паважайце сваю мову, размаўляйце на ёй. [caption id="attachment_99826" align="alignnone" width="600"]У адкрытай  да свята кнігарні  «Несцерка» — самыя сучасныя тэхналогіі. У адкрытай да свята кнігарні «Несцерка» — самыя сучасныя тэхналогіі.[/caption] А вось гродзенскі мастак Юрый ЯКАВЕНКА сваё зачараванне словам, павагу да гісторыі выказвае мовай графікі. Яго ілюстрацыі паводле знакамітай «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага паядналіся з «літарным» жывапісам мастака Аляксандра СІЛЬВАНОВІЧА ў праекце «AlfAbet», частку якога можна было ўбачыць у Шчучыне. Юрый Якавенка з задавальненнем пазнаёміўся і з іншымі праектамі, якія былі прадстаўлены ў Дзень беларускага пісьменства. У прыватнасці, яму вельмі спадабалася выстава «Памяць аб вайне нам кніга пакідае», якую падрыхтавала Нацыянальная бібліятэка Беларусі да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Экспазіцыя паказвае газеты, лістоўкі, плакаты, друкаваныя і рукапісныя кнігі, што выдаваліся ў гады вайны ў падпольных, партызанскіх друкарнях, знаёміць з іншымі «сведкамі» ваеннага часу. Дарэчы, у Дзень пісьменства не абышлося і без тэатральнага слова. Гродзенскі абласны драматычны тэатр паказаў «Камедыю для нешчаслівага селяніна», а тэатр Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці — п'есу «Калядны вечар». Яе аўтар — галоўны рэдактар газеты «Астравецкая праўда» Ніна РЫБІК: — Прататыпы маіх гераінь — побач з намі. П'еса «вырасла» з маіх журналісцкіх вандровак, сустрэч са старымі людзьмі ў бальніцы сястрынскага догляду. Спачатку напісала апавяданне па праблеме адзінокай старасці, расплаты за свае, а часам і чужыя грахі, а потым з'явілася ідэя паставіць спектакль. Увечары 6 верасня адбылося ўрачыстае закрыццё Дня беларускага пісьменства. На галоўнай сцэне адбылася цырымонія перадачы эстафеты свята. Старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік урачыста перадаў старшыні Рагачоўскага Савета дэпутатаў Валянціне Ганковіч вымпел і пажадаў кіраўніцтву гэтага горада пачаць рыхтавацца да будучай урачыстасці ўжо заўтра. Барыс ПРАКОПЧЫК, Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і Надзеі БУЖАН Шчучынскі раён

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.